Перайсьці да зьместу

Нафтагаз Украіны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нафтагаз Украіны
Выява лягатыпу
Тып Публічнае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Наводзім лад
Заснаваная 27 сьнежня 1965 (58 гадоў таму)
Заснавальнікі Міністэрства газавай прамысловасьці СССР
Уласьнікі Украіна
Краіна
Разьмяшчэньне Украіна, Кіеў, вул. Б.Хмяльніцкага, д. 6.
Ключавыя фігуры Андрэй Кобалеў, Юлія Кавалёва
Галіна Нафтагазавая прамысловасьць
Прадукцыя Прыродны газ, нафта, траспартаваньне
Абарачэньне 131,248 млрд грыўнаў ($5468,667 млн; 2015 г.)
Апэрацыйны прыбытак -7,029 млрд грыўнаў (-$292,875 млн; 2015 г.)
Чысты прыбытак -36,323 млрд грыўнаў (-$1513,458 млн; 2015 г.)
Лік супрацоўнікаў 77 308 (2016 г.)[1]
Матчына кампанія Кабінэт міністраў Украіны
Даччыныя кампаніі ПАТ «Укргазаздабыча» і «Укрнафта»

«Нафтагаз Украіны» (укр. Нафтогаз України) — дзяржаўнае прадпрыем��тва Ўкраіны ў галіне нафтагазавай прамысловасьці, заснаванае ў сьнежні 1965 году ў Кіеве. Паводле Пастановы Кабінэта міністраў Украіны ад 25 траўня 1998 году № 747, мае ў якасьці «маёмасьці, якая выкарыстоўваецца для забесьпячэньня транспартаваньня, захоўваньня прыроднага газу і разьмеркавання нафты, нафтапрадуктаў і якая згодна з заканадаўствам не падлягае прыватызацыі»: «магістральныя газанафтаправоды і збудаваньні на іх; разьмеркавальныя нафтаправоды і збудаваньні на іх; газанафтасховішчы; транспартныя сродкі спэцыяльнага прызначэньня». З таго часу зьяўляецца найбольшым паводле выручкі прадпрыемствам Украіны і асноўным прадпрыемствам паліўна-энэргетычнай галіны.

На 31 сьнежня 2015 г. «Нафтагаз Украіны» валодаў акцыямі прадпрыемстваў у галіне:

  • вытворчасьці — ПАТ «Укргазаздабыча» (100%), ААТ «Укрнафта» (50% +1), УП «Замежнафтагаз», ЗАТ «Карпатыгаз» (49,99%) і ЗАТ «Надра Геацэнтар» (45%);
  • транспартаваньня — ПАТ «Укртрансгаз» (100%), ПАТ «Укртранснафта» (100%) і ПАТ «Укрспэцтрансгаз» (100%);
  • гандлю — УП «Газ Украіны», ТА «Нафтагаз Замежжа» (Швайцарыя; 100%), ААТ «Кіраваградгаз» (51%), УП «Украўтагаз»;
  • забесьпячэньня — УП «Вуглесынтэзгаз Украіны», УП «Укрнафтагазкамплект»[1].

Таксама за мяжой працавалі 4 філіі ў Расеі (Масква, вул. Пілюгіна, д. 24), Туркмэністане (Ашгабад, Арчабільскі праспэкт), Швайцарыі (Жэнэва, вул. Альфрэда Вэнсэна, д. 16) і Эгіпце (Каір, раён Маадзі) і 2 прадстаўніцтвы ў Бэльгіі (Брусэль, вул. Брэйдэля, д. 40) і Вугоршчыне (Будапэшт, вул. Лазьняў, д. 22Б). На канец 2015 году ўласныя сродкі (капітал) склалі 450,458 млрд грыўнаў ($18,769 млрд), абавязкі (доўг) — 219,242 млрд грыўнаў ($9,135 млрд). Ад 1 кастрычніка 2015 году да 30 красавіка 2016 году «Нафтагаз Украіны» ўсталяваў наступныя цэны за кубічны мэтар прыроднага газу ва Ўкраіне: для насельніцтва — 7,19 грыўні ($0,3), прамысловым спажыўцам — 6,474 грыўні ($0,27), для захоўваньня — 0,112 грыўні ($0,005), для транспартаваньня — 0,6891 грыўні ($0,03), вытворцам побытавага цяпла — 1,84 грыўні[1] ($0,08).

У 2015 годзе большасьць прыроднага газу здабылі ў 6 з 24 вобласьцяў Украіны: Палтаўскай, Харкаўскай, Сумской, Днепрапятроўскай, Львоўскай і Закарпацкай. «Нафтагаз Украіны» валодаў блізу 70% прыроднага газу, які здабывалі ва Ўкраіне, і газатранспартнай сыстэмай Украіны (ГТС), якая была адной з найбольшых у сьвеце паводле магутнасьці (146 млрд м³ за год за мяжу). Агульная працягласьць магістральных і разьмеркавальных газаправодаў складала звыш 38,5 тыс. км. Звыш 40% прыроднага газу, які паставілі з Расеі ў Эўропу ў 2014—2015 гадах, прапампавалі праз магістральныя газаправоды Ўкраіны: 67 млрд м³ са 184,4 млрд м³ (36,3%) продажаў «Газпрама» у несумежныя краіны Эўропы за 2015 год, што склала 45,9% магутнасьці ГТС Украіны. Таксама «Нафтагаз Украіны» валодаў 11 падземнымі газасховішчамі агульнай магутнасьцю ў 31 млрд м³, што было найбольшым паказьнікам у Эўропе. Агульная даўжыня магістральных нафтаправодаў ва Ўкраіне складала 4,7 тыс. км. Магутнасьць 11 нафтасховішчаў — 1,1 млн тонаў. 8 газа- і нафтаперапрацоўчых заводаў «Нафтагаза Ўкраіны» выраблялі бэнзін, дызэльнае паліва і звадкаваны прыродны газ (ЗПГ)[1].

У 2015 годзе збыт «Нафтагаза Ўкраіны» склаў 131,248 млрд грыўнаў ($5468,667 млн), зь іх 87,288 млрд грыўнаў (66,5%) пакупнікам з Украіны, 43,533 млрд грыўнаў (33,17%) — з Расеі, 425 млн грыўнаў (0,32%) — з Эгіпта і 2 млн грыўнаў — з Эўропы. Па галінах збыт з даданьнем 27,3 млрд грыўнаў (17,2%) унутрыгрупавых продажаў (158,6 млрд) прыпадаў на: гандаль прыродным газам — 66,9 млрд грыўнаў (42,2%), траспартаваньне газу — 50 млрд грыўнаў (31,5%), газаздабычу — 21,2 млрд грыўнаў (13,4%), нафтавую галіну — 18,9 млрд грыўнаў (11,9%) і захоўваньне газу — 1,6 млрд грыўнаў (1%). З агульнага ліку 77 308 супрацоўнікаў на канец 2015 году: 55 641 (75%) быў работнікам, 12 714 (16%) — адмыслоўцамі, 8459 (11%) — на кіраўнікамі і 494 (1%) — слубжоўцамі. За 2015 год «Нафтагаз Украіны» траспартаваў 98,5 млрд м³ прыроднага газу і 16,8 млн тонаў сырой нафты, здабыў 16 млрд м³ газу і 2,2 млн тонаў нафты і газавага кандэнсату. Таксама вырабілі 1,6 млн тонаў нафтапрадуктаў і 0,4 млн тонаў звадкаванага нафтавага газу. На канец 2015 году даведзеныя запасы нафты, кандэнсату і газу складалі 1618,6 млн барэляў. На 19 верасьня 2016 году ў газасховішчах знаходзілася звыш 16 млрд м³ газу[1].

20 верасьня 2007 году «Нафтагаз Украіны» адчыніў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі паводле дазволу Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня. Прадстаўніцтва ўзначаліў Аляксандар Сідарчук. У Беларусі адмыслоўцы «Нафтагаза Ўкраіны» ўдзельнічалі ў праверках газавымяральных станцыяў «Белтрансгаза»[2]. 12 жніўня 2009 году «Нафтагаз Украіны» зачыніў сваё прадстаўніцтва ў Менску для перадачы яго паўнамоцтваў прадстаўніцтву даччынага прадпрыемства «Укртрансгаз», якое атрымала дазвол на адкрыцьцё ад МЗС Беларусі. Супрацоўнікі «Укртрансгаза» на пастаяннай аснове назіралі на памежных газаразьмеркавальных станцыях у Кобрыні (Берасьцейская вобласьць) і Мазыры (Гомельская вобласьць) за аб’ёмам і якасьцю прыроднага газу, які пастаўляўся паводле кантракту між «Нафтагазам Украіны» і расейскім «Газпрамам» аб транзыце расейскага газу праз Украіну[3].

27 сьнежня 1965 году Міністэрства газавай прамысловасьці СССР Загадам № 216 стварыла Вытворчае кіраўніцтва «Укргазпрам»(uk) (Кіеў, Украінская ССР) па распрацоўцы газавых і газакандэнсатных радовішчаў ва Ўкраінскай ССР. У 1970 годзе «Укргазпрам» становіцца Вытворчым аб’яднаньнем здабычы газу ва Ўкраінскай ССР. У 1974 годзе — Усесаюзным прамысловым аб’яднаньнем здабычы газу ва Ўкраінскай ССР. У 1988-м — Дзяржаўным вытворчым кіраўніцтвам па здабычы і транспартаваньні газу ва Ўкраінскай ССР. У жніўні 1989 году «Укргазпрам» уваходзіць у склад Дзяржаўнага газавага канцэрну СССР «Газпрам» у якасьці Вытворчага аб’яднаньня здабычы, перапрацоўкі, транспартаваньня газу і газавага кандэнсату[4]. Пасьля здабыцьця незалежнасьці Ўкраінай 24 жніўня 1991 году «Укргазпрам» падпарадкавалі Кабінэту міністраў Украіны.

25 лютага 1998 году прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў Указ № 151/98 «Пра рэфармаваньне нафтагазавага комплексу Ўкраіны», які прадугледжваў «стварэньне Кабінэтам міністраў Украіны дзяржаўнай Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі „Нафтагаз Украіны“ на базе 100% акцыяў дзяржаўных акцыянэрных таварыстваў, створаных шляхам пераўтварэньня прадпрыемстваў нафтагазавага комплексу, якія не падлягаюць прыватызацыі, а таксама пакетаў акцыяў адкрытых акцыянэрных таварыстваў нафтагазавага комплексу, у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам пакінутыя ў дзяржаўнай уласнасьці»[5]. 25 траўня 1998 году Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў Пастанову № 747 «Пра ўтварэньне Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі „Нафтагаз Украіны“», паводле якой «статутны фонд Кампаніі ўтвараецца шляхам перадачы ў яго … маёмасьці акцыянэрнага таварыства „Укргазпрам“ і яго даччыных прадпрыемстваў у сувязі зь іх рэарганізацыяй; маёмасьці Дзяржаўнай акцыянэрнай холдынгавай кампаніі „Укргаз“ у сувязі зь яе ліквідацыяй». У выніку «Нафтагаз Украіны» стаў «правапераемнікам ўсіх маёмасных правоў і абавязкаў акцыянэрнага таварыства „Укргазпрам“ і яго даччыных прадпрыемстваў». Паводле Дадатка 1 да Пастановы ў статутны фонд прадпрыемства «Нафтагаз Украіны» таксама перадалі 100% акцыяў 4-х дзяржаўных акцыянэрных таварыстваў: дзяржаўнае вытворчае прадпрыемства «Чарнаморнафтагаз» (Сімфэропаль); Прадпрыемства прыдняпроўскіх магістральных нафтаправодаў (Крамянчук, Палтаўская вобласьць); прадпрыемства магістральных нафтаправодаў «Сяброўства» (Львоў); фірма закупкі, транспартаваньня і рэалізацыі звадкаванага газу «Укратрансгаз» (Даліна, Івана-Франкоўская вобласьць)[6].

У 2006 годзе «Нафтагаз Украіны» вырабіў звыш 1/8 сукупнага ўнутранага прадукту Ўкраіны (16%) і забясьпечыў 10% паступленьняў у дзяржаўны каштарыс. Прадпрыемства здабыло звыш 97% газу і нафты ва Ўкраіне. За 2006 год збыт склаў $9,9 млрд, прыбытак — $2,1 млрд. На 2007 год «Нафтагаз Украіны» быў манаполіяй у галіне транспартаваньня газу і нафты праз Украіну па трубаправодах. На верасень 2007 году на прадпрыемстве працавала звыш 170 тыс. чалавек (каля 1% працаздольнага насельніцтва Ўкраіны)[2]. У 2007 г. «Нафтагаз Украіны» і «Эгіпецкая галоўная нафтавая карпарацыя» (ЭГНК) заключылі канцэсійную дамову на правядзеньне нафтавай выведкі і здабычы ў Заходняй пустыні Эгіпта. У 2012 годзе бакі ўтварылі ў роўных дзелях прадпрыемства «Пэтрасанан», якое здабыло ў 2015 годзе 318 тыс. тонаў нафты (2,33 млн барэляў) і 192 млн м³ газу[1]. Ад 25 лістапада 2015 году «Нафтагаз Украіны» цалкам адмовіўся ад закупак расейскага прыроднага газу ў «Газпрама», які дагэтуль быў асноўным яго пастаўніком ва Ўкраіну[7].

Аляксей Іўчанка (2006 г.)
  1. ^ а б в г д е Гадавая справаздача 2015 (укр.) // «Нафтагаз Украіны», 19 верасьня 2016 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  2. ^ а б БелаПАН. У Беларусі адкрылася прадстаўніцтва кампаніі «Нафтагаз Украіны» // Tut.by, 20 верасьня 2007 г. Праверана 14 красавіка 2017 г.
  3. ^ Тацяна Каравянкова. Кампанія «Нафтагаз Украіны» закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі // БелаПАН, 12 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 12 жніўня 2009 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  4. ^ Вытворчае аб'яднаньне здабычы, перапрацоўкі, транспартаваньня газу і газавага кандэнсату «Укргазпрам» Дзяржаўнага газавага канцэрна СССР (ДГК «Газпрам» СССР), м. Кіеў (укр.) // Цэнтральны дзяржаўны архіў органаў вышэйшай улады і кіраваньня Ўкраіны, 5 сакавіка 1998 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  5. ^ Леанід Кучма. Указ прэзыдэнта Ўкраіны № 151/98 «Пра рэфармаваньне нафтагазавага комплексу Ўкраіны» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 5 сакавіка 1998 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  6. ^ Валеры Пуставойценка. Пастанова Кабінэта міністраў Украіны № 747 «Пра ўтварэньне Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі "Нафтагаз Украіны"» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 28 лютага 2017 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  7. ^ Расея спыняе пастаўкі газу ва Ўкраіну // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 25 лістапада 2015 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
  8. ^ «Інтэрфакс-Украіна». Андрэй Кобалеў узначаліў «Нафтагаз Украіны» // Хартыя'97, 26 сакавіка 2014 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]