Перайсьці да зьместу

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі
Заканадаўчы орган
Нумар 425-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
17 чэрвеня 2008 (16 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
28 чэрвеня 2008 (16 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
23 ліпеня 2002 (22 гады таму)
Уступ у сілу 1 студзеня 2009 (15 гадоў таму)
Першая публікацыя 2008 год
Газэта «Зьвязда»

Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб зямлі́ — звод заканадаўства Беларусі аб зямельных дачыненьнях, які набыў моц у студзені 2009 году.

На 2021 год налічваў 100 артыкулаў у складзе 12 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае рэгуляваньне і кіраваньне ў галіне выкарыстаньня і аховы земляў»; 3) «Плата за зямельныя дзялянкі і за права заключэньня дамоваў арэнды зямельных дзялянак»; 4) «Наданьне зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці»; 5) «Пераход правоў і абмежаваньняў правоў на зямельныя дзялянкі»; 6) «Спыненьне правоў і абмежаваньняў правоў на зямельныя дзялянкі»; 7) «Правы, абавязкі і абарона правоў землекарыстальнікаў»; 8) «Землеўпарадкаваньне»; 9) «Маніторынг земляў. Дзяржаўны зямельны кадастр»; 10) «Ахове земляў. Дзяржаўны кантроль за выкарыстаньнем і аховай земляў»; 11) «Вырашэньне зямельных спрэчак. Адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні земляў»; 12) «Заключныя палажэньні». На 2020 год Кодэкс Беларусі аб зямлі дзейнічаў з 11 зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2008—2011, 2013—2014 і 2016 гадоў. Замяніў сабой Кодэкс аб зямлі ад 4 студзеня 1999 году № 226-З. 1 кастрычніка 2020 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 3 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 24 кастрычніка 2016 г. № 439-З[1]. Стаў 5-м кодэксам Беларусі, беларускі пераклад якога ўхваліла Экспэрная рада. На той час у Экспэртную раду ўваходзілі прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных ВНУ, а таксама 7 дзяржаўных органаў Беларусі: Адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў і Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі[2].

Агульныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая глава Кодэксу Беларусі аб зямлі зьмяшчала 22 артыкулы, якія акрэсьлівалі: прадметы, дзейнікі і прынцыпы зямельных дачыненьняў, віды і катэгорыі земляў; разьмеркаваньне земляў і зямельных дзялянак паводле катэгорыяў, аднясеньне земляў да відаў, іх перавод з адных відаў і катэгорыяў у іншыя; фонд пераразьмеркаваньня земляў, дзяленьне, зьліцьцё і зьмяненьне мэтавага прызначэньня зямельных дзялянак; мяжу зямежнай дзялянкі, уласнасьць на зямлю і зямельныя дзялянкі; дзялянкі, якія не падлягаюць даваньню ў прыватную ўласнасьць, уласнасьць замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў; пажыцьцёвае ўспадкаванае валоданьне зямельнымі дзялянкамі, пастаяннае і часовае карыстаньне дзялянкамі; арэнду зямельных дзялянка, абмежаваньні правоў на дзялянкі і зямельны сэрвітут; стварэньне, зьмяненьне і спыненьне існаваньня зямельнай дзялянкі, узьнікненьне, пераход, спыненьне права і яго абмежаваньняў на дзялянку, а таксама адпаведныя пасьведчаньні; удзел грамадзянаў у разглядзе адабраньня і наданьня дзялянак, зьмяненьня іх мэтавага прызначэньня, устанаўленьня і спыненьня абмежаваньня права на дзялянкі[1]. Паводле 3-га артыкула, «аб’ектамі зямельных адносін зьяўляюцца: зямля (землі); зямельныя дзялянкі; правы на зямельныя дзялянкі; абмежаваньні правоў на зямельныя дзялянкі, у тым ліку зямельныя сэрвітуты. Зямельныя дзялянкі могуць знаходзіцца ў землекарыстальнікаў на наступных правах:

  • дзяржаўнай і прыватнай уласнасьці, а таксама на праве ўласнасьці замежных дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў;
  • пажыццёвага ўспадкаванага валоданьня;
  • пастаяннага карыстаньня;
  • часовага карыстаньня;
  • арэнды (субарэнды)»[1].

Паводле 5-га артыкула Кодэксу, «зямельныя адносіны ажыцьцяўляюцца на аснове прынцыпаў:

  1. дзяржаўнага рэгуляваньня і кіраваньня ў галіне выкарыстаньня і аховы земляў, у тым ліку ўстанаўленьня адзінага парадку адабрання і наданьня зямельных дзялянак, пераводу земляў з адных катэгорыяў і відаў у іншыя;
  2. абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі зямельных дзялянак, правоў на іх і зьдзелак зь імі;
  3. адзінства лёсу зямельнай дзялянкі і разьмешчаных на ёй капітальных пабудоваў»;
  4. «выкарыстаньня зямельных дзялянак паводле мэтавага прызначэньня;
  5. прыярытэту выкарыстаньня сельскагаспадарчых земляў сельскагаспадарчага прызначэньня, земляў прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэньня, лясных земляў ляснога фонду для мэтаў, зьвязаных з прызначэньнем гэтых земляў;
  6. эфэктыўнага выкарыстаньня земляў;
  7. аховы земляў і паляпшэньня іх карысных уласьцівасьцяў;
  8. платнасьці землекарыстаньня;
  9. устанаўленьня абмежаваньняў правоў на зямельныя дзялянкі, у тым ліку зямельных сэрвітутаў;
  10. галоснасьці і ўліку грамадзкага меркаваньня пры прыняцьці рашэньняў аб адабраньні і наданьні зямельных дзялянак, зьмяненьні іх мэтавага прызначэньня, устанаўленьні абмежаваньняў правоў на зямельныя дзялянкі, у тым ліку зямельных сэрвітутаў, якія закранаюць правы і ахаваныя законам інтарэсы грамадзянаў;
  11. абароны правоў землекарыстальнікаў»[1].

Згодна з 6-м артыкулам «землі Рэспублікі Беларусь дзеляцца на наступныя катэгорыі: 1) землі сельскагаспадарчага прызначэньня; 2) землі населеных пунктаў, садаводчых суполак, дачных каапэратываў; 3) землі прамысловасьці, транспарту, сувязі, энэргетыкі, абароны і іншага прызначэньня; 4) землі прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэньня; 5) землі ляснога фонду; 6) землі воднага фонду; 7) землі запасу». У 7-м артыкуле згадваўся падзел земляў Беларусі на 14 відаў: 1) ворная зямля, 2) абложная зямля, 3) зямля пад пастаяннымі культурамі, 4) лугавая зямля, 5) лясная зямля, 6) зямля пад драўнінна-хмызьняковай расьліннасьцю, 7) зямля пад балотам, 8) зямля пад вадаёмам, 9) зямля пад дарогай і іншым шляхам зносін, 10) зямля агульнага карыстаньня, 11) зямля пад забудовай, 12) парушаная зямля, 13) некарыстаная зямля, 14) іншая зямля. Паводле 8-га артыкула, «перавод земляў, зямельных дзялянак з адной катэгорыі ў іншую праводзіцца ў выпадках зьмяненьня асноўнага мэтавага прызначэньня гэтых земляў, зямельных дзялянак пры адабранні і наданьні зямельных дзялянак, спыненьні права пастаяннага або часовага карыстаньня, пажыцьцёвага ўспадкаванага валоданьня, прыватнай уласнасьці і арэнды на зямельныя дзялянкі, падачы землекарыстальнікамі заяваў аб пераводзе земляў, зямельных дзялянак з адной катэгорыі ў іншую». Згодна з 8-м артыкулам «перавод земляў з аднаго віду ў іншы ажыццяўляецца пры:

  • адабранні і наданьні зямельных дзялянак, унутрыгаспадарчым будаўніцтве або зьмяненьні іх мэтавага прызначэньня;
  • правядзеньні мерапрыемстваў асваеньня новых земляў, паляпшэньня або іншага зьмяненьня іх стану і характару выкарыстаньня, якія патрабуюць матэрыяльна-грашовых затратаў;
  • пераводзе сельскагаспадарчых земляў у нясельскагаспадарчыя або менш прадуктыўныя сельскагаспадарчыя землі;
  • зьмяненьні стану земляў у выніку ўзьдзеяньня шкодных антрапагенных і прыродных чыньнікаў»[1].

У 9-м артыкуле прадугледжвалася, што «фонд пераразьмеркаваньня земляў фармуецца з мэтай плянаваньня землекарыстаньня пераважна зь сельскагаспадарчых земляў, якія ў выпадку зьмяненьня іх мэтавага прызначэньня, характару выкарыстаньня або іншага зьмяненьня могуць выкарыстоўвацца больш эфэктыўна, і ў парадку землеўпарадкаваньня ў кожным раёне раённымі выканаўчымі камітэтамі. Зыходзячы зь мясцовых умоваў фонд пераразьмеркаваньня земляў фармуецца пераважна для мэтаў: 1) стварэньня і разьвіцьця сельскагаспадарчых арганізацыяў, у тым ліку сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарак; 2) разьвіцьця населеных пунктаў; 3) стварэньня і разьвіцьця прыватных падсобных гаспадарак грамадзянаў, будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блёкавых жылых дамоў, калектыўнага садаводзтва, дачнага будаўніцтва; 4) наданьня юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, нізкапрадуктыўных сельскагаспадарчых земляў для лесаразьвядзеньня; 5) разьмяшчэньня аб’ектаў прамысловасьці, транспарту, сувязі, энэргетыкі, абароны і іншага прызначэньня». Паводле 10-га артыкула, «зямельныя дзялянкі могуць быць падзельнымі і непадзельнымі. Падзельнай зьяўляецца зямельная дзялянка, якая можа быць падзеленай на часткі, кожная зь якіх пасьля падзелу ўтворыць новую зямельную дзялянку, і гэта не прывядзе да парушэньня горадабудаўнічых рэгламэнтаў, прыродаахоўных патрабаваньняў, супрацьпажарных, санітарных, будаўнічых і іншых нормаў і правілаў». Пры гэтым, «зьліцьцё зямельных дзялянак можа быць праведзена, калі яны зьяўляюцца сумежнымі, маюць аднолькавае мэтавае прызначэньне і пры гэтым не перавышаюцца гранічныя памеры зямельных дзялянак». Згодна з 11-м артыкулам «мяжа зямельнай дзялянкі ўстанаўліваецца (аднаўляецца) на мясцовасьці з замацаваньнем яе паваротных кропак межавымі знакамі (фіксаваная мяжа). Мяжа зямельнай дзялянкі можа таксама ўсталёўваецца паводле плянава-картаграфічных матэрыялаў з дакладнасьцю, якая вызначаецца іх маштабамі, без замацаваньня яе паваротных кропак межавымі знакамі на мясцовасьці (нефіксаваная мяжа). Фіксаваная мяжа зямельнай дзялянкі мае прыярытэт перад нефіксаванай мяжой зямельнай дзялянкі. Аднаўленьне нефіксаванай мяжы зямельнай дзялянкі на мясцовасці не праводзіцца. У выпадку, калі была ўстаноўлена нефіксаваная мяжа зямельнай дзялянкі, на жаданьне зацікаўленай асобы могуць быць выкананыя працы па ўсталяваньні на мясцовасьці фіксаванай мяжы гэтай зямельнай дзялянкі»[1].

Паводле 12-га артыкула, «зямельная дзялянка можа належаць на праве агульнай (долевай або сумеснай) уласнасьці некалькім уласьнікам. Зямельныя дзялянкі могуць знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, недзяржаўных юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь, уласнасьці замежных дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў. Зямельныя дзялянкі могуць знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці замежных грамадзянаў, асобаў без грамадзянства, якія зьяўляюцца родзічамі спадчынадаўцы, у выпадку атрыманьня імі ў спадчыну зямельных дзялянак, нададзеных спадчынадаўцу ў прыватную ўласнасьць». Пры гэтым «зямельныя дзялянкі могуць надавацца ў прыватную ўласнасьць грамадзянам Рэспублікі Беларусь для:

  • будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома;
  • абслугоўваньня зарэгістраванай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёй кватэры ў блёкавым жылым доме, аддзеленай ад іншых кватэраў вэртыкальнай сьцяной і разьмешчанай непасрэдна на зямельнай дзялянцы;
  • вядзеньня прыватнай падсобнай гаспадаркі ў сельскіх населеных пунктах, пасёлках гарадзкога тыпу — зарэгістраваным паводле месца жыхарства ў гэтых населеных пунктах або ў іншых населеных пунктах, разьмешчаных на тэрыторыі адпаведнага сельсавету;
  • калектыўнага садаводзтва;
  • дачнага будаўніцтва»[1].

Дзяржаўнае кіраваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая глава Кодэксу аб зямлі налічвала 8 артыкулаў (23—30), якія вызначалі: органы дзяжаўнага кіраваньня ў галіне выкарыстаньня і аховы земляў, адпаведную кампэтэнцыю сельскіх, пасялковых, раённых, гарадзкіх і абласных выканаўчых камітэтаў, Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі, Савету міністраў Беларусі і прэзыдэнта Беларусі. Паводле 30-га артыкула, «сельскія і пасялковыя выканаўчыя камітэты ў галіне выкарыстаньня і аховы земляў:

  1. падаюць на зацьвярджэньне ў раённы выканаўчы камітэт землеўпарадкавальную дакумэнтацыю на землі сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадзкога тыпу»;
  2. «прымаюць рашэньні аб адабранні і наданьні зямельных дзялянак зь земляў у межах сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадзкога тыпу грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўваньня жылога дому, для абслугоўваньня зарэгістраванай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі кватэры ў блёкавым жылым доме, для будаўніцтва (устаноўкі) часовых індывідуальных гаражоў асобным катэгорыям грамадзян Рэспублікі Беларусь..., вядзеньня прыватнай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы і выпасу сельскагаспадарчых жывёлаў, а таксама прымаюць рашэньні аб усталяваньні і спыненьні абмежаваньняў (абцяжарваньняў) правоў на такія зямельныя дзялянкі;
  3. зьмяняюць мэтавае прызначэньне нададзеных імі зямельных дзялянак і ўмовы іх адводу»;
  4. «прымаюць рашэньні аб набыцьці ў дзяржаўную ўласнасьць зямельных дзялянак, якія разьмешчаныя ў межах сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадзкога тыпу і знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, пры адчужэньні гэтых зямельных дзялянак грамадзянамі»;
  5. прымаюць «рашэньні, якія зьяўляюцца падставамі для дзяржаўнай рэгістрацыі стварэньня, зьмяненьня, спыненьня існаваньня зямельных дзялянак, узьнікненьня, пераходу або спыненьня правоў, абмежаваньняў (абцяжарваньняў) правоў на іх;
  6. прымаюць рашэньні аб падзеле, зьліцьці, зьмяненьні межаў і стварэньні ў дачыненьні да нададзеных імі зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці;
  7. фармуюць пералікі вольных зямельных дзялянак;
  8. прымаюць рашэньне аб наданьні растэрміноўкі ўнясеньня платы за права заключэньня дамоваў арэнды зямельных дзялянак або платы за зямельныя дзялянкі, якія даюцца ў прыватную ўласнасьць, у выпадку, калі імі прынята рашэньне аб наданьні зямельных дзялянак для будаўніцтва і абслугоўваньня аднакватэрных, блёкавых жылых дамоў, у тым ліку па выніках аўкцыёнаў, могуць прымаць рашэньне аб наданьні растэрміноўкі ўнясеньня платы за зямельныя ўчасткі, якія даюцца ў прыватную ўласнасьць для іншых мэтаў;
  9. ажыцьцяўляюць дзяржаўны кантроль за выкарыстаньнем і аховай земляў у межах сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадзкога тыпу;
  10. вырашаюць зямельныя спрэчкі ў дачыненьні да земляў, зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў межах сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадзкога тыпу»[1].

Згодна з 29-м артыкулам Кодэксу «старшыні раённых выканаўчых камітэтаў зацьвярджаюць ва ўстаноўленым парадку акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнай дзялянкі для будаўніцтва аб’екту ў межах раёну». «Раённыя выканаўчыя камітэты ў галіне выкарыстаньня і аховы земляў:

  • падаюць на зацьвярджэньне ў абласны выканаўчы камітэт схемы землеўпарадкаваньня раёнаў, фармуюць фонды пераразьмеркаваньня земляў раёнаў, зацьвярджаюць праекты землеўпарадкаваньня, іншую землеўпарадкавальную дакумэнтацыю»;
  • «прымаюць рашэньні аб адабраньні і наданьні зямельных дзялянак зь земляў у межах раёнаў для абслугоўваньня капітальных пабудоваў, незавершаных закансэрваваных капітальных пабудоваў, для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу і транспартнай і інжынэрнай інфраструктуры да іх, для мэтаў, зьвязаных зь вядзеньнем лясной і сельскай гаспадаркі, у тым ліку сялянскай (фэрмэрскай) гаспадаркі, а таксама падсобнай сельскай гаспадаркі, традыцыйных народных промыслаў (рамёстваў), калектыўнага садаводзтва, дачнага будаўніцтва, здабычы торфу, зь земляў у межах гарадоў, якія зьяўляюцца адміністрацыйнымі цэнтрамі раёнаў, сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадзкога тыпу, дачных каапэратываў і садаводчых суполак, за выняткам земляў, рашэньне па якіх прымаецца Менскім гарадзкім, гарадзкімі (гарадоў абласнога і раённага падпарадкаваньня), сельскімі і пасялковымі выканаўчымі камітэтамі, а таксама зь земляў запасу і адначасова пры неабходнасці ажыцьцяўляюць перавод земляў з адных катэгорыяў і відаў у іншыя, а таксама прымаюць рашэньні аб усталяваньні і спыненьні абмежаваньняў (абцяжарваньняў) правоў на такія зямельныя дзялянкі;
  • зьмяняюць мэтавае прызначэньне нададзеных імі зямельных дзялянак і ўмовы іх адводу»;
  • «прымаюць рашэньні аб набыцьці ў дзяржаўную ўласнасьць зямельных дзялянак, якія разьмяшчаюцца ў межах раёну і знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці (акрамя зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці грамадзянаў зь земляў сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадскога тыпу) пры адчужэньні гэтых зямельных дзялянак грамадзянамі, недзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь;
  • фармуюць пералікі вольных зямельных дзялянак і пералікі» дзялянак для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў;
  • прымаюць рашэньне аб наданьні растэрміноўкі ўнясеньня платы за права заключэньня дамоваў арэнды зямельных дзялянак або платы за дзялянкі, якія надаюцца ў прыватную ўласнасьць, у выпадку, калі імі прынята рашэньне аб наданьні дзялянак для будаўніцтва і абслугоўвання капітальных пабудоваў, абслугоўваньня набытай нерухомай маёмасьці, якая знаходзілася ў дзяржаўнай улас��асьці, у тым ліку па выніках аўкцыёнаў, могуць прымаць рашэньне аб наданьні растэрміноўкі ўнясеньня платы за дзялянкі, якія даюцца ў прыватную ўласнасьць для іншых мэтаў;
  • прымаюць «рашэньні, якія зьяўляюцца падставамі для дзяржаўнай рэгістрацыі стварэньня, зьмяненьня, спыненьня існаваньня зямельных дзялянак, узнікненьня, пераходу або спыненьня правоў, абмежаваньняў правоў на іх;
  • прымаюць рашэньні аб падзеле, зьліцьці, зьмяненьні межаў і стварэньні ў дачыненьні да зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці, нададзеных імі або паводле рашэньня абласных выканаўчых камітэтаў»;
  • «могуць дэлегаваць адміністрацыям свабодных эканамічных зонаў (СЭЗ), спэцыяльных турысцка-рэкрэацыйных паркаў, органам кіравання якіх зьяўляецца адміністрацыя СЭЗ, свае правы па адабраньні і прадастаўленьні ў арэнду рэзыдэнтам гэтых зонаў, паркаў зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў межах СЭЗ, спэцыяльных турысцка-рэкрэацыйных паркаў, і пры неабходнасьці на перавод дзялянак з адных катэгорыяў у іншыя, у тым ліку па падрыхтоўцы праектаў дамоваў арэнды гэтых дзялянак і іх заключэньні;
  • ажыцьцяўляюць дзяржаўны кантроль за выкарыстаньнем і аховай земляў у межах раёну непасрэдна і праз свае землеўпарадкавальныя службы;
  • вырашаюць зямельныя спрэчкі ў дачыненьні да земляў, зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў межах раёну, прыняцьце рашэньняў аб адабраньні і прадастаўленьні якіх адносіцца да кампэтэнцыі»[1].

У 26- артыкуле прадугледжвалася, што «Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстаньня і аховы земляў:

  1. праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку;
  2. усталёўвае парадак правядзеньня працаў па ўсталяваньні (аднаўленьні) і замацаваньні мяжы зямельнай дзялянкі, а таксама па зьмяненьні мяжы зямельнай дзялянкі;
  3. забясьпечвае распрацоўку праектаў рэгіянальных схемаў выкарыстаньня і аховы зямельных рэсурсаў, схемаў землеўпарадкаваньня адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак;
  4. усталёўвае парадак правядзеньня землеўпарадкаваньня, арганізоўвае яго правядзеньне;
  5. усталёўвае парадак інфармацыйнага забесьпячэньня і аўтаматызацыі землеўпарадкаваньня, у тым ліку сродкамі зямельна-інфармацыйнай сыстэмы;
  6. забясьпечвае правядзеньне маніторынгу земляў;
  7. забясьпечвае правядзеньне кадастравай ацэнкі земляў і зямельных дзялянак;
  8. забясьпечвае вядзеньне дзяржаўнага зямельнага кадастру;
  9. устанаўлівае парадак вядзеньня адзінага рэестру адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, рэестру цэнаў на зямельныя дзялянкі, рэгістру кошту земляў, зямельных дзялянак і рэестру зямельных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь;
  10. усталёўвае зьмест, парадак вядзеньня і захоўваньня землеўпарадкавальнай, зямельнакадастравай дакумэнтацыі;
  11. вызначае віды землеўпарадкавальных мерапрыемстваў, якія выконваюцца падначаленымі арганізацыямі землеўпарадкаваньня, разьмешчанымі на адпаведнай тэрыторыі;
  12. устанаўлівае парадак дзяленьня і зьліцьця зямельных дзялянак»[1].

Плата за дзялянкі і арэнду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяя глава Кодэксу складалася з 3-х артыкулаў (31—33), якія апісвалі: плату за дзяржаўныя дзялянкі, які даюцца ў прыватную ўласнасьць або ўласнасьць міжнародных арганізацыяў і замежных дзяржаваў; кошт прыватных дзялянак пры зьдзелках і плату за арэнду дзяржаўных дзялянак; растэрміноўку аплаты дзялянак, якія даюць у прыватную ўласнасьць, і платы за арэнду; плату за карыстаньне дзялянкамі; выкарыстаньне сродкаў за дзяржаўныя дзялянкі, якія даюць у прыватную ўласнасьць, і за карыстаньне імі. Паводле 31-га артыкула, «дзялянкі выдаюцца зь дзяржаўнай уласнасьці ў прыватную ўласьнасць грамадзянаў і недзяржаўных юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь паводле іх кадастравага кошту, які дзейнічае на дату падачы імі заявы аб наданьні зямельнай дзялянкі ў прыватную ўласнасьць, зыходзячы з афіцыйнага курсу даляра ЗША да беларускага рубля, усталяванага Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на дату падачы такой заявы». Пры гэтым «кошт зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці,... пры адчужэньні мясцовым выканаўчым камітэтам... ня можа быць ніжэйшым за кадастравы кошт гэтых зямельных дзялянак, вызначаны.. на дату прыняцьця рашэньня».

Згодна з артыкулам 32-2 пры аплаце набыцьця дзяржаўнай дзялянкі «растэрміноўка можа быць выдадзена на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў з дня прыёмкі ў эксплюатацыю ва ўсталяваным парадку закончанага будаўніцтвам аб’екту, чаргі і пускавога комплексу або з дня набыцьця нерухомай маёмасьці, якая знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасьці». Для іншых «абгрунтаванай» задачы аплату могуць растэрмінаваць «ня больш чым на 2 гады». Пры растэрміноўцы дзялянка знаходзіцца ў дзяржаўным закладзе, а за карыстаньне растэрміноўкай выплачваецца адсотак у памеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банку Беларусі. У 32-м артыкуле згадвалася, што «за карыстаньне зямельнымі дзялянкамі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, пажыцьцёвым успадкаваным валоданні, пастаянным або часовым карыстаньні, выплачваецца зямельны падатак»[1].

Наданьне дзяржаўных дзялянак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьвертая глава Кодэксу аб зямлі налічвала 13 артыкулаў (34—46) пра: падставы наданьня дзяржаўных дзялянак, пералік вольных і інвэстыцыйных дзялянак, памеры дзялянак і іх наданьне зь сельскагаспадарчых земляў; наданьне дзялянак для супольнага садаводзтва і будаўніцтва лецішча, вядзеньня сялянскай гаспадаркі і ўсталёўкі часовых асабістых гаражоў, агародніцтва і касьбы, выпасу жывёлы і рамяства; набыцьцё права на дзялянку ў доўгатэрміновым валоданьні і ўсталяваньне зямельнага сэрвітуту; выкарыстаньне дзялянкі длявышукальнай працы і будаўніцтва лінейнага збудаваньня, добраўпарадкаваньня паселішча і разьмяшчэньня геадэзічнага пункту. Згодна з 34-м артыкулам «дзялянкі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці, надаюцца паводле вынікаў аўкцыёнаў». Паводле артыкула 35-1, «пералікі вольных зямельных дзялянак падтрымліваюцца мясцовымі выканаўчымі камітэтамі ў актуальным стане, штомесяц абнаўляюцца і разьмяшчаюцца на інфармацыйных стэндах і афіцыйных сайтах гэтых органаў у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама могуць распаўсюджвацца іншымі даступнымі спосабамі, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі». Пры гэтым, рашэньні «гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў аб уключэньні дзялянак у пералікі для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў прымаюцца на падставе горадабудаўнічых пашпартоў зямельных дзялянак, якія падрыхтоўваюцца з улікам зацьверджаных ва ўсталяваным парадку генэральных плянаў гарадоў і іншых населеных пунктаў, горадабудаўнічых праектаў дэталёвага плянаваньня, архітэктурных праектаў забудовы тэрыторыяў гарадоў, схемаў комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі вобласьцяў і схемаў землеўпарадкаваньня раёнаў». Таксама «копія рашэньня (выпіска з рашэньня) аб уключэнні дзялянкі ў пералік для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў не пазьней за працоўны дзень, наступны за днём прыняцьця такога рашэння, накіроўваецца мясцовым выканаўчым камітэтам у Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адпаведны абласны выканаўчы камітэт для разьмяшчэньня на афіцыйных сайтах гэтых органаў»[1].

Паводле 36-га артыкула, «памер зямельнай дзялянкі, які даецца ў прыватную ўласнасьць, пажыцьцёвае ўспадкаванае валоданьне, карыстаньне або арэнду для будаўніцтва і абслугоўваньня жылога дома, абслугоўваньня зарэгістраванай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі кватэры ў блёкавым жылым доме, устанаўліваецца: у гарадах — ад 0,05 да 0,15 гектару ўключна; у сельскіх населеных пунктах, пасёлках гарадзкога тыпу — ад 0,15 да 0,25 гектару ўключна». Таксама памер дзялянак, якія даюцца грамадзянкам і грамадзянам Беларусі ў вёсках і пасёлках у межах сельсавету «для вядзеньня прыватнай падсобнай гаспадаркі ў прыватную ўласнасьць або пажыцьцёвае ўспадкаванае валоданьне, ня можа перавышаць 1 гектару, а якія даюцца ў арэнду — 4 гектараў з улікам памеру зямельнай дзялянкі, нададзенай на тэрыторыі адпаведнага сельсавету для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома». Дадаткова да дзялянак для падсобнай гаспадаркі «у такіх населеных пунктах у арэнду могуць давацца зямельныя дзялянкі, памер якіх ня можа перавышаць 3 гектараў». Памер дзялянкі на сябра садаводчай суполкі і каапэратыву лецішчаў меў складаць да 0,15 гектара. «Памер зямельнай дзялянкі, якая надаецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь для вядзення сялянскай гаспадаркі на праве пажыцьцёвага ўспадкаванага валоданьня, ня можа перавышаць 100 гектараў сельскагаспадарчых земляў»[1].

Згодна з 39-м артыкулам «дзеяздольныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія пажадалі стварыць садаводчую суполку, дачны каапэратыў..., падаюць у адпаведны раённы выканаўчы камітэт заявы аб пацьверджаньні магчымасьці разьмяшчэньня садаводчай суполкі, дачнага каапэратыву і меркаваным месцы разьмяшчэньня зямельных дзялянак для калектыўнага садаводзтва, дачнага будаўніцтва з прыкладаньнем адпаведнага пратакола сходу заснавальнікаў, які ўтрымлівае рашэньне аб стварэньні садаводчай суполкі, дачнага каапэратыву». У пастаяннае карыстаньне або арэнду на выбар «для калектыўнага садаводзтва, дачнага будаўніцтва даюцца зямельныя дзялянкі, прыдатныя для іх выкарыстаньня ва ўказаных мэтах, як правіла, з фонду пераразьмеркаваньня земляў і паблізу аўтамабільных дарог і чыгункі». У 40-м артыкуле згадвалася, што «пераважнае права на атрыманьне зямельнай дзялянкі для вядзення сялянскай гаспадаркі пры іншых роўных умовах маюць сялянскія гаспадаркі, якія ствараюцца асобамі, зарэгістраванымі ў сельскім населеным пункце, пасёлку гарадзкога тыпу або іншым населеным пункце, разьмешчаным на тэрыторыі адпаведнага сельсавету, а таксама сябрамі (працаўнікамі) сельскагаспадарчых арганізацыяў, якія рэарганізуюцца або ліквідуюцца». Паводле 41-га артыкула, жыхарам шматкватэрных дамоў у вёсцы, інвалідам і іх апекунам даюцца дзялянкі пад часовыя гаражы на прысядзібнай тэрыторыі. Мясцовы выканкам дае такую дзялянку ў часовае карыстаньне мясцовым жыхарам зь ліку грамадзянаў Беларусі, якія маюць транспартныя сродкі. Згодна з 42-м артыкулам грамадзяне Беларусі, «якія добрасумленна, адкрыта і бесьперапынна валодаюць зямельнай дзялянкай як сваёй уласнай на працягу 15 і больш гадоў, маюць права... набыць гэтую зямельную дзялянку ў прыватную ўласнасьць». Пры гэтым, «добрасумленнасьць, адкрытасьць і бесьперапыннасьць валоданьня зямельнай дзялянкай пацьвярджаюцца зьвесткамі, унесенымі ў зямельна-кадастравую дакумэнтацыю, або будаўнічым пашпартам, пашпартам домаўладаньня і дакумэнтамі аб выплаце зямельнага падатку»[1].

Пераход правоў і абмежаваньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пятая глава Кодэксу ўлучала 13 артыкулаў (47—59) наконт: выгляду, дзяржаўнага ўліку і неправадзейнасьці зьдзелак зь зямельнымі дзялянкамі і правамі на іх; асаблівасьцяў іпатэкі дзялянак і закладу права іх арэнды, асаблівасьцяў адчужэньня і ўспадкаваньня прыватных дзялянак; асаблівасьцяў адчужэньня дзялянак, атрыманых для паляпшэньня жыльлёвых умоваў; успадкаваньня дзялянак у пажыцьцёвым успадкаваным валоданьні і пераходу правоў на дзялянкі пры пераходзе правоў на разьмешчаныя на іх капітальныя пабудовы; пераходу правоў на дзялянкі пры пераўтварэньні юрыдычнай асобы і захаваньне правоў на дзялянку пры разбурэньні пабудовы ў выніку стыхійнага бедзтва; захаваньня абмежаваньня права на дзялянку пры пераходзе права на яе і захаваньня права на службовы зямельны надзел. Паводле 47-га артыкула, «дзялянкі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, могуць зьяўляцца прадметам дамоваў куплі-продажу, мены, дарэньня, рэнты, арэнды, іпатэкі і пераходзіць у спадчыну». Згодна з 48-м артыкулам такія дамовы — неправадзейныя, калі дзялянкі «знаходзяцца ў пажыцьцёвым успадкаваным валоданьні, пастаянным або часовым карыстаньні ці арэндзе». Сярод іншага, зьдзелка: 1) здачы арандаванай зямельнай дзялянкі ў субарэнду, 2) перадачы арандатарам сваіх правоў і абавязкаў паводле дамовы арэнды іншай асобе, 3) наданьня права арэнды дзялянкі ў заклад, 4) ўнясеньня права арэнды у якасьці ўкладу ў статутны фонд гаспадарчых суполкі і таварыства — ажыцьцяўляецца пры: а) захаваньні мэтавага прызначэньня дзялянкі, 2) наяўнасці пасьведчаньня права на гэтую дзялянку, 3) згодзе ўласьніка дзялянкі. У 49-м артыкуле згадвалася, што зьдзелкі зь дзялянкамі ажыцьцяўляюцца пісьмова і падлягаюць дзяржаўнаму ўліку[1].

Паводле 50-га артыкула «дзялянкі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, могуць зьяўляцца прадметам іпатэкі, а права арэнды зямельных дзялянак — прадметам закладу толькі ў якасьці забеспячэння абавязка паводле крэдытнай дамовы, заключанай з банкам». Пры гэтым, капітальныя пабудовы, у тым ліку незавершаныя закансэрваваныя, а таксама «часовыя пабудовы, узьведзеныя на зямельных дзялянках, якія зьяўляюцца прадметам іпатэкі, прызнаюцца пабудовамі, што знаходзяцца ў іпатэцы або закладзе». Таксама «кошт зямельнай дзялянкі, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці і зьяўляецца прадметам іпатэкі, ня можа быць ніжэйшы за яе кадастравы кошт». Згодна зь 51-м артыкулам уласьнік мае права адчужаць дзялянку грамадзяніну або недзяржаўнай юрыдычнай асобе Беларусі пры ўмове захаваньня яе мэтавага прызначэньня, а мясцоваму выканкаму — на падставе заявы паводле рашэньня такога выканкаму. Пры гэтым, дзялянка можа адчужацца толькі разам з капітальнымі пабудовамі на ёй. У артыкуле 51-1 згадвалася, што адчужэньне дзялянкі асобай, якая атрымала яе, калі мела патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, і ўзьведзеных на ёй жылых дамоў дапускаецца пасьля «сканчэньня 8 гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі такіх дамоў». У 52-м артыкуле прадугледжвалася, што «спадкаемцы зямельных дзялянак, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці грамадзянаў, абавязаныя зьвярнуцца ў адпаведную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі для дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу права прыватнай уласнасьці на перададзеную ў спадчыну зямельную дзялянку... не пазьней за 18 месяцаў з часу адкрыцця спадчыны. Гэты тэрмін можа быць падоўжаны судом паводле заявы спадкаемцы, але ня больш чым на 6 месяцаў, калі ў спадкаемцы была ўважлівая прычына, якая перашкаджала яму звярнуцца па дзяржаўную рэгістрацыю пераходу права прыватнай уласнасьці на зямельную дзялянку (хвароба і адсутнасць у Беларусі)». Згодна зь 53-м артыкулам пры пераходзе правоў на капітальныя пабудовы або доляў у праве на гэтыя пабудовы «да іх пакупнікоў пераходзяць правы на зямельныя дзялянкі, на якіх яны разьмешчаныя»[1].

Спыненьне правоў і абмежаваньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шостая глава Кодэксу зьмяшчала 9 артыкулаў (60—68) датычна: спыненьня права прыватнай уласнасьці на дзялянкі, дапушчальных выпадкаў прымусовага адабраньня дзялянкі ў замежнай дзяржавы і міжнароднай арганізацыі; спыненьня права пастаяннага карыстаньня і пажыцьцёвага валоданьня дзялянкай, а таксама права часовага карыстаньня і арэнды дзялянкі; спыненьня абмежаваньня права на дзялянку і адабраньня дзялянкі; парадку спыненьня права валоданьня і карыстаньня дзяржаўнай дзялянкай, а таксама яе арэнды; наступстваў невыкананьня ўмоваў адводу дзялянкі. Згодна з 60-м артыкулам права прыватнай уласнасьці на дзялянку спыняецца паводле рашэньня мясцовага выканаўчага камітэту або паводле пастановы суду пры:

  • адчужэньні выканкамам;
  • добраахвотнай перадачы ў дзяржаўную ўласнасьць;
  • адабраньні для дзяржаўнай патрэбы;
  • ліквідацыі недзяржаўнай юрыдычнай асобы Беларусі;
  • прызнаньні спадчыны вымарачнай у выпадку сьмерці грамадзяніна;
  • накладаньні спагнаньня на закладзеную дзялянку;
  • прызнаньні дзялянкі безгаспадарнай[1].

Права прыватнай уласнасьці на дзялянку спыняецца таксама пры прымусовым адабраньні паводле пастановы суду пры:

  1. нявыплаце зямельнага падатку па сканчэньні 2-х падатковых пэрыядаў;
  2. нямэтавым выкарыстаньні дзялянкі;
  3. невыкарыстаньні дзялянкі цягам году дзялянкі, дадзенай для вядзеньня сельскай гаспадаркі, і цягам 2-х гадоў — для нясельскагаспадарчых мэтаў;
  4. прызнаньні пустога жылога дома безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасьць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, адабраньні старога жылога дома, не завершаных будаўніцтвам незакансэрваваных жылога дома, лецішча ва ўласьніка шляхам выкупу адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы адпаведнаму выканаўчаму камітэту для продажу з адкрытага аўкцыёну;
  5. непрыступленьні да займаньня дзялянкі грамадзянінам цягам году, а недзяржаўнай юрыдычнай асобай Беларусі цягам 6 месяцаў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння зямельнай дзялянкі і ўзнікнення права на яе;
  6. непрыступленьні да аднаўленьня разбуранай стыхійным бедзтвам капітальнай пабудовы грамадзянінам цягам году, а недзяржаўнай юрыдычнай асобай Беларусі цягам 6 месяцаў;
  7. неажыцьцяўленьні аховы земляў;
  8. спыненьні грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
  9. выбыцьці або выключэньні зь сябраў садаводчай суполкі, дачнага каапэратыву па сканчэньні аднаго году з дня спыненьня сяброўства ў іх;
  10. канфіскацыі зямельнай дзялянкі;
  11. непрытрымліваньні спадкаемцам тэрміну для звароту ў адпаведную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі для дзяржаўнага ўліку пераходу права прыватнай уласнасьці на перададзеную ў спадчыну дзялянку;
  12. замене забудоўніка пры парушэньні ім абавязкаў па стварэньні збудаваньня;
  13. спыненьні заключанай з Рэспублікай Беларусь інвэстыцыйнай дамовы ў сувязі зь неналежным выкананьнем інвэстарам сваіх абавязкаў па гэтай дамове[1].

Абавязкі і правы землекарыстальнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёмая глава Кодэксу аб зямлі ўлучала 8 артыкулаў (69—76), якія апісвалі: абавязкі і правы землекарыстальнікаў, абарону іх правоў, вяртаньне самавольна занятай дзялянкі; гарантыі пры адабраньні дзяржавай дзялянкі і пры зьмяненьні межаў тэрытарыяльных адзінак; пакрыцьцё стратаў ад адабраньня і часовага займаньня дзялянкі, зносу нерухомасьці і абмежаваньня правоў на дзялянку; пакрыцьцё стратаў сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасьці. Паводле 69-га артыкула, землекарыстальнікі «маюць права:

  • самастойна ажыцьцяўляць землекарыстаньне;
  • уласнасці на пасевы, пасадкі сельскагаспадарчых культураў і драўнінна-хмызьняковай расьліннасьці або насаджэньняў травяністых шматгадовых расьлінаў, на вырабленую сельскагаспадарчую прадукцыю і даходы ад яе рэалізацыі»;
  • выкарыстоўваць для непрыбытковых мэтаў вадаёмы, якія ёсьць на дзялянцы, агульнараспаўсюджаныя карысныя выкапні, у тым ліку торф, а таксама карысныя ўласцівасьці земляў;
  • узводзіць жылыя, вытворчыя і культурна-побытавыя капітальныя пабудовы;
  • праводзіць мэліярацыю і разьмяшчаць вадаёмы;
  • на пакрыцьцё стратаў ад адабраньня або часовага займаньня дзялянак, зносу нерухомай маёмасьці і абмежаваньня правоў на дзялянкі, у тым ліку ад ўсталяваньня зямельнага сэрвітуту;
  • добраахвотна адмовіцца ад дзялянкі;
  • патрабаваць усталяваньня або спыненьня зямельнага сэрвітуту[1].

Землеўпарадкаваньне і кадастр

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восьмая глава Кодэксу складалася з 6 артыкулаў (77—82), якія акрэсьлівалі: прадметы і ладжаньне, зьмест і парадак землеўпарадкаваньня; правядзеньне землеўпарадкавальных мерапрыемстваў, інвэнтарызацыю земляў і землеўпарадкавальную дакумэнтацыю. Паводле 77-га артыкула, «аб’ектамі землеўпарадкаваньня зьяўляюцца землі Рэспублікі Беларусь, зямельныя контуры, а таксама зямельныя дзялянкі». Згодна з 82-м артыкулам «да землеўпарадкавальнай дакумэнтацыі адносяцца:

  1. рэгіянальныя схемы выкарыстаньня і аховы зямельных рэсурсаў;
  2. схемы землеўпарадкаваньня адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, тэрыторыяў асаблівага дзяржаўнага рэгуляваньня;
  3. праекты міжгаспадарчага землеўпарадкаваньня;
  4. праекты ўнутрыгаспадарчага землеўпарадкаваньня;
  5. працоўныя праекты рэкультывацыі земляў, зямельных контураў, абароны глебаў ад эрозіі і іншых шкодных уздзеяньняў, захаваньня і павышэньня ўрадлівасьці глебаў і іншых карысных уласцівасьцяў земляў;
  6. геадэзічныя і картаграфічныя матэрыялы і дадзеныя, матэрыялы глебавых, геабатанічных і іншых абсьледаваньняў і вышуканьняў, якія ажыцьцяўляюцца для мэтаў землеўпарадкаваньня;
  7. пляны зямельных дзялянак;
  8. матэрыялы кадастравай ацэнкі земляў і зямельных дзялянак;
  9. рашэньні (іх копіі або выпіскі зь іх) аб адабраньні і наданьні зямельных дзялянак, аб усталяваньні абмежаваньняў правоў на зямельныя дзялянкі, у тым ліку зямельных сэрвітутаў;
  10. копіі дамоваў арэнды (субарэнды) зямельных дзялянак, дамоваў аб усталяваньні зямельных сэрвітутаў;
  11. рашэньні (іх копіі або выпіскі зь іх) і іншыя матэрыялы па зямельных спрэчках;
  12. копіі дакумэнтаў, якія сьведчаць правы на зямельныя дзялянкі»[1].

Дзявятая глава Кодэксу аб зямлі налічвала 6 артыкулаў (83—88), якія вызначалі: маніторынг земляў, зьмест і вядзеньне, зьвесткі і унясеньне выпраўленьняў у дакумэнты дзяржаўнага зямельнага кадастру; зямельна-кадастравую дакумэнтацыю і кадастравую ацэнку земляў ды дзялянак. Згодна з 84-м артыкулам «дзяржаўны зямельны кадастр складаецца з: 1) адзінага рэестру адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь; 2) адзінага дзяржаўнага рэгістру нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак з ёй; 3) рэестру цэнаў на зямельныя дзялянкі; 4) рэгістру кошту земляў і зямельных дзялянак; 5) рэестру зямельных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь». Вядзеньне дзяржаўнага зямельнага кадастру ажыцьцяўляецца Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці (ДКМ) Беларусі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Таксама ДКМ Беларусі ўсталёўвае зьмест, парадак вядзеньня і захоўваньня зямельна-кадастравай дакумэнтацыі. Паводле 85-га артыкула, «да зямельна-кадастравай дакумэнтацыі адносяцца: а) рэгістрацыйныя кнігі; б) рэгістрацыйныя справы; в) кадастравыя мапы; г) журналы рэгістрацыі заяваў; д) базы зьвестак рэгістраў (рэестраў) дзяржаўнага зямельнага кадастру; е) каталёгі геадэзічных каардынатаў паваротных кропак межаў зямельных дзялянак; ё) ведамасныя справаздачы аб наяўнасьці і разьмеркаваньні земляў; ж) аналітычныя агляды». У 88-м артыкуле згадвалася, што «кадастравая ацэнка земляў праводзіцца не радзей чым праз 4 гады. Кадастравая ацэнка сельскагаспадарчых земляў праводзіцца не радзей чым празь 10 гадоў. Яе вынікі падтрымліваюцца ў актуальным стане шляхам штогадовага карэктаваньня з улікам існага стану земляў і іншых умоваў. Вынікі кадастравай ацэнкі земляў зацьвярджаюцца Менскім гарадзкім, гарадзкім (горада абласнога, раённага падпарадкаваньня), раённым выканаўчым камітэтам у адпаведнасьці з яго кампэтэнцыяй па адабраньні і наданьні зямельных дзялянак. Вынікі кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых земляў зацьвярджаюцца Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці Рэспублікі Беларусь»[1].

Ахова і вырашэньне спрэчак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзясятая глава Кодэксу зьмяшчала 3 артыкулы (89—91) пра: ахову земляў і дзяржаўны кантроль за выкарыстаньнем земляў. Паводле 89-га артыкула, «землекарыстальнікі маюць ажыцьцяўляць у межах нададзеных ім зямельных дзялянак наступныя мерапрыемствы па ахове земляў:

  • добраўпарадкоўваць і эфэктыўна выкарыстоўваць зямлю і зямельныя дзялянкі;
  • захоўваць урадлівасьць глебаў і іншыя карысныя ўласцівасьці земляў;
  • абараняць землі ад воднай і ветравой эрозіі, падтопліваньня, забалочваньня, засаленьня, высушваньня, ушчыльненьня, забруджвання адкідамі, хімічнымі і радыёактыўнымі рэчывамі, іншых шкодных узьдзеяньняў;
  • прадухіляць зарастаньне сельскагаспадарчых земляў драўнінна-хмызьняковай расьліннасьцю і пустазельлем;
  • захоўваць тарфяна-балотныя глебы пры выкарыстаньні сельскагаспадарчых земляў, прадухіляць працэсы мінэралізацыі тарфянікаў;
  • праводзіць кансэрвацыю дэградаваных земляў, калі немагчыма вярнуць іх зыходны стан;
  • аднаўляць дэградаваныя, у тым ліку рэкультываваць парушаныя землі;
  • здымаць, захоўваць і выкарыстоўваць урадлівы слой земляў пры правядзеньні працаў, зьвязаных са здабычай карысных выкапняў і будаўніцтвам»[1].

11-я глава Кодэксу ўлучала 5 артыкулаў (92—96), якія вызначалі: дзяржаўныя органы вырашэньня зямельных спрэчак, парадак разгляду спрэчак мясцовымі выканаўчымі камітэтамі; правы бакоў спрэчкі і выкананьне рашэньня па зямельнай спрэчцы; а таксама адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні земляў. Паводле 92-га артыкула, «зямельныя спрэчкі, зьвязаныя з правам прыватнай уласнасьці на зямельныя дзялянкі, з успадкаваннем зямельных дзялянак, спрэчкі паміж удзельнікамі сумеснага домаўладаньня, асобамі, якія маюць капітальныя пабудовы ў агульнай уласнасьці, і спрэчкі, зьвязаныя з пакрыцьцём стратаў, вырашаюцца ў судовым парадку». У 93-м артыкуле згадвалася, што выканкамам «зямельная спрэчка павінна быць разгледжана не пазьней за 1 месяц з дня паступленьня заявы». Згодна зь 94-м артыкулам кожны з бакоў спрэчкі мае права абскарджваць яе вырашэньне выканкамам «у вышэйстаячы выканаўчы камітэт або ў суд на працягу 1 месяца з дня атрымання копіі рашэньня па зямельнай спрэчцы»[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 23 ліпеня 2008 г. № 425-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 кастрычніка 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі перакладзены на беларускую мову (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2 кастрычніка 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2021 г.