Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | XVIII ст. |
Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Менску. Знаходзіўся ў Ракаўскім прадмесьці на Ракаўскай вуліцы. Твор архітэктуры барока.
Комплекс складаўся з мураваных касьцёла і кляштарнага корпуса. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл (паводле адной з вэрсіяў, на ягоным месцы цяпер стаіць Япархіяльная ўправа Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату[1]), да нашых дзён захавалася адна з кляштарных пабудоваў (вуліца Ракаўская, 14)[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1703 року стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоні Ваньковіч (паводле іншых зьвестак, у 1677 або каля 1733 року Цеханавецкія[3]) заснаваў у Менску кляштар кармэлітаў. Ён ахвяраваў ордэну пляц на вуліцы Юраўскай (Ракаўскай) і запісаў 9 тыс. злотых на маёнтку Глушынцаў (або Іслачы). У 1735 року Я. Турчыновіч-Сушыцкі ахвяраваў рэзыдэнцыі некалькі пляцаў з будынкамі. У 1738 року віленскі біскуп Міхал Зянковіч заснаваў пры кляштары брацтва Найсьвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай[4].
У 1750 року староста шатроўскі Т. Ваньковіч падараваў манахам 2 пляцы на вуліцы Юраўскай і фальварак Доўгую Ніву (або Кальварыю) з цагельнямі, які меў 10 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарачых пабудоваў. Побач з фальваркам знаходзіліся кляштарныя могілкі з 36 капліцамі, якія ў 1795 року пераўтварыліся ў мескія парафіяльныя. У 1754 року ксёндз Т. Стацэвіч ахвяраваў 4 тыс. злотых на будаваньне Кальварыйскага касьцёла, пры якім з 1755 року пачало дзейнасьць брацтва Панскай Мукі[4]. Апроч таго, кляштару належалі некалькі пляцаў у месьце з камяніцамі і крамы на Рынку.
У 1763 року староста менскі Міхал Валадковіч вымураваў у стылі барока касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. На 1796 рок у рэзыдэнцыі было 5 манахаў, аднак праз два рокі біскуп Якуб Дадэрка ліквідаваў кляштар і перавёў сюды францішканаў.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў расейскія ўлады канфіскавалі будынкі і высялілі зь іх манахаў. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад, а ў 2-я палове XIX ст. яго зруйнавалі. Падарожнік і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля ў сярэдзіне XIX ст. пісаў[1]:
Там быў пабудаваны прыгожы касьцёл, які хоць і стаіць цяпер парожні, аднак годна ўзносіць над старым местам свае чорна-цагляныя вежы | ||
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мураваны 3-нэфавы касьцёл паводле памераў не саступаў касьцёлу Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары бэрнардынак[1]. Цэнтральны нэф пераходзіў ў невялікі прэзьбітэрыюм з паўкруглай алтарнай апсыдай. Галоўны бязьвежавы фасад выходзіў на вуліцу Ракаўскую[4].
Інтэр’ер касьцёла перакрываўся крыжовымі скляпеньнямі, яго ўпрыгожвалі 6 разных драўляных і мураваных алтароў. Галоўны мураваны шмат’ярусны алтар меў пышны ляпны дэкор, аптычныя росьпісы і фігурку ўкрыжаванага Хрыста. У ім знаходзіліся абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятога Яна і Марыі Магдалены. 4 бакавыя маляўнічыя аптычныя алтары мелі абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятых Юзэфа, Тэклі, прарока Ільлі. Пад касьцёлам разьмяшчалася невялікая мураваная крыпта[5].
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Побач з касьцёлам знаходзіўся Г-падобны ў пляне 1-павярховы кляштарны корпус, а таксама 2-павярховая мураваная камяніца і комплекс драўляных гаспадарчых пабудоваў[6].
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Менскія манахі-кармэліты ў сярэдзіне ХVІІІ ст. збудавалі Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыі (першы драўляным касьцёл замянілі на мураваны ў 1839 року). Яны ж стварылі з звычайных могілак, вядомых у гэтым менскім прадмесьці з ХVІІ ст., сапраўдную Кальварыю «з 36 капліцамі адной формы і вышыні»[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 38.
- ^ Гарбачоў Р. 10 найстарэйшых будынкаў Мінска паводле Уладзімера Дзянісава // «Салідарнасць», 17 красавіка 2009.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
- ^ а б в Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 294.
- ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 294—295.
- ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 295.
- ^ Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разуменьня сучаснага Менску, «Беларускі калегіюм»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. Шыбекі — Менск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|