Гісторыя Шклова
Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[2]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З другой паловы XVI стагодзьдзя места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[2].
Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[2]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[2]. У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI стагодзьдзя адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Шклова і ваколіцаў ліцьвінамі: «…Федорка в роспросе сказала: <…>, что он [ее муж] родом литвин[a] и в Литве в Шклове племени у него много» (1629 год)[5], «…в роспросе один человек сказал: Гришкою зовут, Степанов сын, прозвище Новиков, родом он де литвин, Шкловского повету» (1684 год)[6].
У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[2]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[2].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзеялі 2 царквы. 10 ��расавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[7]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога Места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.
На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскім, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шклоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі[8].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[9]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Шклова[10]. 14 сьнежня 2007 году ў склад места ўвайшлі вёскі Малое Зарэчча Гарадзецкага сельсавету, а таксама Маладзёжная і Рыжкавічы Рыжкавіцкага сельсавету[11]. 20 лістапада 2013 году ў склад гораду ўвайшла вёска Вялікае Зарэчча Гарадзецкага сельсавету[12]. 27 сакавіка 2024 году «Белкамунмаш» даставіў у Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перавёў грамадзкі транспарт на электрацягу[13].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старая графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Стары Рынак
-
Касьцёл і кляштар дамініканаў
-
Замак
-
Аршанская брама
-
Аршанскае прадмесьце
-
Рыжкаўскае прадмесьце
Старое Места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
Касьцельная вуліца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
Рынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1905 г.
-
1905 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
1941 г.
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Кардонавая фабрыка, 1905 г.
-
Вялікае Зарэчча, царква. А. Вінэр, 1939 г.
-
Вялікае Зарэчча, царква. А. Вінэр, 1939 г.
-
Дняпро каля Шклова, 1901 г.
-
Дняпро, 1901 г.
-
Вуліца Мяшчанская. Сынагога, 1947 г.
-
Вуліца Мяшчанская. Сынагога, 1947 г.
-
Сынагога, да 1918 году
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[3] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[4]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 138.
- ^ а б в г д е Лукашэвіч А. Шклоў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 294.
- ^ Полное собрание законов Российской империи, с 1649 года. Т. 2. — СПб., 1830. С. 589.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 254.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Геральдика, Шкловский районный исполнительный комитет
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Шкловского района». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 14 декабря 2007 г. № 5-25 (рас.)
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Пілётны праект «Зялёны горад»: холдынг «БКМ» паставіў у Шклоў 15 электробусаў // УП «Белкамунмаш», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.