Гуга Калантай
Гуга Калантай | |
Герб «Котвіца» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1 верасьня 1750 Вялікія Дэдэркалы |
Памёр | 28 лютага 1812 Варшава |
Пахаваны | |
Род | Калантаі |
Бацькі | Антоні Андрэй Калантай[d] Марыяна з Мяжынскіх[d] |
Дзейнасьць | палітык, публіцыст, філёзаф, гісторык, прафэсар унівэрсытэту, каталіцкі сьвятар, географ, антраполяг, грамадзкі дзяяч |
Подпіс |
Гуга Калантай (па-польску: Hugo Kołłątaj; 1 верасьня 1750, Вялікія Дэдэркалы на Валыні — 28 лютага 1812) — палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, філёзаф, пэдагог, публіцыст. Рэфэрэндар вялікі літоўскі (з 1787), падканцлер каронны (з 1791). Доктар філязофіі (1768) і тэалёгіі (1774).
Гуга Калантай — актыўны дзяяч Адукацыйнай камісіі. Распрацаваў плян разьвіцьця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які зрабіўся асновай «Статуту» камісіі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Калантаяў гербу «Котвіца», што паходзіў зь Вялікага Княства Літоўскага[2].
Навучаўся ў Кракаўскім ўнівэрсытэце, у Італіі (1772—1774). Па вяртаньні ў Рэч Паспалітую зрабіўся канонікам кракаўскім (1774).
У 1782—1786 рэктар Кракаўскага ўнівэрсытэту, прыклаў шмат намаганьняў да яго рэфармаваньня на аснове ідэяў Асьветніцтва. Пазьней пераехаў у Варшаву, дзе актыўна заняўся палітычнай дзейнасьцю, згуртаваў кола сваіх прыхільнікаў, г. зв. «Кузьня Калантая».
Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сойму (1788—1792). Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 траўня (1791).
Прыхільнік ідэі вызваленьня сялянаў ад прыгону, забесьпячэньня правоў мяшчанаў і абмежаваньня ўлады духавенства. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднаньне Вялікага Княства з Каронай. Галоўны арганізатар «Згуртаваньня сяброў урадавай канстытуцыі», якое плянавала працгнуць справу рэфармаваньня дзяржавы. Па перамозе антырэфарматарскай прарасейскай Таргавіцкай канфэдэрацыі ў эміграцыі.
Адзін зь вядучых ідэолягаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстаньні Т. Касьцюшкі, арыентаваўся на цесныя зьвязкі з рэвалюцыйнай Францыяй. Разам з І. Патоцкім ініцыятар місіі Т. Касьцюшкі ў Парыж (пачатак 1793). Удзельнічаў у складаньні Кракаўскага акту паўстаньня, Паланецкага ўнівэрсалу, пастановы пра надзяленьне зямлёй сялянаў, якія браді ўдзел у паўстаньні. Узначальваў аддзел скарбу (фінансаў) у Найвышэйшай нацыянальнай радзе. Канфлікт на пачатку паўстаньня паміж Т. Касьцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай імкнуўся задагодзіць шляхам уніфікацыі Віленскага акту з Кракаўскім.
Па паразе паўстаньня быў у аўстрыйскім зьняволеньні (сьнежань 1794 — лістапад 1802). У 1802—1806 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Намагаўся ўдзельнічаць у працы Віленскага ўнівэрсытэту, аднак з палітычных меркаваньняў Адам Чартарыйскі і рэктар унівэрсытэту Г. Страйноўскі не дазволілі гэтага. У студзені 1807 — траўні 1808 на загад Аляксандра I знаходзіўся ў Маскве пад наглядам.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пакінуў багатую філязофскую і публіцыстычную спадчыну: «Да Станіслава Малахоўскага… некалькі лістоў Ананіма» (1788—1889), «Палітычнае права польскага народу» (1790), «Пра ўзьнікненьне і заняпад Канстытуцыі 3 траўня» (1793, разам з І. Патоцкім і Ф. Дмахоўскім), «Стан асьветы ў Польшчы ў апошнія гады панаваньня Аўгуста III» (1841), «Крытычны агляд асноваў гісторыі пра пачаткі чалавечага роду» (1842) і інш.
Ягоныя працы засноўваліся на прагрэсіўных на той час ідэях Асьветніцтва, вучэньні францускіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі разьвіцьця грамадзтва[2].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Korespondencya listowna z T. Czackim... T. 1—4. Kraków, 1844-45;
- Listy pisane z emigracji. T. 1—2. Poznań, 1872;
- Wybór pism politycznych. Wrocław, 1952;
- Wybór pism naukowych. Warszawa, 1953;
- Stan oświecenia w Polsce w ostatnich latach panowania Augusta III (1750—1764). Wrocław, 1953;
- Listy Anonima i Prawo polityczne narodu polskiego. T. 1—2. Kraków, 1954.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://www.uj.edu.pl/documents/10172/30ba9fc6-3eca-49ff-8ae0-cc084c2ab226
- ^ а б Уладзімір Емяльянчык. Калантай Гуга // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 17.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гуга Калантай — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў