Перайсьці да зьместу

Гран-пры Бразыліі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гран-пры Бразыліі
Гран-пры Сан-Паўлу
Аўтадром імя Жазэ Карлуса Пачы
Гісторыя
Праведзеныя гонкі 51
Першая гонка 1972
Лідэр (гоначнік) Сьцяг Францыі Ален Прост (6)
Лідэр (канструктар) Сьцяг Вялікабрытаніі Макларэн (12)
Траса
Працягласьць кола 4,309 км
Працягласьць гонкі 305,879 км
Колькасьць колаў 71
Сэзон 2023 году
Поўл-пазыцыя
Подыюм
Найхутчэйшае кола
Вонкавыя спасылкі

Гран-пры́ Бразы́ліі (па-партугальску: Grande Prêmio do Brasil), апошнім часам ладзіцца пад назовам Гран-пры Сан-Паўлу (парт. Grande Prêmio de São Paulo) — аўтагоначнае спаборніцтва ў Сан-Паўлу (Бразылія), якое ладзіцца з 1972 року. З 1973 увайшло ў каляндар чэмпіянату сьвету Формулы-1.

Аўтагонкі зьявіліся ў Бразыліі перад II сусьветнай вайной — з 1934 року яны ладзіліся на вулічнай трасе ў Рыю-дэ-Жанэйру. У 1936 пачалося будаўніцтва асобнага аўтадрому ў прадмесьці Сан Паўлу Інтэрлягасе. Траса была скончаная ў 1940, і ў першыя гады вайны Бразылія пасьпела прыняць некалькі сусьветных Гран-пры.

У 1972 року ў Інтэрлягасе ўпершыню прайшла гонка Формулы-1, хоць яна і не ўвайшла ў залік чэмпіянату. Ужо з наступнага году яна ўключаная ў афіцыйны каляндар чэмпіянату, і першым пераможцам стаў дзейны чэмпіён, ураджэнец Сан-Паўлу Эмэрсан Фітыпальдзі. Налета ён паўтарыў свой посьпех, а ў 1975 року гонку выйграў яшчэ адзін сан-паўлец, Карлус Пачы, пакінуўшы Фітыпальдзі за сабою. У 1978 року гонку перанесьлі на трасу Жакарэпагуа ў Рыю-дэ-Жанэйру, а пасьля абнаўленьня тэхнічнага стану Гран-пры вярнулася ў Інтэрлягас; тым ня менш, траса заставалася выбоістай. З 1970 да 1980 року насельніцтва Сан-Паўлу вырасла з 5 да 8 мільёнаў, і ваколіцы гонкі ўжо не выглядалі адпаведнымі ўзроўню Формулы-1. Дарожнае пакрыцьцё было настолькі няроўным, што баліды проста ламаліся ад судакрананьня зь ім(d). Бар’еры і ўзбочыны таксама не адпавядалі патрабаваньням Формулы. Джодзі Шэктэр нават дамагаўся скасаваньня гонкі 1980 року, аднак яе ўсё-ткі правялі. З наступнага сэзону Гран-пры перанесьлі на сучасьнейшую трасу Жакарэпагуа, пагатоў з Рыю-дэ-Жанэйру паходзіла новая бразыльская зорка Нэльсан Піке. Жакарэпагуа, як і Інтэрлягас, таксама была вельмі патрабаванай да ўменьняў кіроўцаў: большасьць паваротаў былі доўгімі і хуткімі, некаторыя пад нахілам, паверхня трасы была даволі шурпатай. У календары Формулы-1 гонку разьмясьцілі ў пачатку сэзону, калі ў Паўднёвай паўкулі было лета; таму гонка адбывалася пры надзвычай высокіх тэмпэратурах і вільготнасьці.

У 1981 року Карлёс Ройтэман праігнараваў камандны загад і не аддаў перамогу паплечніку Алану Джонзу. Праз год першыя два месцы занялі Нэльсан Піке і Кеке Росбэрг, аднак праз вайну МФСА і АКФА(d) іх дыскваліфікавалі за недавагу, і перамогу аддалі Алену Просту. Італьянец Рыкарда Патрэзэ ўвогуле сышоў з гонкі праз фізычную стому, што для Рыю-дэ-Жанэйру не было дзівам. Ален Прост пераможа на Жакарэпагуа яшчэ чатыры разы, за што яму дадуць мянушку «караля Рыю».

Можна адзначыць гонку 1988 року, у якой узыходная бразыльская зорка Айртан Сэна, стартаваўшы зь піт-лініі(d) ў сваёй першай гонцы за Макларэн, фінішаваў другім за сукаманднікам Простам, ды быў дыскваліфікаваны за тое, што перасеў у запасны балід на парадным коле. Апошні раз Жакарэпагуа прыняла Гран-пры Бразыліі ў 1989 року. Упершыню ў гісторыі Формулы-1 пераможцам стаў аўтамабіль з паўаўтаматычнай каробкай перадачаў Фэрары Найджэла Мэнсэла. Пасьля сутыкненьня Бэрнда Шнайдэра і Эдзі Чывэра апошні, выйшаўшы з гонкі, двойчы страчваў прытомнасьць праз зьнясіленьне.

Дзякуючы посьпехам нараджэнца Сан-Паўлу Айртана Сэны мескія ўлады заняліся перапрацоўкай Інтэрлягасу. З 1990 року Гран-пры Бразыліі стала праводзіцца там. Першым пераможцам стаў Ален Прост — шостая ягоная перамога ў Бразыліі і 40-я ў кар’еры, што на той час было рэкордам. Гонку 1991 року ўпершыню выйграў Айртан Сэна, прычым пад канец заезду каробка перадачаў ягонага аўто застрэгла на шостай перадачы, што, тым ня меней, не перашкодзіла яму стрымаць атакі «Ўільямзу» Рыкарда Патрэзэ. Але пасьля фінішу гоначніка давялося выцягваць з баліду, настолькі ён быў зьняможаны.

На старце гонкі 1997 року сутыкнуліся чатыры аўтамабілі, а канадзец Жак Вільнёў вылецеў у першым жа павароце. Гонку спынілі, тады ён пасьпеў перасесьці ў запасны балід і выйграў гонку. У 1998 року каманда «Фэрары» падала пратэст на тармазную сыстэму «Макларэнаў», якая чатыры разы была правераная тэхнічным дэлегатам Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі. Нягледзячы на гэта, Макларэнам забаранілі карыстацца гэтай сыстэмай у Бразыліі, але гэта не дапамагло канкурэнтам: пераможцам усё адно стаў Міка Хякінэн.

Гран-пры 2003 року адметнае нечаканай першай перамогай Джанкарлё Фізікельлі на «Джордане», якому дапамаглі зьменныя ўмовы надвор’я. Дзейны чэмпіён Міхаэль Шумахэр пасьлізнуўся і вылецеў, а пасьля спыненьня пасярод трасы Фэрнанда Алёнса гонку спынілі чырвоным сьцягам і прызналі пераможцам Кімі Райкёнэна, які лідзіраваў за два колы да чырвонага сьцягу (паводле правілаў). Толькі празь некалькі дзён у Касацыйным судзе МФА ў Парыжы высьветлілі, што на той час Фізікельля ўжо двойчы перасякаў фінішную рысу першым, і аддалі перамогу італьянцу.

Упершыню ад пачатку правядзеньня бразыльскага Гран-пры гонка 2004 року была перанесеная на пазьнейшы час. У 2005 року Фэрнанда Алёнса, фінішаваўшы трэцім, заваяваў у Бразыліі сваё першае чэмпіёнства — на той час ён стаў наймаладзейшым чэмпіёнам Формулы-1. У 2006 року гонку паставілі завяршальнай у календары. Другі раз пераможцам гонкі стаў бразылец Фэліпэ Маса, а Фэрнанда Алёнса для абароны чэмпіёнскага тытулу хапіла другога месца. Гонку 2007 року, а зь ёй і сваё адзінае чэмпіёнства, выйграў Кімі Райкёнэн, які апярэдзіў Фэрнанда Алёнса і Льюіса Гэмілтана ўсяго на адзін пункт.

У апошняй гонцы сэзону-2008 цяпер ужо Льюіс Гэмілтан адабраў у Алёнса званьне наймаладзейшага чэмпіёна Формулы-1. У 2009 Бразылія зноўку стала вызначальнай для чэмпіёнства: Джэнсану Батану хапіла пятага месца, каб абысьці іншых супернікаў. Яшчэ раз падобным чынам тытул вырашыўся ў 2012 року, калі немец Сэбастыян Фэтэль, на старце скаціўшыся да 22-га месца, прыйшоў на фініш шостым і заваяваў свай трэцяе чэмпіёнства запар. Гэтая гонка стала апошняй для немца Міхаэля Шумахэра, які пасьля свайго вяртаньня ў Формулу ў 2010 року так і ня здолеў здабыць ніводнай перамогі.

Гонка 2020 року была скасаваная праз пандэмію Ковід-19. З 2021 гонка носіць назву Гран-пры Сан-Паўлу.

У Бразыліі перамагалі пяць бразыльскіх гоначнікаў: Эмэрсан Фітыпальдзі, Нэльсан Піке, Айртан Сэна, Фэліпе Маса (усе — двойчы) ды Карлус Пачы.

Жакарэпагуа, выкарыстоўвалася ў 1978 і 1981—1989
Інтэрлягас, выкарыстоваўлася ў 1972—1977 і 1979—1980

Ружовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.

Рок Гоначнік Канструктар Месца Справаздача
1972 Сьцяг Аргентыны Карляс Ройтэман Брэбэм-Форд Інтэрлягас Справаздача
1973 Сьцяг Бразыліі Эмэрсан Фітыпальдзі Лотас-Форд Інтэрлягас Справаздача
1974 Сьцяг Бразыліі Эмэрсан Фітыпальдзі Макларэн-Форд Справаздача
1975 Сьцяг Бразыліі Карлус Пачы Брэбэм-Форд Справаздача
1976 Сьцяг Аўстрыі Нікі Ляўда Фэрары Справаздача
1977 Сьцяг Аргентыны Карляс Ройтэман Фэрары Справаздача
1978 Сьцяг Аргентыны Карляс Ройтэман Фэрары Жакарэпагуа Справаздача
1979 Сьцяг Францыі Жак Ляфіт Ліж’е-Форд Інтэрлягас Справаздача
1980 Сьцяг Францыі Рэнэ Арну Рэно Справаздача
1981 Сьцяг Аргентыны Карляс Ройтэман Ўільямз-Форд Жакарэпагуа Справаздача
1982 Сьцяг Францыі Ален Прост Рэно Справаздача
1983 Сьцяг Бразыліі Нэльсан Піке Брэбэм-BMW Справаздача
1984 Сьцяг Францыі Ален Прост Макларэн-ТАГ Справаздача
1985 Сьцяг Францыі Ален Прост Макларэн-ТАГ Справаздача
1986 Сьцяг Бразыліі Нэльсан Піке Ўільямз-Хонда Справаздача
1987 Сьцяг Францыі Ален Прост Макларэн-ТАГ Справаздача
1988 Сьцяг Францыі Ален Прост Макларэн-Хонда Справаздача
1989 Сьцяг Вялікабрытаніі Найджэл Мэнсэл Фэрары Справаздача
1990 Сьцяг Францыі Ален Прост Фэрары Інтэрлягас Справаздача
1991 Сьцяг Бразыліі Айртан Сэна Макларэн-Хонда Справаздача
1992 Сьцяг Вялікабрытаніі Найджэл Мэнсэл Ўільямз-Рэно Справаздача
1993 Сьцяг Бразыліі Айртан Сэна Макларэн-Форд Справаздача
1994 Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр Бэнэтан-Форд Справаздача
1995 Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр Бэнэтан-Рэно Справаздача
1996 Сьцяг Вялікабрытаніі Дэйман Гіл Ўільямз-Рэно Справаздача
1997 Сьцяг Канады Жак Вільнёў Ўільямз-Рэно Справаздача
1998 Сьцяг Фінляндыі Міка Хякінэн Макларэн-Мэрсэдэс Справаздача
1999 Сьцяг Фінляндыі Міка Хякінэн Макларэн-Мэрсэдэс Справаздача
2000 Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр Фэрары Справаздача
2001 Сьцяг Вялікабрытаніі Дэйвід Култгард Макларэн-Мэрсэдэс Справаздача
2002 Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр Фэрары Справаздача
2003 Сьцяг Італіі Джанкарлё Фізікельля Джордан-Форд Справаздача
2004 Сьцяг Калюмбіі Хуан Паблё Мантоя Ўільямз-BMW Справаздача
2005 Сьцяг Калюмбіі Хуан Паблё Мантоя Макларэн-Мэрсэдэс Справаздача
2006 Сьцяг Бразыліі Фэліпэ Маса Фэрары Справаздача
2007 Сьцяг Фінляндыі Кімі Райкёнэн Фэрары Справаздача
2008 Сьцяг Бразыліі Фэліпэ Маса Фэрары Справаздача
2009 Сьцяг Аўстраліі Марк Ўэбэр Рэд Бул-Рэно Справаздача
2010 Сьцяг Нямеччыны Сэбастыян Фэтэль Рэд Бул-Рэно Справаздача
2011 Сьцяг Аўстраліі Марк Ўэбэр Рэд Бул-Рэно Справаздача
2012 Сьцяг Вялікабрытаніі Джэнсан Батан Макларэн-Мэрсэдэс Справаздача
2013 Сьцяг Нямеччыны Сэбастыян Фэтэль Рэд Бул-Рэно Справаздача
2014 Сьцяг Нямеччыны Ніка Росбэрг Мэрсэдэс Справаздача
2015 Сьцяг Нямеччыны Ніка Росбэрг Мэрсэдэс Справаздача
2016 Сьцяг Вялікабрытаніі Льюіс Гэмілтан Мэрсэдэс Справаздача
2017 Сьцяг Нямеччыны Сэбастыян Фэтэль Фэрары Справаздача
2018 Сьцяг Вялікабрытаніі Льюіс Гэмілтан Мэрсэдэс Справаздача
2019 Сьцяг Нідэрляндаў Макс Вэрстапэн Рэд Бул-Хонда Справаздача
2020 Ня ладзілася з прычыны пандэміі COVID-19
2021 Сьцяг Вялікабрытаніі Льюіс Гэмілтан Мэрсэдэс Інтэрлягас Справаздача
2022 Сьцяг Вялікабрытаніі Джордж Расэл Мэрсэдэс Справаздача
2023 Сьцяг Нідэрляндаў Макс Вэрстапэн Рэд Бул-Honda RBPT Справаздача
Крыніцы:[1]
  1. ^ Brazilian GP. ChicaneF1. Праверана 14 September 2021 г. Архіўная копія ад 14 September 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]