Бэрн
Бэрн | |||||
ням. Bern | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1191 | ||||
Краіна: | Швайцарыя | ||||
Кіраўнік: | Алек фон Графэнрыд[d] | ||||
Плошча: | 51,62 км² | ||||
Вышыня: | 542 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 031 | ||||
Паштовы індэкс: | 3000, 3001, 3003, 3004, 3005, 3006, 3007, 3008, 3010, 3011, 3012, 3013, 3014, 3015, 3018, 3019, 3020, 3024, 3027, 3029, 3030 | ||||
Нумарны знак: | BE | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 46°56′52.73″ пн. ш. 7°26′50.75″ у. д. / 46.9479806° пн. ш. 7.4474306° у. д.Каардынаты: 46°56′52.73″ пн. ш. 7°26′50.75″ у. д. / 46.9479806° пн. ш. 7.4474306° у. д. | ||||
Бэрн | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.bern.ch/ |
Бэрн (па-нямецку: Bern, па-француску: Berne, па-італьянску: Berna, па-раманску: Berna) — сталіца Швайцарыі. Горад зьяўляецца пятым паводле колькасьці насельніцтва ў краіне. Бэрн таксама зьяўляецца цэнтрам кантону Бэрн. Афіцыйнай мовай гораду зьяўляецца нямецкая, але асноўнай гутарковай мовай зьяўляецца алеманскі швайцарскі нямецкі дыялект, які мае назоў бэрнская нямецкая мова.
У 1983 годзе гістарычны стары горад цэнтру Бэрна стаў аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО і Бэрн уваходзіць у лік дзесяці найлепшых у сьвеце гарадоў з найлепшай якасьцю жыцьця, паводле зьвестак на 2010 году[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ніякіх археалягічных сьведчаньняў аб існаваньні паселішча на месцы сёньняшняга цэнтра гораду да XII стагодзьдзя пакуль не выяўлена. У старажытнасьці краху на поўнач ад Бэрну стаяў кельцкі апідум, умацаваны з II стагодзьдзя да н. э., і лічыўся адным з 12 апідаў гэльвэтаў, згаданых Цэзарам. У рымскую эпоху на гэтым жа месцы месьцілася гала-рымская вёска.
Горад быў заснаваны ў 1191 годзе герцагам Бэртальдам V фон Цэрынгенам. Існуе шмат як навуковых, гэтак і народнаэтымалягічных вэрсіяў паходжання назвы гораду. Па адной з апошніх зь іх горад названы ў гонар мядзьведзя (ням. Bär), які быў першай жывёлай злоўленай у гэтых мясьцінах падчас паляваньня заснавальніка места Бэртальда фон Цэрынгена. Таксама існуе вэрсія аб пераносе з Італіі назвы Вэрона (італ. Verona) з пераапрацоўкай яе ў Бэрн; перанос матывуюць існаваньнем роднасных сувязей мясцовых фэадалаў з вэронскімі. Найбольш верагоднай у гэты час лічыцца паходжанне назвы Бэрн ад кельцкага bren 'гара' ці brena 'шчыліна'. У 1218 годзе, пасьля таго як Бэртальд памёр, не заставіўшы спадчыньнікаў, Бэрн стаў вольным імпэрскім горадам Сьвятой Рымскай імпэрыі.
У 1353 годзе Бэрн далучыўся да Швайцарскай Канфэдэрацыі, стаўшы восьмым кантонам часу фармаваньня з 1353 па 1481 гады. Бэрн уварваўся і заваяваў Ааргаў ў 1415 годзе і Во ў 1536 годзе, а таксама іншыя меншыя тэрыторыі, стаўшы такім чынам найбуйнейшым горадам-дзяржавай на поўнач ад Альпаў. Да XVIII стагодзьдзя ён улучаў большую частку сучаснай тэрыторыі кантону Бэрн і кантону Во.
Горад пашыраўся на захад ад паўвострава, утворанага ракой Аарэ. Вежа Цытглёге пазначала заходнюю мяжу гораду з 1191 па 1256 гады, калі такую функцыю на сябе ўзяла Кэфігтурм і трывала яе да 1345 году. Падчас Трыццацігадовай вайны была створаныя новыя ўмацаваньні, якія будаваліся дзеля абароны ўсёй тэрыторыі паўвострава. Першапачаткова горад быў пабудаваны з дубовага лесу, але ў 1405 годзе пажар зьнішчыў драўляныя будынкі, было зьнішчана каля 550 дамоў, загінула каля 100 чалавек. Пасьля ў горадзе пабудавалі каменныя будынкі, самыя старыя зь іх датуюцца XVI—XVII стагодзьдзямі. Не зважаючы на хвалі пошасьці, якія абрынуліся на Эўропу ў XIV стагодзьдзі, горад працягваў расьці, галоўным чынам за кошт іміграцыі з навакольных сельскіх рэгіёнаў[3].
Цягам XVIII стагодзьдзя Бэрн быў у пэўны момант найбуйнейшым акцыянэрам брытанскай акцыянэрнай кампаніі Саўт-Сі, якая брала ўдзел у атлянтычным гандлі рабамі[4]. З 1689 году па 3 сакавіка 1798 году ў горадзе друкавалася па-француску двухтыднёвую газэту Gazette de Berne, якая адлюстроўвала меркаваньне Бэрну[5], звычайна варожага да палітыкі дарэвалюцыйнай Францыі[6]. Бэрн быў акупаваны францускімі войскамі ў 1798 годзе за часам Францускіх рэвалюцыйных войнаў. Горад на пэўны час быў пазбаўлены часткі сваіх тэрыторыяў. У 1802 годзе места вярнула кантроль над Бэрнскім абэрляндам, а паводле вынікаў Венскага кангрэсу 1814 году горад ізноў набыў Бэрнскую Юру. У гэты час ён стаў найбуйнейшым кантонам Канфэдэрацыі, як гэта было падчас рэстаўрацыі і да аддзяленьня кантону Юра ў 1979 годзе.
28 лістапада 1848 году, за часам рэвалюцыяў у Эўропе, большасьць дэпутатаў новага Фэдэральнага сходу Швайцарыі абралі Бэрн у якасьці фэдэральнага гораду, то бок рэзыдэнцыяй ураду, новастворанай фэдэральнай дзяржавы Швайцарыі, апярэдзіўшы ў галасаваньні Цюрых і Люцэрн. Бэрн быў абраны, каб не канцэнтраваць усю ўладу ў Цюрыху, у той час як каталіцкі і кансэрватыўны Люцэрн быў часткай Зондэрбунду падчас вайны, якая адбылася годам раней. Акрамя таго, Бэрн меў выгоднае месцазнаходжаньне ў цэнтры краіны ды падтрымліваўся франкамоўнымі кантонамі праз блізкасьць да іх. Аднак канстытуцыя вызначае Бэрн ня як афіцыйную сталіцу Швайцарыі, а як рэзыдэнцыю ўраду[7]. Шэраг кангрэсаў сацыялістычных інтэрнацыяналаў ладзіліся ў Бэрне, асабліва за часам Першай сусьветнай вайны, калі Швайцарыя мела нэўтральны статус.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бэрн ляжыць на Швайцарскім плято ў кантоне Бэрн, трохі на захад ад цэнтру Швайцарыі і ў 20 км на поўнач ад Бэрнскіх Альпаў. Сельская мясцовасьць вакол Бэрна была сфармавана ледавікамі падчас апошняга ледніковага пэрыяду. Сам жа горад быў пабудаваны на пагорыстым вучастку ў асяродзьдзі ракі Аарэ, але перарос натуральныя межы ў XIX стагодзьдзі. Шэраг мастоў былі пабудаваныя, каб дазволіць гораду пашырыцца за Аарэ. Бэрн пабудаваны на вельмі няроўнай паверхні. Перапад вышыняў да 60 мэтраў існуе паміж гарадзкімі раёнамі на Аарэ, як то Матэ і Марцылі, і больш высокімі раёнамі, як то Кірхэнфэльд і Ленггасэ. Плошча Бэрна на 2013 год складала 51,62 км², зь іх 9,42 км² або 18,2 % выкарыстоўваецца дзеля сельскагаспадарчых патрэбаў, а 17,21 км² або 33,3 % займае лес. Пры гэтым 3,1 % тэрыторыі займаюць прамысловыя будынкі, 22,3 % — жыльлё ды іншыя будынкі, а на 12,9 % тэрыторыі прыпадае транспартная інфраструктура. Энэргетычная і водная інфраструктура, а таксама іншыя адмыловыя разьвітыя тэрыторыі складаюць 1,2 % гораду, у той час як яшчэ 6,5 % займаюць паркі, зялёныя зоны і спартовыя пляцоўкі. Мясцовыя рэкі і ручаі сілкуюць горад вадою[8].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпена, Бэрн мае акіянічны клімат[9], пры гэтым блізкі зь вільготным кантынэнтальным кліматам.
Найбліжэйшая мэтэастанцыя ля Бэрну месьціцца ў муніцыпалітэце Цалікофэн, прыкладна за 5 км на поўнач ад цэнтру гораду. Самым цёплым месяцам у Бэрне ўважаецца ліпень зь сярэдняй тэмпэратурай у содні 18,3 °C і максымальнай дзённай тэмпэратурай 24,3 °C[9]. Найвышэйшая тэмпэратура, зарэгістраваная ў Бэрне і Цалікофэне, складае 37,0 °C, зарэгістраваная ў жніўні 2003 году. У сярэднім тэмпэратура складае 25 °C і вышэй рэгіструецца 40,7 дзён у годзе. У самы цёплы дзень звычайна тэмпэратура сягае 32,1 °C.
За час з 1981 па 2010 гады ў Бэрне было 103,7 дзён з маразамі і 22,3 дзён зь лёдам у год, а таксама 14,1 дзён сьнегападу, 36,7 дзён трымалася сьнежнае покрыва, а сярэдняя колькасьць сьнегу, вымераная за год, складала 52,6 см[9]. У сярэднім студзень ёсьць самым халодным месяцам зь сярэдняй тэмпэратурай у содні –0,4 °C і мінімальнай тэмпэратурай у содні роўнай –3,6 °C[9]. Найніжэйшая тэмпэратура, калі-небудзь зарэгістраваная ў Бэрне/Цалікофене, складала –23,0 °C[10], якая была зафіксаваная ў лютым 1929 году. Звычайна самая халодная тэмпэратура ў годзе дасягае ў сярэднім –12,8 °C[11], што фіксавалася ў час з 1981 па 2010 гады.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.pxweb.bfs.admin.ch/pxweb/en/px-x-0102020000_201/-/px-x-0102020000_201.px/table/tableViewLayout2/ — Статыстычны фэдэральны офіс.
- ^ Quality of Living global city rankings — Mercer survey. Mercer.com.
- ^ «Bern (Gemeinde)». Dictionnaire historique de la Suisse.
- ^ Illien, Noele (19.11.2020). «Banking and slavery: Switzerland examines its colonial conscience». The Guardian.
- ^ Bertholet, Auguste; Kapossy, Béla (2023). «La Physiocratie et la Suisse». Geneva: Slatkine. — ISBN 9782051029391.
- ^ «Gazette de Berne». Dictionnaire historique de la Suisse.
- ^ Stephens (28.11.2018). «Why is Bern the capital of Switzerland?». SWI.
- ^ «Arealstatistik Standard — Gemeinden nach 17 Klassen». Bundesamt für Statistik.
- ^ а б в г «Bern 1981–2010 Averages». MeteoSwiss.
- ^ «February 1929». Koninklijk Nederlands Meteorologisch Instituut.
- ^ «Annual Average Minimum». Koninklijk Nederlands Meteorologisch Instituut.