Перайсьці да зьместу

Берасьцечка (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Берасьцечка
лац. Bieraściečka
Дата заснаваньня: перад 1840 годам
Былая назва: варыянты: Берастэчка, Берасьцечак; Рацлавіца альбо Раславіца
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Паселіцкі
Насельніцтва: 0 чал.
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254836006
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°50′35″ пн. ш. 30°1′27″ у. д. / 51.84306° пн. ш. 30.02417° у. д. / 51.84306; 30.02417Каардынаты: 51°50′35″ пн. ш. 30°1′27″ у. д. / 51.84306° пн. ш. 30.02417° у. д. / 51.84306; 30.02417
Берасьцечка на мапе Беларусі ±
Берасьцечка
Берасьцечка
Берасьцечка
Берасьцечка
Берасьцечка
Берасьцечка

Берасьце́чка (Берастэчка, Берасьце́чак)[1] — былая вёска ў Беларусі, уваходзіла у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Па аналёгіі з тапонімам Берасьце назва паселішча Берасьцечка слушн�� выводзіць ад слова бе́раст (бе́расьць), якое азначае расьліну[2] зь сямейства вязавых (ільмавых). Падобныя назвы маглі паходзць таксама ад слова бяроста — 'бярозавая кара'[3]. У такой раўніннай мясьціне ў мінулым, напэўна, расьлі гаі зь лісьцявых дрэваў. Нездарма ж непадалёку паўстала вядомае яшчэ з 1512 году сяло Лісьцьвін.

Магчыма, самое наданьне назвы гэтаму, адносна позьняму паселішчу на ўскрайку Хвойніцкіх добраў, памежнаму з угодзьдзямі Рудакоўскага маёнтку паноў Аскеркаў, абумоўлена было воляй Караля Прозара. Патрыёт Рэчы Паспалітай цяжка перажываў страту Айчызнай непадлегласьці, дзеля чаго называў свае новыя фальваркі ў гонар вялікіх перамог і гераічных супрацьстаянняў як з айчыннай, так і сусьветнай гісторыі – Тэрмапілы, Маратон, Аркадзія (акрамя ўсяго, – краіна мірных і шчасьлівых пастухоў) ды інш. Перамога пад валынскім Берастэчкам войскаў караля Яна Казімера над казакамі гетмана Багдана Хмяльніцкага ўлетку 1649 году ці не натхніла абозна��а да чарговай мэмарыялізацыі? Урэшце, К. Прозар ініцыяваў перайменаваньне Берасьцечка ў Рацлавіцы (Рацлавіцу/Раславіцу)[4] на памяць слаўнай перамогі паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі ў красавіку 1794 году. Пэўны час абедзьве назвы ў штодзённым ужытку суіснавалі, хоць на мапах усяго XIX і пачатку XX ст. Берасьцечка не пазначанае.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Невялічкая вёска Раславіца на мапе А. Фіцінгофа 1846 г.

Найбольш раньнія на сёньняшні дзень зьвесткі пра Берасьцечка сустрэтыя ў мэтрычных кнігах Астраглядавіцкага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, пачынаючы з 1840 году[5]. Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтка 1844 году, прыналежнага рэчыцкаму падкамораму Ўладыславу, сыну Караля, Прозару, адным зь сямі яго фальваркаў быў Стралічаўскі. У складзе апошняга — вёска Раславіца з 8 дварамі. Прозьвішчы жыхароў — Сабадаш, Курэнь, Аўдзеенка, Прышчэп, Бурак, Кананок, Сушчанка[6]. Прынамсі, Сабадашы, Курэні, згодна з касьцёльнымі запісамі, жылі і ў Берасьцечку, а нябожчыкаў сваіх хавалі на могілках вёскі Валокі. Раславіца ўпершыню паказана на вайскова-тапаграфічнай мапе Менскай губэрні 1846 году, складзенай пад кіраўніцтвам генэрала А. Фіцінгофа.

Фальварак і вёска Раславіца (Берасьцечка) з 9 дварамі на мапе Ф. Ф. Шубэрта. Другая палова XIX ст.

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 16 жыхароў мужчынскага і 14 жаночага полу вёскі Берасьцечак былі парафіянамі касьцёлу ў Астраглядах[7].

У парэформавы пэрыяд паселішча належала да Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. Паводле матэрыялаў Хвойніцкага раённага краязнаўчага музэя, сабраных яго заснавальнікам і першым дырэктарам Аляксандрам Зелянкоўскім (1921 — 1997)[a], у 1869 годзе былі складзеныя выкупныя акты на ўчасткі зямлі, якімі карысталіся былыя вольныя людзі другога разраду[b] аколіцы Раславіца усяго 10 гаспадароў. Адзін зь іх, напрыклад, Станіслаў Куліцкі жадаў выкупіць 28 дзесяцін. На пачатак 1870 году маецца зьвестка пра засьценак Берасьцечка на землях Хвойніцкага маёнтку паноў Прозараў, у якім жылі 27 аднадворцаў[c], парафіяне Астраглядаўскага касьцёлу, прыпісаныя да воласьці[9]. У касьцёльных кнігах за 1876 год паселішча называнае як Раславіцай, гэтак і Берасьцечкам. У абодвух выпадках жыхары-мужчыны — Куліцкія, Шацілы[d], іхныя жонкі — з Шацілаў, Вайцяхоўскіх, Цішкевічаў[12][e].

Зьвестка пра фальваркі Рацлавіца і Берасьцечка ў 1887 г.

У 1887 годзе, калі абцяжараны даўгамі маёнтак Хвойнікі Канстанціна Прозара быў прададзены расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Курындзіну, па дамоленасьці бакоў, на грунтах фальварку Рацлавіца створаны і фальварак Берасьцечка[f][13].

Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», перапіс 1897 году засьведчыў наяўнасьць у Берасьцечку 18 двароў з 126 жыхарамі[14]. Але даведнік 1909 году паведамляе, што ў аколіцы Берасьцечка Хвойніцкай воласьці налічвалася 14 двароў і 43 жыхары. Сказана таксама пра аднадворны хутар (фальварак?) Раславіца з 32 жыхарамі[15][g].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Берасьцечка ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Берасьцечку працавала польская школа першай ступені адпаведна з 16 і з 34 вучнямі[17]. На 1925/26 навучальны год у вёсцы працягвала дзейнічаць 3-х класная школа I ступені[18]. У чэрвені-ліпені 1926 году мясцовы настаўнік Фідэльскі абвінавачваўся ў рэгілійнай прапагадзе, то бо выразаў драўляныя настольныя крыжы, меншыя крыжыкі і іконкі, прапаноўваў верным школьнае памяшканьне для маёвых набажэнстваў, за што быў звольнены[19].

Берасьцечка з 39 дварамі на мапе РККА 1924-26 гг.

Ад 8 сьнежня 1926 году Берасьцечка — у складзе Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, паведамляецца, што ў названай аколіцы было 38 двароў, 189 жыхароў, 96 % зь якіх складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Берастэчку[h] меркавалася арганізаваць калгас, машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[20]. Тады ж бальшавіцкія ўлады ўзмацнілі барацьбу зь вернікамі. Паводле старшыні антыкаталіцкай секцыі Гомельскай акругі Мінейкі, у Берастэчку, як і ў Храпкаве, існаваў падпольны сход[i], удзельнікі якога выступалі супраць калектывізацыі[19]. У 1931 годзе быў створаны калгас імя Пятра Войкава, працавала кузьня. З 20 лютага 1938 году Берасьцечка — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 20 жыхароў вёскі Берасьцечак загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[21].

З 8 студзеня 1954 года вёска — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў Берасьцечку налічваўся 151 жыхар; у складзе калгасу «Сьвітаньне» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Паселічы[14].

У 2018 годзе вёска скасавана[22].

  • 2004 год — 3 двары, 5 жыхароў
  • 2009 год — 3 жыхары
  1. ^ Пра А. М. Зелянкоўскага гл.: [8]
  2. ^ Да вольных людзей указам расейскага імпэратара Мікалая I ад 01. 08. 1857 г. былі залічаныя аднадворцы, якія жылі на панскіх землях. Другі разрад азначаў, што сваёй зямлі яны пазбавіліся яшчэ да таго часу.
  3. ^ А. М. Зелянкоўскі на 26 сакавіка 1868 г. паведаміў пра 27 аднадворцаў, але не Берасьцечка, а Раславіцы.
  4. ^ Людзі з гэткімі прозьвішчамі ў дарэформавыя часы жылі ў засьценку, аднайменным з суседняй вёскай Высокае, што месьцілася на землях паноў Ракіцкіх, а пазьней Аскеркаў.. Аднак, надалей той засьценак ужо ня згадваўся, але неяк зьявіўся засьценак Берасьцечка, неафіцыйна тутэйшымі жыхарамі называны таксама Раславіцай. Чаму так, а не славутай Рацлавіцай (Рацлавіцамі) у свой час патлумачыў Чэслаў Пяткевіч[10][11].
  5. ^ Куды падзеліся ранейшыя жыхары? Імаверна, напярэдадні рэформаў Прозары вярнулі іх да вёсак Валокі і Малішаў, адуль перасялілі пры заснаваньні Берасьцечка/Раславіцы.
  6. ^ Знайшлі гэткі спосаб разьвязаньня праблемы, пакупнікоў бо — двое.
  7. ^ Напэўна, частка сямей перамясьцілася ў аколіцу Лісьцьвін, у якой менавіта ў гэты час назіраўся значны прырост двароў і людзей.
  8. ^ Так запісанана ў арыгінале дакумэнту.
  9. ^ Па гэтай справе яшчэ і ў 1956 годзе сьледчы УКДБ па Гомельскай вобласьці дапытваў жыхара Берасьцечка Нарцыза Куліцкага, 1884 г. н., хоць тады ўжо вялося пра «сборища верующих католиков в м. Хойники»[19].
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Жураўскі А. Старадаўнія назвы гарадоў Беларусі // Навіны Беларускай акадэміі. № 31 (660), 14 жніўня 1992. С. 3—5
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 36
  4. ^ Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 314
  5. ^ Да прыкладу: НГАБ у Менску. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1. А. 101адв. Спр. 3. А. 4, 61адв.-62, 66, 82адв.
  6. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 25адв.-27
  7. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
  8. ^ Клаўдзія Босак. Нязгасны прамень святла
  9. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  10. ^ Pietkiewicz Cz. Chojniki // Ziemia: Ilustrowany miesięznik krajoznawczy. – Warszawa, 1927. T. 12. № 1-24. S. 251
  11. ^ С. Бельскі. Вёскі — гэта людзі...
  12. ^ НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42. А. 142адв.-145адв., 148адв., 151адв.
  13. ^ Выпись из крепостной Минского Нотариального Архива. Книга по Речицкому уезду за 1887 год. № 18. С. 87 – 98. № 15
  14. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 433
  15. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 9, 172
  16. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  17. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей: ДАГВ). Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  18. ^ ДАГВ. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 119. А. 344адв.
  19. ^ а б в Андрей Лебедев, Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костёл на Гомельщине (20 – 30-е годы XX в.). – Варшава– Люблин– Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. C. 135 – 137, 269 – 270, 340
  20. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  21. ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 256
  22. ^ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 15 ноября 2018 г. № 33 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Хойникского района(недаступная спасылка)