Перайсьці да зьместу

Амэрыканска-беларускія стасункі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Амэрыканска-беларускія дачыненьні
Злучаныя Штаты Амэрыкі і Беларусь

ЗША

Беларусь
Дыпляматычныя місіі
Амбасада ЗША ў Беларусі Амбасада Рэспублікі Беларусь у ЗША
Амбасадары
Павераны ў справах Робэрт Райлі Павераны ў справах Павал Шыдлоўскі

Амэрыканска-беларускія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Злучаных Штатаў Амэрыкі і Рэспублікі Беларусь.

28 сьнежня 1991 году Злучаныя Штаты Амэрыкі і Рэспубліка Беларусь усталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1992 годзе адчынілі Амбасаду Беларусі ў ЗША. 31 студзеня 1992 г. адчынілі Амбасаду ЗША ў Беларусі. 7 ліпеня 1993 г. прызначэньне першым амбасадарам Беларусі ў ЗША атрымаў Сяргей Мартынаў. 25 жніўня 1992 г. першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. У 1993 г. Амбасаду Беларусі перанесьлі ў будынак па Нью-Гэпшырскім прасп., д. 1619. У ліпені 1993 году ў Вашынгтоне старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. 15 студзеня 1994 г. прэзыдэнт Біл Клінтан наведаў Беларусь. У 1995 г. прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь Білам Клінтанам у ЗША. Тады ж заснавалі міжурадавы камітэт разьвіцьцюя амэрыканскага бізнэсу ў Беларусі. У лістападзе 1999 г. адбылася паўторная сустрэча на Стамбульскім саміце АБСЭ[1].

3 чэрвеня 2002 г. прэзыдэнт ЗША Джордж Ўокер Буш падпісаў Пастанову аб неўжываньні папраўкі Джэксана-Вэніка да Закона аб гандлі 1974 году, якім падоўжыў дзеяньне нармальнальных гандлёвых адносінаў Беларусі і ЗША тэрмінам на год[2].

У верасьні 2004 году ЗША абвясьцілі аб намеры дамагацца адхіленьня ад улады прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пазыцыю ЗША выказаў сэнатар Джон Маккейн: «Мы будзем змагацца за тое, каб Беларусь вызвалілася ад тыраніі. Зьмена рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі ў Беларусі плянуецца ня ўзброеным шляхам, а з дапамогай міжнароднага ціску». Усьлед за гэтай заявай амэрыканскае міністэрства фінансаў абвінаваціла беларускі «Інфабанк» у адмываньні грошай Садама Хусэйна. 6 кастрычніка Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна прагаласавала за ўводзіны эканамічных санкцыяў супраць Беларусі і яе прэзыдэнта асабіста.

Прыняты Кангрэсам Закон «Аб дэмакратыі ў Беларусі» ўтрымоўвае доўгі сьпіс патрабаваньняў Аляксандру Лукашэнку:

  • вызваленьне асобаў, якія зьмяшчаюцца ў зьняволеньні, зьмешчаных у турмы за палітычныя або рэлігійныя перакананьні,
  • адклікаць палітычна матываваныя абвінавачваньні супраць апазыцыянэраў і незалежных журналістаў,
  • падаць вычарпальнае тлумачэньне зьнікненьняў дзеячаў апазыцыі і журналістаў,
  • спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, незалежных прафзьвязаў, няўрадавых і рэлігійных арганізацыяў, апазыцыі
  • правесьці ў Беларусі вольныя і сумленныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

Пакуль гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, адміністрацыі ЗША забароненае падаваць Беларусі якія-небудзь пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхавыя выплаты, фінансаваньне і любое іншае фінансавае садзейнічаньне, а прадстаўнікам ЗША ў МВФ, Сусьветным банку і іншых міжнародных арганізацыях загадваецца галасаваць супраць падаваньні любога садзейнічаньня Беларусі. Паводле Акту, кангрэс і прэзыдэнт ЗША павінны каардынаваць рэалізацыю дадзенага закону зь іншымі дзяржавамі, у першую чаргу эўрапейскімі, «заахвочваючы іх ісьці на аналягічныя меры ў стаўленьні да ўлад Рэспублікі Беларусь».

Закон «Аб дэмакратыі» патрабуе ад прэзыдэнта ЗША не пазьней чым праз 90 дзён пасьля ўступа законапраекта ў сілу накіраваць у Кангрэс адмысловы даклад аб пастаўках узбраеньняў і баявых тэхналёгій зь Беларусі ў краіны, якія падтрымліваюць міжнародны тэрарызм. У дакладзе таксама павінны быць паказаныя памеры асабістага стану і дадзеная адзнака ўласнасьці, якой валодаюць прэзыдэнт Лукашэнка і іншыя беларускія кіраўнікі, у тым ліку «афіцыйныя асобы, якія ўдзельнічалі ў прыгнечаньні свабоды ў Беларусі, уключаючы судзьдзяў і пракурораў».

20 кастрычніка 2004 году прэзыдэнт ЗША Джордж Ўокер Буш падпісаў Закон «Аб народаўладзьдзі ў Беларусі»(en)[3]. Такім чынам, эканамічныя санкцыі супраць улад Беларусі афіцыйна ўступілі ў сілу. Падпісаньне закона пацьвярджае, што ЗША маюць намер сур’ёзна дамагацца адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады.

Ад 2004 году ўрад Беларусі дазволіў пасадку амэрыканскіх самалётаў на беларускіх лётнішчах пры пералёце ў Аўганістан[4].

Даклад аб асабістым стане беларускіх службоўцаў, азагалоўлены «Report on Belarus, the Last Dictatorship in Europe, Including Arms Sales and Leadership Assets» (Даклад па Беларусі — апошняй дыктатуры ў Эўропе, улучальны дадзеныя па гандлі зброяй і ўласнасьці кіраўнікоў) быў накіраваны Джорджам Бушам у Кангрэс толькі 16 сакавіка 2006, гэта значыць за тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У дакладзе нараўне зь іншымі крыніцамі выкарыстоўваецца інфармацыя газэт «Маскоўскі Камсамолец», «Камэрсант» і агенцтва «Інтэрфакс».

У 2007 годзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў $740,8 млн. Увесну 2010 году амэрыканскія прадпрыемствы «Ханівэл» (Морыс-Плэйнс, штат Нью-Джэрзі), «Сіско Сыстэмз» (Сан-Хасэ, штат Каліфорнія), «Навістар» (Лаел, штат Іліной), «Арвін-Мэрытор» (Трой, штат Мічыган), «Майкрасофт» (Рэдманд, штат Вашынгтон) і «Сігулер Гаф» (Нью-Ёрк) стварылі сумесна зь беларускімі прадпрымальнікамі Раду справавой супрацы Беларусі і ЗША. Аб’ём амэрыканскіх укладаньняў у Беларусі за 2011 год амаль падвоіўся параўнальна з 2010 годам і склаў $137,8 млн. Істотная частка амэрыканскіх укладаньняў прыпадала на Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў. На 1 студзеня 2012 году на ўліку ў Беларусі стаялі 282 сумесных і замежных прадпрыемствы з удзелам амэрыканскага капіталу[1].

Ад студзеня 2011 году Беларуская чыгунка пачала правоз амэрыканскіх грузаў у Аўганістан. У 2013 годзе чыгуначныя грузаперавозкі празь Беларусь для патрэбаў Міжнародных сілаў садзейнічаньня бясьпецы пашырылі[4].

1 лютага 2020 году ў менскім Палацы незалежнасьці дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пампэо заявіў, што пасьля 12-гадовага перапынку ўрад ЗША прызначыць амбасадара ў Беларусі, «каб амэрыканскія прадпрыемствы былі тут»[5]. 20 ліпеня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Алега Краўчанку на пасаду амбасадара Беларусі ў ЗША, якая была вольнай 12 гадоў[6].

28 лютага 2022 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прыпыніў працу Амбасады ЗША ў Беларусі ў сувязі расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі[7]. Напярэдадні, 27 лютага, А. Лукашэнка пацьвердзіў, што з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі, дзе на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022» былі расейскія войскі, запускаліся ракет�� па пазыцыях ва Ўкраіне[8].

  1. ^ а б Беларусь i краіны Амэрыкі // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
  2. ^ Леанід Тугарын. Лягічнае рашэньне ЗША // Зьвязда : газэта. — 22 чэрвеня 2002. — № 145-146 (24524-24525). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Закон «Аб народаўладзьдзі ў Беларусі» (анг.) // Кангрэс ЗША, 2006 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
  4. ^ а б Надзея Юшкевіч. Супрацоўніцтва ідзе, але пытаньні застаюцца // Зьвязда : газэта. — 6 чэрвеня 2014. — № 104 (27714). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Марыя Дадалка. «Вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ, і краіна гатова працаваць на стабільнасьць і мір» // Зьвязда : газэта. — 4 лютага 2020. — № 22 (29136). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Назначаны паслы ў ЗША, Нідэрланды, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2020 г.
  7. ^ ЗША прыпынілі работу свайго пасольства ў Менску // БелТА, 28 лютага 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Марыя Дадалка. Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданьняў, якія ёсьць у народа // Зьвязда. — 28 лютага 2022. — № 40 (29662). — С. 2, 3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]