Перайсьці да зьместу

Тувінская Народная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тувінская Народная Рэспубліка
тув. Tьвa Arat Respuвlik

 

19211944
Сьцяг Тувінскай Народнай Рэспублікі Герб Тувінскай Народнай Рэспублікі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Інтэрнацыянал»
Месцазнаходжаньне Тувінскай Народнай Рэспублікі
Афіцыйная мова тувінская,
мангольская (першапачаткова)
Сталіца Кызыл
Форма кіраваньня рэспубліка
Плошча
 • агульная

168 604 км²
Насельніцтва
 • агульнае (1944)
 • шчыльнасьць

95 400
0,6/км²
Валюта акша
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

14 жніўня 1921
11 кастрычніка 1944

Туві́нская Народная Рэспу́бліка (тув. Тыва Арат Республик, тагачасным правапісам — Tьвa Arat Respuвlik) — часткова прызнанае дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала ў пэрыяд з 1921 па 1944 гады на тэрыторыі былога г.зв. Уранхайскага краю, што ў пэрыяд з 1912 па 1921 гады зьяўляўся пратэктаратам Расеі, а да гэтага ўяўляў сабой частку імпэрыі Цын.

Дзяржаўны лад — рэспубліка, палітычная сыстэма характарызавалася аднапартыйнасьцю. Нягледзячы на фактычна поўны кантроль над абвешчанай тэрыторыяй, большай часткай краінаў сьвету лічылася часткай Кітаю (сьпярша імпэрыі Цын, пасьля — Кітайскае Рэспублікі), што тлумачылася ўтварэньнем дзяржавы на тэрыторыі, выключанай Расеяй са складу Кітаю. Была прызнаная толькі дзьвюма дзяржавамі сьвету, Савецкай Расеяй (пазьней СССР) і Манголіяй[1][2].

З 1914 году тэрыторыя будучай Тувінскай Народнай Рэспублікі прадстаўляла сабой асаблівую адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Расейскай імпэрыі — Уранхайскі край, які быў утвораны як пратэктарат Расеі з тэрыторыяў, кіраўнікі якіх у 1914 годзе падалі прашэньне на імя расейскага імпэратара аб прыняцьці рэгіёну пад уладу Расеі. Да знаходжаньня ў складзе Расеі Ўранхайскі край складаў адзін з рэгіёнаў Кітайскае Рэспублікі (да 1911 году — імпэрыя Цын), асаблівасьцю гэтага рэгіёну быў надзвычай слабы кантроль цынскай адміністрацыі, што дазволіла расейцам разгарнуць асваеньне рэгіёну.

У сакавіку 1917 году пасьля паведамленьня аб зьвяржэньні царскае ўлады Расеі на тэрыторыі Ўранхайскага краю пачалося актыўнае стварэньне Саветаў. Пасьля камуністычнага перавароту ў Расеі атрады камуністаў пачалі імкліва займаць рэгіёны цэнтральнай Расеі, а таксама Сыбіры, у рамках чаго пад іх кантроль трапіла тэрыторыя Ўранхайскага краю. У рэгіёне разьвіўся нацыянальны рух, які ў большасьці сваёй імкнуўся да ўсталяваньня дзяржаўнасьці на камуністычнай аснове. 11 чэрвеня 1918 году адкрыўся V зьезд расейскага насельніцтва краю, а 13 чэрвенятувінскага, мясцовага карэннага этнасу й найбольшай этнічнай групы рэгіёну, пасьля чаго Краявы Савет дэпутатаў склікаў уранхайскі зьезд, на якім было пастаўленае пытаньне пра самавызначэньне краю. 18 чэрвеня гэтага ж году адбылося сумеснае паседжаньне расейскага й тувінскага зьездаў, на якім адзінадумна была прынятая Дамова аб самавызначэньні Тувы, сяброўстве й узаемнай дапамозе расейскага й тувінскага народаў[3].

З 7 ліпеня 1918 году Ўранхайскі край быў захоплены атрадамі белагвардзейцаў пад даводзтвам Аляксандра Калчака. 14 чэрвеня 1919 году войскі Баджэйскае Савецкае Рэспублікі на чале з Аляксандрам Краўчанкам і Пятром Шчацінкіным пакінулі тэрыторыі суседніх Канскага й Краснаярскага паветаў Енісейскае губэрні (у склад якой быў уключаны Ўранхайскі край) і сышлі на тэрыторыю Ўранхаю, у выніку чаго 18 ліпеня гэтага ж году імі быў захоплены адміністрацыйны цэнтар рэгіёну горад Белацарск, у рэгіёне была зноў усталяваная савецкая ўлада.

У чэрвені 1921 году ў цэнтры заходніх кажуўнаў (адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Ўранхаю), Чадане, адбылася нарада з прадстаўнікамі двух кажуўнаў, Даа і Бэйсе. На нарадзе было прынятае імкненьне да незалежнасьці краю, якое прапаноўвалася вынесьці ў якасьці пытаньня на будучым усеагульным уранхайскім зьезьдзе, падчас якога плянавалася прасіць прадстаўніка РСФСР аб падтрымцы гэтых плянаў. З 13 па 16 жніўня гэтага ж году ў сяле Суг-Бажы праходзіў Усетувінскі ўстаноўчы хурал (зьезд), у працы якога бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх кажуўнаў Тувы ў складзе каля 300 чалавек, зь якіх прыкладна дзьвесьце было сялянамі, на зьезьдзе таксама прысутнічалі дэлегацыя Расеі й прадстаўнікі Далёкаўсходняга сакратарыяту Камінтэрну ў Манголіі.

У першы дзень зьезду была прынятая рэзалюцыя аб стварэньні дзяржавы пад назвай Народная Рэспубліка Тану-Тува, у якой было адзначана поўная незалежнасьць ва ўнутраных галінах краіны й прыняцьце апекі Расеі пры вядзеньні міжнародных адносінаў. 14 жніўня 1921 году была абвешчаная незалежнасьць дзяржавы, якая атрымала сваю назву ад тувінцаў. У 1923 годзе з краіны былі выведзеныя савецкія войскі.

Унутраная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 жніўня 1921 году на Ўстаноўчым Хурале з прадстаўнікоў усіх кажуўнаў Тувы кіраўніком краіны быў абраны гун-наён (князь) Буян-Бадыргы, які атрымаў пасаду старшыні Хуралу й выказаў адданасьць Расеі. Былі створаныя органы ўлады, на чале з Буян-Бадыргы была прынятая першая канстытуцыя, якая складалася з 22 артыкулаў, быў створаны Тувінскі рэвалюцыйны саюз моладзі. Таксама Буян-Бадыргы стаў старшынём ЦК Тувінскае народна-рэвалюцыйнае партыі, якая зьяўлялася адзінай кіроўчай партыяй краіны. У кастрычніку 1924 году была прынятая другая канстытуцыя краіны, паводле якой быў устаноўлены Малы Хурал, у лістападзе 1926 году прынятая трэцяя канстытуцыя.

25 ліпеня 1925 году заснаваны Дзяржаўны банк ТНР, які да 1929 году паводле дамоўленасьці з СССР выпускаў у абарачэньне савецкія грошы. У 1934 годзе ўсталяваная ўласная нацыянальная валюта — акша — якая мела абарачэньне да 1 траўня 1945 году.

Сталіца новаўтворанае дзяржавы, пераназваная зь Белацарску ў Хем-Белдыр, у 1926 годзе была перайменаваная ў Кызыл (літаральна «чырвоны»). З 1926 году дзяржава перайменаваная ў Тувінскую Народную Рэспубліку.

На іншай кіроўчай пасадзе краіны (старшыня прэзыдыюму Малога Хуралу) дзяржавы быў зацьверджаны Дандук Куўлар, пры дзейнасьці Куўлара будызм — рэлігія большае часткі тувінцаў — была аб’яўленая афіцыйнай рэлігіяй краіны, ставіліся намаганьні па абмежаваньні дзейнасьці пасяленцаў і прапаганды з боку РСФСР і наладжваньні сувязяў з Манголіяй. Урэшце, савецкае кіраўніцтва было ўстрывожанае дадзенай палітыкай, у выніку чаго ў 1929 годзе Дандук Куўлар быў арыштаваны й сьмяротна пакараны ў 1932 годзе. У 1930 годзе зацьверджаная чацьвертая канстытуцыя ТНР.

У якасьці вярхоўнае ўлады ў ТНР былі аб’яўленыя г.зв. надзвычайныя камісары, у склад якіх увайшлі пяць студэнтаў Камуністычнага ўнівэрсытэту працоўных Усходу.

Будучы ляяльным палітыцы тагачаснага кіраўніка СССР Ёсіфа Сталіна, новы ўрад распачаў курс на ўнутрыпалітычныя рэпрэсіі (было расстраляна каля траціны сябраў Тувінскае народна-рэвалюцыйнае партыі) і калектывізацыю насельніцтва краіны, якое ў большасьці сваёй вяло традыцыйную качавую жывёлагадоўчую гаспадарку. Акрамя гэтага, быў разгорнуты курс на дэклерыкалізацыю грамадзтва: калі ў 1929 годзе на тэрыторыі ТНР існавала 25 будысцкіх манастыроў, вяло дзейнасьць каля 4000 ламаў і шаманаў, праз два гады ў краіне заставаўся адзін манастыр, 15 ламаў і 725 шаманаў. Спробы выкараненьня качавой гаспадаркі былі цяжэйшымі з прычыны занятасьці ў качавой гаспадарцы 82,2% ад насельніцтва ТНР паводле перапісу насельніцтва краіны ў 1931 годзе. З 1930-х гадоў нацыянальная мова тувінцаў — тувінская — стала дзяржаўнай мовай краіны, да яе выкарыстоўвалася мангольская з прычыны адсутнасьці пісьмовасьці ў тувінскай мовы[4].

25 чэрвеня 1941 году быў распрацаваны й высунуты на ўсенароднае абмеркаваньне пяты праект канстытуцыі.

У 1932 годзе сакратаром Тувінскае народна-рэвалюцыйнае партыі стаў адзін зь пяці камісараў, якія зрынулі папярэдні ўрад, Салчак Тока. Ён захоўваў вышэйшую кіроўчую пасаду ў Туве да сваёй сьмерці ў 1973 годзе.

Вышэйшым органам улады дзяржавы быў г.зв. Вялікі Хурал, які зьяўляўся аналягам Зьездаў Саветаў у СССР. У прамежках між дзеяньнем Вялікага Хуралу працаваў Малы Хурал, які зьяўляўся аналягам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту і працаваў у сэсійным парадку, у прамежках між ягонымі сэсіямі працаваў прэзыдыюм Малога Хуралу. Распарадчым і выканаўчым органам быў Савет Міністраў.

Усяго было праведзена 10 Вялікіх Хуралаў. З 1921 па 1922 гады дзейнічаў таксама Галоўны Цэнтральны Савет.

Зьнешняя палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Амэрыканская мапа сьвету 1932—1936 гг., дзе Тува пазначаная як частка Кітайскае Рэспублікі.
Указ прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР аб уваходжаньні ТНР у склад СССР, 1944 г.

У 1926 годзе дамова між СССР і Манголіяй пацьвердзіла незалежнасьць дзяржавы. Тым ня менш, астатнія краіны сьвету не прызнавалі дэ-факта незалежную ТНР з прычыны ўзьнікненьня гэтае дзяржавы на тэрыторыях, раней прымусова выключаных Расеяй са складу Кітаю, гэтыя краіны разглядалі Тувінскую Народную Рэспубліку як частку Кітайскае Рэспублікі, якая прыйшла на замену імпэрыі Цын. Першапачаткова, да 1926 году на тэрыторыю ТНР прэтэндавала такс��ма Манголія, але й пасьля савецка-мангольскае дамовы памежныя дыспуты між краінамі не былі ўрэгуляваныя, што, мажліва, паспрыяла ўваходжаньню ТНР у склад СССР (гл. ніжэй).

Па нападзе Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 году на X Вялікім Хурале была прынятая дэклярацыя, у якой абвяшчалася гатоўнасьць дапамогі савецкай уладзе. 25 чэрвеня 1941 году Тува ўступіла ў Другую сусьветную вайну на баку СССР, праз што ТНР стала першай замежнай дзяржавай, якая выступіла на баку СССР у Другой сусьветнай вайне. З 1942 году савецкае кіраўніцтва дазволіла прымаць на службу добраахвотнікаў з ТНР, яшчэ раней была аб’яўленая мабілізацыя ў савецкую армію расейскамоўных грамадзянаў.

17 жніўня 1944 году VII сэсія Малога Хуралу ТНР прыняла дэклярацыю аб уваходжаньні дзяржавы ў склад СССР, зьвярнуўшыся з хадайніцтвам у Вярхоўны Савет аб прыняцьці ТНР у склад СССР як аўтаномнай вобласьці РСФСР, 14 кастрычніка гэтага ж году просьба была ўхваленая прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету СССР, 1 лістапада — Малым Хуралам. У адрозьненьне ад іншых краінаў, фармальна прынятых у склад СССР, Тувінская Народная Рэспубліка не атрымала статусу саюзнае рэспублікі, увайшоўшы ў склад суседняе РСФСР у якасьці Тувінскае аўтаномнае вобласьці. Рэфэрэндум па гэтым пытаньні не праводзіўся.

Першым сакратаром абласнога камітэту камуністычнае партыі вобласьці стаў таксама Салчак Тока, які заставаўся на гэтай пасадзе да 1973 году. 10 кастрычніка 1962 году статус Тувінскае аўтаномнае вобласьці быў падвышаны да АССР. Па распадзе СССР Тува атрымала статус суб’екту Расейскае Фэдэрацыі, утворанай на месцы РСФСР, з 1992 году атрымаўшы назву Рэспубліка Тыва.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1921 годзе тэрыторыя Тувы была падзеленая на сем кажуўнаў: Бейсэ, Даа, Маады, Аюнарскі, Салчацкі, Таджынскі й Шалык-Сартыльскі.

З 20 верасьня 1923 году засталося шэсьць кажуўнаў: Салчацкі, Цес-Хемскі, Таджынскі, Улуг-Хемскі, Уюцкі й Хемчыцкі. У 1929 годзе кажуўн Даа пераназваны ў Барун-Хемчыцкі, кажуўн Бейсэ — у Дзун-Хемчыцкі, Салчацкі — у Каа-Хемскі. Праз тры гады ўтвораныя Пі-Хемскі ц Тану-Ольскі кажуўны, у 1941 годзе — Бай-Тайгінскі, Мангун-Тайгінскі, Авюрскі, Сут-Хольскі, Чаа-Хольскі і Эрзінскі. Сталіца ТНР мела статус рэспубліканскага падпарадкаваньня.

24 лістапада 1926 году былі прынятыя першыя афіцыйныя сьцяг і герб дзяржавы, пасьля чаго іх зьмянілі ажно чатыры варыянты. Першы сьцяг краіны зьяўляўся чырвоным прастакутнікам, пасярэдзіне якога ўтрымлівалася тыповая камуністычная кампазыцыя (зямны шар, серп, скрыжаваны з граблямі), вакол утрымліваліся надпісы старамангольскім пісьмом «Тувінская Народная Рэспубліка»; герб паўтараў гэтую кампазыцыю.

18 кастрычніка 1930 году са сьцягу прыбраныя надпісы старамангольскім пісьмом, наверсе былі дададзеная абрэвіятура TAR і выява пяціканцовае зоркі, да гербавае кампазыцыі дададзеная стылізаваныя выявы вянку і ўзыходу сонца, таксама на гэтую кампазыцыю быў зьменены герб з той розьніцай, што быў дададзены дэвіз «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» на тувінскай мове.

2 ліпеня 1935 году герб заменены на выяву, дзе на блакітным фоне зьлева ўверсе ўзыходзіла сонца, у цэнтры месьціліся абрысы дзяржаўнае мяжы ТНР, на фоне чаго быў выяўлены вершнік, пад якім была разьмешчаная абрэвіятура TAR. Уся дадзеная кампазыцыя была зьмешчаная на сьцяг.

25 чэрвеня 1941 году сьцяг заменены на просты чырвоны прастакутнік, у правым верхнім куце якога быў зьмешчаны абрэвіятура TAR, выкананая тэкстам жоўтага колеру. Герб паўтарыў другі герб дзяржавы, адрозьненьні заключаліся ў даданьні абрысаў ТНР, выявы вершніка й абрэвіятуры TAR.

8 верасьня 1943 годзе надпіс на сьцягу зьменены на ТАР у сувязі зь пераводам тувінскае мовы на кірыліцу, гэтую зьмену зазнаў таксама герб. Па ўваходжаньні ТНР у склад СССР гэтая сымболіка была скасаваная з прычыны адсутнасьці ў аўтаномных вобласьцяў будзь-якой сымболікі паводле заканадаўства СССР.

  1. ^ Dallin, David J. Soviet Russia and the Far East. — Yale University Press, 1948. — С. 87.
  2. ^ Paine, S.C.M. Imperial Rivals: China, Russia, and Their Disputed Frontier. — M.E. Sharpe, 1996. — С. 329.
  3. ^ Монгуш М. В. История буддизма в Туве. — Новосибирск: Изд. «Наука», 2001.
  4. ^ Тувинцы. Историческая справка // Новосибирский Государственный Университет.