Вялікае Княства Літоўскае
Колішняя дзяржава Вялікае Княства Літоўскае лац. Vialikaje Kniastva Litoŭskaje рус. Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных | |||
Герб Пагоня | |||
Гімн | Багародзіца | ||
---|---|---|---|
1236 — 1795 | |||
Кароткая назва | ВКЛ | ||
Сталіца |
| ||
Афіцыйныя мовы | беларуская[1] (старабеларуская)[a], лацінская[b], польская[c] | ||
Форма ўраду |
| ||
Заканадаўчы орган | Сойм Вялікага Княства Літоўскага | ||
Насельніцтва |
| ||
Этнічны склад | |||
Валюта | Грош | ||
Кіраўніцтва дзяржавы | |||
Гісторыя | |||
Удзел у канфліктах | Аблога Кіева (1324)[d] | ||
9 ліпеня 1253 | Незалежнасьць | ||
14 жніўня 1385 | Крэўская унія | ||
28 чэрвеня 1569 | Люблінская унія | ||
24 кастрычніка 1795 | Трэці падзел | ||
Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае (скарочаная назва Літва́, Вялікалітва́, больш поўная Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае й Жамо́йцкае[2][d]) — фэўдальная эўрапейская дзяржава, якая займала тэрыторыю сучасных Беларусі і Летувы, а таксама Ўкраіны (Кіеўшчына, Чарнігаўшчына і Валынь, да 1569 году), Расеі (Смаленшчына і Севершчына, да сярэдзіны XVII стагодзьдзя) і Польшчы (Падляшша, да 1569 году). Першая сталіца — Наваградак, з 1323 году — Вільня.
Узьнікла ў сярэдзіне XIII ст. на беларускіх землях верхняга і сярэдняга Панямоньня (Літва старажытная) і вярхоўя ракі Вяльлі[3][4]. У 1569 годзе ўтварыла канфэдэрацыю з Каралеўствам Польскім — Рэч Паспалітую. Спыніла сваё існаваньне ў выніку яе трэцяга падзелу ў 1795 годзе[5], аднак ня зьнікла зь міжнароднай палітыкі: у XIX ст. неаднойчы ствараліся праекты адраджэньня ВКЛ, а некалькі мадэрных нацыянальных дзяржаваў у найноўшы час выводзілі зь яго свае пачаткі і абгрунтаваньне тэрытарыяльных прэтэнзіяў[2].
Вялікае Княства Літоўскае стала дзяржавай, у якой канчаткова скансалідаваўся і заняў галоўнае месца беларускі народ[6]. Выступіла прадаўжальнікам дзяржаўнасьці Полацкага і Тураўскага княстваў[2].
Назва і тытул
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва Вялікага Княства Літоўскага і тытул гаспадара зьмяняліся з часам у залежнасьці ад дзяржаўных межаў і будовы.
У сярэдзіне XIII — пачатку XIV стагодзьдзях дзяржава называлася толькі Літвой. Так, у грамаце вялікага князя Міндоўга (1254 год) ён значыцца «каралём Літвы». Па далучэньні да Вялікага Княства Літоўскага Кіеўскай і іншых украінскіх зямель гаспадар называўся «кароль ліцьвінаў і многіх русінаў»[7]). Па далучэньні часткі Латвіі вялікі князь Гедзімін пачаў называцца «кароль ліцьвінаў і русінаў, валадар і князь Зэмгаліі». Па далучэньні Жамойці (сучаснай цэнтральнай і заходняй Летувы[8]) у сярэдзіне XV ст. вялікі князь тытулюецца як «вялікі князь… усяе Літоўскае зямлі і Жамойцкае і многіх Рускіх зямель». У Статуце 1529 году значылася «Права пісаныя даны панству Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму і іныя чэраз найясьнейшага пана Жыґімонта, з Божае міласьці караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага і іных»[9].
Аднак па складаньні Люблінскай уніі (1569 год) і далучэньні Ўкраіны да Польшчы краіна пачала звацца толькі Вялікім Княствам Літоўскім, хоць сам гаспадар працягваў тытулявацца вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, жамойцкім, мазавецкім, а па далучэньні ў 1561 годзе Інфлянтаў — і інфлянцкім[10].
У афіцыйных дакумэнтах для пазначэньня дзяржавы выкарыстоўваліся назвы: «Вялікае Княства Літоўскае», «гаспадарства», «панства», «Рэч Паспалітая»; апошняя ўжывалася як пры пазначэньні толькі Вялікага Княства Літоўскага, так і супольнай з Польшчай канфэдэрацыйнай дзяржавы[10].
Герб
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне дзяржаўнага гербу Вялікага Княства Літоўскага — Пагоні — мае сэмантычную повязь з старажытнай ваеннай традыцыяй народнай пагоні — найважнейшай функцыяй арганізацыі жыцьця і побыту ўсходнеславянскіх плямёнаў, калі кожны чалавек быў у адказе за жыцьцё супляменьніка. У выпадку раптоўнага нападу супраціўніка і захопу ў палон суродзічаў кожны мужчына, які меў права насіць зброю, мусіў пехатою або конна кідацца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палон. Ва ўмовах ваеннай дэмакратыі традыцыя народнай пагоні выконвалася безумоўна і захоўвалася стагодзьдзямі і ў эпоху Русі, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага[11]. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пра пагоню жыхароў Берасьця ў 1280 годзе за польскім вайсковым аддзелам, які паваяваў ваколіцы места. Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году пісаў[12][13]:
…паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „пагоня“.
Арыгінальны тэкст (лац.)
...Quotiescunque etiam hostes et adversarios nostros et ipsius terrae nostrae Lithuanicae fugitivos insequi opportuerit, ad insequutionem huiusmodi, quod роgоniа vulgo dicitur, nоn solum armigeri, verum etiam omnis masculus, cuiuscunque status aut conditionis extiterit, dummodo аrmа bellicosa gestare poterit, proficisci teneatur.
|
||
З прывілею вялікага князя літоўскага Ягайлы, 20 лютага 1387 г. |
Паводле летапісаў Вялікага Княства Літоўскага, Пагоню ў якасьці гербу гаспадарства ўвёў князь Нарымонт, брат вялікага князя Трайдзеня (1270—1282):
Той Нарымунт меў герб, або кляйнот, рыцарства сваяго таковы, і тым пячатаваўся, Вялікаму княству Літоўскаму заставіў яго, а то такі: у гербе муж збройны, на каню белам, у полю чырвонам, меч голы, яка бы каго гонячы дзяржаў над галавою, і ёсьць адтоля названы «пагоня». | ||
Выява гербу Пагоні ёсьць на пячаці полацкага князя Глеба-Нарымонта 1338 году і на пячаці (з кірылічным надпісам) вялікага князя літоўскага Альгерда 1366 году[14].
Назва Пагоня набыла шырокую вядомасьць у канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя, відаць, у выніку асэнсаваньня гербавай выявы як сымбалю абаронцы Айчыны[15]. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст у 1562 годзе загадаў біць на Віленскай мынцы манэты-траякі: «А на сем з аднае стараны два першыя словы, каторымі ся пачынаець пісаці імя наша гаспадарскае, а з другое стараны … герб Пагоня». Дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага пад назвай Пагоня (ст.-бел. Погоня) сьцьвярджаецца ў статутах Вялікага Княства Літоўскага 1566[16] і 1588[17] гадоў. А ў лацінскім перакладзе Статуту 1566 году адмыслова падкрэсьліваецца, што дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага завецца Пагоняй у народнай мове (лац. vulgo Pogonia vocatur)[18].
Афіцыйная беларуская гербавая назва Пагоня не пакідае ніякіх сумневаў у беларускай этнічнай прыналежнасьці грамадзтва, дзе зьявіўся і выкарыстоўваўся герб Вялікага Княства Літоўскага[16]. Тым часам летувіскае слова «výtis» («віціс»), якое выкарыстоўваецца дзеля азначэньня сучаснага летувіскага варыянту Пагоні, прыдумаў ў сярэдзіне XIX ст. Сыманас Даўкантас[19][20]. Сьпярша ім называлі толькі вершніка-рыцара, а дзеля азначэньня гербу цалкам слова «Vytís» (ужо зь вялікай літары і з націскам на другім складзе) упершыню выкарысталі толькі ў 1884 годзе (раней Пагоню па-летувіску звычайна звалі «Vaikymas» — 'Перасьледаваньне'). Да канца XIX ст. слова «Vytis» стала агульнапрынятым у Летуве дзеля азначэньня Пагоні. Аднак яшчэ доўгі час ішлі спрэчкі пра тое, на якім складзе трэба рабіць націск — на першым ці на другім. Толькі ў 1930-я гады з гэтым канчаткова вызначыліся — спыніліся на «Výtis»[21].
|
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вытокі беларускай дзяржаўнасьці адносяцца ад узьнікненьня Полацкага і Тураўскага, а пазьней Гарадзенскага, Наваградзкага, Смаленскага і іншых княстваў, а створаная ў гэты час матэрыяльная і духоўная культура стала падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў ў XIII—XIV стагодзьдзях[3]. Падобныя працэсы былі праявай і арганічнай часткай мірнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня ў біэтнічным рэгіёне верхняга Панямоньня[22].
Пераход балта-славянскага сымбіёзу на новую ступень эвалюцыі адбыўся з прычыны разбурэньня палітычнай сыстэмы Ўсходняй Эўропы (агрэсія Інфлянцкага і Тэўтонскага ордэнаў, мангола-татарская навала)[23]. Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага дало магчымасьць насельніцтву краю абараніць сваю незалежнасьць і стварыць умовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця.
Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку паўстала каля 1240-х гадоў, калі на запросіны мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Абарону краю ачоліў наймацнейшы, правераны ў баёх і выправах ваенны правадыр, этнічнае паходжаньне якога ня мела істотнага значэньня, асабліва ў рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку[23]. Да прыходу Міндоўга цэнтар Гарадзенскага княства перасунуўся ў Наваградак, дзе валадарыў князь Ізяслаў, які, хутчэй за ўсё, мірна перадаў уладу й некаторы час браў удзел у выправах Міндоўга на польскія землі.
Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня (паводле прынцыпу «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць»). Упершыню гэты мэханізм быў выкарыстаны ў дачыненьні Полацку ў 1307 годзе па ўваходжаньні Полацкага княства ў склад ВКЛ, хоць да ўваходжаньня княства ў ім і раней кіравалі літоўскія князі (Таўцівіл). У дачыненьні да Панямоньня прынцып падобнай аўтаноміі невядомы.
Неўзабаве да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна[3] далучылася рэшта ўдзельных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацак — у 1307 годзе; Віцебск — у 1320 годзе; Берасьце, Менск, Тураў і Пінск — у 1320—1330-я[24] гады; Амсьціслаў — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедзіміна (1316—1341). Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Масквы Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.
Пашырэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значныя тэрытарыяльныя набыткі Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў часе княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Чарнігаўска-Северская, Падольская, Валынская і Кіеўская землі, Смаленскае княства, а таксама Жамойць[25]. У выніку, землі сучаснай Беларусі занялі цэнтральнае месца, што забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай (гістарычнай рускай або літоўскай) мовы як афіцыйнай[26][27].
На працягу XIV ст. не спынялася змаганьне супраць Тэўтонскага ордэна, аднак яно мела зьменлівы посьпех. Тым часам у выніку разгрому татараў у бітве на Сініх Водах (1362) на доўгі час атрымалася адвесьці пагрозу іхных набегаў ад паўднёвай часткі дзяржавы. Каб ня даць Маскве перашкодзіць аб’яднаньню зямель сучаснай Беларусі, вялікі князь Альгерд учыніў на яе тры выправы — у 1368, 1370 і 1372 гадох.
Па сьмерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж Кейстутам, ягоным сынам Вітаўтам і новым вялікім князем Ягайлам. Гэта значна аслабіла дзяржаву, чым скарысталіся крыжакі, якім у 1382 годзе Ягайла мусіў саступіць землі Жамойці. 3 мэтай процідзеяньня зьнешняй небясьпецы, што таксама пагражала суседняму Каралеўству Польскаму, і ўмацаваньня сваёй улады вялікі князь склаў пэрсанальны х��ўрус з Польшчай — Крэўскую унію (1385). Па атрымальні польскага стальца ён мусіў далучыць да Каралеўства Польскага Вялікае Княства Літоўскае. Аднак супраць падпарадкаваньня Польшчы выступіў Вітаўт, які ачоліў унутрыдзяржаўнае змаганьне. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненьнем (5.08.1392 г.), паводле якога Вялікаму Княству Літоўскаму гарантавалася самастойнасьць у палітычным зьвязе з Польшчай (незалежны ўрад, скарб, войска), а вялікім князем абвяшчаўся Вітаўт. Пагадненьне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве. Аднак Вітаўт прагнуў поўнай незалежнасьці, з гэтай мэтай ён намагаўса атрымаць каралеўскі тытул і карону.
Дзеля ўмацаваньня сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падольлі). У дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам ён, як і папярэднікі, мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасьці разьменнай манэты (вядома, што Вітаўт чатырохразова — у 1384, 1390, 1398 і 1404 гадох перадаваў яе крыжакам). Толькі па Бітве пад Грунвальдам (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў, адбылося канчатковае далучэньне гэтых зямель да Вялікага Княства[28].
Да 1430 году Вялікае Княства Літоўскае дасягнула сваёй максымальнай магутнасьці і тэрытарыяльных межаў «ад мора да мора»[29]: найбольш усходнім пунктам дзяржавы стала Тула[30], на ўзьбярэжжы Чорнага мора паўстаў шэраг умацаваных замкаў — Дашаў, Кацюбееў, Чорны Горад і інш.
Па сьмерці Вітаўта паміж ягоным братам Жыгімонтам і новым вялікім князем Сьвідрыгайлам распачалося зацятае змаганьне за ўладу. У 1432 годзе выбухнула грамадзянская вайна, якая працягвалася да 1439 году і скончылася перамогай Жыгімонта. Гэтая вайна ахапіла толькі вярхі фэўдалаў, мела дынастычны характар і была змаганьнем за палітычную ўладу[31].
З 2-й паловы XV ст. узмацнілася пагроза з боку Крымскага ханства, несупынныя набегі якога значна пасунулі на поўнач межы дзяржавы. У 1506 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла татараў пад Клецкам, па чым буйныя татарскія набегі на Беларусь не паўтараліся[32].
У канцы XV ст. абвастрыліся дачыненьні з Маскоўскай дзяржавай, што прывяло да несупынных ваенных канфліктаў (у 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гадох). З аднаго і з другога боку былі перамогі і паразы. Масква таксама інсьпіравала ўнутраныя канфлікты ў дзяржаве[33].
Уся захопніцкая палітыка Маскоўскай дзяржавы ажыцьцяўлялася пад эгідай абароны праваслаўя[33].
Люблінская унія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку Крэўскай уніі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча аб’ядналіся на аснове дынастычна-пэрсанальнай уніі пры захаваньні імі пэўнай самастойнасьці ўва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Неаднаразовае аднаўленьне і пераўкладаньне гэтага зьвязу (у 1401, 1413, 1446, 1501) сьведчыла з аднаго боку пра яго нетрываласьць, а зь іншага — пра наяўнасьць чыньнікаў, што падштурхоўвалі абедзьве дзяржавы да збліжэньня. У XV—XVI стагодзьдзях вызначылася наступная тэндэнцыя: чым больш абвастраліся дачыненьні Вялікага Княства з Масквой, тым больш яно схілялася да аб’яднаньня з Польшчай.
Кульмінацыя маскоўска-літоўскага процістаяньня наступіла ў 1558 годзе, калі маскоўскі гаспадар Іван Жахлівы распачаў вайну з Інфлянцкім ордэнам і захапіў шэраг важных фартэцыяў, што стварыла пагрозу беларускаму Падзьвіньню. З гэтай прычыны вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прыняў Інфлянты пад свой пратэктарат, у выніку чаго землі ордэна перайшлі ў супольнае валоданьне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[33]. Аднак папярэднія войны выцягнулі ўсе сродкі зь дзяржаўнага скарбу: вялікалітоўскае войска пацярпела шэраг няўдачаў, і неўзабаве Масква захапіла ўсю паўночна-ўсходнюю частку Беларусі, адкрыўшы сабе шлях на Вільню. Пад пагрозай апынулася само існаваньне дзяржавы, што прымусіла кіроўныя колы Вялікага Княства шукаць хаўрус з Польшчаю ўзамен на вайсковую дапамогу.
10 студзеня 1569 году распачаўся Люблінскі сойм, які працягваўся амаль 6 месяцаў. Польская шляхта настойвала на прыняцьці артыкулаў, што ставілі Вялікае Княства Літоўскае ў залежнае становішча ад Польшчы. Калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу прымусовага складаньня уніі на непрымальных для іх умовах, то 1 сакавіка 1569 году пакінулі сойм. Аднак польскія фэўдалы скарысталі цяжкае вайскова-палітычнае становішча суседа і дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выданьня незаконных[34] загадаў пра далучэньне да Польшчы Брацлаўскага, Валынскага, Кіеўскага і Падляскага ваяводзтваў. У такім умовах прадстаўнікі Вялікага Княства мусілі вярнуцца за стол перамоваў.
1 ліпеня 1569 году зьявіўся акт Люблінскай уніі, паводле якога стваралася новая дзяржава — Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.
Па Люблінскай уніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэч Паспалітая была канфэдэрацыяй суседніх дзяржаваў, у складзе якой Вялікае Княства Літоўскае існавала да канца XVIII ст. — часу падзелу Рэчы Паспалітай Расейскай імпэрыяй, Аўстрыяй і Прусіяй[35]. Абедзьве дзяржавы-ўдзельніцы канфэдэрацыі захоўвалі асобныя адміністрацыйны апарат, заканадаўства і судовыя органы, фінансы, мытную сыстэмы, узброеныя сілы, тытул, герб і дзяржаўную пячатку.
Змаганьне за самастойнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на ўмовы уніі, у 1570—1580-х гады ў Вялікім Княстве Літоўскім рэгулярна праводзіліся агульнадзяржаўныя соймы, а з 1582 году пачаў дзеяць Галоўны Трыбунал[35].
Аднак найбольшай праявай змаганьня за дзяржаўную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага было прыняцьце Статуту 1588 году, які фактычна скасоўваў шэраг артыкулаў Люблінскай уніі. Згодна з гэтым заканадаўчым актам, які дзеяў на тэрыторыі Беларусі да 1840 году, Вялікае Княства Літоўскае было самастойнай дзяржавай з уласнай тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Больш таго, 1-ы артыкул IV разьдзелу Статуту зацьвярджаў, у адрозьненьне ад Польшчы, дзе мовай праўных дакумэнтаў была лаціна, дзяржаўнасьць беларускай мовы[35].
Пазьней пры спрыяльных абставінах ўплывовыя колы Вялікага Княства Літоўскага неаднойчы спрабавалі аднавіць поўную незалежнасьць: у 1650-я гады — Радзівілы, у канцы XVII ст. — Сапегі. У выніку чаго ўрад Рэчы Паспалітай мусіў пайсьці на пэўныя саступкі: з 1673 году кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай мусіў праводзіцца на тэрыторыі Вялікага Княства ў беларускім месьце Горадні пад старшынствам аднаго зь мясцовых дэпутатаў.
Крыза
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVII—XVIII стагодзьдзях у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасьці пазначыліся перадкрызавыя тэндэнцыі: брак нацыянальнага адзінства, сацыяльныя, этнічныя, рэлігійныя супярэчнасьці, фэўдальныя міжусобіцы прывялі да эканамічнага заняпаду. Шматлікія войны вялі да разбурэньня местаў, мястэчак і вёсак, фізычнага зьнішчэньня насельніцтва.
Дзяржаўны і палітычны лад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэнтральную частку дзяржавы ў палітычным эначэньні гэтага паняцьця складала «Літва», якая ўлучала Ашмянскую, Берасьцейскую, Браслаўскую, Ваўкавыскую, Віленскую, Вількамірскую, Гарадзенскую, Капыльскую, Клецкую, Кобрынскую, Лідзкую, Менскую, Наваградзкую, Нясьвіскую, Пінскую, Рэчыцкую, Слонімскую, Слуцкую, Троцкую і Тураўскую землі[7].
Дамінаваньне ў дзяржаве мелі фэўдалы цэнтральных (беларускіх) зямель, бо Вялікае Княства ўтварылася на беларускай тэрытарыяльнай, этнаграфічнай і культурнай аснове, а беларуская мова была дзяржаўнай[7]. Тут канцэнтравалася большасьць велікакняскіх і дзяржаўных маёнткаў, а таксама асноўныя маёнткі буйных фэўдалаў. Адсюль набіралася асноўная частка арміі, зьбіраліся асноўныя даходы ў дзяржаўны скарб. Буйныя фэўдалы зь беларускіх этнаграфічных зямель Алелькавічы, Друцкія, Глябовічы, Гальшанскія, Кішкі, Радзівілы, Сапегі і іншыя займалі кіроўныя пазыцыі ў дзяржаўным апараце[7].
Вялікае Княства Літоўскае ачольваў вялікі князь (гаспадар), які быў носьбітам вярхоўнай улады. Ягоны Гаспадарскі суд быў найвышэйшай інстанцыяй. Да XV стагодзьдзя ўрадавую дзейнасьць ажыцьцяўляў толькі сам вялікі князь, які выконваў усе функцыі кіраваньня дзяржавай. З прычыны патрэбы арганізацыі дваровай гаспадаркі і разьвязаньня праблем ўнутранай і замежнай палітыкі зьявіліся сталыя службовыя асобы — спачатку маршалак, падкаморы, падчашы, чашнік, крайчы, стольнік, мечнік, кухмістр ды іншыя, у сярэдзіне XV стагодзьдзя — пасады агульнадзяржаўнай адміністрацыі (падскарбі земскі, канцлер ды гетман найвышэйшы)[36].
Заканадаўчую функцыю вялікага князя абмяжоўваў сойм — зьезд дэлегатаў ад рэгіянальных збораў фэўдалаў (сходаў) — і вялікакняская Рада (з XVI ст. яе звалі Паны-Рада).
|
Сталіца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага — Наваградак[37][38][39]. У 1253 годзе у Наваградку ад імя Папы Рымскага вялікі князь Міндоўг каранаваўся на караля Літвы[37]. Вялікі князь Гедзімін перанёс сталіцу Вялікага Княства Літоўскага з Наваградку ў Вільню: як сталічнае места з замкам і вялікакняскім палацам Вільня ўпамінаецца ў мірнай умове Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам і местам Рыгай (1323 год)[40]. Перанос сталіцы ў адзін з гарадоў Полацкай зямлі падкрэсьліваеў набыцьцё Полацкам асаблівай вагі ў Вялікім Княства Літоўскім[41].
У старажытных пісьмовых крыніцах Вільня упамінаецца пад беларускай назвай Вільня (Vilnia або Vilna, напрыклад, у лістах вялікага князя Гедзіміна 1323 году «in civitate nostra regia Vilnia»[42]). У старабеларускіх тэкстах з XV ст. суіснавалі формы Вильня / у Вильни і Вильна / у Вильне (што параўнальна з Горадна — Горадня і Коўна — Коўня), але паступова запанавала форма Вильня[43].
Захавалася апісаньне Вільні яшчэ з пачатку XV стагодзьдзя, зьмешчанае ў рэляцыі бургундзкага падарожніка з Фляндрыі Жыльбэра дэ Лянуа, які наведаў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага ў 1413 годзе[g]:
Потым я прыехаў у сталіцу Літвы, што называецца Вільня (Wilne), дзе ёсьць замак, які знаходзіцца даволі высака на пясковай гары, абведзены каменьнямі, зямлёй і мурам; унутры ён збудаваны зь дзерава. Муры названага замку, зыходзячы па абодвых бакох гары, абымаюць многа дамоў. У гэтым вось замку й у навакольлі прабывае звычайна названы князь Вітаўт, уладар Літвы, ды мае там свой двор і гасподу. Каля названага замку цячэ рака, якая кружыць свае воды цераз горад унізе; яна называецца Вільня (Wilne). А горад ня ёсьць абведзены абароннай сьцяной. Ён доўгі ды вельмі вузкі, зьверху ўніз забудованы драўлянымі дамамі. Толькі некаторыя сьвятыні цагляныя. Названы замак на самай гары абкружаны толькі драўляным валам на падабенства муру, аднак вялікім і абаронным… | ||
Тым часам форму «Vilnius» па-жамойцку пачалі ўжываць прыкладна з XVII ст. (Мікалоюс Даўкша ў «Пастыле» 1600 году). Летувіскі тапаніміст Аляксандрас Ванагас мяркуе, што гэта форма ўзьнікла пад уплывам польскай назвы Wilno (у летувіскай мове няма назоўнікаў ніякага роду, у пазычаньнях ён зьмяняецца на мужчынскі). Тым часам польскае Wilno утварылася ад старабеларускага варыянту Вільна[43]. А першаснай і найбольш старажытнай назвай места ў жамойцкіх (летувіскіх) гаворках ёсьць Vilnia, на што зьвяртае ўвагу Ванагас і што пацьвярджаецца сучаснай латыскай назвай — Viļņa[43].
Насельніцтва Віленшчыны, як мінімум зь першай паловы ХІХ стагодзьзя, належала да тэрыторыі беларускага этнасу, што засьведчыў у свой час беларуска-польскі фальклярыст Ян Чачот (1796—1847): «…нават у далёка адлеглых паміж сабою вёсках, яны [песьні] вельмі падобныя, зь невялікімі, часам, адхіленьнямі ў словах. Нёман і Беліца ад Дзьвіны, Бярэзіны і лепельскіх ваколіц няблізкія, а песьні іх усё ж падобныя; гэткія ж песьні й над Вяльлёй у Завялейскім павеце. Хто іх пераносіў? Ня друк і творы, але памяць, сэрца й вусны братэрскіх плямёнаў»[44]. Пра брак нейкай «беларусізацыі» летувісаў Віленшчыны за часамі Расейскай імпэрыі сьведчыць супастаўленьне статыстычных зьвестак пра колькасьць летувісаў (жамойтаў): 17,56% ад усяго насельніцтва Віленскай губэрні на 1851 год паводле зьвестак расейска-нямецкага навукоўцы Пятра Кёпэна(ru)[45][46] і 17,58% ад усяго насельніцтва губэрні на 1897 год паводле вынікаў усеагульнага перапісу[47].
|
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На раньнім этапе свайго існаваньня Вялікае Княства Літоўскае падзялялася на судова-адміністацыйныя акругі (княствы і намесьніцтвы), межы якіх склаліся гістарычна. На тэрыторыі Беларусі было каля 20 княстваў і намесьніцтваў, якія зьяўляліся асноўнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласьці, якія паступова распадаліся ў працэсе пераходу зямель да фэўдалаў.
У XV—XVI стагодзьдзях аформілася 2-узроўневая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сыстэма: найвышэйшы ўзровень складалі ваяводзтвы (ад 1413 году — Віленскае і Троцкае, 1471 — Кіеўскае, 1504 — Полацкае, 1507 — Наваградзкае, 1508 — Смаленскае, 1511 — Віцебскае, 1513 — Падляскае) і землі (Жамойцкая і Валынская), якія ў сваю чаргу падзяляліся на княствы і намесьніцтвы.
У 1565—1566 гадох згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай аформіўся новы падзел тэрыторыі Вялікага Княства[48]:
- Амсьціслаўскае ваяводзтва (без падзелу на паветы)
- Берасьцейскае ваяводзтва (паветы: Берасьцейскі, Пінскі)
- Брацлаўскае ваяводзтва (паветы: Віньніцкі, Брацлаўскі)
- Валынскае ваяводзтва (паветы: Крэменецкі, Луцкі, Уладзімераўскі)
- Віленскае ваяводзтва (паветы: Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідзкі)
- Віцебскае ваяводзтва (паветы: Аршанскі, Віцебскі)
- Кіеўскае ваяводзтва (паветы: Жытомірскі, Кіеўскі, Мазырскі, Оўруцкі, Чаркаскі, Чарнобыльскі)
- Менскае ваяводзтва (паветы: Менскі, Рэчыцкі)
- Наваградзкае ваяводзтва (паветы: Ваўкавыскі, Наваградзкі, Слонімскі)
- Падляскае ваяводзтва (паветы: Бельскі, Дарагічынскі, Мельніцкі)
- Полацкае ваяводзтва (без падзелу на паветы)
- Троцкае ваяводзтва (паветы: Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі, Упіцкі)
- Жамойцкае староства (фактычна мела статус ваяводзтва)
Паводле ўмоваў Люблінскай уніі 1569 году, Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага павету), Падляскае ваяводзтвы далучыліся да Каралеўства Польскага. У 1611 годзе войскі Рэчы Паспалітай вярнулі ў склад Вялікага Княства Смаленскае ваяводзтва (паветы Смаленскі і Старадубскі).
У 1667 годзе, паводле ўмоваў Андрусаўскага замірэньня, Смаленск і Старадуб перайшлі пад уладу Масквы, з таго часу адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы не зьмяняўся больш за стагодзьдзе (да 1772 году).
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дзяржаўных дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага XV—XVI стагодзьдзяў назва «Ліцьвіны» (або «Літоўскі народ») азначае як каталікоў (або жыхарства Літвы ў вузкім сэнсе), так і, у шырокім сэнсе, увесь народ уласна Вялікага Княства Літоўскага (без Жамойці). У дамовах з Псковам 1440 і 1480 гадоў вялікі князь Казімер ужываў назву «ліцьвіны» як агульнае азначэньне ўсяго народу Вялікага Княства Літоўскага («а мне вялікаму князю Казіміру блюсьці Пскавіціна как і сваяго Ліцьвіна; також і Псковічам блюсьці Ліцьвіна, как і Пскавіціна»)[49][50][51]. Земскі прывілей Кіеўскай зямлі 1507 году абумоўліваў «…а Кіяніна, как і Ліцьвіна, ва чці дзяржаці»[52][53]. На Віленскім сойме 1565 году разглядалася пытаньне «садночаньня народу Літоўскага з Рускім»[54] (то бок касаваньня канфэсійных перапонаў паміж ліцьвінамі-каталікамі і русінамі-праваслаўнымі, завершанае Гарадзенскім прывілеем 1568 году), прытым прывілеі 1563—1568 гадоў зьвярталіся да «шляхты літоўскай», «станаў літоўскіх» (то бок да ўсёй шляхты і ўсіх станаў ВКЛ)[55].
У 9-м артыкуле трэцяга разьдзелу Літоўскага Статуту рэдакцыі 1566 году зазначаецца, што тытульнымі нацыямі Вялікага Княства Літоўскага ёсьць адно ліцьвіны і русіны, у той час як жамойты адносяцца да ліку «обчых, чужаземцаў і загранічнікаў»[h][56]:
У том панстве Вялікам Княстве Літоўскам і ва ўсіх землях яму прыслухаючых дастойнасьцей духоўных і сьвецкіх гарадоў, двароў і грунтаў, староств у дзяржаньні і пажываньні і вечнасьцей жадных чужаземцам і загранічнікам ані суседам таго панства даваці ня маем; але то ўсё мы і патомкі нашы Вялікія Князі Літоўскія даваці будуць павінны толька Літве а Русі, родзічам старажытным і ўражонцам Вялікага Княства Літоўскага і іных земль таму Вялікаму Княству належачых. <…> Але на дастаенства і ўсякі ўрад духоўны і сьвецкі ня маець быці абіран, ані ад нас Гаспадара стаўлен, толька здаўна продкаў сваіх ураджэнец Вялікага Княства Літоўскага Ліцьвін і Русін. | ||
У Гарадзенскім прывілеі 1568 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пісаў, што хоць народ Вялікага Княства Літоўскага падзяляецца на «літву» і «русь» (у канфэсійным сэнсе — «рымскага закону Літве і грэчаскага Русі»), гэта адзіны народ ВКЛ (заступнікамі якога ёсьць «шляхта літоўская», «станы літоўскія»)[58]:
…што вышэй аб народзе том слаўнам Вялікага Княства, аж двоега закону хрысьціянскага людзей, але аднаго і аднакага народу апісана і памянёна… <…> …роўна і аднака яка і рымскага і ўсякага хрысьціянскага закону і веры людзех у Вялікам Княстве Літоўскам і ва ўсіх землях ку нему прыслухаючых належыць, гды ж супольне межы сабою і з сабою ў адном панстве Вялікам Княстве Літоўскам і землях яму прыслухаючых і ў граніцах адных мешкаюць і адным народам суць… | ||
У прадмове да Літоўскага Статуту 1588 году падканцлер Леў Сапега адзначаў, што літоўскія правы і Статуты пісаны «ўласным языком» тытульнага народу ВКЛ:
І то ёсьць наша вольнасьць, катораю ся мы межы іншымі народы хрысьціянскімі хвалім, жа пана, іж бы водле волі сваее, а ня водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем, а яка славы ўчцівае, так жывата і маетнасьці вольна ўжываем. <...> А есьлі катораму народу ўстыд праў сваіх ня ўмеці, пагатоў нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і кождага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды, ведаці можам. | ||
Месты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XIII—XIV стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі было каля 40 местаў[59]. У XV ст. рысы гандлёвых і рамесьніцкіх цэнтраў набылі былыя фартэцыі, фэўдальныя замкі, некаторыя гаспадарскія двары. 3 канца XIV ст. мескія паселішчы пачалі здабываць самакіраваньне паводле Магдэбурскага права.
У XV—XVI стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім узьнікла вялікая колькасьць адметных мескіх паселішчаў — мястэчак. У крыніцах XVI—XVIII стагодзьдзяў паняцьці «места» і «мястэчка» ўжываліся поруч у дачыненьні да сярэдніх і малых местаў. Існуюць розныя падыходы да іхнага разьмежаваньня.
Згодна з клясыфікацыяй Залмана Капыскага вялікімі лічыліся месты, якія мелі 10 і больш тыс. жыхароў, сярэднімі — больш за 5 тыс., малымі — 2—5 тыс. жыхароў. У мястэчках было ад некалькіх сотняў да 1,5 тыс. жыхароў[59].
У сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве было 757 местаў і мястэчак, у тым ліку на Беларусі 42 месты і 425 мястэчак[59].
У 2-й палове XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 39 местаў і каля 250 мястэчак, дзе жыло каля 250 тыс. чал. (каля 11% насельніцтва), аднак мескае насельніцтва так і ня здолела дасягнуць узроўню XVII ст.[60] (да Патопу).
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вялікім Княстве Літоўскім асьвета мела пераважна канфэсійны характар. У другой палове XVI стагодзьдзя існавалі праваслаўныя школы з пашыранай праграмай заняткаў, дзе вывучаліся царкоўнаславянская граматыка, матэматыка, філязофія, тэалёгія. Значны ўнёсак у разьвіцьце, а часткова і ў сэкулярызацыю школьнай асьветы зрабілі праваслаўныя брацтвы (Вільня, Магілёў, Слуцак, Берасьце, Пінск, Полацак і інш.). Каталіцкая сыстэма школьнай і калегіюмнай адукацыі таксама адпавядала тагачасным тэалягічным, царкоўна-рэлігійным і грамадзкім патрэбам. Паводле пастановаў віленскіх сынодаў, каталіцкія школы мусілі стварацца ў кожнай парафіі.
У часе Рэфармацыі адбылося імклівае разьвіцьцё адукацыйнай справы. Кальвінісцкія навучальныя ўстановы адкрыліся ў Вільні, Віцебску, Воршы, Горадні, Заслаўі, Менску, Наваградку, Полацку і Слуцку (існавала да 1868 году). Яны вызначаліся высокім узроўнем пэдагагічнага майстэрства[61]. У другой палове XVI стагодзьдзя адкрылася арыянская акадэмія ў Іўі.
Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і перамогі Контрарэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства пачалі пашырацца найвышэйшыя гуманітарныя школы эўрапейскага ўзроўню[62] — калегіюмы, якія існавалі ў Берасьці, Горадні, Нясьвіжы, Полацку, Воршы і інш. Большасьць зь іх знаходзілася пад апекай езуіцкіх, піярскіх ды іншых каталіцкіх ордэнаў.
Першы езуіцкі калегіюм узьнік у Вільні (1570 год), у 1579 годзе ён атрымаў статус акадэміі (унівэрсытэту).
У 1773—1792 гадох на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (і Вялікага Княства) дзеяла Адукацыйная камісія — сьвецкая ўстанова па арганізацыі і кіраваньні сыстэмай школьная асьветы, фактычна першая ў Эўропе афіцыйная структура з функцыямі цэнтральнай школьнай улады[63].
-
Вялікі двор Віленскага ўнівэрсытэту
-
Полацкі езуіцкі калегіюм (з 1812 — акадэмія)
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працэсы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага мелі падабенства з заходнеэўрапейскімі галоўным чынам паводле формы, але значна розьніліся паводле зьместу і далёка не супадалі ў часе.
У 2-й палове XVI — 1-й палове XVII стагодзьдзяў на тэрыторыі Вялікага Княства была праведзеная аграрная рэформа (устава на валокі, якую падпісаў Жыгімонт Аўгуст; валока складала 30 моргаў ці 21,37 га; пад фальварак адводзілася 8—15 валок). Усталявалася фальваркавая сыстэма гаспадараньня. Адбываецца канчатковае запрыгоньваньне сялянаў, значна павялічваецца прыгонны ўціск, вырасьлі даходы шляхты. У выніку рэформы ў цэнтральнай і заходняй Беларусі адбылося разбурэньне сялянскай грамады, укаранілася падворнае землекарыстаньне, зьмяніліся катэгорыі сялянаў (цяглыя, асадныя, агароднікі, слугі), іх эканамічнае й прававое становішча. Паступова ішло павелічэньне тэрыторыі землеўладаньняў сьвецкіх магнатаў, адначасна назіралася застава іхных маёнткаў. Гэта нарадзіла ў 2-й пал. XVIII ст. тэндэнцыю да пераўтварэньня фэадальнай формы ўласнасьці на зямлю ў буржуазную. Побач з заставай узьнікаюць такія зьявы, як арэнда зямлі, мануфактуры ды іншыя, што сьведчыць пра зараджэньне капіталістычнай формы гаспадараньня, дыфэрэнцыяцыю вёскі.
Войска
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дэ-юрэ — афіцыйны статус з 1566 па 29 жніўня 1696 году. Дэ-факта — ад самога часу ўзьнікненьня ВКЛ і ўваходжаньня ў ягоны склад земляў беларускага этнічнага арэалу, на якіх прынамсі не пазьней за XIV ст. ужо была сфармаваная старабеларуская мова, ужываная ў дзелавой пісьмовасьці: такім чынам, фактычны афіцыйны статус мела з самога ўтварэньня ВКЛ. З канца XIV ст. старабеларуская мова ў пэўнай ступені саступае месца (выданьне прывілеяў на лацінскай мове, некаторых дакумэнтаў па-польску). З 1696 г. старабеларуская мова афіцыйна пазбаўленая афіцыйнага статусу, але зрэдчас выкарыстоўвалася ў актах мясцовага значэньня практычна да самой ліквідацыі ВКЛ.
- ^ Часткова і дэ-факта (напрыклад, тэксты шэрагу прывілеяў).
- ^ Упершыню выкарыстоўваецца без афіцыйнага статусу ў некаторай частцы дакумэнтаў пасьля пэрыяду пачатку збліжэньня з Польшчай, асабліва пашырыла выкарыстаньне з пачатку XVII ст. і ўрэшце набыла статус адзінай афіцыйнай мовы ў 1696 г., хоць старабеларускую і лацінскую мовы канчаткова ня выцесьніла.
- ^ ст.-бел. Великое Князство Литовъское, Руское, Жомоитъское; лац. Magnus Ducatus Lithuaniae, польск. Wielkie Księstwo Litewskie; іншыя назвы: Вялі́кая Лі́тва, Вялікалі́тва
- ^ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ^ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ^ Тэкст падаецца паводле перакладу Вацлава Пануцэвіча (LITVA, Lithuanian Research Periodical. Том І. С. 25), арыгінальны тэкст быў апублікаваны яшчэ ў 1840 годзе (Voyages et ambassades de Messire Guillebert de Lannoy: chevalier de la Toison d’or, seigneur de Santes, Willerval, Tronchiennes, Beaumont et Wahégnies. 1399—1450. P. 24)
- ^ Жамойтаў да ліку «ўражонцаў» Вялікага Княства Літоўскага далучылі толькі на Берасьцейскім сойме 1566 году — праз паўтара стагодзьдзя па далучэньні да ВКЛ большай часткі Жамойці
- ^ Відаць, зь ліцьвінаў Севершчыны. Арыгінальны подпіс: ням. «Eine in der Ukraine befindedt Nation Lütwin genannt, wie solhe abgebildet gehen»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сьвяжынскі У. Якая мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 12.
- ^ а б в Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 7.
- ^ а б в ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 387.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 7.
- ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 156.
- ^ а б в г Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401.
- ^ Грыцкевіч А. Дзяржаўны і палітычны лад // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 40.
- ^ Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 401—402.
- ^ а б Юхо Я. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 402.
- ^ Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 391.
- ^ Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. Шчарбакоў, К. Кернажыцкі, Д. Даўгяла. Т. 1. — Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 78—79.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 120.
- ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 4—5.
- ^ а б Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 5.
- ^ ГСБМ. Вып. 25. — Мн.: Беларуская навука, 2005. С. 131.
- ^ Archiwum komisji prawniczej. T. 7. — Kraków, 1900. S. 80.
- ^ Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 349.
- ^ Rimša E. Heraldika // Iš praeities į dabartį. — Vilnius: Versus aureus, 2004. — P. 61—63.
- ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 2.
- ^ а б Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 175.
- ^ . — Мн.: . С. 8.
- ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 389.
- ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 223.
- ^ Ермаловіч М. Альгерд // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 105.
- ^ Грыцкевіч А. Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам // «Радыё Свабода», 14 ліпеня 2009.
- ^ Грыцкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 390.
- ^ Шабанін Г., Шэкаў А. Тула // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 401.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 90.
- ^ Гісторыя Бел��русі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 91.
- ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 153.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 92.
- ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 156.
- ^ Сагановіч Г. Сістэма ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім // Матэрыялы па гісторыі Беларусі. — 1997. — 500 ас.
- ^ а б Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 357.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 85—86.
- ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 164.
- ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 293.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 44.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 79.
- ^ а б в Вячорка В. Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
- ^ Piosnki wieaśniacze znad Dźwiny. — Вільня, 1840. S. VII.
- ^ Кеппен П. Об этнографической карте Европейской России. — СПб., 1852. С. 35.
- ^ Кеппен П. Девятая Ревизия. Исследование о числе жителей в России в 1851 году. — СПб., 1857. С. 26.
- ^ Перепись 1897 года. Виленская губерния, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 38—39.
- ^ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. I. — СПб., 1846. № 38, 39, 73.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 86—87.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 206—207.
- ^ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. IІ. — СПб., 1848. № 30, С. 34.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 78.
- ^ Янушкевіч А. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558—1570 гг. — Менск, 2007. С. 275.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 211.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 88—89.
- ^ Возможно, это первое изображение белоруса в истории (но далеко не все в этом уверены). Так или иначе: посмотрите, какой красавчик!, CityDog.by, 13.09.2021 г.
- ^ Monumenta reformationis Polonicae et Lithuaniae: Zbiór pomników reformacji kościoła polskiego i litewskiego. — Wilno, 1925. S. 20—27.
- ^ а б в Капыскі З. Вялікае Княства Літоўскае: Гарады // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 406.
- ^ Пазднякоў В. Горад // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 544.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 131.
- ^ Цеплякоў А. Дэміталягізацыя езуітаў у Беларусі // ARCHE. №4(44), 2006.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 208.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Белы А. Хроніка Белай Русі. — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. — ISBN 985-6599-12-1.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Выд. 2-е, дап.; Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш. — Менск: ІП Зміцер Колас, 2005. — 440 с.: іл. ISBN 985-6793-06-2.
- Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа / Пад. рэд. А. Грыцкевіча. — Менск, Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00876-3 (2-е выданьне). — Менск, Навука і тэхніка, 1989. ISBN 5-343-00016-9 (1-е выданьне).
- Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. — Гародня—Уроцлаў: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN, 2013. ISBN 978-83-7893-132-4.
- Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 208 с. ISBN 985-08-0249-9.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
- Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. №3, 1964.
- Чаропка В. Імя ў летапісе. — Менск: Полымя, 1994. ISBN 5-345-00656-3.
- Чаропка В. Уладары Вялікага Княства. — Менск: Полымя, 1996. ISBN 985-07-0034-3.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Дакумэнты, зьвязаныя са Трэцім статутам Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
- Дасьледаваньні мэтрыкаў ВКЛ. Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
- Артыкулы па гісторыі ВКЛ у пэрыёдыку «Беларускі гістарычны агляд»
- Вялікае Княства Літоўскае(недаступная спасылка) ў сярэдзіне XVIII ст. Адміністрацыйная мапа
- Электронная энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае»(недаступная спасылка)