Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь
Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 218-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 28 кастрычніка 1998 (26 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 19 лістапада 1998 (26 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 7 сьнежня 1998 (26 гадоў таму) |
Уступ у сілу | 1 ліпеня 1999 (25 гадоў таму) |
Першая публікацыя | 1999 г. у газэце «Зьвязда» |
Дзейная рэдакцыя | 3-я ад 20 ліпеня 2016 (8 гадоў таму) № 413-З |
Грамадзя́нскі ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, які набыў моц у ліпені 1999 году.
Паводле 1-га артыкула Кодэксу, вызначае «падставы ўзьнікненьня і парадак ажыцьцяўлення права ўласнасьці і іншых рэчавых правоў, правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, рэгулюе адносіны паміж асобамі, якія ажыцьцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасьць, або зь іх удзелам, дамоўныя і іншыя абавязкі, а таксама іншыя маёмасныя і зьвязаныя зь імі асабістыя немаёмасныя адносіны». На 2020 год налічваў 1153 артыкулы ў складзе 8 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Права ўласнасьці і іншыя рэчавыя правы», 3) «Агульная частка абавязкавага права», 4) «Асобныя віды абавязкаў», 5) «Інтэлектуальная ўласнасьць», 6) «Спадчыннае права», 7) «Міжнароднае прыватнае права», 8) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Грамадзянскі кодэкс Беларускай ССР ад 11 чэрвеня 1964 году. На 2020 год Грамадзянскі кодэкс Беларусі дзейнічаў з 61-м штогадовым зьмяненьнем і дапаўненьнем (за выключэньнем 2009 году), у тым ліку пасьля 2-х новых рэдакцыяў Кодэксу: ад 28 жніўня 2012 году № 428-З і ад 20 ліпеня 2016 году № 413-З. 26 сакавіку 2020 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 1 пераклад 3-й яго рэдакцыі з 61-м зьмяненьнем і дапаўненьнем паводле Закону ад 18 сьнежня 2018 году № 151-З[1].
Агульныя палажэньні
Першы разьдзел Грамадзянскага кодэксу Беларусі «Агульныя палажэньні» зьмяшчаў 209 артыкулаў у складзе 5 падразьдзелаў: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Асобы», 3) «Аб’екты грамадзянскіх правоў», 4) «Зьдзелкі і прадстаўніцтва», 5) «Тэрміны. Позвавая даўнасьць». Найбольшым быў падразьдзел «Асобы» са 112 артыкуламі (16—127), які сярод іншага даваў азначэньні такім відам юрыдычных асобаў, як гаспадарчая суполка і таварыства, поўная суполка, камандытная суполка, таварыства з абмежаванай адказнасьцю, таварыства з дадатковай адказнасьцю, акцыянэрнае таварыства, даччынае і залежнае таварыства, вытворчы каапэратыў, унітарнае прадпрыемства, сялянская гаспадарка, некамэрцыйная арганізацыя і дзяржаўнае аб’яднаньне[1].
Права ўласнасьці і іншыя рэчавыя правы
Другі разьдзел Грамадзянскага кодэксу «Права ўласнасьці і іншыя рэчавыя правы» налічваў 78 артыкулаў (210—287) у складзе 8 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) ) «Набыцьцё ўласнасьці»; 3) «Спыненьне права ўласнасьці»; 4) «Агульная ўласнасьць»; 5) «Рэчавыя правы на нерухомую маёмасьць»; 6) «Права ўласнасьці і іншыя рэчавыя правы на жылыя памяшканьні»; 7) «Права гаспадарчага распараджэньня, права апэратыўнага кіраваньня»; 8) «Абарона права ўласнасьці і іншых рэчавых правоў». Найбольшай была глава «Набыцьцё ўласнасьці» зь 17 артыкуламі (219—235), які пералічваў такія падставы набыцьця права ўласнасьці, як нерухомая нанава створаная маёмасьць, перапрацоўка, агульнадаступныя для збору рэчы, дамова, перадача рэчы, безгаспадарчыя рэчы, кінутыя ўласьнікам рухомыя рэчы, знаходка, безнаглядныя жывёлы і скарб[1].
Агульная частка абавязкавага права
Трэці разьдзел Кодэксу «Агульная частка абавязкавага права» зьмяшчаў 136 артыкулаў (288—423) у складзе 2 падразьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні аб абавязках», 2) «Агульныя палажэньні аб дамове». Большым быў падразьдзел «Агульныя палажэньні аб абавязках» са 102 артыкулаў (288—289), які акрэсьліваў панятак, бакі, выкананьне, забесьпячэньне выкананьня, перамену асобаў, адказнасьць за парушэньне і спыненьне абавязкаў. У забесьпячэньні выкананьня давалася азначэньне такіх тэрмінам, як няўстойка, заклад, трыманьне, паручальніцтва, гарантыя і задатак[1].
Асобныя віды абавязкаў
Чацьверты разьдзел Грамадзянскага кодэксу «Асобныя віды абавязкаў» улучаў 555 артыкулаў (424—978), што складала 48 % усіх артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 33 главы: 1) «Купля-продаж»; 2) «Мена»; 3) «Дарэньне»; 4) «Рэнта і пажыцьцёвае ўтрыманьне з забесьпячэньнем»; 5) «Арэнда»; 6) «Наём жылога памяшканьня»; 7) «Безаплатнае карыстаньне»; 8) «Падрад»; 9) «Выкананьне навукова-дасьледчых працаў, досьледна-канструктарскіх і тэхналягічных працаў»; 10) «Аплатнае аказаньне паслуг»; 11) «Перавозка»; 12) «Транспартная экспэдыцыя»; 13) «Пазыка і крэдыт»; 14) «Дарэньне»; 15) «Фінансаваньне пад саступку грашовага патрабаваньня»; 16) «Банкаўскі ўклад»; 17) «Бягучы банкаўскі рахунак»; 18) «Разьлікі»; 19) «Захоўваньне»; 20) «Страхаваньне»; 21) «Даручэньне»; 22) «Дзеяньні на чужы інтарэс без даручэньня»; 23) «Камісія»; 24) «Давернае кіраваньне маёмасьцю»; 25) «Комплексная прадпрымальніцкая ліцэнзія»; 26) «Дарэньне»; 27) «Простая суполка»; 28) «Публічнае абяцаньне ўзнагароды»; 29) «Публічны конкурс»; 30) «Дарэньне»; 31) «Правядзеньне гульняў і закладаў»; 32) «Абавязкі ў выніку прычыненьня шкоды»; 33) «Абавязкі з прычыны беспадстаўнага ўзбагачэньня». Найбольшай была глава «Купля-продаж» са 114 артыкулаў (424—537), якая давала азначэньне такім паняткам, як раздробная купля-продаж, пастаўка тавараў, пастаўка тавараў для дзяржаўных патрэбаў, кантрактацыя, энэргазабесьпячэньне, продаж нерухомасьці і продаж прадпрыемства[1].
Інтэлектуальная ўласнасьць
Пяты разьдзел Кодэксу «Інтэлектуальная ўласнасьць» зьмяшчаў 52 артыкулы (979—1030) у складзе 9 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Аўтарскае права і сумежныя правы»; 3) «Агульныя палажэньні аб праве прамысловай уласнасьці»; 4) «Права на вынаходку, карысную мадэль, прамысловы ўзор»; 5) «Права на гатункі расьлінаў і пароды жывёлаў»; 6) «Права на тапалёгію інтэгральнай мікрасхемы»; 7) «Права на абарону сакрэту вытворчасьці ад незаконнага выкарыстаньня»; 8) «Сродкі індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, працаў або паслуг»; 9) «Нядобрасумленная канкурэнцыя». Найбольшай была глава «Сродкі індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, працаў або паслуг» з 16 артыкулаў (1013—1028), якая акрэсьлівала фірменнае найменьне, таварны знак, знак абслугоўваньня і геаграфічнае ўказаньне[1].
Спадчыннае права
Шосты разьдзел Кодэксу «Спадчыннае права» налічваў 62 артыкулы (1031—1092) у складзе 5 главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб успадкаваньні», 2) «Успадкаваньне паводле тэстамэнта», 3) «Успадкаваньне паводле закону», 4) «Набыцьцё спадчыны», 5) «Асаблівасьці ўспадкаваньня асобных відаў маёмасьці». Найбольшай была глава «Набыцьцё спадчыны» з 18 артыкулаў (1069—1086), якая акрэсьлівала прыняцьцё, прырашчэньне, разьдзел і адмову ад спадчыны. Паводле 1070-га артыкула Кодэксу, прызнаецца, што спадкаемца прыняў спадчыну, калі: 1) прыняў захады для захаваньня маёмасьці ад замахаў трэціх асобаў; 2) ажыцьцявіў за свой кошт выдаткі на ўтрыманьне маёмасьці; 3) аплаціў за свой кошт даўгі спадчынадаўцы[1].
Міжнароднае прыватнае права
Сёмы разьдзел Кодэксу «Міжнароднае прыватнае права» зьмяшчаў 43 артыкулы (1093—1135) у складзе 2 главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Калізійныя нормы». Большай была глава «Калізійныя нормы» з 33-х артыкулаў (1103—1135), якая закранала наступныя пытаньні: асобы, асабістыя немаёмасныя правы, зьдзелкі, прадстаўніцтва і позвавая даўнасьць, права ўласнасьці і іншыя рэчавыя правы, дамоўныя абавязкі, пазадамоўныя абавязкі, інтэлектуальная ўласнасьць і спадчыннае права. Параграф «Асобы» апісваў асабісты закон, праваздольнасьць і дзеяздольнасьць, імя і апеку, абвяшчэньне памерлай фізычнай асобы, а таксама закон і праваздольнасьць юрыдычнай асобы[1].
Заключныя палажэньні
Восьмы разьдзел «Заключныя палажэньні» налічваў 18 артыкулаў (1136—1153) пра ўступленьне ў сілу і прымяненьне Грамадзянскага кодэксу Беларусі. Паводле апошняга 1153 артыкула Кодэксу, Савет міністраў Рэспублікі Беларусь меў прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з Кодэксам да ўступленьня яго ў сілу 1 ліпеня 1999 году[1].