Перайсьці да зьместу

Тодар Вернікоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Stary Jolup (гутаркі | унёсак) у 15:10, 18 жніўня 2010. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)

Тодар Вернікоўскі (1861, в.Дудзічы Ігуменскі павет — пасьля 1935) – беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч.

Паходзіў з сям'і псаломшчыка. Вучыўся ў менскіх духоўным вучылішчы і сэмінарыі, у тэхналагічным інстытуце і на курсах гаспадаркі, садоўніцтва і гагародніцтва ў Пецярбургу. Працаваў у Сялянскім пазямельным банку, Заходняй экспедыцыі па асушцы палескіх балот і арашэньні паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства і дзяржаўных маёмасцяў Расейскай імпэрыі. У 1906 камандзіраваны ў 1-ю Дзяржаўную Думу ў якасьці кансультанта камісыі па зямельным паляпшэньні гаспадаркі ў Расеі.

Пасля выхаду ў адстаўку жыў у Менску, працаваў у менскіх банках, быў абраны ў гарадскую думу. У сьнежні 1917 - красавіку 1918 скарбнік Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва, у красавіку 1918 кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Па прапанове старшыні Народнага сакратарыята БНР Язэпа Варонкі меціўся на пасаду народнага сакратара па справах бежанцаў. Ва ўрадзе БНР на чале з Раманам Скірмунтам быў дзяржаўным скарбнікам (з чэрвеня 1918), ва ўрадзе БНР на чале з Янкам Серадой - народны сакратар гандлю і прамысловасьці, гаспадаркі, дзяржаўны кантралёр. Рэвізаваў беларускія арганізацыі на Украіне.

Ва ўрад БНР, які ўзначаліў Антон Луцкевіч, не ўвайшоў, бо не падзяляў сацыялістычных поглядаў апошняга. Уваходзіў у склад эканамічнай, фінансавай і кантрольнай камісыі Рады БНР. У сьнежні 1918 разам з сябрамі Рады БНР і ўрада Луцкевіча пераехаў у Вільню, потым - у Гародню. Быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне, уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У 1919 - 1920 старшыня бежанскага камітэту і таварыства "Беларуская хата", распарадчык і намесьнік старшыні беларускага культурна-асветнага таварыства "Бацькаўшчына" ў Горадні, старшыня грамадскага сходу "Беларуская хата" і бежанскага камітэту, скарбнік культурна-асветнага таварыства "Заранка" і гарадзенскага беларускага дзіцячага прытулку.

Cа жніўня 1919 - у Часовым Беларускім нацыянальным камітэце ў Менску, адміністратар Беларускага тэатра ў Менску. Выконваў таксама абавязкі дарадчыка і адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Менскай праваслаўнай епархіі.

Пасля 1921 жыў у Вільні. У 1928 - 1929 рэдактар газеты "Грамадзянін". Браў актыўны ўдзел у грамадскім руху па беларусізацыі Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. У 1930 у Вільні на канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый, на якой быў створаны Беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі Царквы, Вернікоўскі быў абраны яго старшынёй. Адзін з арганізатараў Беларускага культурна-асветнага таварыства "Прасвета".