Перайсьці да зьместу

Міхал Казімер Агінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Міхал Казімер Агінскі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 20:56, 10 кастрычніка 2024. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Міхал Казімер Агінскі
лац. Michał Kazimier Aginski
Міхал Казімер Агінскі. С. Чаховіч, XVIII ст.
Міхал Казімер Агінскі. С. Чаховіч, XVIII ст.

Герб Агінскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся не раней за 1728 і не пазьней за 1730[1]
Памёр 31 траўня 1800(1800-05-31)[1][2][3]
Варшава
Пахаваны
Род Агінскія
Бацькі Юзэф Тадэвуш Агінскі
Ганна зь Вішнявецкіх
Жонка Аляксандра з Чартарыйскіх
Дзейнасьць дыплямат, кампазытар, энцыкляпэдыст, палітык
Рэгаліі
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла
Ордэн сьвятога Станіслава
Ордэн сьвятога Станіслава

Міхал Казімер Агінскі (1730[4] — 31 траўня 1800, Варшава) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[4] і Рэчы Паспалітай[5]; кампазытар, паэт і мэцэнат. Чашнік вялікі (1744—1748), генэрал-маёр войска Вялікага Княства Літоўскага і пісар польны (1748—1764), ваявода віленскі (1764—1768), гетман вялікі (1768—1793).

Быў старостам слонімскім. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1765 год)[6], Белага Арла, расейскіх Андрэя Першазваннага і Аляксандра Неўскага, прускага Чорнага Арла[7].

Міхал Казімер Агінскі — ініцыятар і фундатар будаваньня Агінскага каналу.

Паходжаньне і юнацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З старэйшай княскай лініі роду Агінскіх: ягоны бацька, Юзэф, быў ваяводам троцкім; маці, Ганна, — з роду магнатаў Вішнявецк��х.

Рана страціў бацьку, спачатку гадаваўся пад апякунствам дзеда — гетмана Вішнявецкага, пазьней пад наглядам віцебскага ваяводы Марцыяна Міхала Агінскага, і, урэшце, канцлерам Міхалам Фрыдэрыкам Чартарыйскім. Вядома, што ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасьці да мастацтва. Пазьней талент Агінскага ўхваліць у сваіх мэмуарах францускі літаратар і энцыкляпэдыст Дэні Дыдро[5] і папросіць яго напісаць артыкул «Арфа» для францускай «Энцыкляпэдыі».

Дзяржаўная служба і эміграцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1744 годзе атрымаў урад чашніка вялікага, у 1748 годзе — пісара польнага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы ад Пінскага (1746 год[8]) і Старадубскага паветаў (1748 год[9]). У 1748—1764 гадох быў генэрал-маёрам войска Вялікага Княства Літоўскага.

У 1754—1761 гадох знаходзіўся ў Францыі, служыў у войску. Ажаніўся з дачкою канцлера вялікага літоўскага Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага Аляксандрай, атрымаў Слонімскую эканомію. Жыў у Пецярбургу, разглядаўся як адзін з кандыдатаў на сталец Рэчы Паспалітай.

Аляксандра з князёў Чартарыйскіх, жонка М. К. Агінскага

У 1764 годзе атрымаў урад выяводы віленскага і стаў адным з кандыдатаў на сталец ад Расейскай імпэрыі. Быў сябрам Вайсковай Камісіі Вялікага Княства Літоўскага ў 1764 годзе. Браў удзел у Радамскай канфэдэрацыі (1767 год)[10].

У 1768 годзе стаў вялікім гетманам літоўскім. У 1771 годзе перайшоў на бок Барскай канфэдэрацыі, аднак пацярпеў паразу ад Суворава ў бітве пад Сталовічамі. Эміграваў, жыў у Вене і Парыжы. Тамака здабыў сабе вядомасьць як музыка.

Вяртаньне з эміграцыі. Жыцьцё ў Слоніме

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1775 годзе атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе заснаваў шэраг мануфактураў, друкарню, тэатар, капэлу, балетную школу[4] і знакаміты Агінскі канал, які злучаў басэйны Балтыйскага і Чорнага мораў. Праз палескія балоты намаганьнямі князя былі адноўленыя пракладзеныя раней два гасьцінцы, што злучылі Пінск з Слонімам і Валыньню. Адчыненая балетная школа мела назву «Дэпартамент балетных дзяцей», у якой акрамя танцаў вучылі чытаньню і пісьму дзяцей прыгонных сялянаў[5]. Для свайго тэатра гетман уласнаручна напісаў чатыры опэры.

У 1781 годзе атрымаў прызначэньне на намесьніка Літоўскай правінцыі.

Паўторная эміграцыя і сьмерць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1782 годзе зноў выехаў за мяжу, быў у Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, потым у Ангельшчыне. Прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць канфіскаваныя маёнткі ў Расейскай імпэрыі.

У часе Чатырохгадовага Сойму далучыўся да патрыятычных колаў. Аднак у 1791 годзе перадаў амаль усе свае маёнткі далёкаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму з умовай, што той выплаціць ягоныя пазыкі, і адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці.

Сьмілавічы. Касьцёл і кляштар місіянэраў, фундаваныя М. К. Агінскім

Па скасаваньні Канстытуцыі 3 траўня адмовіўся ад гетманскай булавы, выехаў у Вену. У часе паўстаньня Касьцюшкі знаходзіўся ў Вільні. У 1795 годзе прысягнуў на вернасьць Кацярыне II. Будучы цяжка хворым, па-ранейшаму займаўся музыкай і наладзіў сяброўства з Францам Ёзэфам Гайднам. У канцы 1795 году пераехаў у Варшаву, дзе і памёр[4][11].

Выявіў здольнасьці музыкі-віртуоза, аўтар палянэзаў, опэраў і песень на ўласныя вершы. Пад псэўданімам «Słonimski»[12] напісаў шэраг літаратурных твораў. Для ўласнага тэатру ў Слоніме напісаў опэры «Цыганы», «Елісейскія палі», «Сілы сьвету», «Становішча станаў». Выдатна выконваў на розных інструмэнтах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучасьнікаў атрымаў мянушку «гетман-клярнэт»[5].

Выдаў паэтычныя зборнікі «Кніжка ў вялікую актаву» (польск. Xiążka in Octavo majori; Львоў, 1781 год), «Гістарычныя і маральныя аповесьці» (польск. Powieści historyczne i moralne; Варшава, 1782 год), «Байкі і ня-байкі» (польск. Bayki i niebayki; Варшава, 1788 год).

Як мэцэнат зрабіў багатыя ахвяраваньні для кляштару і касьцёла ў Сьмілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту.

Імя Міхала Казімера Агінскага носіць вуліца ў Слоніме.

  1. ^ а б ОГИНЬСКИЕ // Большая российская энциклопедия (рас.)Москва: Большая российская энциклопедия, 2004.
  2. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 153.
  3. ^ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 315.
  4. ^ а б в г Грыцкевіч А. Агінскі Міхал Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 201.
  5. ^ а б в г 275 год з дня нараджэння Міхала Казіміра Агінскага (1730-1800), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кампазітара, паэта, мецэната. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 31 сьнежня 2010 г.
  6. ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 177.
  7. ^ Męclewska М. Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008. — Warszawa: Zamek Królewski, 2008. S. 185.
  8. ^ Dyaryusze sejmowe z wieku XVIII. T. II. Dyaryusz sejmu z r. 1746. Diaria comitiorum Poloniae saeculi. XVIII. — Warszawa: wydał Władysław Konopczyński, 1912. S. 241.
  9. ^ Dyaryusze sejmowe z wieku XVIII. T.I. Dyaryusz sejmu z r. 1748. Diaria comitiorum Poloniae saeculi XVIII i Diarium comitiorum anni 1748. — Warszawa: wydał Władysław Konopczyński, 1911. S. 304.
  10. ^ Korwin [Kossakowski] S. Trzeci Maj i Targowica. — Kraków, 1890. S. 226.
  11. ^ Грыцкевіч А. Агінскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 33—34.
  12. ^ Bentkowski F. Historya literatury polskiey: wystawiona w spisie dzieł drukiem ogłoszonych. Tom 1. — Warszawa, Wilno: 1814. S. 693.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]