Пётар Капіца
Пётар Леанідавіч Капі́ца (па-расейску: Пётр Леонидович Капица; 8 ліпеня 1894, Кранштат, Расейская імпэрыя — 8 красавіка 1984, Масква, СССР) — савецкі фізык і арганізатар фізычнай навукі ў СССР. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі (1978, разам з Арна Аланам Пэнзыясам ды Робэртам Ўудраў Ўілсанам). Вучань Эрнэста Рэзэрфорда. Акадэмік Акадэміі навук СССР, дырэктар Інстытуту фізычных праблем АН СССР.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пётар Капіца нарадзіўся 8 ліпеня [ст. ст. 26 чэрвеня] 1894 году ў сям’і генэрала, вайсковага інжынэра, будаўніка Кранштацкай крэпасьці Леаніда Пятровіча Капіцы. Маці Вольга Еранімаўна (дзявочае прозьвішча Сьцябніцкая) працавала выкладчыцай і займалася вывучэньнем фальклёру. Пётар Леанідавіч Капіца на выдатна скончыў рэальную вучэльню, дзе зацікавіўся фізыкай. Пасьля сканчэньня рэальнай вучэльні юны Капіца паступіў на электрамэханічны факультэт Петраградзкага політэхнічнага інстытуту[10], дзе пачаў сваю навуковую кар’еру ў сэкцыі Абрама Ёфэ. Падчас навучаньня сумесна з Мікалаем Сямёнавым прапанаваў мэтад вызначэньня магнітнага моманту атама пры ўзаемадзеяньні з магнітным полем. Гэты мэтад пазьней быў выкарыстаны ў знакамітых экспэрымэнтах Штэрна-Гэрлаха. У 1918 годзе скончыў інстытут. Па прапанове Абрама Ёфэ ў 1921 годзе паехаў у Кавэндыскую лябараторыю Кембрыдзкага ўнівэрсытэту (Вялікабрытанія) працаваць з Рэзэрфордам[11]. У 1923 годзе правёў першы экспэрымэнт, у якім камэра Ўілсана разьмяшчалася ў моцным магнітным полі, і правёў назіраньне адхіленьня трэкаў альфа-часьцінак. У 1924 годзе распрацаваў шлях стварэньня вельмі моцных магнітных палёў да 320 кілягаўс (32 Тл) у аб’ёме 2 см³. У 1928 годзе выявіў лінейную залежнасьць супору ад магнітнага поля для розных мэталаў у звышмоцных магнітных палях (закон Капіцы). У 1928 годзе прысвоена навуковая ступень доктара фізыка-матэматычных навук. У апошнія гады ў Кембрыджы Капіца заняўся дасьледаваньнем нізкіх тэмпэратур. Спачатку ён зрабіў крытычны аналіз мэтадаў дасягненьня нізкіх тэмпэратур, якія існавалі на той час. У 1934 годзе ён распрацаваў новую арыгінальную прыладу для ператварэньня гелю ў вадкі стан. Прылада выкарыстоўвала адыябатычны прынцып. Ад 1923 да 1926 году вучыўся ў Кембрыдзкім ўнівэрсытэце па стыпэндыі Кларка Максўэла. Ад 1924 да 1932 году займаў пасаду намесьніка дырэктара Кавэндыскай лябараторыі па магнітных дасьледаваньнях. Ад 1930 да 1934 году быў ганаровым прафэсарам Каралеўскага таварыства (анг. Messel Research Professor). Ад 1930 да 1934 году дырэктар Лябараторыі Монд Каралеўскага таварыства. Разам з Р. Фаўлерам (анг. R.H. Fowler) заснаваў міжнародную сэрыю манаграфій па фізыцы (Оксфард, выдавецтва Clarendon Press). У 1934 годзе вярнуўся ў Маскву, дзе заснаваў Інстытут фізычных праблем, які потым быў названы іменем Капіцы. У гэтым інстытуце ён працягваў свае дасьледаваньні магутных магнітных палёў, фізыцы нізкіх тэмпэратур і крыягеніцы. У фізыцы нізкіх тэмпэратур, Капіца пачаў праводзіць сэрыю экспэрымэнтаў па вывучэньні ўласьцівасьцяў вадкага гелю, што прывяло да адкрыцьця зьявы звышцякучасьці вадкага гелю ў 1937 годзе. Ён апублікаваў шэраг артыкулаў, прысьвечаных вывучэньню гэтага новага стану рэчыва. У 1939 годзе распрацаваў новы мэтад ператварэньня паветра ў вадкі стан шляхам нізкага ціску з выкарыстаньнем асаблівай высокаэфэктыўнай турбіны, якая пашыраецца. Падчас Другой сусьветнай вайны Капіца прымаў удзел у дастасоўных дасьледаваньнях па атрыманьні і выкарыстаньні тлену з выкарыстаньнем ягоных турбін нізкага ціску, якія пашыраюцца. Ён арганізаваў і ўзначаліў Аддзел тленавай прамысловасьці, падпарадкаваны Савету Міністраў СССР. У 1944 годзе прысвоена ганаровая ступень доктара навук Унівэрсытэту Альжыру. У 1945 году стаў ганаровым доктарам Сарбоны. У 1946 годзе ганаровы доктар філязофіі Унівэрсытэту Осьлё. Напрыканцы 1940-х Капіца зьвярнуў увагу на зусім новае кола фізычных праблем. Ён вынайшаў генэратары мікрахваляў высокай магутнасьці — плянатрон і нігатрон (1950—1955) і адкрыў новы від суцэльнай плязмы высокага ціску з тэмпэратурай электронаў звыш 1 мільёну К. Ад 1957 да 1984 году ўваходзіў у склад Прэзыдыюму Акадэміі навук СССР. У 1956 ён быў адным з заснавальнікаў Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (МФТІ), загадчыкам катэдры фізыкі нізкіх тэмпэратур і крыягенікі МФТІ і старшынём Каардынацыйнай рады гэтага інстытуту. Быў галоўным рэдактарам Часопіса Экспэрымэнтальнай і Тэарэтычнай Фізыкі (рас. Журнал экспериментальной и теоретической физики — ЖЭТФ). Капіца прымаў актыўны ўдзел у Пагўоскім руху навукоўцаў (англ. Pugwash Conferences on Science and World Affairs), выступаў за выкарыстаньне навукі выключна ў мірных мэтах[12]. У 1964 годзе атрымаў ганаровае званьне доктара навук Ягелонскага ўнівэрсытэту і Тэхнічнага ўнівэрсытэту Дрэздэна. У 1965 годзе атрымаў ганаровае званьне доктара навук Карлавага ўнівэрсытэту. У 1965 годзе, упершыню пасьля больш чым трыццацігадовага перапынку, Капіца атрымаў дазвол на выезд з Савецкага Союза ў Данію для атрыманьня Міжнароднага залатога мэдаля Нільса Бора. Разам з жонкай наведаў ЗША, дзе ў 1969 годзе атрымаў ганаровае званьне доктара навук Калюмбійскага ўнівэрсытэту. У 1972 годзе прысвоены ганаровыя званьні доктара навук Уроцлаўскага нівэрсытэту і Унівэрсытэту Дэлі. У 1973 годзе атрымаў ганаровае званьне доктара навук Унівэрсытэту Лязаны. У 1977 годзе ганаровы доктар філязофіі Унівэрсытэта Турку.
Ганаровае сяброўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Акадэмік Акадэміі навук СССР (1939, сябар-карэспандэнт ад 1929 году).
- чалец Лёнданскага каралеўскага таварыства (1929).
- Францускае фізычнае таварыства (1931).
- Інстытут фізыкі, Ангельшчына (1934).
- Міжнародная акадэмія аэранаўтыкі (1964).
- Ганаровы сябра Маскоўскага таварыства натуралістаў (1935).
- Інстытут мэталаў, Ангельшчына (1943).
- Інстытут Франкліна (1944).
- Трыніці-каледж Кембрыджа (1925).
- Нью-Ёрцкая Акадэмія Навук (1946).
- Акадэмія Навук Індыі (1948).
- Каралеўская Ірляндзкая Акадэмія (1948).
- Нацыянальны інстытут навук Індыі (1957).
- Нямецкая акадэмія натуралістаў «Леапольдыяна» (1958).
- Міжнародная Акадэмія Гісторыі Навукі (1971).
- Інстытут фундамэнтальных дасьледаваньняў Тата, Мумбаі, Індыя (1977).
- Замежны сябра Каралеўскай Дацкай Акадэміі Навук (1946).
- Нацыянальная акадэмія навук ЗША (1956).
- Індыйская Нацыянальная Акадэмія Навук (1956).
- Польская Акадэмія Навук (1962).
- Каралеўская Швэдзкая Акадэмія Навук (1966).
- Амэрыканская Акадэмія Мастацтваў і Навук (1968).
- Каралеўская Галяндзкая Акадэмія Навук (1969).
- Акадэмія навук і мастацтваў Рэспублікі Сэрбскай (1971).
- Фінская Акадэмія Мастацтваў і Навук (1974).
- Ганаровы сябра Каледжу Чэрчыля ў Кембрыджы (1974).
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мэдаль Унівэрсытэту Льежа (1934).
- Медаль Фарадэя Інстытуту Інжэнэраў Электрычнасьці (1942).
- Мэдаль Франкліна Інстытуту Франкліна (1944).
- Залаты мэдаль Сэра Дэвапрасада Сарбадзікары, Унівэрсытэт Калькуты (1955).
- Залаты мэдаль Катэніюса Нямецкай Акадэміі натуралістаў «Леапольдыяна» (1959).
- Срэбны мэдаль Фрэдэрыка Жаліё-Кюры, Сусьветны Камітэт Міру (1959).
- Залаты Мэдаль Ламаносава Акадэміі Навук СССР (1959).
- Вялікі Залаты Мэдаль Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР (1962).
- Мэдаль за заслугі ў навуцы і перад чалавецтвам Акадэміі Навук Чэхаславаччыны (1964).
- Міжнародны мэдаль Нільса Бора (1964).
- Мэдаль Рэзэрфорда, Інстытут Фізыкі і фізычнае таварыства, Ангельшчына (1966).
- Залаты Мэдаль Камэрлінг-Онэса, Галяндзкае таварыства ахаладжэньня (1968).
- Мэмарыяльны Мэдаль Капэрніка Польскай Акадэміі Навук (1974).
- Дзяржаўная прэмія СССР (1941, 1943).
- Мэмарыяльная ўзнагарода Саймана, Інстытут Фізыкі і фізычнае таварыства, Ангельшчына (1973).
- Мэмарыяльны лектар Рутэрфорда; Мэмарыяльны лектар Бэрнала (Лёнданскае каралеўскае таварыства, 1976).
- Ордэн Леніна (1943, 1944, 1945, 1964, 1971, 1974).
- Герой Сацыялістычнай Працы (1945, 1974).
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР (1954).
- Ордэн Югаслаўскага Сьцягу са стужкай (1967).
Асабістае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1927 годзе ажаніўся з дачкой акадэміка Аляксея Крылова Ганнай Крыловай. У іх два сыны — Сяргей Капіца і Андрэй Капіца.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Kojevnikov A. Pyotr Leonidovich Kapitsa // Pyotr Leonidovich Kapitsa - SOVIET PHYSICIST — 2018.
- ^ This Month in Physics History - January 1938: Discovery of Superfluidity — Амерыканскае фізічнае таварыства, 2006.
- ^ Piotr Leonidovich Kapitza // Papers of Piotr Leonidovich Kapitza
- ^ Pyotr Kapitsa // Cambridge University - EDUCATIONAL INSTITUTION (анг.) — 2002.
- ^ Pyotr Kapitsa // Born in 1894 (анг.) — 2002.
- ^ Pyotr Leonidovich Kapitza // Pyotr Leonidovich Kapitza — 2009.
- ^ Yudina A. Pyotr Kapitsa // Prominent Russians: Pyotr Kapitsa — RT.
- ^ Гельтман Д. В. История неполучения заслуженной учёной степени: Документы о попытке присуждения Н.В. Тимофееву-Ресовскому учёной степени доктора биологических наук без защиты диссертации в 1957 г., The Story of Non-awarding of the Deserved Degree: Documents on the Attempt to Award a Doctor of Science Degree in Biology without Defense of a Thesis to N.V. Timofeyeff-Resovskii in 1957 (рас.) // Историко-биологические исследования — 2018. — Т. 10, вып. 3. — С. 89—108. — ISSN 2076-8176; 2500-1221 — doi:10.24411/2076-8176-2018-11968
- ^ http://czlonkowie.pan.pl/czlonkowie/sites/WynikiWyszukiwania.html?s=KAPICA,%20Piotr%20L.%20
- ^ Г. М. Голин 1981. С. 163.
- ^ Рэзэрфорд - настаўнік і навуковец = Резерфорд — ученый и учитель. — Москва: Наука, 1973. — С. 213. — 20 000 ас.
- ^ Пагуошское движение. История (рас.) Праверана 27 лістапада 2011 г. Архіўная копія ад 2012-02-03 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Г. М. Голин. Капица // Клясыкі фізычнай навукі: Кароткія творчыя партрэты = Классики физической науки: Краткие творческие портреты. — Мн.: Выш. школа, 1981. — 190 с. — 60 000 ас.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Pyotr Kapitsa — Biographical Nobel Media AB (анг.)
|
- Нарадзіліся 8 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1894 годзе
- Нарадзіліся ў Расейскай імпэрыі
- Памерлі 8 красавіка
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ў Маскве
- Пахаваныя на Новадзявочых могілках
- Выпускнікі Трыніці-коледжу (Кембрыдж)
- Выпускнікі Кембрыдзкага ўнівэрсытэту
- Акадэмікі Кембрыдзкага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Маскоўскага фізыка-тэхнічнага інстытуту
- Выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Дактары фізыка-матэматычных навук
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Узнагароджаныя мэдалём «У адзначэньне 100-годзьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Ільліча Леніна»
- Узнагароджаныя мэдалём «За абарону Масквы»
- Узнагароджаныя мэдалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя мэдалём «Ветэран Працы»
- Узнагароджаныя Вялікім залатым мэдалём імя М. В. Ламаносава
- Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі
- Удзельнікі Першай сусьветнай вайны
- Расейскія фізыкі
- Савецкія фізыкі
- Савецкія вынаходнікі
- Правадзейныя сябры АН СССР
- Сябры і сябры-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША
- Двойчы Героі Сацыялістычнай Працы
- Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі з СССР
- Памерлі ад інсульту