Перайсьці да зьместу

Міхал Казімер Агінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Taravyvan Adijene (гутаркі | унёсак) у 20:55, 10 сакавіка 2024. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Міхал Казімер Агінскі
Міхал Казімер Агінскі. С. Чаховіч, XVIII ст.
Міхал Казімер Агінскі. С. Чаховіч, XVIII ст.

Герб «Агінскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1730
Памёр 31 траўня 1800
Варшава
Пахаваны
Род Агінскія
Бацькі Юзэф Тадэвуш Агінскі
Ганна зь Вішнявецкіх
Жонка Аляксандра з Чартарыйскіх
Дзейнасьць дыплямат, кампазытар, энцыкляпэдыст, палітык
Рэгаліі
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла
Ордэн сьвятога Станіслава
Ордэн сьвятога Станіслава

Міхал Казімер Агінскі (1730[2] — 31 траўня 1800, Варшава) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[2] і Рэчы Паспалітай[3]; кампазытар, паэт і мэцэнат. Чашнік вялікі (17441748), генэрал-маёр войска Вялікага Княства Літоўскага і пісар польны (17481764), ваявода віленскі (17641768), гетман вялікі (17681793).

Быў старостам слонімскім. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1765)[4], Белага Арла, расейскіх Андрэя Першазваннага і Аляксандра Неўскага, прускага Чорнага Арла[5].

Міхал Казімер Агінскі — ініцыятар і фундатар будаваньня Агінскага канала.

Біяграфія

Паходжаньне і юнацтва

Прадстаўнік старэйшай княскай лініі роду Агінскіх: ягоны бацька, Юзэф, быў ваяводам троцкім; маці, Ганна, — з роду магнатаў Вішнявецкіх.

Рана страціў бацьку, спачатку гадаваўся пад апякунствам дзеда — гетмана Вішнявецкага, пазьней пад наглядам віцебскага ваяводы Марцыяна Міхала Агінскага, і, урэшце, канцлерам Міхалам Фрыдэрыкам Чартарыйскім. Вядома, што ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасьці да мастацтва. Пазьней талент Агінскага ўхваліць у сваіх мэмуарах францускі літаратар і энцыкляпэдыст Дэні Дыдро[3] і папросіць яго напісаць артыкул «Арфа» для францускай «Энцыкляпэдыі».

Дзяржаўная служба і эміграцыя

У 1744 атрымаў урад чашніка вялікага, у 1748 — пісара польнага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы ад Пінскага (1746[6]) і Старадубскага паветаў (1748[7]). У 17481764 быў генэрал-маёрам войска Вялікага Княства Літоўскага.

У 17541761 знаходзіўся ў Францыі, служыў у войску. Ажаніўся з дачкою канцлера вялікага літоўскага Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага Аляксандрай, атрымаў Слонімскую эканомію. Жыў у Пецярбургу, разглядаўся як адзін з кандыдатаў на сталец Рэчы Паспалітай.

Аляксандра з князёў Чартарыйскіх, жонка М. К. Агінскага

У 1764 атрымаў урад выяводы віленскага і стаў адным з кандыдатаў на сталец ад Расейскай імпэрыі. Быў сябрам Вайсковай Камісіі Вялікага Княства Літоўскага ў 1764. Браў удзел у Радамскай канфэдэрацыі (1767)[8].

У 1768 стаў вялікім гетманам літоўскім. У 1771 перайшоў на бок Барскай канфэдэрацыі, аднак пацярпеў паразу ад Суворава ў бітве пад Сталовічамі. Эміграваў, жыў у Вене і Парыжы. Тамака здабыў сабе вядомасьць як музыка.

Вяртаньне з эміграцыі. Жыцьцё ў Слоніме

У 1775 атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе заснаваў шэраг мануфактураў, друкарню, тэатар, капэлу, балетную школу[2] і знакаміты Агінскі канал, які злучаў басэйны Балтыйскага і Чорнага мораў. Праз палескія балоты намаганьнямі князя былі адноўленыя пракладзеныя раней два гасьцінцы, што злучылі Пінск са Слонімам і Валыньню. Адчыненая балетная школа мела назву «Дэпартамент балетных дзяцей», у якой акрамя танцаў вучылі чытаньню і пісьму дзяцей прыгонных сялянаў[3]. Для свайго тэатра гетман уласнаручна напісаў чатыры опэры.

У 1781 прызначаны намесьнікам Літоўскай правінцыі.

Паўторная эміграцыя і сьмерць

У 1782 зноў выехаў за мяжу, быў у Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, потым у Ангельшчыне. Прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць канфіскаваныя маёнткі ў Расейскай імпэрыі.

У часе Чатырохгадовага Сойму далучыўся да патрыятычных колаў. Аднак у 1791 перадаў амаль усе свае маёнткі далёкаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму з умовай, што той выплаціць ягоныя пазыкі, і адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці.

Сьмілавічы. Касьцёл і кляштар місіянэраў, фундаваныя М. К. Агінскім

Па скасаваньні Канстытуцыі 3 траўня адмовіўся ад гетманскай булавы, выехаў у Вену. Падчас паўстаньня Касьцюшкі знаходзіўся ў Вільні. У 1795 годзе прысягнуў на вернасьць Кацярыне II. Будучы цяжка хворым, па-ранейшаму займаўся музыкай і наладзіў сяброўства з Францам Ёзэфам Гайднам. У канцы 1795 пераехаў у Варшаву, дзе і памёр[2][9].

Творчасьць

Выявіў здольнасьці музыкі-віртуоза, аўтар палянэзаў, опэраў і песень на ўласныя вершы. Пад псэўданімам «Słonimski»[10] напісаў шэраг літаратурных твораў. Для ўласнага тэатру ў Слоніме напісаў опэры «Цыганы», «Елісейскія палі», «Сілы сьвету», «Становішча станаў». Выдатна выконваў на розных інструмэнтах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучасьнікаў атрымаў мянушку «гетман-клярнэт»[3].

Выдаў паэтычныя зборнікі «Кніжка ў вялікую актаву» (па-польску: Xiążka in Octavo majori; Львоў, 1781), «Гістарычныя і маральныя аповесьці» (па-польску: Powieści historyczne i moralne; Варшава, 1782), «Байкі і ня-байкі» (па-польску: Bayki i niebayki; Варшава, 1788).

Як мэцэнат Міхал Казімер зрабіў багатыя ахвяраваньні для кляштару і касьцёла ў Сьмілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту.

Галерэя

Памяць

Імя Міхала Казімера Агінскага носіць вуліца ў Слоніме.

Крыніцы

  1. ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 315.
  2. ^ а б в г Грыцкевіч А. Агінскі Міхал Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 201.
  3. ^ а б в г 275 год з дня нараджэння Міхала Казіміра Агінскага (1730-1800), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кампазітара, паэта, мецэната. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 31 сьнежня 2010 г.
  4. ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 177.
  5. ^ Męclewska М. Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705-2008. — Warszawa: Zamek Królewski, 2008. S. 185.
  6. ^ Dyaryusze sejmowe z wieku XVIII. T. II. Dyaryusz sejmu z r. 1746. Diaria comitiorum Poloniae saeculi. XVIII. — Warszawa: wydał Władysław Konopczyński, 1912. S. 241.
  7. ^ Dyaryusze sejmowe z wieku XVIII. T.I. Dyaryusz sejmu z r. 1748. Diaria comitiorum Poloniae saeculi XVIII i Diarium comitiorum anni 1748. — Warszawa: wydał Władysław Konopczyński, 1911. S. 304.
  8. ^ Korwin [Kossakowski] S. Trzeci Maj i Targowica. — Kraków, 1890. S. 226.
  9. ^ Грыцкевіч А. Агінскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 33—34.
  10. ^ Bentkowski F. Historya literatury polskiey: wystawiona w spisie dzieł drukiem ogłoszonych. Tom 1. — Warszawa, Wilno: 1814. S. 693.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі