Перайсці да зместу

26 японскіх мучанікаў з Нагасакі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік на месцы пакарання смерцю 26 японскіх мучанікаў, Нагасакі, Японія
Мучанікі з Нагасакі. Японская карціна XVII стагоддзе.

Дваццаць шэсць японскіх мучанікаў з Нагасакі (яп.: 日本二十六聖人, にっぽんにじゅうろくせいじん) — група святых Рымска-Каталіцкай Царквы, якія пацярпелі за вызнаванне хрысціянства і пакараных смерцю праз распяцце па загадзе Таётомі Хідэёсі 5 лютага 1597 года ў горадзе Нагасакі, Японія. Дзень памяці дваццаці шасці мучанікаў з Нагасакі адзначаецца ў Каталіцкай Царкве 6 лютага.

Гісторыя мучаніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая Царква развіла актыўную місіянерскую дзейнасць у Азіі пасля ўтварэння іспанскіх і партугальскіх калоній. У 1493 годзе Рымскі Папа Аляксандр VI падзяліў адкрытыя землі паміж Партугаліяй і Іспаніяй і даручыў місіянерскую дзейнасць розным манаскім ордэнам.

Пачынаючы з 1549 года, калі ў Японію прыбыў езуіт Францыск Ксаверый, каталіцтва стала паступова распаўсюджвацца на Японскім архіпелагу. Да канца XVI стагоддзя, калі ў Японіі ўзмацніўся палітычны рух пад кіраўніцтвам Таётомі Хідэёсі, там ужо было некалькі сот тысяч каталікоў.

Ганенні на каталікоў пачаліся ў 1587 годзе. Таётомі Хідэёсі выкарыстоўваў пераследы хрысціян як адказ на экспансію еўрапейскіх дзяржаў. Па загадзе Таётомі Хідэёсі былі арыштаваны 26 каталікоў, якія былі пакараны смерцю 5 лютага 1597 года. Арыштаваных хрысціян прывезлі ў горад Міяка, дзе па прысудзе ім павінны былі адсекчы вушы і насы, аднак, прысуд быў змякчаны і ім адрэзалі толькі частку левых вушэй. Затым іх правялі па вуліцах горада, каб іх выгляд прымусіў хрысціян адмовіцца ад веры. Іх пазбавілі жыцця адначасова, раскрыжаваўшы на крыжах. Спачатку іх прыкавалі да крыжоў на зямлі, якія потым уваткнулі ў зямлю ў рад на адлегласці некалькіх метраў адзін ад аднаго. Потым кожнага з іх пратыкнулі дзідай. Пасля пакарання смерцю іх адзенне і кроў былі сабраны мясцовымі каталікамі і іх сталі адразу ж шанаваць святымі, прыпісваючы ім шматлікія цуды.

Нягледзячы на масавыя пераследы каталікоў, еўрапейскія місіянеры, сярод якіх былі галандскія пратэстанты і члены Каталіцкай Царквы, працягвалі падпольна распаўсюджваць хрысціянства ў Японіі, што павялічыла колькасць японскіх мучанікаў у наступныя гады. У адказ на гэта еўрапейскія дзяржавы прадпрымалі розныя спробы паўплываць на гэту сітуацыю разнастайнымі спосабамі, што прывяло ў 1630-х гадах да ізаляцыйнай палітыкі японскіх уладаў. Пасля выправадж��ння еўрапейскіх місіянераў з Японіі ў 1620 годзе жыццё мясцовай Каталіцкай Царквы стала паступова згасаць. Да 1637 года японскае хрысціянства, раней актыўнае і шматлікае, амаль спыніла сваё існаванне, пакінуўшы пасля сябе толькі некалькі падпольных абшчын і ананімных хрысціян.