Перайсці да зместу

Юшка Гойцавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юшка Гойцавіч
Дата нараджэння XV стагоддзе
Дата смерці не раней за 1461 і не пазней за 1468
Грамадзянства
Жонка Ганна Даўгірдаўна[d]

Юшка Гойцавіч, або Юрый Гойцавіч (Georgius Goyczowicz, Юшко Кгоицевич, pan Juszko Golcewicz; XV ст. — пасля 1461 і да 1468) — літоўскі баярын, староста новагародскі (зг. 1461)[1].

Напэўна, паходзіў з літоўскага баярскага роду, магчыма, роднаснага Давойнам, бо знак пячаткі яго брата Івашкі на дакуменце 1433 года падобны да іх герба. Таксама вядомы брат Федзька Гойцавіч.[1][2]

Тым часам як брат Івашка быў прыхільнікам вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, паводле «Хронікі Быхаўца», пан Юшка браў удзел у Ашмянскай бітве (1432) на баку вялікага князя Свідрыгайлы і трапіў у палон. Напэўна, неўзабаве вялікі князь Жыгімонт прымірыўся з палонным.[3]

Вотчынныя ўладанні Гойцавічаў размяшчаліся, напэўна, у Новагародскім павеце. Пасля лета 1436 года атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта «двор» Рэпухаў у Віцебскай зямлі. У 1440—1443 гады загадам ваяводаў Даўгірда і Гаштольда атрымаў сёлы Сеніна Фядосеўскае Дажыравічы ў Слонімскім павеце[1][4], а таксама Гошчава[5], якое раней трымаў Гард. Таксама ў Слонімскім павеце трымаў Ласасін[2]. На думку Севярына Віславуха, у складзе Ласасінскага маёнтка былі мястэчка Ражана, «дварэц» Бялавічы і «сяльцо» Байковічы, якія пазней ўтваралі адзіны комплекс, гэта як факт даецца ў літаратуры[6]. Рацыя Віславуха пацвярджаецца адносна Бялавічаў, дзе ў 1460-я гады пан Юшка даў зямлю свайму слугу Андрыяну[7][8], але пра Ражану і Байковічы такіх звестак няма. Таксама пан Юшка з братам Івашкам трымалі Туганавічы[9][10].

Вызнаваў каталіцтва. Фундаваў 2 жніўня 1442 года касцёл у сваім сяле Крошыне Новагародскага павета[3], адным са сведкаў быў брат Федзька.[2]

У 1461 годзе склаў тастамент, якім сваю «выслугу на вялікім князю Жыгімонце» — «двор» Рэпухаў з «дварцом» Ваўкавічы, «дварцом» Мілотынню, даннікамі Капеньчычамі, даннікамі на Белай[11] і даннікамі Шырневічамі — запісаў жонцы.[12] Памёр да 1468 года.

Быў жанаты з Ганнай Даўгірдаўнай, дзяцей яны не мелі.[1][2] Пазней Ганна ўзяла другі шлюб з панам Іванам Іллінічам.

Зноскі

  1. а б в г Полехов 2015, с. 628.
  2. а б в г Пятраўскас 2014, с. 227.
  3. а б Полехов 2015, с. 629.
  4. LM. Kn. 3. — P. 19.
  5. LM. Kn. 3. — P. 58.
  6. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — С. 244. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  7. Wysłouch, Seweryn. Rozwój granic i terytorjum powiatu Kobryńskiego do połowy XVI wieku. — [s.n.] (Wilno : Zakłady Graficzne «Znicz»), 1930. — Odb.: Ateneum Wileńskie. R. 6 (1929), z. 3-4. — S. 1-2.
  8. РИБ Т. 27. — СПб, 1910. — Стб. 441, № 126.
  9. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — С. 291. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  10. РИБ Т. 20., кн. I. — № 82, Стб. 637-640 (20.10.1510) .
  11. 29. Гарадняны // Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях. — Мір: Музей «Замкавы комплекс „Мір“», 2015. — 374 с. — С. 228.
  12. Насевіч В. Л. У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на. — Мн., 1999. — С. 37-64, 70-73.
  • Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века (руск.). — М.: «Индрик», 2015. — С. 189. — 712 с., ил. — ISBN 978-5-91674-366-1.
  • Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / Перакл. з літоўск. А. Мікус; Навук. рэд. М. Макараў.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-006-2.
  • Рыбчонак С. Браты Гайцэвічы: нарыс да гісторыі эліты ВКЛ у сярэдзіне XV ст. // Герольд Litherland № 23, 2022. – С. 4–15;