Часлаў Пяткевіч
Часлаў Пяткевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 20 ліпеня 1856[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 кастрычніка 1936[1] (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Генрык Пяткевіч[d] |
Род дзейнасці | фалькларыст, этнолаг, тэхнік, этнограф |
Навуковая сфера | тэхніка[2] і этнаграфія[2] |
Часлаў Пяткевіч (20 ліпеня 1856, в. Бабчын, Хойніцкі раён — 10 кастрычніка 1936) — беларускі і польскі этнограф, фалькларыст. Брат Зянона Пяткевіча.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. Дзякуючы знаёмству з Казімірам Машынскім, з 1923 года ў Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства. З 1928 у этнаграфічнай камісіі АН у Кракаве.
Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер’і. У часопісе «Ziemia» («Зямля») змясціў артыкулы і нарысы «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя» (1926), «Хойнікі» і «Палессе ў канцы XIX стагоддзя. Пажары ў барах і на балотах» (1927), «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (1930), «Вялікдзень на Беларусі» (1932); у часопісе «Pamietnik Warszawskiі» («Варшаўскі дзённік») — «Мёртвыя ў вераваннях беларусаў» (1931); у часопісе «Wiadomosci ludoznawcze» («Этнаграфічныя звесткі») — «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (1933). У першай грунтоўнай манаграфіі «Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура» (Кракаў, 1928) падрабязна расказаў пра розныя заняткі палескіх сялян: збіральніцтва, бортніцтва, пастухоўства і жывёлагадоўлю, земляробства і агародніцтва, нарыхтоўку прадуктаў харчавання; даў дэталёвае апісанне рамёстваў і шматлікіх прафесійных прылад працы, ілюструючы ўласнымі малюнкамі: бондарства, стальмахоўства, будаўніцтва, апрацоўка валакна, скуры, воску, металаапрацоўка.
У манаграфіі «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы» (Варшава, 1938) з вычарпальнай паўнатой паказаў разнастайныя сферы духоўнага жыцця палешукоў: іх арыентацыю ў прасторы і часе, народныя веды пра нябесныя свяцілы, прадказанні надвор’я паводле разнастайных аб’ектаў навакольнай прыроды, старажытныя ўяўленні пра прыродныя стыхіі, раслінны і жывёльны свет; даў звесткі па нар. медыцыне і ветэрынарыі; раскрыў свет хрысціянскіх і язычніцкіх вераванняў; даў характарыстыку нар. музыцы і нар. інструментам і інш. Тэкст кнігі насычаны шматлікімі нар. апавяданнямі, легендамі, трапнымі выразамі. Асобны раздзел складаюць прыказкі і інш. вобразныя гутарковыя звароты (выслоўі, пажаданні, тосты, вітанні, падзяка, просьбы, адмовы, нараканні, выклічнікі, лаянка, каламбуры, праклёны, мянушкі, гукаперайманні і інш.), а таксама загадкі. Ад рукапісу 3-й кнігі «Грамадская культура Рэчыцкага Палесся», якая загінула ў час 2-й сусветнай вайны, захаваліся толькі апошнія раздзелы, дзе расказваецца пра кірмашы, карчму, этычныя ��спекты жыцця палешукоў. Падрыхтаваў да друку і дапоўніў уласнымі матэрыяламі і каментарыямі 4-ы том «Люду беларускага» М. Федароўскага (Варшава, 1935). Яго працам характэрны дакладнасць, вычарпальная інфарматыўнасць у галіне народнага побыту і культуры Палесся, дасканалае адчуванне і перадача гутарковай мовы, жывасць выкладання матэрыялу. Скіраваў на вывучэнне Палесся К. Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі «Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы…» (1928), узбагаціў яе сваімі этнаграфічнымі і фальклорнымі матэрыяламі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мн., 2004.
- Саламевіч І. У. Пяткевіч Часлаў Генрыхавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 610—611. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.