Трасціно
Вёска
Трасціно
| ||||||||||||||||||||||||
Трасціно́[1][2] (трансліт.: Trascino, руск.: Тростино) — вёска ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі Адміністрацыйны цэнтр Трасцінскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 10 км на паўночны захад ад Хоцімска[2], за 217 км ад Магілёва[2], за 47 км ад чыгуначнай станцыі Камунары[2] (лінія Клімавічы—Сураж), на аўтамабільнай дарозе Р139 Клімавічы — Хоцімск, пры сутоцы ракі Трасцінкі з Мужычком.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя вёскі была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчаць каля 100 крывіцкіх курганоў ва ўрочышчы Мясцішча на беразе Трасцінкі, якія былі выяўлены і раскапаны сялянамі ў 1910—1911 гадах. Курганы адносяцца да XІ—XІV стагоддзяў[3].
Па летапісных крыніцах паселішча вядома з 1662 года[3] ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, калі яно была перададзена вайскоўцу гусарскай харугвы Габрыэлю Керсноўскаму[4]. У 1762 годзе згадваецца як сяло, шляхецкая ўласнасць у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, меўся шынок[5].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Трасціно апынулася ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Згодна з эканамічным апісаннем 1784 года, сяло было агульным уладаннем «Антона Станіслава — сына Ланы і жонкі яго Хрысціны Ігнацьевай, дачкі Іосіфа Станіславава, і дзяцей яго: Ягнація, Яфіма, Езафата, Іосіфа», налічвалася 1623 дзесяціны зямлі[3]. У 1811 годзе — ўладанне памешчыка. Сяляне ў чэрвені 1861 года адмовіліся адбываць памешчыцкую павіннасць[5].
У 1885 годзе — сяло ў Хоцімскай воласці Клімавіцкага павета, дзейнічала царква. Частка вяскоўцаў займалася адыходным промыслам. Па выніках перапісу 1897 года, побач з сялом існаваў аднайменны фальварак Гумінскіх[4] (450 дзесяцін зямлі) і фальварак Маркаўка (1 двор, 7 жыхароў). У 1896 годзе ў вёсцы адкрылася школа, для якой у 1906 годзе было ўзведзена памяшканне. У 1905 годзе ў ёй навучаліся 46 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.
У 1919 годзе вёска ўвайшла ў склад Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. 1 мая 1919 года была арганізавана гаспадарка «Разальмова», куды ўвайшла вёска Трасціно. У гаспадарцы былі 4 кані, 6 кароў, 10 свіней, 25 гектараў саду[6]. У снежні 1921 года замест дарэвалюцыйнай адкрыліся працоўная пачатковая школа і хата-чытальня.
У выніку першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Трасціно апынулася ў Хоцімскім раёне Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці БССР, дзе 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Новы шлях», які аб’ядноўваў 96 гаспадарак. У 1930 годзе для школы было пабудавана новае памяшканне.
З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Трасціно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У памяць аб 117 вяскоўцах, якія загінулі ў часе вайны, у 1967 годзе быў пастаўлены помнік.
У 1962—1966 гадах Хоцімскі раён і Трасцінскі сельсавет былі скасаваны, і вёска была перададзена Забяльшынскаму сельсавету Клімавіцкага раёна. У 1966 годзе вёска была вернута ў склад Хоцімскага раёна, а ў 1971 годзе — адноўленага Трасцінскага сельсавета.
У 1975 годзе ў склад Трасціна ўвайшлі вёскі Зарэчча 1 і Зарэчча 2, а таксама Азёрная (былая вёска Мужычок)[5].
Па звестках канца 1980-х гадоў, вёска з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Трасціно» (утвораны ў 1965 годзе), працавалі аддзяленні банка і сувязі, бібліятэка, гандлёвы цэнтр, дзіцячы сад, клуб, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, сярэдняя школа і фельчарска-акушэрскі пункт[5].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1784 год — 30 двароў, 232 жыхары.
- XIX стагоддзе: 1811 год — 39 двароў, 133 жыхары мужчынскага полу; 1885 год — 35 двароў, 259 жыхароў; 1892 год — 30 двароў, 324 жыхары[4]; 1897 год — 1 двор, 4 жыхары ў фальварку Трасціно.
- XX стагоддзе 1909 год — 47 двароў, 390 жыхароў у вёсцы, 2 двары, 13 жыхароў у фальварку; 1986 год — 249 двароў, 678 жыхароў.
- XXI стагоддзе: 2002 год — 258 двароў, 686 жыхароў[2]; 2007 год — 250 дароў, 607 жыхароў; 2009 год — 540 жыхароў[7]; 2016 год — 520 жыхароў.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы працуюць аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, праваслаўная царква і сярэдняя школа[2].
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Трасціно забудоўваецца паводле плана, распрацаванага «Магілёўграмадзянпраектам» у 1981 годзе. Рэкі падзяляюць вёску на дзве часткі. У забудове пераважаюць традыцыйныя драўляныя сялянскія хаты. Новыя вуліцы, размешчаныя на поўначы і паўночным захадзе, забудаваны аднакватэрнымі і шматкватэрнымі цаглянымі дамамі. На захадзе і поўдні — вытворчыя будынкі[5].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Свята-Мікалаеўская царква (2-я палова XIX стагоддзя, дзейнічае).
- Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну[2].
Вядомыя ўраджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Ерафей Васілевіч Касценіч (1854—1905) — урач і вучоны ў галіне афтальмалогіі, доктар медыцыны, прафесар.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б в г д е ё БелЭн 2002.
- ↑ а б в Казакова І. В. Фальклорная спадчына Магілёўшчыны: Хоцімскі раён / І. В. Казакова, Белдзяржуніверсітэт. — 2-е выд, дап. — Мінск : Паркус плюс, 2012. — С. 96—98. — 180 с. [іл.] — ISBN 9785985590192-6-5.
- ↑ а б в Trostyń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. — S. 511.
- ↑ а б в г д ГВБ 2009, с. 219—220.
- ↑ Дар’я Корнева.. 93-гадовая жыхарка Трасціно ўпэўнена — толькі працаваітасць уратуе свет . Хоцімская раённая газета «Шлях Кастрычніка» (23 ліпеня 2019). Праверана 23 ліпеня 2020.
- ↑ Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2018. Праверана 23 ліпеня 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Трасціно́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 518. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 219—220. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0452-5.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 31. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)
- Ліст карты N-36-089. Выданне 1989 года. Стан мясцовасці на 1984 год. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Трасціно