Сымон Раманчук
Сымон Раманчук | |
---|---|
Род дзейнасці | ваенны тэарэтык, грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 1916 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1951 |
Месца смерці |
Сымон Раманчук (1916—1951(?)) — беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, педагог. Афіцэр БКА, дэсантнік беларускага батальёна «Дальвіц».[1]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1916 г. у в. Баяры Слуцкага павета Мінскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер — Нясвіжскі раён Мінскай вобласці). У 1930-я гг. скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, паступіў у польскую школу падхарунжых.
У Другую сусветную вайну у верасні 1939 г. ваяваў супраць немцаў у складзе Войска Польскага. З 1940 г. знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, акупаванай саветамі і ў родных мясцінах хаваўся ад НКУС, ездзіў у Львоў. У часы нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі Нясвіжа. У сакавіку 1944 г. стаў старшым лейтэнантам Беларускай Краёвай Абароны, узначальваў персанальнае бюро пры Галоўным кіраўніцтве БКА. З 1944 знаходзіцца ў Германіі, далучаецца да беларускага батальёну «Дальвіц», у складзе якога ў 1945 годзе дэсантуецца на тэрыторыі Беларусі (па іншай версіі летам 1944-га не выязджаў з Беларусі).
У 1945 быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі і зняволены ў мінскай турме МДБ. Паводле ўспамінаў афіцэра БКА Уладзіміра Сіўко, Сымон Раманчук у лютым 1946 г. няўдала прабаваў уцячы з турмы, пасля чаго быў страшна катаваны і прабаваў скончыць жыццё самагубствам:
«Ён і былы савецкі партызан Кавалёў, калі іх вялі ў лазню, аглушылі ахоўніка і пераскочылі праз сцяну. Ад пагоні ўцекачы схаваліся ў руінах, але сабакі знайшлі іх след. Р. з сябрам адбіваліся ад энкавэдыстаў цэглай і каменнем…».
Асуджаны на 10 гадоў савецкіх канцлагераў. Этапаваны ў Інцінскі (потым Мінеральны) канцлагер МДБ Архангельскай вобласці і Комі АССР (Інта) — спачатку знаходзіўся разам з крымінальнымі вязнямі, а потым быў далучаны да палітычных. У «Мінлагу» пазнаёміўся і сябраваў з Ларысай Геніюш, якая потым пра яго пісала ў сваёй «Споведзі»:
«Наш светлы герой, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму і жыў толькі для яе і ёю».
У 1949 г. далучыўся да кіраўніцтва падпольнай шматнацыянальнай арганізацыі (беларусы, палякі і расейцы) у «Мінлагу», якая рыхтавала паўстанне вязняў. У 1950 г. у выніку здрады ўсё кіраўніцтва падполля было арыштаванае.
Паводле некаторых звестак Сымон Раманчук быў асуджаны і расстраляны на Інце 1951 годзе.
Зноскі
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993; Клімовіч Р. Паўстанне духу // ЛіМ. 1995. 2 чэрв.;
- Палескі А. [Ёрш С.] За ідэалы 25 сакавіка беларусы змагаліся й у савецкіх канцлагерах // Голас камбатанта. 2001. № 1.
- Раманчук Сымон // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.
- Успаміны Пётры Рашэтніка (архіў Сяргея Ярша).