Перайсці да зместу

Расціслаў Глебавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расціслаў
князь полацкі
1151 — 1159
Папярэднік Рагвалод Барысавіч
Пераемнік Рагвалод Барысавіч
князь менскі
 — 1151
1159 — 1161/1162
Папярэднік Валадар Глебавіч
Пераемнік Валадар Глебавіч

Нараджэнне 1090-я
Смерць 1161/1162
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Глеб Усяславіч
Маці Анастасія Яраполкаўна
Жонка Сафія Яраслаўна[d]
Дзеці Глеб Расціславіч
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Расціслаў Глебавіч (1090-я — пасля 1161/1162) — князь менскі (да 1151; 1159 — пасля 1161/1162), князь полацкі (1151—1158). Змагаўся за дамінаванне ў Полацкай зямлі.

Старэйшы сын менскага князя Глеба Усяславіча і ўладзімірскай княжны Анастасіі Яраполкаўны.

У літаратуры сустракаецца сцвярджэнне, што Расціслаў сеў на стальцы ў Менску ў 1140-я гады[1], часам сустракаецца і дакладная дата — 1146 год, але крыніцы двух гэтых сцвярджэнняў не ясныя.

Імаверна, упершыню згаданы Іпацеўскім летапісам ускосна пад 1151 годам як «Глебавіч», якога палачане ўзялі сабе князем з Менску, куды адвезлі здрадніцкі схопленага полацкага князя Рагвалода-Васіля і дзе Глебавічы трымалі таго ў «вялікай нужы».[1] Імаверна, як старэйшы з братоў, да 1151 года Расціслаў быў менскім князем, а ў 1151 годзе заняў полацкі сталец замест зняволенага Рагвалода-Васіля, а ў Менску сеў Расціславаў брат Валадар. Менавіта як полацкі і менскі князі згаданы Расціслаў і Валадар у падзеях 1159 года.

У 1154 годзе Расціславава пляменніца Сафія Валадараўна заручылася, а ў 1157 годзе выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара I, магчыма, гэта было праявай нейкага пагаднення Расціслава з Даніяй.

У 1158 годзе Глебавічы былі вымушаны вызваліць Рагвалода-Васіля, які неўзабаве ў 1159 годзе захапіў Друцк і выгнаў адтуль сына Расціслава — Глеба. Расціслаў з Валадаром і Усеваладам пайшоў да Друцка, але не здолелі ўзяць горад[1]. Глебавічы заключылі мір з Рагалодам-Васілём, цалавалі з ім крыж і дадалі воласці. Аднак, неўзабаве ў 1159 годзе палачане змовіліся супраць Расціслава, нават хацелі забіць, але яго папярэдзіў «дзецкі» — малодшы дружыннік. Расціслаў вымушана пайшоў з Полацка ў Менск да брата Валадара[1], дарогай моцна парабаваў полацкія воласці. Полацкі сталец зноў, 8 ліпеня 1159 года заняў Рагвалод-Васіль, які ў саюзе з смаленскімі князямі выступіў супраць Менска. Рагвалод-Васіль забраў у Глебавічаў Ізяслаўль і аддаў яго сваім саюзнікам — сынам Давыда Усяславіча, пратрымаў у 10-дзённай безвыніковай аблозе Менск і заключыў з Расціславам мір. Валадар не заключаў міру з Рагвалодам-Васілём, бо тым часам быў недзе на літоўскім памежжы (ходяше под Литвою в лесех).

Затым, у 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль, захапілі Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу, і пасадзілі іх у менскую турму. Таму ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль зноў пайшоў да Менска — Давыдавічаў вызвалілі і вярнулі ім Ізяслаўль.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль з нейкіх прычын зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. Імаверна, неўзабаве Расціслаў памёр, а менскім князем зноў стаў Валадар.

Жанаты быў з Сафіяй Яраслаўнай, сястрой тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Вядомы прынамсі адзін яго сын — Глеб, князь друцкі да 1159 года.

  1. а б в г Алексеев 2014, p. 687.
  • Алексеев Л. В. Ростислав Глебович // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975;
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, — 260 с.