Міхалка Петрукоў
Міхалка Петрукоў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Івенецкі, Петручкоў, М.Петручкоў, Пятрукоў, М.Пятрукоў, Міхалка Пятрукоў, Пятручкоў, М.Пятручкоў, Сын Петрука, Сын Петручка, Сын Пятрука, П.М., М.П., П-к, П-кой, П-коў, П-ў і інш. |
Дата нараджэння | 1880 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1947 |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, публіцыст |
Міхалка Петрукоў (Міхаіл Пятровіч Лотыш; 1880, Івянец — 1947) — беларускі пісьменнік, публіцыст.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Працаваў рабочым у Ракаве і Радашковічах, пісарам у Валожыне, Стоўбцах, Івянцы, настаўнікам у ваколіцах Івянца і ў Ашмянах. У 1909 змясціў у газеце «Наша ніва» першы допіс, а ў 1910 першы мастацкі твор. У 1911 стварыў у Івянцы тэатральны гурток. Быў знаёмы з Ядвігіным Ш. Спрабаваў застацца на працы ў рэдакцыі «Нашай нівы», але знайшоў выгаднейшае месца настаўніка ў Валожыне. А.Уласаў прапанаваў заработак 25 рублёў, настаўнік атрымліваў 20 рублёў з кватэрай і харчамі за казённы кошт. Тады ўжо меў сям’ю. У 1914 прызваны ў армію, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай вайны, падтрымліваў камуністаў. Сваякі адцураліся яго, лічылі сябе палякамі. Памёр ад цяжкай хваробы. Месца пахавання невядомае.
Пасля смерці яго жонка з дачкой Гражынай і сынам Міхасём пераехалі ў Польшчу, а старэйшы сын Альгерд працаваў інжынерам-геадэзістам у сістэме геадэзіі і картаграфіі СССР.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар апавяданняў «З муляркі», «Прарок», «Брыдкі сон». Друкаваўся да 1914 года. Асуджаў з’явы карупцыі, паразітызму, самаўладства чыноўнікаў. Выкрываў п’янства, народную цемру. З сімпатыяй паказваў працоўны народ. Выкарыстоўваў традыцыі фальклору. Магчыма, аўтар казкі «Вяселле і сон» (1922). Перакладаў з рускай мовы.
Пісаў пра адкрыццё ў Івянцы невялікага хаўруснага банка, куды прымаліся сялянскія ўклады пад 7-10 працэнтаў гадавых, пад залог выдаваліся пазыкі да 100 рублёў. Яго крытычныя лісты прыводзілі да станоўчых вынікаў: у 1910 годзе ён напісаў што ўлады не прымаюць мер для прафілактыкі халеры, тут жа пахваліў медыкаў. Была створана спецыяльная камісія, каб даць аправяржэнне, але выявіліся і іншыя недахопы. Заўважыў, што ў вёсцы Скіпароўцы каля паўтары сотні дамоў, а няма ніводнага пісьменнага чалавека, жыхары прапіваюць апошнія грошы на кірмашы, вяртаюцца пабітыя, а часам і без каня. У Івянцы ўсяго тры вучылішчы — 4-х класнае гарадское, народнае і пачатковае, а шынкоў легальных і патайных каля паўсотні.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. А. Варвашэвіч, Т. Махнач. ПЕТРУКОЎ МІХАЛКА // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мінск, 1995. — Т. 5. — С. 18-19
- Міхалка Петрукоў — нашанівец з Івянца / Ігар Солтан // Роднае слова — 2014. ― № 8. ― С. 88―90