Перайсці да зместу

Маяк (гара, Пастаўскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вышыня 240,5 м
Размяшчэнне Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Каардынаты 55°06′50″ пн. ш. 26°17′25″ у. д.HGЯO
Маяк (Беларусь)
Маяк
Маяк

Гара Маяк — узгорак у Беларусі, размешчаны каля дарогі Казнадзеюшкі — Каптаруны за 0,2 км на ўсход ад вёскі Рынкяны Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Гара Маяк з’яўляецца вышэйшай кропкай Пастаўскага раёна і Свянцянскіх градаў на тэрыторыі Беларусі.

Абсалютная вышыня гары Маяк складае 240,5 метраў над узроўнем мора, адносная вышыня складе 15-25 метраў. Спадзістасць схілаў дасягае 20 %. Гара выцягнута з поўначы на поўдзень на 250 метраў пры шырыні 200 метраў і мае плошчу 13,0 га. Абвод — 1,5 кіламетра. Паверхня ўзгорка няроўная: неглыбокімі вузкімі лагчынамі ён падзелены на тры адасобленыя часткі. Складзена гэта форма рэльефу канцова-марэннымі адкладамі з марэнных суглінкаў з галькай і жвірам. На вяршыні і па схілах сустракаецца шмат невялікіх валуноў. Гара Маяк утварылася ў выніку дзейнасці паазёрскага ледавіка 17-20 тысяч гадоў таму шляхам выціскання і пераадкладання горных парод каля краю актыўнай лядовай масы.