Перайсці да зместу

Легенда аб Палемоне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Легенда пра Палемона — легенда пра рымскае паходжанне літоўскай арыстакратыі.

На думку Мікалая Улашчыка, першую легенду такога зместу стварыў польскі храніст Ян Длугаш пасля 1387 года. Спачатку Длугаш канстатаваў, што не здолеў знайсці крыніц пра паходжанне літоўцаў, адкуль і як яны прыйшлі ў мясціны, дзе жывуць у яго час. Далей Длугаш разважае, што зыходзячы з мовы, пахавальных звычаяў (спалення памерлых) і іншага, на яго думку, літоўцы паходзяць калі не ўласна ад лацінаў, то ад адной з іх галін. Затым Длугаш сцвярджае, што ў часы войнаў Марыя з Сулам, а потым Цэзара з Пампеем, частка жыхароў Італіі перасялілася ў паўночную краіну, назвала яе таксама Італіяй, але праз асаблівасці італійскага маўленне чулася «Літалія», а палякі і русіны ўжо перарабілі на «Літву». Паводле Длугаша, праз пэўны час перасяленцы заснавалі сталіцу і назвалі яе ад імя князя Вілі — Вільняй, ад яго ж імя названы і рэкі на якіх стаяў горад — Вілія і Вільня. Выклаў свае думкі Длугаш няпэўна, як перасяленцы дабраліся да новага месца, колькі іх было, дзе пасяліліся спачатку і як потым рассяляліся ён не апісаў.[1]

Агулам паданне называюць «легендарнай часткай беларуска-літоўскага летапісання», напэўна, яно спачатку было самастойным творам або творамі, якія пазней увайшлі ў зводы і зборнікі. Вядома дзве версіі. Першая — пра ўцёкі рымскай арыстакратыі ў 18 годзе ад імператара Нерона, яна змешчана ў спісах Археалагічнага таварыства (фрагмент без пачатку), Красінскага, Рачынскага, Альшэўскім, Румянцаўскім, Еўраінаўскім, Хроніцы Быхаўца і Хроніцы літоўскай і жамойцкай. Пазней Мацей Стрыйкоўскі паправіў год уцёкаў на 54, бо ведаў слушны час імператарства Нерона. Таксама ў Мацея Стрыйкоўскага былі зборнікі з другой версіяй падання — рымская арыстакратыя ўцякала ад лютасці Атылы ў 401 годзе. Да цяперашняга часу зборнікі з толькі другой версіяй не захаваліся, але яна ўвайшла ў склад Хронікі Быхаўца і Хронікі літоўскай і жамойцкай побач першай версіі. Шэраг беларуска-літоўскіх зводаў, напрыклад, Слуцкі і Супрасльскі, не змяшчаюць легендарнай часткі наогул.

Паўторана паданне ў варыянтах выкладалася іншымі аўтарамі, напрыклад, Міхалонам Літвінам.

Паводле падання, 500 сем’яў рымскай знаці ўцяклі марскім шляхам ад жорсткасці імператара Нерона ў 18 годзе (у праўцы Стрыйкоўскага ў 54 годзе) або ад лютасці Атылы ў 401 годзе (у версіі Хронікі Быхаўца, калі ў 452 годзе Атыла аблажыў Аквілею). Уцекачы пасяліліся на берагах Нёмана, на чале іх быў родзіч Нерона Палемон—Публій Лібон, а яго сын Кунас (эпанім Каўнаса) заснаваў дынастыю літоўскіх князёў, да якой належаў і Міндоўг. Назва «Літва» ў паданні выводзіцца ад лацінскага lituus -- «труба, ваенны сігнальны ражок».

Навуковае абгрунтаванне непраўдападобнасці легенды выклаў Мікалай Улашчык. Мяркуецца, што легенда, як і наогул большасць легенд, мусіла служыць новым грамадска-палітычным мэтам літоўскай арыстакратыі, якія аформіліся ў пачатку 16 ст., а таксама сведчыла пра патрэбу этнічнага самавызначэння літоўцаў. Наяўнасць рымскіх продкаў узносіла літоўцаў над іншымі народамі, служыла іх нацыянальнаму гонару. Апроч таго, паводле легенды літоўцы выводзілі радавод ад каталіцкага Захаду і не мелі нічога супольнага з Усходам (Руссю).[2] З іншага боку, у часы імператара Нерона рымляне яшчэ не былі хрысціянамі, і ў летапісах нашчадкі Палемона апісваюцца як паганцы ажно да 1387 году. Паводле іншага меркавання, легенда служыла не ўзвышэнню літоўцаў, а інтэграцыі ўсёй вялікалітоўскай шляхты ў адзіны палітычны народ.[3]

Магчымыя крыніцы

[правіць | правіць зыходнік]

На падставе параўнання тэкстаў выказвалася меркаванне, што адной з літаратурных крыніц легендарнай часткі Хронікі ВКЛ магла паслужыць польская версія рамана «Александрыя»[4].

Зноскі

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 52.
  • Латышонак, А. Палямон. Коды легенды // Наша ніва. — 2006. — № 1 (6 студзеня). — С. 30—36.
  • Латышонак, А. Палямон. Коды легенды // Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — С. 65—72.
  • Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания (руск.) / Отв. ред. В. И. Буганов; Академия наук СССР, Ин-т истории СССР. — М.: Наука, 1985. — 259 с.