Перайсці да зместу

Казіс Сая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з К. Сая)
Казіс Сая
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 чэрвеня 1932(1932-06-27) (92 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці палітык, пісьменнік
Мова твораў літоўская мова

Казіс Сая (літ.: Kazys Saja, 27 чэрвеня 1932, вёска Скерай, недалёка ад Пасваліса) — літоўскі празаік, драматург-наватар, публіцыст.

Нарадзіўся ў вёсцы Скерай недалёка ад Пасваліса. Дзяцінства было цяжкае, гаротнае. Бацька рана памёр ад сухотаў, за ім — два старэйшыя браты, а потым і маці. Хлопчык застаўся круглым сіратой. «Сам я быў ні жывы ні мёртвы» (К. Сая). Пасля пахавання маці (1939) дзядька забірае яго да сябе ў Коўна, дзе Казюкас скончыць першы клас пачатковай школы. Потым прыйшлі Саветы, пачалася вайна. Было не да заняткаў. Гадаваўся ў сваякоў па вёсках. Пасля школы скончыў Клайпедскі сельскагаспадарчы тэхнікум, потым аддзяленне прыроды і геаграфіі мясцовага настаўніцкага інстытута (1954). Замілаванне да роднага слова прыводзіць яго на факультэт літуаністыкі Віленскага педінстытута, які скончыў у 1958 годзе.

Літаратурную дзейнасць распачаў драматычнымі творамі — побытавымі камедыямі «Заклад» (1954), «Усё з-за добрага сэрца» (1956), «Сільва-студэнт» (1957). Для паказу калгаснага жыцця смела і шырока выкарыстоўвае сродкі сатыры. У камедыі «Сем казіных шкураў» (1957) крытыкуецца тагачасны стыль кіравання калгасамі, бюракратызм, няўвага да патрэбаў людзей, хлусня, прыпіскі. Дыялогі вызначаюцца сакавітай мовай, народным гумарам, вострымі рэплікамі. У камедыі «Пеўневы шпоры» (1964) сатыра спалучаецца з лірычным камізмам, уводзяцца дэтэктыўна-прыгодніцкія элементы. П’есы напісаны ў стылі побытавага рэалізму. Паводле кампазіцыі нагадваюць хутчэй празаічнае апавяданне, хроніку. У 1957 годзе выйшаў першы зборнік п’есаў — «Камедыі», за ім — «Жанчына ідзе праз дождж» (1962), «Дзве п’есы» (1965), «Страх і дзве мышы» (1966), «Малыя п’есы» (1968), «Абстынент» (1970), «Аблава на парсюкоў; Джынсы» (1973) ды іншыя. У 1958 годзе дэбютуе ў прозе зборнікам апавяданняў «Клумпы» ў сваёй улюбёнай гумарыстычнай манеры. Гумар ягоны — лірычны і мяккі. Крытыка адзначала самабытнасць тэмы і пісьменніцкага почырку, высокую літаратурную культуру і добры пісьменніцкі густ. Працяг гэтага ж кірунку — кнігі прозы «Юргіс на страсе, у Паланзе ды ў іншых месцах» (1963), «Лекі ад вяснянак» (1963) ды іншыя. З пахатку 60-х гадоў звяртаецца да жанру драмы, даследуючы «дыялектыку душы», складаныя маральна-псіхалагічныя канфлікты. У «Першай драме» (1962) выкрываецца дэмагогія, мяшчанства ў жыцці і творчасці. У п’есе «Непакой» (1963) — праблема бацькоў і дзяцей. Неабходнасць актыўнай пазіцыі ў жыцці, змагання са злом сцвярджаецца ў драме «Сонца і слуп» (1964). І тут К. Сая знаходзіць новыя сродкі ды формы выяўлення. Драмам у ласціва дэцэнтралізаваная пабудова сюжэту, калі сцэнічнае дзянне «не канцэтруецца ў адным драматычным вузле, але мае некалькі паралельных лініяў, без нейкіх абмежаванняў прыцягвае ў сваю арбіту сцэны, якія служаць толькі ілюстрацыйным фонам» (В. Кубілюс). Драма ў К. Саі заканчваецца звычайна не традыцыйнай кульмінацыяй, а знойдзеным выйсцем з псіхалагічнага крызісу. Неўзабаве драматург пераходзіць ад побытавага рэалізму да ўмоўных формаў, своеасабліва іх дапаўняючы і развіваючы. У трагікамедыі «Яго эксэленцыя Вабалас» (1965) лёс «малога чалавека» малюецца сродкамі фарсу. Асабліва паказальны трыпціх аднаактавых п’есаў-прытчаў — «Маньяк» (1965), «Прамоўца» (1967) і «Прарок Іона» (1967). Сюжэт будуецца парабалічна парадаксальныя сітуацыі маюць сваю сімволіку. «Паляванне на мамантаў» (1969) — п’еса-гратэск, вытрыманая ў прынцыпах прытчы, сцэнічнае дзеянне развіваецца паводле канонаў карнавальнага гульбішча. У «Святым возеры» (1970) ёсць злучэнне элементаў парабалы, алегорыі, гратэска з традыцыйнымі сродкамі. Наватарскае вырашэнне праблемы сустракаем у п’есах «Паліглот» (1970), «Абстынент» (1971), «Крапіўны ядваб» (1972), «Зрудзелая вада» (1981), «Абмен душамі» (1984). Іх героі пераносяцца з будзёншчыны ў экстрэмальныя ўмовы. Над імі ставіцца маральны эксперымент, каб вявіць паводзіны. Мы бачым іх стадныя інтстынкты, шаленства і раз’юшанасць, масавы псіхоз. У 1972 годзе К. Саі прысуджана прэмія Літвы за аповесць для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1971). У 1982 годзе твор гэты выйшаў і ў нашай рэспубліцы ў перакладзе Алеся Разанава. Дзецям прысвечаны таксама кнігі «Пасля таго, як сталі дрэвамі» (1967), «За патайнымі дзвярыма» (1978), «Варажба на яблычных зярнятах» (1985), «Казка пра двух каралёў» (1981). У 70-я годы звяртаецца да прынцыпаў драматургіі Б. Брэхта, смела і творча іх развівае. Як і ў рамане, дзеянне можа адбывацца ў розных месцах і ў розны час. Сваю пазіцыю аўтар выказвае ў рэмарках. Фабула разгалінаваная, яе звязвае музычны пачатак. Натуральным працягам дыялогаў служаць гумарыстычныя песні ды прыпеўкі. Гэта мы бачым у п’есах «Клеменс» («Год быка», 1974), «Драўляныя галубы» (1977), «Полымная груша» (1980). Літоўская народная камедыя — прыпавесць «Клеменс» мела вялікі поспех і ў беларускага гледача. Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа спачатку паказаў яе на фестывалі тэатраў Літвы (1982), а потым і ў Мінску (1983). У 80-я гады ў свет выйшлі новыя кнігі твораў: «Дзень дурня» (1981), «Блуканне» (1982), «Апанаваны д’яблам і іншыя» (1983), «Скажу як сябру» (1986). У 1995 годзе надрукавана кніга «Можа, з расою знойдзеш». «Гэта першая кніга, пры напісанні якой думаў, што яна будзе апошняя» (К. Сая). Таму аўтару хочацца тут «выспавядаць грахі», каб чытач адпусціў іх. Кніга складаецца з трох частак і змяшчае аўтабіяграфічныя апавяданні, успаміны пра сучаснікаў. У самым першым яе радку ёсць вельмі важнае прызнанне: «Мне амаль пашчасціла, што нарадзіўся ў незалежнай Літве і сёе-тое зрабіў, каб яна зноў была вольная». Наватарскія зноходкі Казіса Саі шмат у чым вызначаюць шлях развіцця сучаснай літоўскай драматургіі.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову некаторыя творы пераклаў Алесь Разанаў.

  • Гэй, хавайцеся!: аповесць-казка / Казіс Сая. — Мінск : Юнацтва, 1982. — 221, [2] с.
  • Клеменс: п’еса / Казіс Сая. — Мінск : Логвінаў, 2013. — 112, [2] с.

Зноскі

  • Часопіс «КРЫНІЦА», № 4, 1996