Перайсці да зместу

Ежы Казьмінскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ежы Казьмінскі
польск.: Jerzy Koźmiński
Адукацыя
Дзейнасць святар
Месца працы
Нараджэнне 28 красавіка 1726(1726-04-28)
Смерць люты 1818 (91 год)

Ежы Казьмінскі (польск.: Jerzy Koźmiński; 28 красавіка 1726, Мазовія — люты 1818, Варшава[1]) — езуіцкі святар і педагог.

Скончыўшы курс рыторыкі ў езуіцкіх школах, 11 верасня 1745 г. у Вільні ўступіў у Таварыства Ісуса. Пасля навіцыяту быў настаўнікам у класе інфімы у Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1747—1748), а потым тамсама вывучаў філасофію (1748—1751). Выкладаў у Полацку, Мсціславе і Слуцку (1751—1754). У 1754 г. пачаў курс тэалогіі ў Віленскай акадэміі, а ў 1756—1758 гг. скончыў яго ў Ліёне. Таксама ў Францыі спецыялізаваўся ў матэматыцы і фізіцы.

Пасля вяртання на Радзіму займаў пасаду прафесара рыторыкі ў варшаўскім Collegium Nobilium (1760—1762), выкладаў рыторыку клірыкам-езуітам у настаўніцкай семінарыі (1762—1764), а таксама фізіку і матэматыку экстэрнам у Полацкім езуіцкім калегіуме. Здольны прамоўца, некалькі наступных гадоў ён прысвяціў прапаведніцкай дзейнасці ў Варшаве, Пултуску, Пінску і Слуцку. Прэфект музычнай бурсы ў Пултуску (1771—1772), прэфект сярэдняй школы і прафесар маральнай тэалогіі для святароў у Варшаве (1772—1773)[2].

Незадоўга да скасавання Ордэна езуітаў папам Кліментам XIV атрымаў працу ў публічнай бібліятэцы Залускіх (адной з першых нацыянальных бібліятэк у свеце). Пасля смерці ў 1774 г. епіскапа Юзафа Анджэя Залускага быў прызначаны яе захавальнікам, а пасля смерці Яна Даніэля Яноцкага (1786) — дырэктарам. Заставаўся ў бібліятэцы да яе ліквідацыі ў 1794 г., калі ўсе кнігазборы былі вывезены ў Расію[3].

Прыкладна ў той жа час Е. Казьмінскі супрацоўнічаў «Таварыствам элементарных кніг» (Towarzystwo do Ksiąg Elementarnych, 1775—1792), створаным Адукацыйнай камісіяй для распрацоўкі школьных праграм і падручнікаў. Для Таварыства апрацаваў два слоўнікі: лацінска-польскі і польска-лацінскі. Пазней складаў вялікі лацінска-польскі слоўнік, які загінуў. Апублікаваў Dictionarium Latino-Polonicum ad usum publicarum in Regno Poloniae scholarum (Варшава, 1779; Кракаў, 1784) і два панегірыкі[3].

Быў прыхільнікам аднаўлення Таварыства Ісуса і паўторна далучыўся да ордэна ў 1805 г. на Беларусі[3].

Зноскі

  1. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 87-88.
  3. а б в Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 88.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków: Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — 188 s.
  • Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 87.