Паводле Марка Святое Дабравесце
Паводле Марка Святое Дабравесце | |
---|---|
Св. Марк пэндзля Андрэа Мантэнья | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Паводле Марка Сьвятое Эвангельле
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паво́дле Ма́рка Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Ма́рка[2], Паво́дле Ма́рка Свято́е Дабраве́сце[3] �� адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Мацвея перад Евангеллем паводле Лукі.
Аўтарства
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на тое, што нідзе ў Евангеллі імя аўтара не згадваецца, згодна з паданнямі лічыцца, што аўтарам Евангелля з’яўляецца Марк, бліжэйшы паплечнік і супрацоўнік Сымона Пятра. Ян Марк нарадзіўся ў Іерусаліме, ён згадваецца ў кнізе Дзеянняў Апосталаў, а таксама ў некаторых лістах Пятра і Паўла. Аднак такі погляд не бясспрэчны, бо ў той час імя Марк было адным з самых распраўсюджаных у Рымскай імперыі, таму аўтарам мог быць нейкі невядомы рымскі хрысціянін. Існуе таксама погляд, што кніга была напісана кімсьці з другога ці нават трэцяга роду хрысціян, і што аўтар не бачыў уласнымі вачыма Хрыста і не быў сведкам евангельскіх падзей, але прыхільнікаў такога погляду няшмат.
Знамянальна, што Іўсцін, прыводзячы адно месца з Евангелля, называючы сваю крыніцу «Успамін Пятра». Гэтыя звесткі добра стасуюцца з характарам самога Евангелля, якое выглядае хутчэй як зборнік эпізодаў, мала звязаных паміж сабой. Магчыма, евангеліст спачатку запісваў за Пятром асобныя апавяданні, а пасля аб’яднаў іх. Аднак аўтар упамінае не толькі падрабязнасці, якія яму мог паведаміць сведка тых падзей Пётр, але і вядомыя толькі яму асабіста. Напрыклад толькі ён паведамляе пра юнака, які стаў сведкам арышту Ісуса. Па меркаванню большасці даследчыкаў, гэта быў ніхто іншы, як сам Марк. Пішучы пра Сымона Кірэнійскага, які нёс крыж на Галгофу, Марк без усякага тлумачэння паведамляе, што ён быў «бацькам Аляксандра і Руфа». Відавочна, што аўтар лічыў, што гэтыя асобы добра вядомыя чытачам. У лісце да Рымлянаў узгаданы нейкі Руф, сябра Рымскай суполкі.
Згодна сведчанняў Клімента Александрыйскага, Іераніма і Еўсевія, Марк напісаў сваё Евангелле ў Рыме. Гэта пацвярджаюць і некаторыя лацінізмы кнігі. Ва ўсякім разе, без сумневу, ён накіроваў свой твор чытачам з-за межы Палестыны. Сэнс ужытых ім арамейскіх слоў Марк амаль усюды растлумачвае.
Месца і час напісання Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]Амаль усе даследчыкі сыходзяцца ў думках, што Евангелле паводле Марка самае старое і яно хутчэй за ўсё стала падмуркам для напісання астатніх двух сінаптычных Евангелляў. Згодна адным паданням, Евангелле было напісана Маркам у Рыме пры жыцці Пятра са слоў апошняга, згодна іншым паданням, твор быў запісаны адразу пасля смерці апостала (64) недзе ў 65—70. Так ці інакш, кніга была прызначана для хрысціян, якія не былі яўрэямі і не ведалі арамейскай мовы. Гэтым можа тлумачыцца той факт, што Марк, прыводзячы арамейскія словы Хрыста, заўсёды перакладае іх, а потым і растлумачвае сваім чытачам незразумелыя для іх яўрэйскія звычаі.
Асаблівасці Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]Евангелле паводле Марка самае кароткае. Але, нягледзячы на гэта, ў ім больш жывых абставін і цікавых падрабязнасцей. Тым не менш, доўгі час Евангелле паводле Марка было значна меней папулярным, чым, напрыклад, Евангелле паводле Мацвея, а некаторыя лічылі яго нават скарочанай версіяй апошняга. Гэта магло стацца мабыць таму, што Евангелле паводле Марка амаль цалкам увайшло ў склад Евангелля паводле Мацвея. Акрама таго, у Евангеллі паводле Марка адсутнічае павучальны матэрыял, а стыль Евангелля больш просты, гутарковы, у ім няма той вытанчанасці і аздаблення, як у Мацвея.
За немудрагелістым апавяданнем адчуваецца водгалас семіцкага стылю. Пісьменніку ўласцівы лаканізм, простанародныя выразы, імклівасць. Сцэны хутка змяняюць адна адну. Пераходзячы ад падзеі да падзеі, Марк шмат разоў ужывае слова «адразу». Слоўнік яго бедны, але надзіва пэўны. Даследчыкі налічылі ў яго кнізе адзінаццаць тэрмінаў, якія абазначаюць часткі дома, дзесяць — часткі адзення, дзевяць — гатункі ежы.
Марк нічога не апавядае пра нараджэнне Ісуса, адразу распавядаючы пра хрышчэнне Ісуса ў Яна Хрысціцеля на рацэ Іардан. У цэнтры Евангелля паводле Марка стаяць дзеянні як Хрыста, такк і зваротная рэакцыя Ягоных слухачоў. Аўтар нават часцей піша пра рэакцыю случачоў на словы Хрыста, чым пра самі словы Ісуса. Само распавяданне ідзе імкліва. Ісус не проста нейкі вандроўны настаўнік, але Ён сапраўдны Борца, які вядзе барацьбу з сіламі зла. Таму ў Марка часце�� за астатніх Евангелістаў апавядаецца пра выгнанні бесаў. Больш увагі Марк надзяляе тэме пакутаў і ўкрыжавання Хрыста, гэтай тэме прысвечана трэцяя частка кнігі. Даследчыкі тлумаць гэта часам, у якім пісалася Евангелле. То быў час найбольш жорсткіх ганенняў кесара Нерона, і словы Евангелля павінны былі падтрымаць чытачоў у адданасці новай рэлігіі нават перад тварам пакутаў і лютай смерці. Смерць Хрыста была выкупленчай Ахвярай за правіны ўсіх людзей; Хрыстос, сапраўдны Месія, быў Сынам Бога раней за ўкрыжаванне. Многія біблеісты называюць Евангелле паводле Марка Евангеллем Крыжа.
У тэксце Евангелля вучні часта не разумеюць Ісуса, за што Збаўца свету вымушаны папракаць іх. Евангеліст паказвае ўсю гамму пачуццяў Ісуса: Ён і сумуе, і абураецца, папракае як вучняў, так і людзей у натоўпе; Яго перапаўняе жах і журбота напярэдадні ўкрыжавання. Хрыстос, ведаючы, што людзі няправільна зразумеюць сэнс Яго Місіі, забараняе вучням казаць пра Яго як пра Месію; і толькі ў канцы твора на допыце святароў Ён адкрыта заяўляе, што Памазаннік, Сапраўдны Месія, што і стаецца прычынай вынесенага Яму смяротнага прысуду.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Евангелле складаецца з 16 раздзелаў і структурна можа быць падзеленае на дзве часткі. У першай апавядаецца пра служэнне Хрыста ў Галілеі да спавядання Пятром у Кесарыі Філіпавай, у другой — шлях Хрыста насустрач пакутам. Пакуль вучні не адказалі сабе на пытанне: «Хто Ён такі?», Ісус не навучаў іх асобна ад натоўпу. Калі ж Пётр рашуча заявіў як ад уласнага імя, так і ад імёнаў астатніх вучняў пра Хрыста як пра Месію, Ісус пачаў казаць пра ўласную смерць на крыжы ў Іерусаліме, такім чынам гатовячы вучняў да іх дзейнасці пасля Ягонай смерці, калі Яго ўжо не будзе з імі.
Евангелле пачынаецца з кароткай прыпавесці, у якой распавядаецца пра падрыхтоўчы этап служэння, і сканчаецца эпілогам, у якім гаворыцца пра ўваскрасенне Ісуса і яго з’яўленне вучням. Некаторыя даследчыкі лічаць, што арыгінальны тэкст Евангелля Марка сканчваецца тэкстам 16:8, далейшы эпілог быў напісаны іншым чалавекам; таму што ў далейшым тэксце як стыль, так і мова апавядання адрозніваецца ад асноўнага тэксту, а таксама ўрывак 16:9-20 адсутнічае ў найстаражытных рукапісах.
Сціслы план Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]- Пралог. Пачатак Радаснай весткі (1:1-13)
- Служэнне Ісуса ў Галілеі (1:14 — 9:50)
- Шлях у Іерусалім (10:1-52)
- Служэнне ў Іерусаліме (11:1 — 13:37)
- Пакуты і смерць Ісуса (14:1 — 15:47)
- Уваскрэсенне Ісуса (16:1-8)
- Кароткі эпілог (16:9-10)
- Працяглы эпілог (16:9-20)
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Паводле Марка сьвятое дабравесьце у перакладзе Васіля Сёмухі
- Святое Евангелле паводле Марка ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Евангелле паводле святога Марка Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакраментаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Эвангельле паводле Марка ў перакладзе Антонія Бокуна
- Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Пятра Татарыновіча
- Евангеля подле сьвятога Марка Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Паводле Марка сьв. Эвангельле Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Вінцэнта Гадлеўскага
- Паводле Марка Сьвятое Евангельле ў перакладзе Міхася Міцкевіча
- Эвангелія паводле Марка Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Паводле Марка Святое Дабравесце ў перакладзе А. К. Клышкі
- Евангелле паводле Марка ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Паводле Марка Сьвятое Эвангельле ў перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
- Евангелие Светая Ісуса Хріста написаная через Марка светого у перакладзе Васіля Цяпінскага
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Райт Н.Т. Марк. Евангелие. Популярный комментарий. - М.: ББИ, 2008. - 230 с. ISBN 5-89647-189-0.
- Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.
- Аверинцев С. Собрание сочинений. - К.:Дух и литера, 2004. - 500 с. ISBN 9667888843.
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- ↑ альтэрн.: Паво́дле Ма́рка Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.