Перайсці да зместу

Друйскі кляштар айцоў марыян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Друйскі кляштар айцоў марыян (1929)

Друйскі кляштар айцоў марыян дзейнічаў у Друі ў 1923—39 г.

Заснаваны па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыян Ю. Матулевіча і паводле рэскрыптаў папы Пія XI ад 23.7 і 10.8.1923. Арганізацыя дзейнасці кляштара была даручана ксяндзу Андрэю Цікоту, які восенню 1921 выязджаў у Амерыку збіраць сродкі на адкрыццё беларускага кляштара, у 1923 пачаў дзейнасць у Друі. Значную ролю ў адкрыцці кляштара адыгралі грашовыя ахвяраванні княгіні Магдалены Радзівіл.[1]

Размяшчаўся ў памяшканнях былога бернардзінскага кляштара. Пры кляштары была наладжана гаспадарка, асно��у якой склаў фальварак Забароўшчына (60 га).

Кляштар забяспечваў духоўныя патрэбы 5-тысячнай парафіі. Казанні чыталіся на беларускай і польскай мове ў друйскім касцёле і філіяльнай капліцы ў Малькаўшчыне. Айцы марыяне дапамаглі ў арганізацыі друйскага жаночага кляштара сясцёр еўхарыстак і потым апекавалі яго. У 1924 навіцыят кляштара налічваў 9 юнакоў, якія рыхтаваліся ўступіць у ордэн. У кляштар уступілі ксяндзы Я. Германовіч (В. Адважны), Ф. Абрантовіч.

У 1924 арганізавана школа (з 1930 гімназія імя Стафана Баторыя, дырэктар у 1924—33 А. Цікота), навучанне ў якой вялося на польскай мове. Гімназія вылучалася дэмакратычнымі традыцыямі, у ёй навучалася моладзь розных веравызнанняў, бедных навучэнцаў марыяне апекавалі. У гімназіі вучыліся будучыя гісторык В. Ярмалковіч, мастак В. Жаўняровіч, рэлігійны дзеяч, генерал ордэна марыян у 1963—69, заснавальнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане Ч. Сіповіч, ксёндз, доктар філасофіі Т. Падзява і інш.

У сярэдзіне 1930-х г. друйскія марыяне адкрылі ў Вільні дом студый, куды накіроўваліся выпускнікі гімназіі. Грашовымі сродкамі яны падтрымлівалі Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, фінансавалі выданне беларускай перыёдыкі і літаратуры.

Беларуская накіраванасць дзейнасці кляштара варожа сустракалася польскімі свецкімі і рэлігійнымі ўладамі. Паступова з Друі ў іншыя месцы пераведзены Ф. Абрантовіч, Я. Германовіч, А. Цікота. У 1938 паліцыя выселіла з Друі айцоў марыян Я. Дашуту, К. Смульку, В. Хамёнка, Ю. Кашыру, праз месяц яшчэ 4 манахаў-беларусаў. Была скарочана колькасць класаў гімназіі, забаронена сумеснае навучанне юнакоў і дзяўчат, з мэтай абмежавання ўплыву арганізавана аднатыпная гімназія ў Браславе. У Друю былі накіраваны марыяне-палякі. Дзеянні ўлад выклікалі пратэст дэмакратычнай грамадскасці Беларусі і Польшчы.

У 1939 кляштар і гімназія зачынены савецкімі ўладамі.

У 1964 Ч. Сіповіч заснаваў у Лондане беларускі марыянскі дом, дзе знайшлі прытулак некаторыя з друйскіх айцоў марыян.

Зноскі

  1. Магдалена Радзівіл у 1917 ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 яно было прададзена ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзены ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі. Такое нямэтавае расходаванне сродкаў пакрыўдзіла княгіню, і яна выказвала свой пратэст (Надсан, 2004).
  • Туронак Ю. Да гісторыі Друйскага Марыянскага манастыра // Браслаўскія чытанні. Браслаў, 1991.
  • Туронак Ю. Беларускія Марыяны ў Друі // Спадчына. 1991. № 5.
  • Шыдлоўскі К. Друйскі кляштар айцоў марыянаў // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
  • Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. Мн., 2004.
  • Надсан А. Pro patria aliena: Кляштар беларускіх айцоў-марыянаў у Друі (1924—1938). — Мн., 2006. — 160 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»).