Восіп-Юрый Адальбертавіч Фядзьковіч
Юрый Фядзьковіч | |
---|---|
Юрій Федькович | |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Гуцулневір Юрій Коссован, О. Ф |
Дата нараджэння | 8 жніўня 1834[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 студзеня 1888[1] (53 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнавец, паэт, перакладчык, пісьменнік, салдат, навэліст |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | паэзія, апавяданне і драма |
Мова твораў | украінская |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Восіп Дамінік Гардзінскі дэ Фядзьковіч (укр.: Осип Домінік Гординський де Федькович, ням.: Joseph Georg Fedkowicz[2], імя Юрый узяў пазней; 8 жніўня 1834, Путыла — 11 студзеня 1888, Чарнаўцы) — украінскі паэт і празаік рамантычнага кірунку, прадвеснік украінскага нацыянальнага адраджэння ў Букавіне. Псеўданімы Гуцулневір, Юрій Коссован, О. Ф. і інш.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Род Хвядзьковічаў у XVI стагоддзі валодалі Воўкавым Сялом у Менскім ваяводстве, пазней удзельнічалі ў вызваленчым руху супраць Польшчы ў 1648—1654 гадах, пасля перабраліся ў Галіцыю i на Букавіну[3]. Бацька пісьменніка — апалячаны шляхціц — на час нараджэння сына зайнязначныя дзяржаўныя пасады. Маці паходзіла з сям’і ўкраінскага святара, аднак у штодзённым жыцці прытрымлівалася сялянскіх звычаяў, што аказала пэўны ўплыў на фарміраванне характару і светапогляд Восіпа[4].
У 1846—1848 гадах вучыўся ў ніжэйшай рэальнай школе ў Чарнаўцах, дзе авалодаў нямецкай мовай і ў далейшым пісаў на ёй арыгінальныя творы[4]. У 1849—1852 гадах працаваў у Ясах і П’ятра-Нямцы ў Малдове. З лістапада 1852 г. да лютага 1863 г. праходзіў вайсковую службу ў Трансільваніі і ў 1859 стаў паручнікам; тады ж удзельнічаў у паходзе ў Італію. Мевіта ў гэты перыяд землякі заахвоцілі яго пісаць на роднай мове (дагэтуль пісаў па-нямецку). Першыя ўкраінскія вершы ўбачылі свет у брашуры А. Кабылянскага «Slovo na slovo do redaktora „Slova“» (1861). У ёй крытыкавалася «масквафільская» арыентацыя выдаўцоў газеты «Слова». Рэдактар газеты Б. Дзідыцкі адрэагаваў своеасабліва — ён шчыра зацікавіўся творамі паэта і ў 1862 г. выдаў пад сваёй рэдакцыяй зборнік «Вершы Восіпа Фядзьковіча» і напісаў да яго прадмову[4].
Пасля звальнення з ваеннай службы Фядзьковіч працаваў у родным сяле, у 1869—1872 гадах працаваў школьным інспектарам Віжніцкага павета. Запрошаны ў Львоў, Фядзьковіч у 1872—1873 гадах працаваў рэдактарам выдавецтва «Просвіта» і тэатра «Руська Бесіда». Апошнія гады правёў у Чарнаўцах, дзе ў 1885—1888 быў рэдактарам газеты «Буковина». За заслугі на літаратурнай ніве абраны ганаровым членам Навуковага таварыства імя Тараса Шаўчэнкі. Памёр 11 студзеня 1888 у Чарнаўцах, дзе і пахаваны на Рускіх могілках.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]На нямецкай мове — рамантычнае апавяданне «Der Renegat» (1859) — першы друкаваны твор, вершаныя зборнікі «Gedichte» (1865) і «Am Tscheremusch. Gedichte eines eulen» (1882), асобныя вершы публікаваліся ў перыядычным друку.
Творчасць Юрыя Фядзьковіча вызначаецца набліжанасцю да фальклорy. Пісьменнік быў вялікім знаўцам, збіральнікам і папулярызатарам як вершаваных (песень, каламыек), так і празаічных (казак, анекдотаў, прыпавесцей) жанраў. Яго першы верш «Начлег» («Зоркі ў нябесным горадзе») напісаны, верагодна, у маі 1859 г. падчас ваеннага паходу ў Італію і ўяўляе сабой напаўлітаратурны-напаўфальклорны твор. У рукапісным варыянце застаўся фальклорны зборнік «Найлепшыя прыпеўкі рускага народа на Букавіне» (часткова апублікаваны толькі ў савецкі час). У ім асобным раздзелам вылучаны «Прыпеўкі Фядзьковіча». У 1863 г. у Львове па ініцыятыве пісьменніка пачаў выходзіць штотыднёвік «Вечерниці», на старонках якога ў тым жа годзе былі надрукаваны і яго першыя празаічныя творы — апавяданні «Люба-згуба», «Сэрца не навучыш», «Штэфан Славіч» (наступныя пісаў ужо пасля службы ў войску)[4].
Скразныя тэмы творчасці Юрыя Фядзьковіча — краса гуцульскіх звычаяў (знайшла адлюстраванне ў лірыцы, прозе, драмах «Керманіч», «Сватанне на гасцінцы»), цяжкасці вайсковай службы (выяўляедца ў вершах канца 1850-х — пачатку 1860-х гг., паэме «Навабранчык», у апавяданнях «Трое як родныя браты», «Штэфан Славіч»), матыў дэзерцірства (гучыць у трох розных паэтычных творах з аднолькавымі загалоўкамі — «Дэзерцір»). Матыў дэзерцірства распрацаваны як рамантычная ідэя ўцёкаў ад афіцыйнага свету, сустракаецца таксама ў іншых творах пісьменніка. Шмат вершаў, апавяданняў прысвечана тэме кахання як «любы-згубы». Дзейныя асобы твораў Юрыя Фядзьковіча — людзі моцнага, цэльнага характару, здольныя да самых рашучых учынкаў у імя шчасця і вышэйшай справядлівасці. Сафат Зіныч, герой аднайменнага апавядання, увабраў у сябе лепшыя рысы гуцула — фізічна дужы, з абвостраным пачуццём уласнай годнасці, прытым спагадлівы да людзей, добразычлівы, як кажа аўтар, «сапраўдны букавінец». Калі на яго вачах памірае падманутая, пакінутая жаніхом Марта, ён забівае здрадніка. Асуджаны за злачынства на дзесяць год цяжкай няволі, Сафат не раскайваецца, таму што перакананы: ён заступіўся за праўду[4].
У 1860-х гг. Юрый Фядзьковіч актыўна выступаў на старонках галіцкай прэсы з мастацкімі творамі розных жанраў, працаваў над пашырэннем іх тэматыкі, развіцдём паэтыкі. Аднак здараліся і прыкрыя недарэчнасці. Так, у 1867—1868 гг. выйшла яго новая кніга «Вершы». Яна была няўдала скампанавана і не змяшчала лепшых твораў. Напрыклад, цэнтральнае месца ў ёй адводзілася цікавай, але несамастойнай паэме «Мярцвяк», у той жа час высокамастацкі цыкл «3 хлебных крошак» у зборнік не ўвайшоў. У выніку стварылася памылковае ўражанне, што паэт не мае ўласнага голасу і не пераадолеў уплыву вялікага Кабзара, выконваючы ролю «букавінскага Шаўчэнкі». Далейшая творчасць Юрыя Фядзьковіча засведчыла беспадстаўнасць такіх ацэнак. У 1876 г. ён завяршыў працу над паэтычным цыклам «Дзікія думы», які стаў своеасаблівым падагульненнем зробленага ў паэзіі. Аднак на той час (з 1865 г.) пісьменнік ужо захапіўся драматургіяй[4].
Першым драматычным творам стаў жарт у адной дзеі «Так вам трэба!», які ў 1884 г. быў дапрацаваны да трох дзей і атрымаў назву «Сватанне на гасцінцы»[4].
На побытавым матэрыяле вырасла меладрама «Керманіч, або Прастрэляны крыж» (першая, празаічная рэдакцыя — 1876, другая, вершаваная — 1882). Значнае месца ў творы займаюць паэтычныя пераказы народных легенд, найперш пра караля Гуцула, акцэнтуецца ўвага на стаўленні герояў да вобраза «стрэленага крыжа», які ўплывае на іх долю. Падобныя міфічныя матывы знаходзяцца і ў цэнтры п’есы «Доўбуш»[4].
Юрыю Фядзьковічу належыць шэраг перакладаў і перапрацовак п’ес замежных аўтараў. Асаблівым творчым падыходам вызначаецца перапрацоўка камедыі нямецкага драматурга Э. Раўпаха пад назвай «Запячатаны дворнік» (пры жыцці пісьменніка не друкавалася, у савецкі час з поспехам ставілася на сцэне Чарнавецкага музычна-драматычнага тэатра імя В. Кабылянскай) і пераклад драмы Р. Готшаля «Мазепа». Юрый Фядзьковіч адным з першых украінскіх пісьменнікаў звярнуўся да драматургічнай спадчыны У. Шэкспіра. Па матывах камедыі «Утаймаванне непакорлівай» ён напісаў травесцію «Як козам рогі выпрамляюць», a таксама пераклаў трагедыі «Макбет» і «Гамлет». Перакладаў Гётэ, Шылера, Гейнэ, братоў Грым, Пушкіна, Андэрсана і інш[4].
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]Лепшыя арыгінальныя творы Юрыя Фядзьковіча высока ацанілі вядомыя замежныя дзеячы літаратуры і культуры. Яшчэ пры жыцці аўтара іх перакладалі на рускую, нямецкую, англійскую, італьянскую, польскую, чэшскую, сербскую, румынскую мовы[4].
На беларускую мову верш «О радуйся, прачыстая Марыя!» пераклаў Вячаслаў Рагойша[5].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя Фядзьковіча прысвоена Чарнавіцкаму нацыянальнаму ўніверсітэту.
Зноскі
- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #11955349X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 3 мая 2014.
- ↑ Hartmut Merkt Poesie in der Isolation: deutschsprachige jüdische Dichter in Enklave und Exil am Beispiel von Bukowiner Autoren seit dem 19. Jahrhundert у Google Books
- ↑ Вячаслаў Рагойша. «І адгукнецца слова ў слове» Архівавана 29 сакавіка 2017.. Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ, дыялогі. Мінск. «Мастацкая літаратура». 1992
- ↑ а б в г д е ё ж з і Украінская літаратура. Хрэстаматыя ў пяці частках. Частка 2
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kadlec K. Josef Fedkovič a jeho literarni vyznam pro rakouske rusiny. Slovansky sbornik. Прага 1887, стор. 6 — 8;
- Франко І. Молодий вік Осипа Федьковича. Газета Правда. Л. 1888;
- Колесса О. Юрій Коссован. л. 1893;
- Франко І. Перше повне видання творів Федьковича. Газ. Діло. Л. 1901;
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Восіп-Юрый Адальбертавіч Фядзьковіч
- Нарадзіліся 8 жніўня
- Нарадзіліся ў 1834 годзе
- Нарадзіліся ў герцагстве Букавіна
- Памерлі 11 студзеня
- Памерлі ў 1888 годзе
- Памерлі ў Чарнаўцах
- Пахаваныя ў Чарнаўцах
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Украіны
- Паэты XIX стагоддзя
- Пісьменнікі Украіны
- Пісьменнікі XIX стагоддзя
- Украінамоўныя паэты
- Шматмоўныя пісьменнікі
- Украінамоўныя пісьменнікі
- Нарадзіліся ў Чарнавіцкай вобласці
- Памерлі ў Чарнавіцкай вобласці
- Людзі на паштовых канвертах