Перайсці да зместу

Ваўкавыскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваўкавыскае княства — удзельнае княства у XIII ст. ў басейне р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — Ваўкавыск.

На падставе палітычнай гісторыі тагачаснага беларускага Панямоння варта меркаваць, што ў пачатку XIII ст. княства з'яўлялася адной з вотчынаў Наваградскага княства, якое на той момант, імаверна, уключыла ў сваю сферу ўплыву ўсю тэрыторыю былога Гарадзенскага княства ўключна з Гродна і, у тым ліку, Ваўкавыскам. Тагачаснай Наваградскай зямлёй (княствам) кіраваў князь з мясцовай дынастыі Ізяслаў, які ўжо ў 1235 годзе згадваецца як саюзнік літоўскага князя Міндоўга, якія разам, зыходзячы з летапісных упамінанняў іх паходу на Мазовію, упамінаюцца як найміты ці васалы галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча[1]. Хутчэй за ўсё, каля канца 1240-х гг. Ізяслаў памёр бяздзетным, у той час як уладаром аб'яднанай Літвы і Панямоння стаў Міндоўг[2].

Прыкладна на мяжы 1240-х і 1250-х гг. кааліцыя ў складзе Данілы Галіцкага, а таксама незадаволеных палітыкай Міндоўга літоўскіх і жамойцкіх князёў нападае на паўднёвае Панямонне, што ўскладняецца таксама прэтэнзіямі Галіцка-Валынскага княства на гэтыя тэрыторыі і планамі па спыненні ўзмацнення ВКЛ. Гэтыя ж выправы працягваюцца пасля 1251 года і, меркавана, таксама ў 1253 годзе, аднак апошняя апыняецца беспаспяховай у выніку іншых канфліктаў Галіцка-Валынскага княства[3].

Каля 1252 года паўстаюць летапісныя згадкі адносна цэнтра княства горада Ваўкавыска[4]. Каля 1254 года з прычыны цяжкога знешнепалітычнага становішча Літвы і Галіцка-Валынскага княства абедзве дзяржавы заключаюць мір, паводле якога вярхоўным уладальнікам усёй Наваградскай зямлі быў прызнаны Міндоўг, у той час як яго васалам і фактычным уладальнікам зямлі прызнаваўся сын Данілы Раманавіча Раман[5].

Паводле пісьмовых крыніц вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 г. паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў прымалі ўдзел князі ваўкавыскі Глеб, новагародскі Раман і свіслацкі Ізяслаў, таму што Глеб разам з іншымі панёманскімі князямі быў у васальнай залежнасці (служылым князем) ад галіцка-валынскага князя[6]. Пасля гэтага ж года сын галіцка-валынскага князя Данілы, Васілька, будучы васалам мангольскіх ханаў, быў вымушаны выступіць з новым татарскім ваяводам Бурундая  (руск.) на Панямонне, у адказ на што літоўцы выкрадаюць Рамана, што, у сваю чаргу, магло быць выкарыстана Войшалкам і адным з яго далёкіх сваякоў Таўцівілам з мэтай адарвання Наваградскага княства як ад Літвы, так і ад Галіцка-Валынскай дзяржавы[7]. У адказ на гэтыя падзеі Даніла ў 1258 годзе ўварваўся ў Панямонне, захапіў Ваўкавыск[6][8] і ўзяў у палон князя Глеба.

У 1260—1280 гг. княства было падуладна літоўскім князям Войшалку, Шварну, Трайдзеню. Землі княства зведалі шматлікія паходы князёў Галіччыны і Валыні. Пасля смерці прагаліцкага Войшалка і ўзыходжанні на літоўскі сталец Трайдзеня ў Літве ўзмацняецца антыгаліцкая палітыка, у выніку чаго каля 1275 года адзін з галіцка-валынскіх князёў, Леў Данілавіч, беспаспяхова паспрабаваў усталяваць кантроль над Наваградскай зямлёй, аднак у 1289 г. князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму князю Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал»[9]. Перадача княства был зробленая верагодна тагачаснымі літоўскімі князямі Будзікідам і Будзівідам з мэтай падтрымкі міру з Галіцка-Валынскай дзяржавай[6].

Межы ВКЛ у часы кіравання Віценя (каля 1290-1310-х гг.) дакладна невядомыя, але, хутчэй за ўсё, за выняткам далучанага Полацкага княства ВКЛ кантралявала практычна ўсе тэрыторыі, што складалі землі ВКЛ у часы Міндоўга[10]. У рэшце рэшт, межы ВКЛ пры яго пераемніку — Гедзіміне — відавочна паказваюць на трывалае ўваходжанне Ваўкавыскага ўдзелу ў склад ВКЛ пасля 1315 года, хоць само княства, паводле тагачаснай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай палітыкі, мусіла захоўваць намінальнага кіраўніка з княжацкім тытулам і пэўную ступень унутранай аўтаноміі.

Пасля ўзыходжання на пасад ВКЛ сыноў Гедзіміна, Альгерда і Кейстута, землі Ваўкавыскага княства трапілі ў склад Троцкага княства, якім кіраваў Кейстут, пры гэтым у яго складзе відавочна захоўваліся ранейшыя ўдзелы (напрыклад, Гарадзенскае княства). У 1382 годзе войскі, верныя сыну Альгерда Ягайлу, захапілі практычна ўсе ўдзелы Кейстута, ужо ў гэтыя часы як князь шэрагу гарадзенскіх земляў вядомы сын Кейстута Вітаўт, які пазней будзе патрабаваць ад Ягайлы вяртання спадчыны Кейстута. Неўзабаве Ягайла перадаў Вітаўту як законнаму спадчынніку шэраг земляў Панямоння, у тым ліку і Гарадзенскае княства, але новы віток канфлікту прымушае Вітаўта ў другі раз уцячы на тэрыторыю Тэўтонскага ордэна. У выніку, у 1392 годзе Ягайла ідзе на прызнанне Вітаўта вялікім князем літоўскім (гл. Востраўскае пагадненне), і ўжо на мяжы XIV-XV стст. у Гродзенска�� зямлі вядомая пасада намесніка, што, з улікам, цэнтралізацыйнай палітыкі Вітаўта, сведчыць аб скасаванні княжання ў Ваўкавыску. З 1413 года тэрыторыя былога княства ўтварае адныя з земляў Троцкага ваяводства (гл. Гарадзельская унія), але ваяводы троцкія ў першыя часы існавання ваяводства непасрэдную ўладу мелі толькі на тэрыторыі Тракайскай зямлі ў вузкім сэнсе, тады як землі Панямоння па-ранейшаму мелі ўласных ураднікаў[11].

Зноскі

  1. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 29-30. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  2. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 36. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  3. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 40-41. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  4. Штыхаў Г. В., Каробушкіна Т. М. II // Нарысы гісторыі Беларусі. У. 2-х ч. Ч. 1 / М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш.. — Мн.: Беларусь, 1994. — С. 102. — 527 с. — ISBN 5-338-00929-3.
  5. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 43. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  6. а б в Звяруга Я. Ваўкавыскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  7. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 46-47. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  8. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 47. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  9. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 61, 66. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  10. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 74-75. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х.
  11. Любавский М. К. Областное деление и местное ўправление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута / М. К. Любавский. — М., 1892. — С. 11-12. — 884 с.
  • Зверуго, Я. Г. Древний Волковыск: X—XIV вв. / АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1975. — 143 с.
  • Пашуто, В. Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси / Акад. наук СССР. Ин-т истории. — [М.]: изд. и 2-я тип. Изд-ва Акад. наук СССР, 1950. — 331 с.
  • Пашут, В. Т. Образование Литовского государства / В. Т. Пашуто; [Отв. ред. Л. В. Черепнин]; Акад. наук СССР, Ин-т истории. — М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1959. — 530, [1] c.
  • Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Т. 2. Ипатьевская летопись. — М.: Издательство восточной литературы, 1962. — XVI, 938, 87 с.