Перайсці да зместу

Брагінскі гісторыка-этнаграфічны музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй
Профіль Комплексны
Заснаваны 1988
Падпарадкаванасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Месцазнаходжанне Брагін, Беларусь
Адрас 247632, Рэспубліка Беларусь, Гомельская вобласць, г. п. Брагін, вул. Савецкая, 79
bragin.museum.by/be

Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй — музей, заснаваны ў г. п. Брагін у студзені 1987 г. Брагінскім райвыканкамам. Адкрыты для наведвальнікаў у 1988 г.

Асновай першай экспазіцыі сталі карціны беларускіх мастакоў В. Барабанцава, У. Кожуха, М. Цудзіка, В. Шматава, якія яны стварылі на аснове ўражанняў ад паездкі па Брагінскім раёне.

Фонды і экспазіцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 1577 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 297 адзінак Агульная плошча памяшканняў 622 м², экспазіцыйных — 328 м². Дырэктар Т. В. Высоцкая.

Асноўная экспазіцыя размешчана ў 4 залах. У гістарычнай зале экспануюцца матэрыялы па гісторыі Брагіншчыны ад старажытнасці да 1-й палавіны 20 ст. Зала «Палеская хатка» ўяўляе інтэр'ер сялянскай хаты, дзе прадстаўлены асноўныя элементы побыту, прылады працы палешука. У зале баявой славы, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, захоўваюцца дакументы, якія выдавалі мясцовым жыхарам акупацыйныя ўлады, даецца апісанне матэрыльных страт, нанесеных гітлераўскімі захопнікамі Брагінскаму раёну, прадстаўлены лічбы ахвяр па кожным сельсавеце, лісты франтавікоў, дакументы воінаў і партызан, рэшткі снарадаў, ваенная форма, узнагародныя лісты, копіі прадстаўленняў да звання Героя Савецкага Саюза ўраджэнцаў раёна П. С. Жукава, С. С. Мацапуры, П. І. Шпетнага. Зала, прысвечаная ліквідатарам наступстваў катастрофы на ЧАЭС, знаёміць з біяграфіямі, фотаздымкамі ўдзельнікаў ліквідацыі.

У калекцыі музея карціны беларускіх мастакоў, напісаныя ў адселеных вёсках Брагінскага раёна ў час экспедыцыі 1986 г., узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ручнікі, даразахавальніца XVIII ст. і г.д.), абразы. Найбольшую цікавасць выклікае метэарыт «Брагін» вагой 38 кг.

У музеі дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: «Згубленая зямля», якая прысвечана памяці пра землі, найбольш пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы (створана жыхарамі з адселеных вёсак, часткова прадстаўленая матэрыяламі з фондаў музея); «Жывапіс беларускіх мастакоў 2-й палавіны XX ст. Пейзажы», прадстаўленая палотнамі А. Даўгялы, П. Масленікава, В. Шматава, Л. Шчамялёва, Л. Эрлер і інш., якія адлюстроўваюць багацце прыроды краю, непаўторны каларыт Палесся; «Памяці В. Шматава», дзе дэманструюцца карціны разнастайнай тэматыкі, падараваныя аўтарам музею; «Алея Славы», якая знаёміць з партрэтамі землякоў — Герояў Сацыялістычнай Працы.

Музей ажыццяўляе міжнародную дзейнасць, у 2005 г. створаны сайт «Чарнобыльская спадчына». 17 чэрвеня 2006 г. сумесна з французскай арганізацыяй «Спадчына без межаў» адкрыта выстаўка «Згубленая зямля» з нагоды 20-годдзя аварыі на ЧАЭС (мастацкі дырэктар У. Цэслер, канцэпцыя А. Давідовіча).