Беларускае геаграфічнае таварыства
Беларускае геаграфічнае таварыства | |
---|---|
Дата заснавання | 19 сакавіка 1954 |
Кіраўнік | Аляксей Яўгенавіч Яротаў[d] |
Сайт | bgo.by |
Беларускае геаграфічнае таварыства — самастойная навуковая грамадская арганізацыя Рэспублікі Беларусь, якая аб'ядноўвае на добраахвотных умовах грамадзян на падставе агульнасці інтарэсаў у вобласці геаграфіі, краязнаўства і іншых памежных навук. Дзейнічае на аснове самакіравання, законнасці, галоснасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", іншымі заканадаўчмі актамі Рэспублікі Беларусь і ўласным Статутам. Заснавана ў 1954 г. акадэмікам АН БССР І.С. Лупіновічам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Геаграфічнае таварыства на Беларусі вядзе сваю гісторыю ад Рускага геаграфічнага таварыства, створанага 18 жніўня 1845 г. У 1867 г. быў створаны Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства з цэнтрам у горадзе Вільня. Тэрытарыяльна аддзел уключаў Беларусь. Гэта быў адзін з першых аддзелаў ІРГТ (пасля Сібірскага ў г. Іркуцку і Каўказскага ў Тыфлісе). Паўночна-Заходні аддзел праіснаваў да 1876 г. У 1910 г. аддзел аднавіў сваю работу. Аднак яна была перапынена сусветнай вайной. Існаваў друкаваны орган «Записки Северо-Западного отдела Имперского Русского географического общества» пад рэдакцыяй беларускага гісторыка Дз. І. Даўгялы. У 1910—1914 гг. выйшлі чатыры кніжкі запісак.
У 1954 г. на паседжанні Навуковай рады Геаграфічнага Таварыства СССР была прынятая пастанова аб адкрыцці Геаграфічнага таварыства Беларускай ССР — філіяла Геаграфічнага таварыства СССР. Адначасова вырашаліся і пытанні, падкрэсліваючыя самастойнасць утворанага Геаграфічнага таварыства Беларускай ССР. Такім чынам, фактычна днём нараджэння Беларускага геаграфічнага таварыства з’яўляецца 19 сакавіка 1954 г. Навуковая рада ГТ СССР пачала перадаваць часткова свае паўнамоцтвы Арганізацыйнаму камітэту Геаграфічнага таварыства БССР.
Сярод першых правадзейных членаў ГТ СССР ад Беларусі былі географы, якія потым сталі знакамітымі вучонымі і зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё беларускай геаграфічнай навукі Ф. С. Марцінкевіч, В. А. Дзяменцьеў, М. Е. Рагозін, М. Т. Раманоўскі, Л. М. Вазнячук, А. Х. Шкляр, В. П. Якушка і інш. Узначаліў таварыства акадэмік АН БССР Іван Сцяпанавіч Лупіновіч.
Асноўныя кірункі працы
[правіць | правіць зыходнік]- Каардынацыя работ беларускіх географаў;
- арганізацыя сумесных даследаванняў з прадстаўнікамі памежных навуковых кірункаў (гісторыкамі, батанікамі, геолагамі, эканамістамі і г.д.)
- прапаганда геаграфічных ведаў;
- усталяванне і падтрымка кантактаў з геаграфічнымі арганізацыямі блізкага і далёкага замежжа;
- развіцце школьнай геаграфіі.
Рэгіянальная структура
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1959 г. Радай ГТ быў зацверджаны Магілёўскі аддзел — першы абласны аддзел у гісторыі ГТ. Зараз аддзелы БГТ існуюць ��а ўсіх абласцях краіны. Найбуйнейшы па колькасці на 2004 год — Гомельскі абласны аддзел.
- Магілёўскі аддзел — Ігар Мікалаевіч Шаруха
- Віцебскі аддзел — Галіна Іванаўна Пілавец
- Гомельскі аддзел — Аляксандр Іларыёнавіч Паўлоўскі
- Брэсцкі аддзел — Аляксандр Уладзіміравіч Грыбко
З'езды Беларускага геаграфічнага таварыства
[правіць | правіць зыходнік]- I З'езд ГТ БССР (Мінск) — 12 сакавіка 1975 г.
- II З'езд ГТ БССР (Мінск) — 5-6 снежня 1978 г.
- III З'езд ГТ БССР (Гомель) — 19-21 кастрычніка 1983 г.
- IV З'езд ГТ БССР (Брэст) — 21-23 верасня 1989 г.
- V З'езда БГТ (Мінск) — 24 лістапада 1994 г.
- VI З'езд БГТ (Магілёў) — 27-30 верасня 1999 г.
- VII З'езд БГТ (Мінск) — 5-6 кастрычніка 2004 г.
- VIII З'езд БелГТ (Мінск) — 4 лютага 2010 г.
- IX З'езд БелГТ (Мінск) — 20 кастрычніка 2017 г
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- І. С. Лупіновіч (1954—1957) — старшыня Навуковай рады
- К. І. Лукашоў (1957—1960) — старшыня Навуковай рады
- Ц. С. Гарбуноў (1960—1963) — старшыня Навуковай рады
- В. А. Дзяменцьеў (1963—1974) — старшыня Навуковай рады
- В. А. Жучкевіч (1974—1983) — в.а. старшыні Навуковай рады (1974—1975), прэзідэнт (1975—1983)
- В. С. Аношка (1983—2004 гг.) — прэзідэнт
- П. С. Лопух (2004—2017 гг.) — старшыня
- А. Я. Яротаў (з 2017 г.) — старшыня
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускае геаграфічнае таварыства Архівавана 21 кастрычніка 2017.
- Старонка Беларускага геаграфічнага таварыства на сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Старонка Беларускага геаграфічнага таварыства на сайце Рускага геаграфічнага таварыства
- Белорусское географическое общество: Информационная справка. - М.: РГО, 2012
- Інфармацыя аб рабоце VIII з'езда Беларускага геаграфічнага таварыства // Магілёўскі мерыдыян. - 2011. - №1-2 (16-17). - С. 5-6. Архівавана 31 кастрычніка 2017.