Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву
Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву | |
---|---|
Дата заснавання | 1989 |
Тып | адукацыйная ўстанова[d] |
Размяшчэнне | |
sportbguor.by | |
Бабру́йскае дзяржа́ўнае вучы́лішча алімпі́йскага рэзе́рву (БДВАР) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Бабруйску, створаная ў 1989 годзе на аснове спартыўнай школы-інтэрната для падрыхтоўкі спартыўных трэнераў.
Прымае навучэнцаў з 7-й класы агульнаадукацыйнай школы. Тэрмін дзённага навучання складае 7 гадоў[1].
Шматкорпусны будынак вучылішча размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Бабруйска па вуліцы Пушкіна, д. 207. Знаходзіцца ў суседнім квартале на ўсход ад стадыёна «Спартак». У вучылішча ёсць залы боксу, цяжкай атлетыкі і барацьбы, тыр для стральбы з лука, 2 бегавыя дарожкі, сектары для кідання дыска і штурхання ядра, пляцоўка для міні-футболу. У будынку вучылішчы размяшчаецца інтэрнат. За межамі вучылішча знаходзяцца базы весляроў і плыўцоў.
У 2013 годзе ажыццяўлялі прыём спартсменаў, якія мелі прынамсі 1-ы разрад. Гадавыя выдаткі на навучэнца складалі $3000. Кожны 3-і навучэнец быў удзельнікам зборнай Беларусі ў сваім відзе спорту. Іншагароднім абітурыентам ладзілі выпрабаванне цягам 2 месяцаў. На выязныя зборы дапускалі пры выкананні заданняў школьнага навучання. БДВАР займала 3-е месца сярод вучылішчаў алімпійскага рэзерву Беларусі па ліку падрыхтаваных прызёраў Алімпійскіх гульняў XXІ стагоддзя. У 2012 годзе алімпійскія чэмпіёны па веславанні Аляксандр і Андрэй Багдановічы, якія былі выпускнікамі вучылішча, пералічылі БДВАР 75 млн рублёў ($9000) па праграме «Алімпійскі выбар»[2].
Выпускнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксандр Жукоўскі — сярэбраны прызёр першынства свету па веславанні на каноэ (2001) на 1000 м у чацвёрцы
- Андрэй Арамнаў — чэмпіён свету (2007) і алімпійскі чэмпіён (2008) па цяжкай атлетыцы ў вазе да 105 кг
- Павел Лыжын — сярэбраны прызёр першынства Еўропы па штурханні ядра (2007)
- Аляксандр Багдановіч — алімпійскі чэмпіён (2008) па веславанні на каноэ на 1000 м у пары і чэмпіён свету (2009) на 200 м у чацвёрцы
- Андрэй Багдановіч — алімпійскі чэмпіён (2008) па веславанні на каноэ на 1000 м у пары
- Ванеса Каладзінская — чэмпіёнка свету па барацьбе ў вазе да 48 кг (2012) і да 53 кг (2017)
- Максім Пятроў — 2-кратны бронзавы прызёр першынства свету па вяслярстве на каноэ (2015, 2017)
- Дар’я Навумава — срэбная алімпійская прызёрка (2016) па цяжкай атлетыцы ў вазе да 75 кг і срэбная прызёрка першынства свету (2018) ў вазе да 81 кг
Зноскі
- ↑ Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 2. — С. 186. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3.
- ↑ Дарына Запольская. «Калыска» для чэмпіёнаў // Звязда : газета. — 25 верасня 2013. — № 180 (27545). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- sportbguor.by — афіцыйны сайт БДВАР