Перайсці да зместу

Аляксандр Іванавіч Радкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Іванавіч Радкевіч
Дата нараджэння 26 жніўня 1916(1916-08-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 кастрычніка 1957(1957-10-17) (41 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць  Расійская імперыя
 СССР
Род войскаў інжынерныя войскі
Гады службы 19351956
Званне
Палкоўнік
Палкоўнік
палкоўнік
Камандаваў 116-ы асобны інжынерны батальён, 8-я інжынерна-сапёрная брыгада
Бітвы/войны Вялікая Айчынная вайна Бітва за Дняпро
Узнагароды і званні
Ордэн Адраджэння Польшчы 4-й ступені
Ордэн Адраджэння Польшчы 4-й ступені
Медаль «За Варшаву 1939—1945»
Медаль «За Варшаву 1939—1945»
Ордэн Леніна Ордэн Айчыннай вайны I ступені Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Чырвонай Зоркі
Медаль «За абарону Каўказа»
Медаль «За абарону Каўказа»
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонага Сцяга Медаль «За баявыя заслугі» Медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Медаль «За вызваленне Варшавы»
Медаль «За вызваленне Варшавы»
Медаль «Залатая Зорка»

Аляксандр Іванавіч Радкевіч (26 жніўня 1916, вёска Балгавічы, цяпер у Капыльскім раёне Мінскай вобласці — 17 кастрычніка 1957, Масква, РСФСР) — камандзір 116-га асобнага інжынернага батальёна 37-й арміі Стэпавага фронта ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік бітвы за Дняпро; палкоўнік. Герой Савецкага Саюза (1943).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Па нацыянальнасці — беларус[1]. Ягоны бацька Іван рана памёр, таму Аляксандр выхоўваўся айчымам і маці Праскоўяй[2]. Брат — Віктар, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў лётчыкам, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга[3].

Вучыўся ў Грозаўскай сярэдняй школе-сямігодцы. Пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума ў 1934—1936 гадах працаваў прарабам на Капыльскай МТС[3].

У 1935 годзе Капыльскім райваенкаматам прызваны ў Чырвоную армію. Пасля заканчэння Ленінградскага ваенна-інжынернага вучылішча ў 1938 годзе атрымаў воінскае званне лейтэнанта. Служыў камандзірам сапёрнага ўзвода і сапёрнай роты ў Бела��ускай ваеннай акрузе.

Удзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гадоў, дзе служыў начальнікам інжынернай службы 756-га стралковага палка 150-й стралковай дывізіі, у далучэнні Бесарабіі і Паўночнай Букавіны да СССР.

У Вялікую Айчынную вайну на фронце з 1941 года, змагаўся ў інжынерных войсках. Будаваў умацаванні, масты, пракладаў дарогі. У лютым 1942 года накіраваны на Паўднёвы фронт, дзе камандаваў 116-м батальёнам 37-й арміі. Улетку 1942 года ажыццявіў пабудову моста даўжынёю больш за сто метраў цераз раку Северскі Данец. Яго сапёры за пяць дзён праклалі пераправу пад 40-сантыметровым слоем вады. Гэта давала магчымасць зрабіць збудаванне нябачным для нямецкіх лётчыкаў. Такое збудаванне ў армейскай практыцы было зроблена ўпершыню[3].

10 ліпеня 1942 года капітан А. І. Радкевіч вызначыўся, прыкрываючы адступленне арміі да Дона. Атрымаў задачу сіламі роты інжынернага армейскага рэзерву затрымаць наступ нямецкіх танкаў. У раёне вёскі Ваўчаяраўкі[uk] яго байцы пад агнём праціўніка усталявалі 300 супрацьтанкавых мін, на якіх падарваліся 11 нямецкіх танкаў. Калона нямецкай бронетэхнікі была вымушана ісці ў абыход міннага поля і трапіла пад шчыльны агонь савецкай артылерыі[2].

У жніўні таго ж года ўдзельнічаў у бітве за Каўказ. Падчас адступлення арміі 116-ы асобны інжынерны батальён пад яго камандаваннем у складаных умовах горнай мясцовасці здолеў пракласці 19 кіламетраў дарогі, што дазволіла вывесці ўвесь армейскі транспарт[2].

У красавіку — маі 1943 года маёр Аляксандр Радкевіч вызначыўся пры фарсіраванні рэк Адагум і Кубань на Паўночна-Каўказскім фронце. Праціўнік разлічваў, што багністыя плаўні на ўчастку паміж рэкамі стануць неадольнымі перашкодамі для чырвонаармейцаў, аднак савецкае камандаванне вырашыла нанесці ўдар менавіта на гэтым напрамку. Для вырашэння пастаўленай задачы быў сфармаваны добраахвотны інжынерны батальён пад камандаваннем А. І. Радкевіча, у задачы якога ўваходзіла падрыхтоўка 400 драўляных чоўнаў умяшчальнасцю 5—7 чалавек і 110 паромаў для вядзення агню, наводка пантонаў і будаўніцтва моста. Гэтая задача была выканана камандзірам усяго за 10 дзён, што дазволіла перакінуць на левы бераг ракі савецкія падраздзяленні.

За перыяд правядзення аперацыі з 26 мая па 2 чэрвеня 1943 года сапёры Аляксандра Іванавіча, ажыццяўляючы інжынернае суправаджэнне стралковых і танкавых частак, знялі 914 варожых мін і пабудавалі 9 мастоў для пераправы пяхоты і цяжкай тэхнікі. За ўзорнае выкананне баявых задач у перыяд наступлення 111 салдат і афіцэраў 116-га асобнага інжынернага батальёна былі ганараваны ўрадавымі ўзнагародамі[2].

Камандзір асобнага інжынернага батальёна маёр Аляксандр Радкевіч асабліва вызначыўся ў кастрычніку 1943 года пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Крамянчуга. Камендант дэсантна-паромнай пераправы пад шквальным агнём праціўніка за кароткі час забяспечыў бесперапынную пераправу на правы бераг ракі 19140 байцоў, 83 танкаў, 368 гармат, 20 мінамётаў, 566 аўтамашын і трактароў, 436 тон боепрыпасаў[2]. Гэта аперацыя дала магчымасць паспяхова развіць імклівае наступленне на дадзеным участку фронту.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра, 20 снежня 1943 года Аляксандру Іванавічу Радкевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Увесну 1944 года ваяваў на 3-ім Украінскім фронце, прымаў удзел у вызваленні Правабярэжнай Украіны. Неўзабаве прызначаны намеснікам камандзіра 8-й інжынерна-сапёрнай брыгады ў званні падпалкоўніка, у складзе якой удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Балгарыі, Румыніі, Чэхіі.

У 1944—1945 гадах служыў у Войску Польскім. Дзень Перамогі сустрэў у Германіі. Пасля вайны палкоўнік А. І. Радкевіч працягваў служыць у інжынерных войсках Савецкай Арміі.

Улетку 1956 года наведаў родныя Балгавічы з жонкай Нінай Паўлаўнай, сынам Валерыем і дачкой Галінай[3]. У кастрычніку таго ж года выйшаў у адстаўку. Памёр у 1957 годзе. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

У гонар Аляксандра Радкевіча названа вуліца ў вёсцы Балгавічы і піянерская дружына Грозаўскай сярэдняй школы. На хаце, дзе ён нарадзіўся, павешана мемарыяльная таблічка[2]. У вёсцы Папоўцы Капыльскага раёна побач з брацкай магілай у 1975 годзе быў пастаўлены паплечны бюст А. І. Радкевіча[4].

Узнагароджаны савецкімі медалямі «Залатая Зорка» (1943), «За абарону Каўказа», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За вызваленне Варшавы», «За баявыя заслугі» (1946), ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў (1943, 1944), ордэнам Леніна (1943), двойчы ордэнам Чырвонай Зоркі (1943, 1951), ордэнам Чырвонага Сцяга (1956); польскімі ўзнагародамі — медалём «За Варшаву 1939—1945» і ордэнам Адраджэння Польшчы.

Зноскі

  1. Навечно в сердце народном: [справочник] / Белорусская советская энциклопедия им. П. Бровки; [ред.-сост.: В. М. Бородулина и др.; редколл.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.] — 3-е изд., дополненное и исправленное. — Минск: БелСЭ, 1984. — 431—432 с.
  2. а б в г д е Диана Ткаченко.. Герой Советского Союза Александр Иванович Радкевич: хроника героизма (руск.). Капыльская раённая газета «Слава працы» (4 ліпеня 2014). Праверана 10 жніўня 2020.
  3. а б в г Іван Ігнатчык.. Герой з Балгавiч . Капыльская раённая газета «Слава працы» (5 кастрычніка 2011). Праверана 10 жніўня 2020.
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл. — С. 186