Навука ў Беларусі
Навука ў Беларусі развівалася ў агульнаеўрапейскім кантэксце.
Развіццё навук, ідэй і суполак на Беларусі ў XVI ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю Ф.Скарыны, М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага.
У 1579 годзе заснавана Віленская акадэмія, якая стала навуковым цэнтрам Беларусі і Літвы (гл. Віленскі ўніверсітэт).
У XVII—XVIII ст. вялі навуковыя даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і іншых навук А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, І.Храптовіч, І.Страйноўскі, М.Пачобут-Адляніцкі, С.Канарскі і інш. Значную ролю ў пашырэнні навуковых ведаў на Беларусі адыграла Гродзенская медыцынская школа, заснаваная А.Тызенгаўзам (у 1775—81 гг. Гродзенская медыцынская акадэмія, узначальваў Ж. Э. Жылібер).
У 1-й палове XIX ст. як частка славістыкі зарадзілася навуковае беларусазнаўства (працы П. Шафарыка, В. М. Бадзянскага, З. Я. Даленгі-Хадакоўскага). Асноўныя арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ўніверсітэт, віленскія археалагічная і археаграфічная камісіі. Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі І. І. Грыгаровіч, Т. Нарбут, М. В. Без-Карніловіч, лінгвісты І. І. Насовіч і С. П. Мікуцкі, этнограф П. М. Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы Я. П. Тышкевіч і К. П. Тышкевіч, публіцыст Р. А. Падбярэскі. У 1860—90-я гг. беларускі этнас даследавалі Насовіч, М. А. Дзмітрыеў, Ю. Ф. Крачкоўскі, А. М. Семянтоўскі, М. Я. Нікіфароўскі, Я. Ф. Карскі, М. В. Доўнар-Запольскі, М. А. Янчук і іншыя. Для развіцця айчыннай сельска-гаспадарчай навукі і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі шмат зрабіў створаны ў 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У пачатку XX ст. на Беларусі існавалі З навукова-даследчыя ўстановы: Беняконская сельска-гаспадарчая доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве з 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навуковая работа вялася ў Віцебскім (з 1910), Магілёўскім (з 1913) і Мінскім (з 1914) настаўніцкіх інстытутах, у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута (з 1911).
Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навуковых устаноў на Беларусі пасля утварэння БССР. У 1919 годзе адноўлены земляробчы інстытут у Горках (з 1925 года Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, навуковых даследаванняў у галіне біялогіі, хіміі, фізіка-матэматычных і грамадскіх навук. На базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР у 1922 годзе створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1923 годзе ў Мінску створана Беларуская доследная станцыя па ахове сельскагаспадарчых культур, у 1924 годзе — Мінская лясная доследная станцыя, у Лошыцы — садавіна-гароднінная доследная станцыя. Навуковую работу праводзілі і выкладчыкі Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (з 1922; за 2 гады інстытут выдаў 9 тамоў «вучоных запісак»), Віцебскага ветэрынарнага інстытута (з 1924).
Зыходзячы з патрэб развіцця народнай гаспадаркі і культуры, урад БССР ператварыў Інбелкульт у Акадэмію навук Беларусі, якая была ўрачыста адкрыта 1 студзеня 1929 года. Функцыі Акадэміі навук былі расшыраны, на яе ўскладалася планаванне работы ўсіх навукова-даследчых устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў, укараненне вынікаў даследаванняў у вытворчасць. Першым прэзідэнтам акадэміі выбраны У. М. Ігнатоўскі, віцэ-прэзідэнтамі — М. І. Бялуга, С. М. Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В. У. Ластоўскі; у ліку акадэмікаў-заснавальнікаў — М. Ф. Бліадухо, С. Я. Вальфсон, С. М. Вышалескі, З. Жылуновіч (Цішка Гартны), І. І. Замоцін, У. М. Ігнатоўскі, І. Д. Луцэвіч (Янка Купала), С. Ю. Матулайціс, К. М. Міцкевіч (Якуб Колас), У. І. Пічэта, І. А. Пятровіч (Я. Нёманскі) і інш.
У 1931 годзе ў структуры Акадэміі навук створаны інстытуты: фізіка-тэхнічны, агранамічны, біялагічны, эканомікі, філасофіі, савецкага будаўніцтва і права, літаратуры і мастацтва; у 1932 працавалі 14 НДІ (22 правадзейныя члены АН, 150 навуковых работнікаў).
Усяго ў БССР у гэты час дзейнічала 40 навукова-даследчых устаноў, у якіх працавала каля 1500 навуковых супрацоўнікаў. Для падрыхтоўкі навуковых кадраў у 1931 створана аспірантура. У даваенны час навукова-даследчыя ўстановы правялі вялікую работу ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, медыцыны, фізіка-матэматычных, філасофскіх, правазнаўчых, эканамічных, мастацтвазнаўчых і іншых навук.
У развіцці навукі ў БССР у канцы 1920—1930-х гг. было шмат цяжкасцей, абумоўленых недахопам высокакваліфікаваных навуковых кадраў, а таксама беспадстаўнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі (рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў АН). Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навуковых напрамкаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 годзе ў акадэміі навучалася 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 годзе шляхам рэарганізацыі ці зліцця з іншымі ўстановамі ліквідаваны інстытуты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навуковыя напрамкі, што нанесла вялікую шкоду развіццю навукі.
У Заходняй Беларусі, якая ў 1921—1939 гг. уваходзіла ў склад Польшчы, навуковыя даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім універсітэце і Беларускім навуковым таварыстве. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе НДІ і ВНУ былі ці знішчаны, ці эвакуіраваны. Але ўжо ў пачатку 1950-х гг. навуковы патэнцыял Беларусі быў адноўлены. Працавалі ўсе інстытуты, якія існавалі ў АН да вайны, узніклі і новыя (механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі, лесу, жывёлагадоўлі). У 1950—1960-я гг. найбольш хутка развіваліся фізіка-матэматычная і фізіка-тэхнічныя навукі; у АН створаны інстытуты: фізікі, матэматыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, машыназнаўства і аўтаматызацыі, тэхнічнай кібернетыкі, ядзернай энергетыкі і інш.
У 1940—1960-я гг. навуковую і навукова-арганізацыйную працу вялі прэзідэнты АН Беларусі К. В. Гораў, А. Р. Жэбрак, М. І. Грашчанкаў, В. Ф. Купрэвіч; акадэмікі К. М. Міцкевіч (Я.Колас), І. С. Лупіновіч, К. К. Атраховіч (К. Крапіва), Ц. М. Годнеў, М. А. Дарожкін, М. Ф. Ярмоленка, М. М. Нікольскі, А. Н. Сеўчанка, Б. І. Сцяпанаў, М. В. Турбін, М. П. Яругін, А. В. Лыкаў, В. П. Севярдэнка, І. А. Булыгін, А. К. Красін і інш. У 1969 годзе прэзідэнтам АН Беларусі выбраны М. А. Барысевіч. У 1970-я гг. ў структуры АН створана 5 новых інстытутаў: геахіміі і геафізікі, электронікі, фотабіялогіі, біяарганічнай хіміі, мікрабіялогіі. Арганізаваны акадэмічныя навук, цэнтры ў абласных гарадах: у Гомелі інстытут металапалімерных сістэм і аддзяленне інстытута матэматыкі, у Магілёве аддзяленні інстытутаў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Гродне аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Віцебску аддзяленні інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя фарміраванні выраслі ў самастойныя інстытуты: прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў у Магілёве, тэхнічнай акустыкі ў Віцебску, біяхіміі ў Гродне. У канцы 1970-х гг. у АН функцыянавала 5 аддзяленняў (грамадскіх, фізіка-матэматычных, фізіка-тэхнічных, біялагічных, хімічных, геалагічных навук), у якіх былі аб’яднаны 32 навукова-даследчыя ўстановы, працавала больш за 15,5 тысяч чалавек, у тым ліку 204 дактары, больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі; 70 членаў-карэспандэнтаў. З 1987 г. прэзідэнт АН Беларусі У. П. Платонаў, з 1992 — Л. М. Сушчэня. Вялікія поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М. А. Барысевіч, Сцяпанаў, У. А. Піліповіч, В. С. Буракоў), матэматыкі (Платонаў, Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (Лыкаў, Красін, А. Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л. У. Хатылёва), геалогіі (А. С. Махнач, Р. Г. Гарэцкі), лінгвістыкі (М. В. Бірыла), біяарганічнай хіміі (А. А. Ахрэм), грамадскіх навук (Бірыла, В. К. Бандарчык, К. П. Буслаў, М. І. Вядута, І. Я. Марчанка, Р. М. Суднік).
Тэмпы развіцця навуковага патэнцыялу Беларусі, эфектыўнасць яго дзейнасці рэзка знізіліся ў 1990-я гг., калі ўсё сферы грамадскага жыцця, у тым ліку і навуку, ахапіў глыбокі крызіс. Пачаўся адток яе найбольш кваліфікаваных і актыўных спецыялістаў. Аднак і ў гэтых умовах развіццё навуковых даследаванняў не спыняецца. У канцы 1980 — пачатку 1990-х гг. з’явіліся новыя навуковыя ўстановы ў структуры АН Беларусі: ін-ты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі; сацыялогіі; хіміка-тэхналагічны цэнтр; інжынерны цэнтр фізікі і тэхналогіі тонкіх плёнак і пакрыццяў «Плазматэг»; навуковы цэнтр праблем механікі машын; аддзел праблем рэсурсазабеспячэння ў Гродне. Створаны Рэспубліканскі інстытут вышэйшай і гуманітарнай адукацыі. Узніклі недзяржаўныя ВНУ: Беларускі камерцыйны універсітэт кіравання, Інстытут сучасных ведаў, камерцыйны інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва і інш. (усяго ў 1996 — 24). З 1991 годзе на Беларусі дзейнічае фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае фінансавую падтрымку творчым навуковым калектывам і асобным навукоўцам, што атрымалі перамогу ў конкурсным спаборніцтве. Беларускай фундаментальнай навуцы ў межах Міжнароднага навуковага фонду аказвае падтрымку Беларускі фонд Сораса. Акрамя фундаментальных даследаванняў, якія ажыццяўляюцца НДІ АН Беларусі, навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі праводзяцца ў НДІ адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ, у навукова-даследчых цэнтрах, установах, навукова-вытворчых аб’яднаннях. У 1924 створаны навукова-даследчыя інстытуты: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1930 — траўматалогіі і артапедыі; меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1949 — эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага; у 1960 — Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, у 1961 — Цэнтральны НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў; у 1971 — аховы раслін; рыбнай гаспадаркі; у 1990 — агародніцтва; бульбаводства; у 1991 — працы; Беларускі навукова-даследчы цэнтр «Экалогія»; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны і інш. Усяго ў 1995 на Беларусі 287 навуковых устаноў і арганізацый, у тым ліку 133 НДІ.
Літаратура
правіць- Беларусь. Навука // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. С. 44—45.
- Навука // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. С. 450—587.
Спасылкі
правіць- Навука і адукацыя ў Беларусі // Афіцыйны Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Беларусі
- Інтэрнэт-партал Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Артыкул або раздзел вымагае перапрацоўкі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Артыкул вымагае вікіфікацыі. |