Музыка Венгрыі
Для народнай музыкі Венгрыі характэрна узаемадзеянне старажытна-ўсходняй асновы (пентатоніка ) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З X ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У XI ст., з прыняццем каталіцтва, на тэрыторыі Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З XIII ст. сярод венгерскіх народных інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы.
З XV ст. ў Венгрыі развівалася заходне-еўрапейская прыдворная культура: сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вакальна-інструментальныя капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе. З XVI ст. вядомыя свецкія музычныя творы на венгерскія тэксты, апублікаваныя ў зборніках Ш. Тынадзі (1554) і Б. Бакфарка (1553, 1565). У XVII—XVIII стст. у рэзідэнцыях аўстра-венгерскіх арыстакратаў ствараліся аркестры, у 1761—1790 гг. аркестрам князёў Эстэрхазі кіраваў Ё. Гайдн.
Фарміраванне нацыянальнага стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец XVIII ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я. Біхары , Я. Лаваты , А. Чэрмака , кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатральных труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венгерскіх операх І. Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А. Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М. Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф. Эркеля на тэмы нацыянальна-вызваленчага руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў XIX ст. віртуозы-скрыпачы Э. Рэменьі , Е. Хубаі, а таксама Ё. Ёахім і Л. Аўэр, якія пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі. Вяршыня развіцця венгерскай музыкі XIX ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф. Ліста.
На пачатку XX ст. вядомасць набылі аперэты Ф. Легара, І. Кальмана, які унёс у аперэту элементы венгерскай песенна-танцавальнай мелодыкі. Развіццё венгерскай музыкі першай паловы XX ст. звязана з імёнамі Б. Бартака і З. Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П. Кадаша. Д. Ранкі , А. Сёлёшы , Ш. Балаша , Д. Лігеці, Ж. Дурка . Сусветную вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш. Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э. Петравіча («C’est la guerre », 1962). Сярод выканаўцаў дырыжоры А. Нікіш, Я. Ферэнчык, піяністы А. Фішэр , З. Кочыш , спевакі М. Базілідэс, Д. Меліш , Э. Хазі .
Праводзяцца міжнародныя конкурсы выканаўцаў і кампазітараў, у т.л. Фестываль імя Б. Бартака (з 1948). У Будапешце працуюць: Венгерскі оперны тэатр, Будапешцкі сімфанічны аркестр, Саюз венгерскіх музыкантаў (з 1949), Інстытут музыказнаўства пры Венгерскай акадэміі навук (з 1969), Вышэйшая музычная школа (з 1919), кансерваторыя імя Б. Бартака, Музей музыкі (з 1986) і інш.
Літаратура
правіць- Венгрыя. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музыка Венгрыі