Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў
Белару́скі паслявае́нны антысаве́цкі супраці́ў адбываўся ў перыяд з 1944 года. Асноўныя матэрыялы аб супраціве апынуліся ў закрытых архівах спецслужбаў розных краін. Даследчыкі абапіраюцца на нешматлікія публікацыі, архіўныя зборы, а таксама на прыватныя ўспаміны апошніх жывых удзельнікаў тагачасных падзей.[1]
Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Нямецка-савецкая вайна, Халодная вайна, Пасляваенны антысавецкі рух у БССР | |||
Дата | 1944—1957 гады | ||
Месца | БССР | ||
Прычына | Калектывізацыя, рэпрэсіі, патрыятызм | ||
Вынік | Знішчэнне атрадаў беларускіх нацыяналістаў, усталяванне савецкай улады | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Перадумовы
правіцьБеларускі вызвольны рух падчас і пасля Другой сусветнай вайны з’яўляецца працягам збройнай барацьбы за незалежнасць Беларусі, якая ішла ў 1918—1925 гадах. У той час каталізатарам узнікнення масавага беларускага збройнага руху стала польска-савецкая вайна, а вынікам — паўстанне Беларускай Народнай Рэспублікі, акупаванай больш моцнымі на той час суседзямі. Падчас акупацыі Усходняй Беларусі Савецкай Расіяй, а Заходняй Беларусі Польшчай нямала беларусаў марылі пра аднаўленне дзяржаўнасці. Формы змагання былі рознымі, нязменнай заставалася толькі мэта — вольная і незалежная Беларусь. Рэпрэсіі акупантаў не знішчылі вызвольнага руху, на месца палеглых прыходзіла моладзь. Яшчэ ў верасні 1939 году беларускія патрыёты — і нацыяналісты, і сацыялісты — ўзяліся за зброю. Яны ўзнялі паўстанне на Палессі і спрабавалі стварыць Заходнебеларускую Рэспубліку са сталіцай у Пінску. Аднак уварванне Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь сарвала іх планы. Ад гэтага часу пачынаецца антысавецкае партызанскае змаганне. Да пачатку нямецка-савецкай вайны ў Заходняй Беларусі дзейнічалі больш за 1 000 беларускіх партызанаў. Найбольш вядомы — атаман Якуб Харэўскі.
Беларускі партызанскі і канспіратыўны рух існаваў і падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў. Яны збіралі сілы для збройнага выступу супраць любых акупантаў і для аднаўлення незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзеячы беларускага супраціву гінулі ад рук нацыстаў, бальшавікоў, польскіх «акоўцаў». У снежні 1942 году гестапа знішчыла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, ідыёлага супраціву.
Гісторыя
правіцьРашэнне аб арганізацыі супраціву
правіцьТым часам у 1943 годзе на усходнім фронце наступіў пералом. Германія цярпела паразу за паразай, стала рэальным вяртанне бальшавікоў. У гэтай сітуацыі тагачасны беларускі нацыянальны актыў прыняў няпростае рашэнне. У беларускага супраціву не было ўласных рэсурсаў для пачатку вызвольнай барацьбы на два франты. Спробы наладзіць сувязь з заходнімі саюзнікамі вынікаў не далі. Не хапала не толькі зброі, але і дасведчаных камандзіраў. Таму, калі вясной 1944 года немцы прапанавалі беларускім дзеячам — кіраўнікам Беларускай цэнтральнай рады і Беларускай краёвай абароны — паўдзельнічаць у арганізацыі канспірацыйнай сеткі антысавецкага супраціву, яны пагадзіліся. Нямецкія спецслужбы планавалі падрыхтаваць і пакінуць у тыле бальшавікоў вялізны дыверсійны фронт ад Балтыкі да Чорнага мора. Быў распрацаваны тайны план пад кодавай назвай «Любімая котка» (ням.: Liben Kätchen). Пачалася падрыхтоўка людзей і матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калі ў Латвіі канспірацыйная сетка атрымала назву «Лясныя коткі» (ням.: Forstlichekatze), ва Украіне — «Стэпавы кот» (ням.: Steppenkatze), на Смаленшчыне і Браншчыне — «Дзікі кот» (ням.: Wilde Katze), дык у Беларусі — «Чорны кот» (ням.: Schwarze Katze). На яго кіраўніка беларускі нацыянальны актыў прапанаваў немцам таленавітага вайскоўца маёра Міхала Вітушку. Пасля заканчэння кангрэсу ў Мінску Вітушка сустрэўся з паэткай і генеральным сакратаром Рады БНР Ларысай Геніюш. У сваіх успамінах яна занатавала яго словы:
Я ненавіджу немцаў, я толькі і толькі беларус, але нам трэба здабыць нашую зямлю для народу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць. Міхал Вітушка
|
Антысавецкі супраціў на тэрыторыі Беларусі быў падзелены на тры часткі: галіна-поўнач, галіна-цэнтр і галіна-поўдзень. Кожная з галін мела свайго кіраўніка. У сваю чаргу камандзіры падначальваліся галоўнаму штабу беларускага партызанскага руху, які быў размешчаны ў бункеры пад Варшавай. Усе гады партызанскага і канспірацыйнага змагання ім кіраваў Міхал Вітушка.
Падрыхтоўка супраціву
правіцьНямецкімі інструктарамі былі падрыхтаваны каля 3 000 партызанаў і патаемнікаў. Большая частка іх летам 1944 года засталася ў Беларусі і чакала загадаў ад Міхала Вітушкі. Некалькі атрадаў прайшлі падрыхтоўку ў Германіі, а ў Беларусь і Польшчу прыбылі пазней. Для партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі вясной-летам 1944 года былі пабудаваныя 15 бункераў. Удзельнік падрыхтоўкі сеткі бункераў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўзгадвае, што будаўніцтва бункераў ажыццяўлялі ваеннапалонныя пад наглядам нямецкіх інжынераў. Бункеры, глыбінёю 2—2,5 метры, былі бетанаваныя. Сістэмы вентыляцыі адводзіліся на 20—25 метраў ад бункера. Звычайна, у бункеры было некалькі пакояў, сховішча для зброі і прадуктаў.
Усе беларускія атрады, пакінутыя ў Беларусі ў межах плана «Liben Kätchen» былі забяспечаныя радыёсувяззю, яўкамі, зброяй, боепрыпасамі, дакументамі, бланкамі і пячаткамі савецкіх вайсковых і цывільных устаноў, грашыма, медыкаментамі. Планавалася, што гэтых запасаў хопіць на 5—10 гадоў дзейнасці. Паводле аднаго з удзельнікаў супраціву іх сапраўды хапіла аж да 1951 года. Дзякуючы гэтым бункерам большая частка беларускіх партызанаў здолела ператрываць без вялікіх стратаў найбольш цяжкі перыяд — да лета 1945 года. Менавіта за гэты час органамі дзяржбяспекі былі разгромленыя польскае падполле і партызанка. Паводле матэрыялаў КДБ на працягу 1944—1955 гадоў былі выкрытыя толькі 7 бункераў-складаў беларускага супраціву.
Яшчэ адным арганізатарам беларускага супраціву была Беларуская незалежніцкая партыя на чале з Усеваладам Родзькам. Частка патаемных групаў і партызанскіх атрадаў БНП летам 1944 года была пакінутая ў Беларусі. Рэшту сяброў накіравалі ў дыверсійна-выведчыя школы нямецкай вайсковай выведкі. Родзька намагаўся весці ўласную гульню: атрымаўшы ад немцаў дапамогу і падрыхтаваўшы людзей, ён меркаваў перакінуць іх з Германіі ў Беларусь і арганізаваць незалежны ад «Чорнага ката» супраціў.
«Dallwitz» і незалежны супраціў
правіцьЯшчэ летам 1944 года ва Усходняй Прусіі быў створаны дыверсійны батальён «Dallwitz», укамплектаваны жаўнерамі і афіцэрамі беларускіх вайсковых і паліцыйных фармацый, сябрамі Саюза беларускай моладзі. Нямала з іх былі сябрамі патаемнай Беларускай незалежніцкай партыі. Кіраваў выведча-дыверсійнай школай у «Dallwitz» маёр Геруліс, намеснікам па навучальнай частцы, а таксама палітычным кіраўніком быў капітан Родзька, а кіраўніком навучальнай часткі — капітан Барыс Рагуля. Камандзірам батальёну «Dallwitz» з беларускага боку быў капітан Ян Гелда, былы афіцэр арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Кожная група павінная была праходзіць чатырохмесячны курс падрыхтоўкі ў Дальвіцы (Усходняя Прусія, 20 кіламетраў ад Істэрнбурга). Курс навучання ў школе складаўся з тактыкі вядзення партызанскага бою, падрыўной справы , тапаграфіі, шыхтавай падрыхтоўкі. Таксама курсанты праходзілі культурна-асветніцкую працу, слухалі лекцыі па гісторыі Беларусі. Радысты праходзілі навучанне ў адмысловай школе пад Данцыгам. Пасля заканчэння курсу групы атрымоўвалі амуніцыю, дакументы, сродкі сувязі, радыёкоды і выпраўляліся, звычайна паветраным шляхам, у вызначаныя раёны Беларусі.
У верасні 1944 года кал�� Дзятлава, Смаргоні і Вільні была дэсантаваная група сябра БНП Андрэя Вайтовіча. У лістападзе паміж Налібоцкай і Рудніцкай пушчамі быў вікінуты з нямецкага самалёта атрад Мікалая Вітушкі, былога афіцэра Чырвонай арміі. У студзені 1945 года ён загіне і Саветы будуць думаць, што знішчылі маёра Міхала Вітушку. У Беларусь працягвалі перакідваць невялікія групы «Dallwitz» і асобных дэсантнікаў. Немцы патрабавалі ад іх праводзіць дыверсіі на камунікацыях і выведку. Беларускае кіраўніцтва — Родзька, Гелда — загадвала не выконваць нямецкіх інструкыяў, арганізоўваць канспірацыю ды партызанку, аб’яднаныя ў Беларускую вайсковую арганізацыю. Планавалася, што спецыяльны батальён «Dallwitz» будзе налічваць ад 800 да 1 000 чалавек. Падрыхтоўка людзей ішла аж да часу капітуляцыі Германіі. Пасля таго, як батальён быў раззброены чэшскімі партызанамі, ён спыніў сваё існаванне, а яго байцы альбо прабіваліся на Захад, альбо у Беларусь і Польшчу. Некаторыя ваявалі яшчэ ў пачатку 1950-х, іншыя, як і Родзька, былі арыштаваныя савецкімі спецслужбамі. Такім чынам, з арыштам Родзькі у чэрвені 1945 года быў сарваны план па арганізацыі незалежнага беларускага супраціву. Найбольш баяздольныя адзінкі БНП альбо далучыліся да «Чорнага ката», як, напрыклад, атрад Антона Бандыка, альбо загінулі ў баях з войскамі НКУС. На Палессі працягвалі дзейнічаць атрады беларускіх партызанаў-грамадоўцаў, яны трымаліся незалежна і ад БНП, і ад «Чорнага ката». Адной з малавядомых постацяў беларускага супраціву, які змагаўся і супраць немцаў, і супраць бальшавікоў за адраджэнне незалежнай Беларусі быў атаман Якуб Харэўскі.
Атрад Якуба Харэўскага і іншыя атрады
правіцьЗ 1943 года атрады Якуба Харэўскага і Івана Перагуда дзейнічалі на Валыні ў ваколіцах Ратна і Любяшова. У гэтых гарадах пасля адыходу немцаў яны захапілі шмат зброі: аўтаматаў, кулямётаў, мінамётаў, гранат і набояў. Пасля вяртання Саветаў атрад Харэўскага разгарнуў партызанскую барацьбу: забіваў чэкістаў, міліцыянтаў і камуністаў. У кантакт з арганізацыяй Вітушкі атаман Харэўскі ўвайшоў толькі ў лютым 1946 года. Аднак, атрад працягваў дзейнічаць самастойна. З Беларусі Харэўскі вывеў сваіх партызанаў у Польшчу. На Беласточчыне і Падляшшы атрады Івана Перагуда і Якуба Харэўскага працягвалі дзейнічаць аўтаномна. Атрады мелі заданне абараняць беларускае насельніцтва ад бандаў польскіх нацыяналістаў-крымінальнікаў і атрадаў, якія займаліся высяленнем беларусаў у СССР. Там адбываліся збройныя сутычкі з палякамі і з савецкімі вайскоўцамі з перасяленчых місіяў. Праўдападобна, атрад Харэўскага сышоў на захад у канцы 1949 альбо на пачатку 1950 года. Сам атаман напіша пазней:
Наш паднішчаны атрад у 50-х гадах самаліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, адтуль далей на Захад. Якуб Харэўскі
|
Дзесьці ў 1947 годзе на Захад групамі перайшоў і атрад Івана Перагуда.
Акрамя згаданых арганізацыйных цэнтраў беларускага супраціву па ўсёй Беларусі дзейнічаў стыхійны партызанскі рух, які ў 1944—1945 гадах налічваў дзясяткі тысяч чалавек. Іх узмацнялі сяляне, незадаволеныя калектывізацыяй, уцекачы ад савецкіх рэпрэсій, рэпатрыянты з Еўропы. Гэты ўзброены рух, які існаваў паралельна з арганізацыяй «Чорны кот», часткова пад яе ўплывам, у некаторых рэгіёнах пратрымаўся аж да канца 1950-х пачатку 1960-х гадоў.
Арышты за антысавецкую дзейнасць
правіцьУ 1939—1940 і 1943—1953 гадах у БССР за антысавецкую дзейнасць былі арыштаваныя 91.312 чалавек. Па 1941 годзе ёсць звесткі не па БССР, а па арыштаваных у СССР беларусах — 3318 чалавек. Таксама ў статыстыцы няма звестак пра арыштаваных у 1945 годзе СМЕРШам.
Сярод арыштаваных у БССР, асабліва ў 1939—1940 і ў 1944—1945 гг., было шмат палякаў, габрэяў, украінцаў, расейцаў. Лічба беларусаў арыштаваных у СССР у 1939—1953 гг. за антысавецкую дзейнасць складае 62.995 чалавек. Агулам за кругабегі 1939—1940 і 1943—1953 гадах у БССР за антысавецкую дзейнасць былі арыштаваныя 91.312 чалавек. У перыяд акупацыі БССР ёсць звесткі пра арышты беларусаў у СССР — 3318 чалавек. Такім чынам за кругабегі 1939—1940 і 1943—1953 арыштавалі да 95 тысяч «антысаветчыкаў» з Беларусі.
У 1944—1945 гг. за антысавецкую дзейнасць больш, чым у БССР, арыштоўвалі толькі ва Украіне. У 1946—1947 гг. другое месца займала Летува, але ў 1948 годзе яго зноў заняла БССР і трымала да 1951 году ўключна.
У паваенны час арыштоўвалі таксама за «шпіянаж на карысць замежных дзяржаваў», за тэрор, дыверсіі, паўстанцтва і «палітбандытызм», бандытызм, сабатаж, шкодніцтва, антысавецкую агітацыю, спробы ўцёкаў за мяжу, выраб і распаўсюд антысавецкіх улётак, антысавецкія выказванні, здраду і пасобніцтва нямецкім акупантам.
1939 год
правіцьУ БССР за гэты год былі арыштаваныя за антысавецкую дзейнасць 1378 чалавек (ва УССР — 2458), у Заходняй Беларусі — 8818 (у Заходняй Украіне — 9286). Сярод арыштаваных былі толькі 6 удзельнікаў беларускіх «нацыяналістычных контр-рэвалюцыйных арганізацый» (украінцаў такіх было 1172). У СССР у 1939 годзе арыштавалі 3422 беларусы (украінцаў — 6197). Агульны лік арыштаваных у Савецкім Саюзе «антысаветчыкаў» — амаль 45 тысяч чалавек.
1940 год
правіцьУ БССР былі арыштаваныя за антысавецкую дзейнасць 1094 чалавекі (ва УССР — 4337), у Заходняй Беларусі — 27758 (у Заходняй Украіне — 45.365, у Летуве — 2663). Сярод арыштаваных былі толькі 4 удзельнікі беларускіх «нацыяналістычных контр-рэвалюцыйных арганізацый» (украінцаў — 4828). У СССР у 1940 годзе арыштавалі 5888 беларусаў (украінцаў — 21.856). Агульны лік арыштаваных у Савецкім Саюзе «антысаветчыкаў» — амаль 133 тысячы чалавек.
1941 год
правіцьУ гэтым годзе ў СССР былі арыштаваныя за антысавецкую дзейнасць 3318 беларусаў (за першае паўгоддзе — 1712, за другое — 1606), а таксама 8382 украінцы, 1085 летувісаў, 1083 латышы, 944 эстонцы . Агулам у СССР за антысавецкую дзейнасць арыштавалі амаль 133 тысячы чалавек. Сярод арыштаваных былі выяўленыя 15 удзельнікаў беларускіх антысавецкіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў» (11 — у першым паўгоддзі), калі ўкраінцаў — 3998, латышоў — 691, летувісаў — 517, эстонцаў — 439.
1942 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць на тэрыторыі СССР (па-за межамі БССР, акупаванай нацыстамі) былі арыштаваныя 2364 беларусы (менш за 2% ад агульнай колькасці арыштаваных у Савецкім Саюзе «антысаветчыкаў», якіх было амаль 191 тысяча чалавек). Сярод іх выявілі 2 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацыяў і групаў».
1943 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 1041 чалавек (ва УССР — 22736, Смаленскай вобласці РСФСР — 3061). Сярод іх удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў» выяўлена не было. Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 141 тысячу) колькасць беларусаў складала 1826 чалавек.
1944 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 13.045 чалавек (ва УССР — 30954, Летувіскай ССР — 2584, Латвійскай ССР — 1513, Эстонскай — 2962, Малдоўскай — 2105, Бранскай вобласці РСФСР — 457, Смаленскай вобласці РСФСР — 709). Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (а такіх было больш за 103 тысячы) беларусаў было 10.383 чалавекі.
1945 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 8906 чалавек (ва УССР — 30495, Летувіскай ССР — 6958, Латвійскай ССР — 7120, Эстонскай — 6569, Малдоўскай — 2546, Бранскай вобласці РСФСР — 1082, Смаленскай вобласці РСФСР — 1067). Сярод іх было 165 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 112 тысяч) беларусы складалі 7826 чалавек. У статыстыцы няма людзей, арыштаваных у 1945 годзе СМЕРШам.
1946 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 4373 чалавекі (ва УССР — 22.025, Летувіскай ССР — 4919, Латвійскай ССР — 1651, Эстонскай — 690, Малдоўскай — 876, Бранскай вобласці РСФСР — 450, Смаленскай вобласці РСФСР — 423). Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 91 тысячу) беларусы складалі 5724 чалавекі.
1947 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 2742 чалавекі (ва УССР — 22450, Летувіскай ССР — 4939, Латвійскай ССР — 1620, Эстонскай — 527, Малдоўскай — 534, Бранскай вобласці РСФСР — 603, Смаленскай вобласці РСФСР — 420). Сярод іх было 227 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 67 тысяч) беларусы складалі 3034 чалавекі.
1948 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 5084 чалавекі (ва УССР — 21783, Летувіскай ССР — 4109, Латвійскай ССР — 2562, Эстонскай — 1478, Малдоўскай — 361, Бранскай вобласці РСФСР — 530, Смаленскай вобласці РСФСР — 703). Сярод іх былі 576 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнаьць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (а такіх было больш за 70 тысяч) беларусы складалі 4937 чалавек.
1949 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 7032 чалавекі (ва УССР — 16106, Летувіскай ССР — 4279, Латвійскай ССР — 3052, Эстонскай — 1447, Малдоўскай — 349, Бранскай вобласці РСФСР — 621, Смаленскай вобласці РСФСР — 520). Сярод іх было 797 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 70 тысяч) беларусы складалі 6162 чалавекі.
1950 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 4800 чалавек (ва УССР — 17144, Летувіскай ССР — 2930, Латвійскай ССР — 2694, Эстонскай — 2213, Малдоўскай — 356, Бранскай вобласці РСФСР — 439, Смаленскай вобласці РСФСР — 199). Сярод іх былі 250 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 57 тысяч) беларусы складалі 4318 чалавек.
1951 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР быў арыштаваны 4391 чалавек (ва УССР — 8905, Летувіскай ССР — 3287, Латвійскай ССР — 2270, Эстонскай — 1766, Малдоўскай — 401, Бранскай вобласці РСФСР — 328, Смаленскай вобласці РСФСР — 231). Сярод іх было 246 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 45 тысяч) беларусы складалі 3751 чалавека.
1952 год
правіцьЗа антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 569 чалавек (ва УССР — 3764, Летувіскай ССР — 1072, Латвійскай ССР — 820, Эстонскай — 462, Малдоўскай — 327, Бранскай вобласці РСФСР — 104, Смаленскай вобласці — 104). Сярод іх былі 46 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 16 тысяч) беларусы складалі 652 чалавекі.
1953 год
правіцьУ гэтым годзе за антысавецкую дзейнасць у БССР былі арыштаваныя 281 чалавек (ва УССР — 2479, Летувіскай ССР — 1029, Латвійскай ССР — 554, Эстонскай — 380, Малдоўскай — 275, Бранскай вобласці РСФСР — 95, Смаленскай вобласці РСФСР — 80). Сярод іх было 20 удзельнікаў беларускіх «буржуазна-нацыяналістычных партый, арганізацый і групаў». Сярод арыштаваных за антысавецкую дзейнасць не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР (такіх было больш за 10 тысяч) беларусы складалі 344 чалавекі.
Зноскі
- ↑ Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944-1959 гг.(недаступная спасылка). Мова нанова (20 чэрвеня 2015).
Літаратура
правіць- Сяргей Ёрш, Сяргей Горбік. Беларускі супраціў. — Львоў, 2006.
Спасылкі
правіць- Алег Падгайчык. Статыстыка савецкіх карных ворганаў па арыштаваных у Беларусі “антысаветчыках” у 1939-1953 гг.(бел. (тар.)) // Беларускі Рэзыстанс. — 2012. — № 2 (13). — С. 44 — 48.
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- «Праклятыя і забытыя» на YouTube