Ангола

краіна ў Паўднёвай Афрыцы

Анго́ла (парт.: Angola), Рэспу́бліка Анго́ла (парт.: República de Angola) — дзяржава ў паўднёва-заходняй частцы Афрыкі. Мяжуе на поўначы з Рэспублікай Конга, на поўначы і паўночным усходзе — з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на ўсходзе — з Замбіяй, на поўдні — з Намібіяй. На захадзе тэрыторыя краіны абмываецца водамі Атлантычнага акіяна, працягласць берагавой лініі — 1600 км. Сталіца — г. Луанда (каля 4,5 млн жыхароў). Іншыя буйныя (звыш 100 тыс. жыхароў) гарады — Уамба, Лубанга, Бенгела, Намібе. Грашовая адзінка — кванза (1 дол. ЗША = 74,8 кванз). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці, адзначаецца 11 лістапада. Дзяржаўная мова — партугальская.

Рэспубліка Ангола
парт.: República de Angola
Герб Анголы
Сцяг Анголы Герб Анголы
Дэвіз: «Virtus Unita Fortior
лац.: Адзінства забяспечвае сілу»
Гімн: «Наперад, Ангола!»
Дата незалежнасці 11 лістапада 1975 (ад Партугаліі)
Афіцыйная мова партугальская
Сталіца Луанда
Найбуйнейшыя гарады Луанда
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Жуан Ларэнсу
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
22-я ў свеце
1 246 700 км²
малаваж.
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

18 498 000[1] чал. (59-я)
14,8 чал./км²
ВУП
  • Разам (2008)
  • На душу насельніцтва

$105,078 млрд[2]  (62-ы)
$6251[2]
ІРЧП (2007) 0.564 (143-ы)
Валюта кванза
Інтэрнэт-дамен .ao
Код ISO (Alpha-2) AO
Код ISO (Alpha-3) AGO
Код МАК ANG
Тэлефонны код +244
Часавыя паясы +1

Тэрыторыя — 1246,7 тыс. кв. км (краіна займае па плошчы тэрыторыі 7-е месца на Афрыканскім кантыненце), у адміністрацыйным дачыненні падзеленая на 18 правінцый, уключаючы сталіцу, якая мае аналагічны статус, 157 муніцыпалітэтаў і звыш 500 сельскіх адміністрацыйных адзінак — камун.

Клімат — вільготны трапічны на поўначы, умераны ў цэнтральнай частцы краіны, засушлівы на поўдні. Сезон дажджоў працягваецца з кастрычніка па красавік, сухі — з мая па верасень.

Гісторыя

правіць

Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. тэрыторыя Анголы была населена пераважна кайсанскімі народамі. Каля V ст. з поўначы сюды мігрыравалі плямёны банту, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, ведалі выраб керамікі і вытворчасць жалеза. Да XVI ст. яны заснавалі шэраг дзяржаўных утварэнняў. Найбуйнейшымі з іх былі Каралеўства Конга, Ндонга, Нгоё.

Упершыню еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэрыторыі Анголы ў 1482 г. У XVI ст. яны заснавалі на ўзбярэжжы Анголы шэраг апорных пунктаў, у тым ліку ў 1576 г. — Сан-Паўлу-ды-Луанда (цяперашняя Луанда). Да канца XIX ст. Партугалія завяршыла каланізацыю тэрыторыі сучаснай Анголы. У лютым 1961 г. пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба ангольскага народа за ліквідацыю партугальскага каланіялізму. Яна вялася пад кіраўніцтвам трох сфармаваных на этнічнай аснове арганізацый — Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), Нацыянальнага фронту вызвалення Анголы (ФНЛА) і Нацыянальнага саюза за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА). На працягу доўгага часу паміж імі існавала суперніцтва, якое ў 1975 г. перарасло ў ваеннае супрацьстаянне.

11 лістапада 1975 г. у Луандзе кіраўніцтва МПЛА абвясціла нацыянальную незалежнасць Анголы. УНІТА на чале з Ж. Савімбі працягнула ўзброеную барацьбу за ўладу, у асобныя перыяды кантралюючы да 2/3 тэрыторыі краіны. Кропка ва ўнутрыангольскім канфлікц��, які стаў адным з самых працяглых на Афрыканскім кантыненце, была пастаўленая ў красавіку 2002 г., калі пасля смерці Ж. Савімбі прадстаўнікі ангольскага ўраду і УНІТА падпісалі Мемарандум аб спыненні ваенных дзеянняў. У лістападзе 2002 г. было абвешчана аб завяршэнні мірнага ўрэгулявання ў Анголе, а ў снежні таго жа года ААН адмяніла міжнародныя санкцыі, уведзеныя раней у дачыненні УНІТА.

Дзяржаўны лад

правіць

Ангола — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Па канстытуцыі прэзідэнт абіраецца на 5 гадоў. Жазэ Эдуарду душ Сантуш (глава дзяржавы з 1979) займае гэты пост у адпаведнасці з вынікамі першага тура прэзідэнцкіх выбараў 1992 году. Ён не перавыбіраўся на новы тэрмін з прычыны немагчымасці правядзення выбараў ва ўмовах грамадзянскай вайны, якая доўжылася да 2002. Чарговыя выбары главы дзяржавы запланаваныя на 2009.

Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальная асамблея (аднапалатны парламент, які складаецца з 220 дэпутатаў). Цяперашні склад абраны ў 1992, 129 месцаў прыналежаць МПЛА, 70 — УНІТА, 6 — Партыі сацыяльнага абнаўлення Анголы (ПРС), 5 — Нацыянальнаму фронту вызвалення Анголы (ФНЛА), 3 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ПЛД) і па адным месцы — шэрагу дробных партый. Старшыня Нацыянальнай асамблеі — Раберту дэ Алмейда.

Правядзенне парламенцкіх выбараў у Анголе вызначана на верасень 2008 году.

У краіне налічваецца звыш 100 партый і палітычных арганізацый, шмат з якіх існуюць толькі намінальна. Кіроўныя пазіцыі займае МПЛА — партыя сацыял-дэмакратычнай арыентацыі (каля 1,3 млн членаў), якая мае статус кансультатыўнага члена Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Найбольшым уплывам МПЛА карыстаецца сярод жыхароў гарадоў, узбярэжнай зоны, а таксама правінцый Луанда, Бенга, Паўночная Кванза, Маланже. Старшыня партыі — Ж. Э. душ Сантуш, генеральны сакратар — Жуліау Матэвуш Паўла.

Вядучая апазіцыйная партыя — УНІТА. Абапіраецца першым чынам на самае шматлікае ў Анголе племя авімбунду, якое насяляе цэнтральныя правінцыі (Уамба, Біе, Паўднёвая Кванза, Бенгела), а таксама збольшага на племя баконга, што пражывае ў паўночных правінцыях (Уіжэ, Зайрэ). Пасля смерці заснавальніка УНІТА Ж. Савімбі (люты 2002) адбылося аб’яднанне розных груповак партыі, уключаючы ваеннае крыло. Старшыня партыі — І. Самакува.

Пасада прэм'ер-міністра, які ажыццяўляе аператыўнае кіраўніцтва ўрадам, займае Фернанду ды Піедадэ Дыяш душ Сантуш «Нандо» (з 2002).

Судовая сістэма Анголы ўключае ў сябе Канстытуцыйны суд (да цяперашняга часу не створаны, яго функцыі выконвае Вярхоўны суд), Вярхоўны суд, а таксама правінцыйныя і муніцыпальныя суды.

Міністр замежных спраў з 1998 г. — Жуан Бернарду дэ Міранда (Міністэрства замежных спраў).

Насельніцтва

правіць

Насельніцтва (май 2008) — больш за 14,5 млн чалавек. Асноўныя этнічныя групы — авімбунду (37 %), кімбунду (25 %), баконга (13 %), чоквэ, куаньяма/авамба, ньянека, нгангела, кабінда і інш — 25 %. Прырост насельніцтва складае каля 3 % у год. У гарадах пражывае больш 40 % насельніцтва краіны.

Асноўныя рэлігіі. Больш паловы ангольцаў — каталікі, 35 % — пратэстанты, астатнія прытрымваюцца традыцыйных вераванняў.

Сярэдняя працягласць жыцця складае 40 гадоў. Дзіцячая смяротнасць — адна з самых высокіх у свеце (260 на 1000 дзяцей ва ўзросце да 5-ці гадоў, 154 — на 1000 нованароджаных). 65 % жыхароў Анголы не абхопленыя базавым медыцынскім абслугоўваннем. Адзначаны рост захворвання СНІДам. Застаецца надзвычай высокім узровень смяротнасці ад малярыі і інфекцыйных захворванняў.

Непісьменнасць насельніцтва ва ўзросце старэй 15 гадоў — каля 42 %.

Эканоміка

правіць

Па запасах карысных выкапняў Ангола з’яўляецца адной з найбагацейшых краін Афрыкі. У Анголе маюцца радовішчы нафты (агульныя запасы — 4,2 млрд т., прамысловыя — 420 млн т), газу, алмазаў, жалезнай (0,2-0,5 млрд т.) і меднай (125—280 млн т) руд, фасфарытаў (60-150 млн т), кварца (0,8-1 млрд т), граніту (1,2 млрд т), золата, серабра, рэдказямельных элементаў, гіпсу, сыравіны для вытворчасці цэменту. Валодае вялікімі гідраэнергетычнымі рэсурсамі (па ацэнцы парадку 1,9 млрд кВт*г).

Сацыяльна-эканамічнае становішча Анголы застаецца складаным. Шматгадовая грамадзянская вайна нанесла краіне сумарную матэрыяльную шкоду парадку 20 млрд дол. ЗША. Агульны аб’ём прамысловай вытворчасці, за выключэннем здабычы нафты, скараціўся да 10 % ад узроўню 1973. Узровень жыцця ў краіне працягвае заставацца нізкім: прыбыткі 70 % ангольцаў складаюць меней 1 дол. у дзень. Некаторае аздараўленне эканамічнай сітуацыі дасягаецца галоўным чынам за кошт павелічэння прыбыткаў ад экспарту прадуктаў нафтавай і горназдабываючай галін. У 2007 у Анголе здабывалася 1,7 млн барэляў нафты ў дзень (625,7 млн барэляў у год). Да 2010 плануецца давесці здабычу да 2,6 млн барэляў нафты ў дзень. Доля нафты ў ангольскім ВУП складае каля 60 %, а ў агульным аб’ёме паступленняў у бюджэт — 80 %.

Аб’ём ВУП у 2007 па папярэдніх дадзеных, склаў парадку 59 млрд дол. ЗША, ВУП на душу насельніцтва — 2780 дол. ЗША. Тэмпы росту ВУП у 2007 годзе — каля 23 %. Інфляцыя ў 2007 склала троху меней 12 %.

Другім па значэнні пасля нафтавага застаецца горназдабываючы сектар, высокія тэмпы росту якога забяспечвае дыяментна-брыльянтавы комплекс. У 2007 у Анголе было здабыта 9,7 млн карат дыяментаў, што ў коштавым выразе склала парадку 1,3 млрд дол. ЗША. У адпаведнасці з прагнозамі ў 2008 вытворчасць неапрацаваных дыяментаў у краіне дасягне 10 млн карат.

Па дадзеных Сусветнага банка, валютныя рэзервы Анголы выраслі з 3 млрд дол. у снежні 2005 да 9,2 млрд дол. да канца 2006, а ў 2007 склалі 13,5 млрд дол. За кошт павелічэння золатавалютных запасаў урадам створаны стабілізацыйны фонд.

Нягледзячы на рост сельскагаспадарчай вытворчасці, які адзначаецца ў апошні час, краіна мае сур’ёзныя цяжкасці з забеспячэннем насельніцтва прадуктамі харчавання. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 10 % патрэбнасцяў краіны ў харчаванні і сыравіне.

Валютныя паступленні Анголы ў асноўным забяспечваюцца за кошт вывазу нафты, газу і нафтапрадуктаў, а таксама неапрацаваных дыяментаў. За кошт павелічэння продажу нафты рэзка выраслі аб’ёмы ангольскага экспарту (90 % — нафта), У 2006 экспарт дасягнуў 35 млрд дол. ЗША (2005 — 20 млрд дол. ЗША, 2004 — 13,5 млрд дол. ЗША). Імпарт 2006 — 10,5 млрд дол. ЗША (2005 — 9 млрд дол. ЗША, 2004 — 5,8 млрд дол. ЗША). Гандлёвыя і знешнеэканамічныя сувязі арыентаваныя першым чынам на такія краіны, як ЗША, Партугалія, ПАР, КНР, Францыя, Германія, Бразілія.

Магчымасці мясцовага турызму з-за сацыяльнай напружанасці, якасці дарог і слаба развітай інфраструктуры абмежаваныя. Разам з тым ангольскі ўрад праяўляе зацікаўленасць у развіцці турыстычнага сектара, разглядаючы яго ў ліку магчымых напрамкаў дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі.

У цяперашні час транспартная галіна Анголы знаходзіцца ў крытычным стане. Многія аўтамабільныя дарогі і чыгункі, а таксама аэрапорты сталі непрыдатнымі для выкарыстання або знаходзяцца ў аварыйным стане, значная частка партоў не здольная прымаць грузы. Статус міжнароднага аэрапорта мае толькі сталічны аэрапорт «4-га лютага». Працягласць чыгуначнай сеткі — 2719 км.

Культура

правіць

У Луандзе дзейнічаюць 5 універсітэтаў, з якіх найболей буйнымі з’яўляюцца Дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Нета (6,5 тыс. студэнтаў) і Каталіцкі ўніверсітэт (філіял лісабонскага ўніверсітэта «Лузіяда»).

Існуе два дзяржаўных канала тэлебачання, адна дзяржаўная і некалькі незалежных радыёстанцый, выдаецца штодзённая ўрадавая газета «Жорнал дэ Ангола», некалькі штотыднёвых незалежных выданняў.

Прырода

правіць

Зноскі

  1. Department of Economic and Social Affairs Population Division (2009). "World Population Prospects, Table A.1" (.PDF). 2008 revision. United Nations. Праверана 2009-03-12. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка); line feed character у |author= на пазіцыі 42 (даведка)
  2. а б Angola(недаступная спасылка). International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2014. Праверана 1 кастрычніка 2009.
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa

Спасылкі

правіць