Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей — адзін са старэйшых і велічэйшых музеяў Гродзенскай вобласці.

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
Выява лагатыпа
Лагатып
Профіль комплексны
Заснаваны 1922
Падпарадкаванасць упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама
Месцазнаходжанне г. Гродна, вул. Замкавая, 20, 230023
Памеры фонду 158 981
Агульная плошча 5486
Выставачная плошча 2377
Плошча запаснікаў 506
Адкрыты 10:00–17:30, акрамя панядзелка
Музей гісторыі Гарадніцы 10:00–17:00, акрамя нядзелі і панядзелка
museum-grodno.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Заснаваны ў 1920 годзе па ініцыятыве гісторыка і археолага Юзафа Ядкоўскага. З канца 1920-х гадоў месціцца ў Старым Замку, а ў 1991 годзе музею перададзена большая частка памяшканняў Новага Замка.

Фонд музея на сучасны момант налічвае каля 190 тысяч прадметаў — старадрукі (звыш 23 тыс. прадметаў з іх 3 інкунабулы і 26 палеатыпаў), археалагічныя калекцыі складаюцца з матэрыялаў раскопак стаянак, паселішч, могільнікаў, сярэднявечных гарадоў і абарончых збудаванняў Гродзеншчыны (каля 40 тыс. прадметаў), нумізматыка (каля 30 тыс. манет) і інш. У пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлена каля 7 000 прадметаў. 

Экспазіцыя да рэканструкцыі

правіць

Асноўная частка экспазіцый музея да 2019 года была размешч��на ў каралеўскім палацы Старога замка, пабудаванага ў 2-ой палове 16 ст. для караля Стэфана Баторыя (неаднаразова перабудоўваўся ў 17-19 ст.).

 
Стары і Новы замкі, у якіх размяшчаецца музей
 
Экспазіцыйная зала ў Старым замку
 
Экспазіцыйная зала ў Новым замку
 
Ф. І. Байкоў. Група уланаў часоў Мікалая І

Экспазіцыя, якая апавядала аб гісторыі, культуры і прыродзе Панямоння, змяшчалася на першым і другім паверхах. Сярод рэчаў, якія захоўваюцца і экспанаваліся ў музеі, значнае месца займае калекцыя археалагічных знаходак, — зброя абаронцаў горада і жаночыя ўпрыгожанні, інструменты рамеснікаў і дзіцячыя цацкі, масіўныя ядры і медныя гравіраваныя пласціны XII ст. з выявамі святых, старажытныя кнігі, разнастайныя па форме і аздабленню кафлі, манеты розных краін Еўропы, разныя крэслы XVIII ст. з мэблі Старога замка, шкляныя вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, а таксама славуты «слуцкі» залататканы пояс. Асобныя залы былі прысвечаны побыту сялян і гараджан Гродзенскай губерні, традыцыйнымі рамёствамі і прамысловымі прадпрыемствамі краю. На другім паверсе палаца месціліся матэрыялы, прысвечаныя першай і другой сусветным войнам.

У канцы 2019 годзе экспазіцыю прыбралі з палаца Баторыя, каб падрыхтаваць яго да рэканструкцыі.[1]

Экспазіцыя пасля рэканструкцыі

правіць

Працы па рэканструкцыі Старога замка пачаліся ў 2017 годзе.

Стары замак адкрылі для наведвальнікаў 6 лістапада 2021 года пасля першага этапу рэканструкцыі. У адбудаваным замку размясцілі частку экспазіцыі. Першая зала расказвае пра гісторыю забудовы Замкавай гары. Адна з залаў прысвечана каралю Стэфану Баторыю. У іншай размешчана экспазіцыя, прысвечаная Гродна ў XVII—XVIII стст. У калідоры да сувенірнай крамы размясцілі карцінную галерэю.[2]

Тры залы з інтэр'ерамі XVI ст. у замку адкрылі ў студзені 2023 года. Іх рыхтавалі больш за год. Гэта залы «Капліца», «Каралеўская лазня» і «Пакоі чыноўніка». У каралеўскай капліцы захавалі арыгінальную фрэску XVI ст.[3] У чэрвені 2023 адкрылася для наведванняў Алебастравая зала, апошняя з памяшканняў у рамках першай чаргі рэканструкцыі Старога замка. Зала ўзнаўляе мастацтва эпохі Рэнесансу. Мяркуецца, у XVI ст. у ёй знаходзіліся вырабы з алебастру, што і дало назву памяшканню.[4]

На тэрыторыі Старога замка на Замкавай гары экспануюцца руіны помніка гродзенскай архітэктурнай школы 12 стагоддзя — Ніжняй царквы. За ёй знаходзяцца рэшткі абарончых сцен Верхняга замка часоў Вітаўта.

Самы старажытны ў Беларусі каменны мост злучае Стары замак з другім каралеўскім палацам — Новым замкам.

Музей гісторыі Гарадніцы знаходзіцца ў будынку, які з’яўляецца адзіным помнікам першай тыпавой гарадской жылой забудовы другой паловы 18 ст.

Час працы музея: штодзённа, акрамя панядзелка, 10:00–18:00, каса: да 17:00.

Літаратура

правіць
  • Гродненский государственный историко-археологический музей. Путеводитель по залам / Соболь Н. И.. — Т. 1963. — 236 с.
  • Гродно: энциклопедический справочник. — «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1989. — С. 168. — 438 с.
  • Ваганова А. Н., Загорульский Э. М. Историческое краеведение Белоруссии. — БГУ им В. И. Ленина, 1980. — 263 с.

Спасылкі

правіць
  1. Легендарны зубр са Старога замка пераехаў на новае месца . Hrodna.life - навіны Гродна (21 лістапада 2019). Праверана 29 лютага 2024.
  2. Старый замок наконец открыли. Смотрите, как он сейчас выглядит снаружи и внутри . Hrodna.life - навіны Гродна (6 лістапада 2021). Праверана 29 лютага 2024.
  3. У Старым замку адкрываюцца новыя залы: фота . Hrodna.life - навіны Гродна (20 студзеня 2023). Праверана 29 лютага 2024.
  4. У Старым замку адкрыюць Алебастравую залу. Як яна выглядае . Hrodna.life - навіны Гродна (14 чэрвеня 2023). Праверана 29 лютага 2024.