Новы замак (Гродна)
Новы замак у Гродне — адзін з буйнейшых помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры сярэдзіны XVIII ст. Размешчаны ў цэнтры Гродна, на правым беразе Нёмана. Пабудаваны як рэзідэнцыя караля і месца правядзення соймаў. З’яўляецца па сваёй архітэктуры прататыпам цэлай тыпалагічнай групы палацаў і сядзіб у Беларусі 2-й паловы XVII ст.
Палац | |
Новы замак | |
---|---|
| |
53°40′35,59″ пн. ш. 23°49′26,88″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Архітэктурны стыль | ракако, неакласіцызм |
Архітэктар | Матэвуш Даніэль Пёпельман |
Заснавальнік | Аўгуст Саксонскі |
Будаўніцтва | 1737—1751 гады |
Будынкі | |
палац • брама • кардэгарда • пякарня | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000015 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьБудаўніцтва пачалося ў 1737 годзе па праекце дрэздэнскага архітэктара Матэвуша Даніэля Пёпельмана. Скончана будаўніцтва ў 1751 годзе Іаганам Фрэдэрыкам Кнобелем. Узводзілі палац мясцовыя муляры. Пазней у рэканструкцыях палаца бралі ўдзел І. Х. Яўх, Рыбенька, А. Рашкевіч. У 1780-я гады рэканструкцыю праводзіў Дж. Сака.
У 1793 годзе ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца прайшоў так званы «Маўклівы сойм» — апошні, надзвычайны сойм Рэчы Паспалітай. Яго вынікам стаў другі падзел Рэчы Паспалітай.
Разбураны нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны, перабудаваны ў 1952 годзе па праекце архітэктара У. Вараксіна ў стылі савецкага неакласіцызму. У ім размяшчаўся абласны камітэт КПСС.
Зараз у замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. У 1994 годзе чырвоную зорку са шпіля замка паспрабавалі зняць, каб у будучыні замяніць на флюгер з выявай Святога Губерта і аленя, сімвала Гродна. Гэтаму перашкодзілі абласныя чыноўнікі[1]. У 2009 годзе двор замка ўпрыгожвалі некалькі 50-гадовых акацый, а каля ўваходу блакітныя елкі. Але ў 2010 годзе па ініцыятыве дырэктара гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кетурка праведзена высечка 9 акацый і блакітных елак. Кетурка матываваў сваё рашэнне тым, што «У горадзе павінна быць архітэктура, а не дрэвы» і такім чынам гродзенцаў пазбавілі яшчэ аднаго месца адпачынку.
Да 2019 года ў правае крыло Новага замка займала Гродзенская абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага. У пачатку 2020 года яна адкрылася на вуліцы Карбышава, у былым будынку Нацыянальнага банка.[2] У памяшканнях Новага замка праводзяцца часовыя выставы.[3]
Архітэктура
правіцьБудаўнічае вырашэнне палацавага ансамбля было звязана з прынцыпамі палацава-замкавага феадальнага будаўніцтва тагачаснай эпохі. У структуры гарадской забудовы палац займаў адасобленае становішча. Аднак выключна ўдалы рэльеф мясцовасці надаў яму значэнне адной з апорных кампазіцыйных кропак сілуэтнай лініі правабярэжнай часткі горада. Умовы берагавога рэльефу вызначылі кампактнасць палацавага ансамбля, згрупаванага на невялікім плато. У ансамбль уключаны і службовыя мураваныя пабудовы, якія ствараюць за левым крылом палаца гаспадарчае карэ. Палацавы ансамбль быў створаны паводле барочнай планіровачнай схемы, з самастойнымі службовым і парадным дварамі.
Буйнамаштабны двухпавярховы аб’ём палаца мае П-падобную ў плане кампазіцыю. Тыповы для палацавых ансамбляў сярэдзіны XVII ст. парадны двор стваралі бакавыя флігелі і ажурная агароджа з цэнтральнай брамай. Да цэнтральнага корпуса прымыкала палацавая капліца, вылучаная ў самастойны аб’ём. Да нашага часу капліца не захавалася. Палац меў мансардавы дах з фігурнымі слыхавымі вокнамі. Цёмна-карычневая чарапіца ў спалучэнні з зялёнай афарбоўкай будынка стварала маляўнічую, каларытную кампазіцыю. Рытм праёмаў фасада ўскладняўся міжпаверхавым пасам квадратных філёнгаў. Павышаная пластыка і дэкаратыўная насычанасць характэрныя толькі для цэнтральнага і бакавых уваходаў. Тут вылучаюцца раскрапоўка спаранымі пілястрамі, тонка прарысаваная арнаментальная ляпніна з гірляндамі, фамільнымі гербамі. Цэнтральны рызаліт галоўнага фасада раскрапаваны спаранымі пілястрамі з капітэлямі, што дэкарыраваны ляпнымі арнаментальнымі гірляндамі ў стылі ракако. Шырокае выкарыстанне асіметрыі, адсутнасць ордэрных элементаў характарызуюць будынак як цікавы помнік архітэктуры.
Планіроўка
правіцьДля ўнутранай планіроўкі палаца характэрнае падоўжна-восевае прасторавае вырашэнне цэнтральнай параднай групы памяшканняў, асноўныя з якіх паслядоўна размешчаны на падоўжнай восі плана: вялікі вестыбюль, зала і палацавая капліца. Такім чынам, ужо з вестыбюля раскрываецца планіровачны абрыс залы, а потым працяглая перспектыва капліцы. У бакі ад авальнай залы разыходзяцца анфілады іншых памяшканняў.
Планіроўка вылучаецца і першай у гісторыі архітэктуры Беларусі авальнай залай, якая з боку дваровага фасада выступае акруглым аб’ёмам — характэрнай формай архітэктуры ракако.
Інтэр’ер
правіцьСтрымана-строгае вырашэнне экстэр'еру палаца супрацьпастаўлена пышнаму і насычанаму дэкаратыўнай аздобай інтэр’еру. Асабліва вылучаліся Сенатарская і Круглая залы, упрыгожаныя разьбою ў стылі ракако. У 80-я гады XVII ст. інтэр’еры былі распісаны дэкаратарам Манькоўскім. Акруглыя і зрэзаныя вуглы памяшканняў прыстасоўваліся пад каміны і дэкаратыўную скульптуру.
Капліца
правіцьПрамавугольную ў плане капліцу аб’ядноўваў з палацам невялікі пераход. Да тарца капліцы прымыкала двух’ярусная вежа-званіца з гранёным шпілем. Выкарыстанне ў дэкоры капліцы дэкаратыўных ваз, ракавін, апор у форме пальмы, драпіроўкі, гратэскнага арнаменту, скульптурных кампазіцый таксама характэрна для архітэктуры ракако.
Брама
правіцьДа нашага часу добра захавалася толькі палацавая брама ў выглядзе праезду, фланкіраванага манументальнымі пілонамі са скульптурнымі групамі сфінксаў і амураў.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Ф. Д. Гуревич. «Древности Белорусского Понеманья». Ленинград, Изд-во Академии наук СССР, 1962.
- Walter Hentschel: Die sächsische Baukunst des 18. Jahrhunderts in Polen, Berlin (Ost) 1967, Bd. 1, S. 189 f., S. 285—297, Abb. 58; Bd. 2, Abb. 217-220b, 369—399.
- Walter May: Das sächsische Bauwesen unter August II. und August III. von Polen, in: Polen und Sachsen — zwischen Nähe und Distanz, Dresden 1997 (Dresdner Hefte; 50), S. 17-26.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Новы замак (Гродна)
- Новы замак (Гродна) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Новы замак (Гродна) на сайце Radzima.org
- Новы замак (Гродна) на сайце «Архіварта»
- ↑ Святы Губерт замест камуністычнага сімвала: як паспрабавалі замяніць чырвоную зорку на Новым замку і чым гэта скончылася . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Кулевіч, Руслан. Падарунак да 190-годдзя: абласная бібліятэка адкрылася ў новым будынку . Hrodna.life - навіны Гродна (14 студзеня 2020). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Сальвадора Далі пакажуць у Новым замку . Hrodna.life - навіны Гродна (27 лютага 2019). Праверана 29 лютага 2024.