30-я грэнадэрская дывізія Вафэн-СС (1-я беларуская)
30-я грэнадэрская дывізія СС (1-я беларуская) | |
па-нямецку: 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (weißruthenische Nr.1) | |
Сымболіка 30-е дывізіі СС (1-е беларускае) | |
Гады існаваньня |
15 студзеня (як брыгада) 9 сакавіка — 15/20 красавіка 1945 |
---|---|
Краіна | Нямеччына |
Уваходзіць у | Войскі СС |
Тып |
Брыгада Дывізія (зь 9 сакавіка) |
Функцыя | Пяхота |
Колькасьць |
каля 2 тысячаў (студзень 1945) 1094 (30 красавіка 1945) |
Дысьлякацыя | Вайнэргамэр, Айзэнштайндорф, Цьвізэль |
Мянушкі | Штурмавая грэнадэрская дывізія «Беларусь»[1] |
Колеры | бел-чырвона-белыя |
Войны | Другая сусьветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Ганс Зыглінг |
30-я грэнадэрская дывізія Вафэн-СС («1-я беларуская»), раней Грэнадэрская брыгада войскаў пры СС «Беларуская» (па-нямецку: 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (weißruthenische Nr.1), Waffen-Grenadier-Brigade der SS (weißruthenische)) — вайсковая частка гітлераўскае Нямеччыны ў складзе Вафэн-СС. Асабовы склад налічваў значную колькасьць беларусаў.
Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку студзеня 1945 году асабовы склад, які застаўся ад 30-й дывізіі СС (1-й расейскай), быў засяроджаны на палігоне Графэнвэры, дзе чакаў вызначэньня свайго лёсу. 15 студзеня 1945 года райхсфюрэр СС Гайнрых Гімлер падпісаў загад аб стварэньні грэнадэрскай брыгады войскаў СС (1-й беларускай)[2].
8 студзеня 1945 г.оду обэрштурмбанфюрэр Зыглінг зьявіўся ў БЦР і заявіў, што ён вызначаны райхміністрам СС Гімлерам на камандоўца дывізіі СС «Беларусь», а прыйшоў ён да БЦР, каб пазнаёміцца з прэзыдэнтам БЦР і абгаварыць з вайсковым беларускім кіраўніцтвам справу арганізацыі гэтае дывізіі[3].
24 студзеня 1945 году адбылася нарада наконт фармавання брыгады. Белаурскі бок прадстаўляў начальнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў Кастусь Езавітаў, а нямецкі — обэрштурмбанфюрэр СС Ганс Зыглінг[2].
Былі прынятыя наступныя ўмовы:[2]
- У двух батальёнах брыгады камандныя пасады займуць нямецкія ахвіцэры, а ў адным — беларускія;
- Адначасова з фармаваньнем брыгады павінна адбывацца стварэньне асобнага палку, у якім камандны склад будзе цалкам беларускім. У выпадку наплыву новых добраахвотнікаў пачнецца стварэньне наступных беларускіх палкоў;
- Камандаваньне ўсімі беларускімі фармаваньнямі войскаў СС будзе зьдзяйсьняць Ганс Зыглінг;
- У белаурскім батальёне павінны знаходзіцца нямецкі ахвіцэр сувязі, а батальёны зь нямецкімі ахвіцэрскімі кадрамі павінныя мець па тры ахвіцэры-беларусы;
- Пры брыгадзе павінная быць створаная ахвіцэрская й унтэр-ахвіцэрская школа;
- Разьмеркаваньне беларускіх ахвіцэраў наступным чынам: 4 — у штабе брыгады; 17 — у складзе беларускага батальёну; 6 — ахвіцэры сувязі пры двух батальёнах, дзе камандоўцамі былі немцы; 1 — ахвіцэр сувязі з камандоўцам брыгады;
- Каманднай мовай у беларускім батальёне й асобных беларускімх палках павінная стаць беларуская мова, а ў нямецкіх батальёнах ад вайскоўцаў-беларусаў патрабуецца толькі веданьне асноўных нямецкіх камандаў;
- Ваенны суд павінны быць супольным;
- Сябры сем’яў семей вайскоўцаў-беларусаў атрымаюць тое ж сацыяльнае забесьпячэньне, што й сябры сем’яў нямецкіх жаўнераў;
- У брыгадзе павінны быць вайсковы капэлян-беларус;
- Штотыдзень адзін ахвіцэр (беларус) і два жаўнеры (беларусы) павінныя рапартаваць у Галоўнае кіраўніцтва вайсковых справаў пра бягучую сытуацыю ў брыгадзе;
- У назьве фармаваньня павіннае быць слова «беларуская»[4];
- Брыгада можа выкарыстоўвацца толькі на Ўсходнім фронце[4].
25 студзеня 1945 году, разьвязаўшы ўсе пытаньні з Зыглінгам, Галоўнае кіраўніцтва вайсковых справаў выдала загад № 28 аб фармаваньні беларускай брыгады СС. 28 студзеня прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі выдаў загад аб пачатку прыёму добраахвотнікаў: ахвіцэраў ва ўзросьце да 45 гадоў, унтэр-ахвіцэраў і шарагоўцаў — да 40 гадоў. Добраахвотнікі павінныя былі зьвярнуцца ў любы нямецкі пастарунак або камандатуру войскаў СС. Вербаваньне праводзілася сярод беларускіх, былых паліцыянтаў, беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне і гэтак далей. Аднак добраахвотнікаў не было шмат, бо СС не ўспрымалася як беларускае войска[2]. Зь ліста Мікалая Бобкі, жаўнера дывізіі:[5]
Гэтым ветліва прашу перавесьці мяне зь 30-й СС-Ваффэн-Грэнадзір-Дывізіі ў рады беларускіх войскаў, так як я па нацыянальнасьці зьяўляюся беларусам і хачу змагацца за сваю Бацькаўшчыну.
З гэтае прычынаў у пачатку сакавіка пачалі вербаваць остарбайтараў, аднак гэта не дала плённы вынікаў[4].
З моладзі ў дывізію прыбыла каля 400 чалавек, пры гэтым частка зь іх не магла быць жаўнерамі, з-за маладога веку (14-15 гадоў)[6].
Шлях брыгады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фармавацца брыгада пачала ў мястэчку Вайнэргамэры[6]. Быў сфармаваны 1-ы беларускі грэнадэрскі полк (па-нямецку: Waffen-Grenadier-Regiment der SS nr 1 (weissruthenische)). На базе 75-га палку былой 30-й дывізіі (2-й расейскай) ствараўся 3-і батальён, а з 76-га палку — 1-ы і 2-і батальёны палку[5]. У кожным батальёне знаходзілася пэўная колькасць немцаў, якія выконвалі ролю інструктараў[5].
У кругабег фармавання брыгады абвастрылася пытанне наконт надання афіцэрскіх рангаў беларусам. Прэзыдэнт БЦР на падставе сваіх распараджэнняў у гэты час намінаваў 59 афіцэраў, у тым ліку 1 генерала, 3 палкоўнікаў, 8 маёраў, 12 капітанаў, 22 старшых лейтэнантаў і 13 лейтэнантаў. Усяго прааз Галоўнае кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР прайшлі 174 асобы, якія мелі афіцэрскія рангі. Нямецкія ўлады не прызналі годнасцяў, дадзеных ад БЦР, і былі схільныя залічваць беларускіх добраахвотнікаў у брыгаду ў тых рангах, якія яны атрымалі падчас службы ў даваенным Войску Польскім, Чырвонай Арміі або былой Расейскай Арміі. У гэтай сытуацыі кіраўнік ГКВС прапанаваў кампраміснае рашэнне, a менавіта каб немцы пагадзіліся на прызнанне афіцэрскіх рангаў, якія прэзыдэнт БЦР ужо надаў, але надалей апошняму прыйдзецца ўстрымацца ад самастойных крокаў і абавязкова ўзгадняць гэтае пытанне з уладамі СС[5].
У другой палове студзеня 1945 г. Зыглінг прыслаў у школьны батальён у Бэрлін штумбанфюрэра Гэнігфэльда, які, прыбыўшы ў батальён, выбраў наймаладзейшых і найлепшых афіцэраў і падафіцэраў, паглядзеў на стральцоў і заявіў, што хутка яны паедуць на месца арганізацыі брыгады СС «Беларусь». 25 студзеня таксама быў выдадзены загад Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў перавесьці частку жаўнераў 1-га Кадравага батальёну БКА ў брыгаду, а менавіта:[2]
- 19 ахвіцэраў;
- Асабовы склад афіцэрскай школы ў ліку 77 курсантаў (52 са старэйшага і 25 з малодшага курсу);
- Унтэр-афіцерскую школу ў ліку 101 курсанта (58 са старэйшага і 43 з малодшага курсу);
- Стралковы зьвяз (2 унтэр-афіцэры й 20 шарагоўцаў).
Агулам 19 афіцэраў і 200 жаўнераў[2]. Аднак Ганс Зыглінг парушыў пагадненьне, панізіўшы афіцэрскую школу да падафіцэрскай, а падафіцэрскую школу разьмеркаваўшы па гаспадарчых функцыях[3] (адбылося гэта да 3 красавіка[3]).
24 студзеня прэзыдэнт БЦР загадаў да 1 лютага перавесьці сваю канцылярыю да месца дысьлякацыі фармаваньня. З прапагандысцкай і выхаваўчай мэтай у брыгадзе выдаваўся штотыднёвы газэтны лісток «За незалежнасьць», усяго выйшла ня меней за чатыры нумары[2].
9 сакавіка ў мэтах дэзынфармацыі выведкі Саюзьнікаў Гімлер вырашыў перайменаваць брыгаду ў дывізію. Плянавалася стварыць на базе брыгады дывізію да 30 чэрвеня, аднак да гэтага прыступілі толькі фармальна. Беларусы ж зрабілі сьпісы беларускага каманднага складу дывізіі[2].
Шлях дывізіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25-27 сакавіка Астроўскі наведаў дывізію й прыняў удзел ва ўрачыстасьцях на гонар гадавіны абвешчаньня БНР. У межах сьвяткаваньня адбыўся парад падразьдзяленьняў дывізіі[2][5] ў Гіршаве[7]. 25 сакавіка Радаслаў Астроўскі прамовіў перад жаўнерамі:[5]
У бой з апошнім ворагам! У нас толькі адзін вораг: гэта бальшавіцкая Масква. Іншыя нам не страшныя.
3 красавіка Францішак Кушаль прыехаў у дывізію, дзе пабачыў рэарганізацыю дывізіі. Падчас гэтае рэарганізацыі большасьць нямецкіх афіцэраў і падафіцэраў дывізіі былі перададзеныя дывізіі «Нібэлюнгэн». Таксама на карысьць дывізіі «Нібэлюнгэн» у 30-й дывізіі забралі зброю й іншае[3]. Кушаль таксама адзначаў, што ішло раззбраеньне беларусаў, а побач з кожным батальёнам стаяў нямецкі атрад з 50 узброеных чалавек[3].
Каля 10 красавіка былі вызначаныя камандоцы батальёнаў, усе беларусы[3]. Падчас рэарганізацыі дывізіі таксама была створаная паляўнічая каманда (па-нямецку: Jagdkommando), у якую ўвайшлі найлепшыя афіцэры, унтэр-афіцэры й жаўнеры[8], а таксама ўвесь эскадрон[3]. Каманда была далучаная да 38-й грэнадэрскай дывізіі СС «Нібэлюнгэн». Пра знаходжаньне гэтае каманды БЦР нічога ня ведала[3].
15 красавіка 1945 году камандовец беларускага палку СС-штурмбанфюрэр Гэнінгфэльд атрымаў загад перамясьціць дывізію ў Вальдмюнхэн[3]. Гэта задавальняла і БЦР, бо было прасьцей здацца Саюзьнікам, замест РСЧА[8]. Праз два дні батальён атрымаў новае месца пастою ў вёсцы Нэпамуку у Судэтах, аднак яна была замалой, таму жаўнеры разьмесьціліся ў лесе[3]. 21 красавіка Гэнігфэльд атрымаў загад перамясьціцца ў мясцовасьць Пасаў, дзе будзе наступнае накіраваньне[3]. Вызначаны загадам маршрут праз Кам у апошні момант быў зьменены дзеля таго, што Кам быў ужо заняты амэрыканцамі. Кушаль, які знаходзіўся пры 3-м батальёне аддаў загад адцягваць час маршу і не сьпяшацца[3].
Паміж 15 і 20 красавіка 1945 г. было вырашана беларускую дывізію расфармаваць[5], бо нямецкае камандаваньне адмовілася фармаваць чужанацыянальныя дывізіі ў межах сваіх узброеных сілаў[2]. Беларускія вайскоўцы фармальна былі звольненыя са службы і былі пакінутыя ў казармах у Графэнвёры, чакаючы, пакуль кіраўніцтва СС вызначыць іх лёс, якому ўжо было не да іх. У гэтай сытуацыі беларусаў неафіцыйна ўзначаліў Францішак Кушаль, каторы бачыў сваю мэту ў капітуляваньні перад заходнімі Саюзьнікамі[5].
Пад камандай Кушаля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 красавіка 1945 году 3-і батальён палку[3] прыбыў у мястэчка Айзэнштайндорф (Чэхія). Кушаль не жадаў працягваць марш далей, а са зьнікненьнем Гэнінгфэльда, стаў фактычным камандоўцам беларусаў[9]. Афіцэры яму паведамілі, што за 2 кілямэтры знаходзіцца Шпібэрг, дзе знаходзіўся штаб камандоўца Ваенна-паветранымі сіламі КОНР генэрал-маёра Віктара Мальцава[3]. Да яго Кушаль адразу выправіўся з камандоўцам 3-га батальёну Тамілам і сваім ад’ютантам Сасукевічам. Там Кушаль і Мальцаў дамовіліся пра супольны пераход да амэрыканцаў[3]. Умовы гэтага былі наступныя:[3]
- Супольны пераход нямецкага фронту дывізіямі, пры гэтым калі немцы будуць ставіць супраціў, то пераламаць яго супольнымі сіламі.
- Супольная абарона ад войскаў СС да часу пераходу нашых дывізіяў на амэрыканскі бок.
- Пасьля пераходу дывізіяў на амэрыканскі бок, дывізіі робяцца самастойнымі.
Кушаль спыніў марш і 26 красавіка выдаў загад 1-му й 2-му батальёну рухацца да Айзэнштайндорфу. 28 красавіка ўсе батальёны былі сабраныя[5]. У палку амаль не было зброі, таму рота жаўнераў забрала з чыгуначнай станцыі 80 вінтовак, некалькі ручных кулямётаў і трохі амуніцыі. Немцы ж забралі харчаваньне ва ўсіх трох батальёнах[3].
29 красавіка Кушаль ад імя прэзыдэнта БЦР надаў годнасьць лейтэнанта ўсім падафіцэрам, якія былі камандоўцамі зьвязаў, а��татнія падафіцэры былі падвышаныя на адну ступень[3]. У той жа дзень Кушаль быў запрошаны ў штаб Мальцава разам з камандоўцамі батальёнаў і ротаў. Як адзначаў сам Кушаль, беларускія камандоўцы рэзка вылучаліся сярод камандоўцаў РВА. Мальцаў нават, калі зайшоў у штаб, пачаў разглядаць беларускія адзнакі, потым сказаўшы з іроніяй:[3]
Вось вам і Сан–Францыска, вось прадстаўнікі іншае нацыянальнасьці.Арыгінальны тэкст (рас.)Вот вам и Сан–Франциско, вот представители иной национальности.
Віктар Мальцаў на нарадзе прамаўляў, што асабіста быў у штабе амэрыканскага корпусу й дамовіўся пра ўмовы пераходу ягонай і беларускай дывізіі. Абяцаў нават, што іх потым возьмуць у амэрыканскае войска, як дапамогу ў акупацыі Нямеччыны, хаця не выключаў, шт операд гэтым трэба будзе пасядзець у лягеры для ваенна-палонных. Гадзінай пачатку маршу была вызначаная 5-я гадзіна раніцы. Беларуская дывізія, з-за таго, што кватаравала на лініі маршу, павінная была а гэтай гадзіне вышыхтавацца і чакаць дывізію Мальцава.
Здача амэрыканцам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 красавіка зранку беларусы вышыхтаваліся ўздоўж вуліцы Айзэнштайндорфу. На правым флянгу кожнае калёны лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Жаўнеры са зброяй, якіх было мала[2], былі вылучаныя ў асобны аддзел. Хутка паказалася калёна дывізіі Мальцава. Дывізія беларусаў Мальцаву спадабалася. Беларусы ўключыліся ў калёну й разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі[3]. У дывізіі тады былі:[3]
- 50 афіцэраў;
- 132 унтэр-афіцэры;
- 912 шарагоўцаў;
- 50 коняў;
- 16 калёсаў;
- 6 палявых кухняў.
Пасьля 10 кілямэтраў маршу каля калёны праехаў самаход нямецкага генэрала Ашэнбрэнэра з афіцэрам сувязі Мальцава. Па перамовах Ашэнбрэнэра з Мальцавым, Мальцаваў павярнуў калёну, матываючы гэта тым, што Андрэй Уласаў загадаў пакуль устрымацца пераходу да амэрыканцаў. Гэта занепакоіла Кушаля. Беларусы нават меркавалі адарвацца ад калёны і перайсьці фронт уласнымі сіламі, аднак палічылі іх недастатковымі для гэтага[3]. Потым да Мальцава прыйшоў амэрыканскі ліст у нямецкай мове, у якім запэўнівалася амэрыканская ваенная падтрымка ў выпадку баёў зь немцамі падчас пераходу. Тады расейцы й беларусы зноў рушылі да амэрыканцаў. Марш быў павольны, празь міны і супрацьтанкавыя перашкоды. На чале калёны ішлі сапэры. Амэрыканскія пазыцыі знаходзіліся за ракою Рэгенам. найбольш небясьпечным месцам паходу быў мост цераз гэтую раку.
За некалькі кілямэтраў ад моста Кушаль атрымаў загад ад Мальцава выйсьці наперад, заняць мост і ахоўваць яго пакуль ня пройдуць абедзьве дывізіі з абозам ня пройдуць, а потым маршаваць у канцы калёны. Такім чынам, Мальцаў ставіў беларускую дывізію на першы ўдар[3]. Беларусы хутка занялі мост ды раззброілі тамтэйшых немцаў. Нямецкія часткі СС, якіх там было шмат, на іх не напалі, як меркаваў Кушаль, магчыма, з-за амэрыканскай артылерыі, якая абстрэльвала іхныя пазыцыі.
Увечары жаўнеры пабачылі Цьвізэль, а на ягоным ускрайку амэрыканскія танкі, якія накіравалі зброю й кулямёты на іх. У Цьвізэлі жаўнераў ужо раззброілі і закватаравалі ў будынках фабрыкі. 1 траўня 1945 году Францішак Кушаль быў выкліканы ў амэрыканскі штаб, дзе атрымаў загад ад камандоўца амэрыканскай дывізіі вышыхтаваць беларускую дывізію асобна ад дывізіі Мальцава. Беларусы ўсталі ў шыхт з бел-чырвона-белымі сьцягам на правым флянгу кожнага батальёну. Кушаль цешыўся, што беларусам загадалі вышыхтавацца асобна ад расейцаў. Потым іх адвезьлі ў лягер ваеннапалонных у Каме[3].
Такім чынам, 30 красавіка беларусы здаліся 5-й арміі ЗША ў Цьвізэлі[5].
Паліцыйны батальён «Зыглінг»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля расфармаваньня дывізіі Зыглінг забраў увесь нямецкі кадравы пэрсанал, стварыўшы зь яго батальён, які фармальна быў уключаны ў 38-ю грэнадэрскую дывізію СС «Нібэлюнгэн». Некаторыя ахвіцэры былі наўпрост пераведзеныя ў 38-ю дывізію СС — напрыклад, унтэрштурмфюрэр СС Георг Дэвальд, які трапіў у 38-ы артылерыйскі полк СС[2].
21-26 красавіка батальён Зыглінга знааходзіўся ў Кэльхайме на Дунае, на правым флянгу 2-га батальону 95-га грэнадэрскага палку СС з дывізіі СС «Нібэлюнгэн». Потым батальён пешым маршам праз Ландсхут і Васэрбург дасягнуў раёну Хімзэе, дзе ў траўні 1945 году склаў зброю перад амэрыканскімі войскамі[2].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць жаўнераў ужо была вэтэранамі 30-й дывізіі СС (2-й расейскай)[2].
Арганізацыйна дывізія выглядала наступным чынам:[2]
- 75-ы грэнадэрскі полк войскаў СС (1-ы беларускі) (па-нямецку: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 75 (weissruthenische Nr. 1))[6];
- 30-ы выведвальны эскадрон (па-нямецку: Waffen Aufklarungs Reiter Schwadron der SS 30)[5];
- 30-ы артылерыйскі дывізіён (па-нямецку: Waffen Artillerie Abteilung der SS 30)[5];
- 30-я супрацьтанкавая рота (па-нямецку: Waffen Pancer Jager Abteilung (Kompanie) der SS 30)[5];
- 1-я навучальна-палявая рота.
Агульная колькасьць вайскоўцаў брыгады склала каля 2000 чалавек, зь іх 1094 — у 75-м палку СС. Цалкам сфармаваны быў толькі полк[5].
Камандны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Камандовец — обэрштурмбанфюрэр СС Ганс Зыглінг;
- Афіцэр сувязі паміж камандоўцам і беларускім асабовым складам — маёр БКА Барыс Рагуля[3].
- Камандовец палку — штурмбанфюрэр СС Франц Гэнінтфэльд (зь 1 сакавіка 1945 г. — штурмбанфюрэр Ганс Остэррэйх).
- Камандовец 1-га выведвальнага эскадрону — ротмістар Айбнэр, немец[3], оберштурмфюрэр Канстанцін Кіслы[5].
- Рота сапёраў — гаўптштурмфюрэр Павел Тапіца.
- 30-я рота супрацьтанкавая (панцэрфаўстаў) — оберштурмфюрэр Уладзімір Беніяш.
- Супрацьгазавы звяз — унтэрштурмфюрэр Мартынаў.
30-я санітарная рота
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Палкавы лекар — Мікалай Шчорс.
- Лекар 1-га батальёну — Аляксандр Наймік.
- Лекар 2-га батальёну — Станіслаў Грынкевіч.
- Лекар 3-га батальёну — Мікалай Мінкевіч (Мінькевіч)[10].
Сымболіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адрозьненьне ад 30-й дывізіі СС (2-й расейскай), 1-я беларуская мела сваю сымболіку. Эмблемай дывізіі стаў павёрнуты шасьціканцовы крыж Ягелонаў.
Паводле загаду райхсфюрэра СС ад 29 студзеня 1945 году, жаўнерам прадпісвалася насіць нашыўку — бел-чырвона-белы нарукаўны тарчык, у верхней частцы якога на шэрым фоне быў надпіс «Weissruthenien». Нашыўка павінная была насіцца на правым рукаве вышэй за локаць пад нарукаўным арлом СС.
Таксама тым загадам прадугледжвалася пятліца ў выглядзе шасьціканцовага белага крыжа на чорным фоне, якую асабовы склад брыгады павінны быў насіць замест пятліцаў з рунамі СС[2]. Яна павінная была насіцца з правага боку, а зь левага зазначаўся ранг[5]. 3 сакавіка 1945 году начальнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў выдаў загад № 43 пра абавязак ужываньня ў брыгадзе (пазьней дывізіі) згаданай каўняровай нашыўкі[5].
Аўтарства належала беларускім дзеячам, галоўным чынам Кастусю Езавітаву.
Невядома, ці прасунулася справа далей дырэктываў і ці насіліся нашыўкі й пятліцы насамрэч[2].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На старонках тагачаснай прэсы беларускія добраахвотнікі параўноўваліся з «ваярамі Ўсяслава Чарадзея і Льва Сапегі», а беларуская дывізія нярэдка з гонарам акрэсьлівалася «Беларускім Лёгіёнам», дарма што афіцыйна такая назва ніколі не існавала[5].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вайсковыя крыжы і адзнакі беларусам
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: создание новой «белорусской» дивизии (рас.) // warspot.ru. — 14 июня 2019.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі (бел.) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
- ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 275.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Ю. Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць (бел.). — 11.01.2009.
- ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 276.
- ^ Mark Alexander: Nazi Collaborators, American Intelligence, and the Cold War. The Case of the Byelorussian Central Council. University of Vermont Graduate College Dissertations and Theses, Nr. 424, 2015, S. 78f.
- ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 277.
- ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 278.
- ^ Іван Касяк. Загад № 28 Гал. Kip. Вайсковых Спраў аб утварэньні Штурмовай Брыгады »Беларусь«, 25. I. 1945 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 211.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Jason Pipes. Feldgrau.com — research on the German armed forces 1918—1945. — У сеціве.
- Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Москва: «Вече», 2008. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: создание новой «белорусской» дивизии (рас.) // warspot.ru. — 14 июня 2019.
- Ю. Грыбоўскі — Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць
- «30-я гренадерская дивизия СС (1-я белорусская)» // Романько О. В. Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941—1945. М.: Вече, 2008.