Фінал Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2011 году
Фінальны матч Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2011 году праходзіў у Лёндане на стадыёне «Ўэмблі», дзе сустракаліся гішпанская «Барсэлёна» й ангельскі «Манчэстэр Юнайтэд». Гэта быў 56-ы фінал у гісторыі Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў і 19-ы фінал у гісторыі Лігі чэмпіёнаў УЭФА. Футбольны матч распачаўся ў суботу 28 траўня 2011 году. Пераможца Лігі чэмпіёнаў атрымаў права згуляць зь пераможцам Лігі Эўропы ў гульні за Супэркубак УЭФА ў жніўні 2011 году, а таксама ў паўфінале клюбнага чэмпіяната сьвету па футболе.
«Ўэмблі»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стары «Ўэмблі» прымаў пяць фіналаў Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў. Двойчы ў гэтых фіналах удзельнічалі ангельскія клюбы, і двойчы яны дамагаліся перамогі: у 1968 годзе «Манчэстэр Юнайтэд» перамог «Бэнфіку» зь лікам 4:1, а ў 1978 годзе «Лівэрпул» перамог «Бруге» зь лікам 1:0. У 1963 годзе «Мілян» перамог «Бэнфіку» зь лікам 2:1, а ў 1971 годзе «Аякс» быў мацнейшы за «Панатынаікос» зь лікам 2:0. У 1992 годзе «Барсэлёна» перамагла «Сампдорыю» зь лікам 1:0.
«Ўэмблі» быў адчынены ў 1923 годзе пад назовам British Empire Exhibition Stadium. Першай футбольнай гульнёй, якая прайшла на стадыёне, быў фінал Кубка Ангельшчыны, гледачамі якой сталі ажно 200 000 чалавек. На «Ўэмблі» свае хатнія гульні праводзіла зборная Ангельшчыны па футболе, а таксама арэна прымала фіналы чэмпіянату сьвету па футболе 1966 году й чэмпіянату Эўропы па футболе 1996 году. У 2000 годзе «Ўэмблі» быў зачынены й дэмантаваны, а на ягоным месцы быў пабудаваны новы стадыён, умяшчальнасьць якога была павялічана й стала раўняцца 90 000 гледачоў. Новы «Ўэмблі» быў адчынены ў 2007 годзе[1].
Перад гульнёй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стадыён «Ўэмблі» быў абраны месцам правядзеньня фіналу Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2011 году на радзе выканаўчага камітэту УЭФА ў Ньёне, Швайцарыя, 29 студзеня 2009 году[2]. Канкурэнтамі «Ўэмблі» ў барацьбе за фінал 2011 году былі «Альянц Арэна» ў Мюнхэне й «Алімпійскі стадыён» ў Бэрліне[3]. Нягледзячы на перамогу ангельскай заяўкі, нямецкі стадыён «Альянц Арэна» прыме фінал Лігі чэмпіёнаў 2012 году.
Паслом УЭФА на фінал Лігі чэмпіёнаў 2011 году стаў былы нападнік «Тотэнгэму» Гэры Лінэкер. 26 жніўня 2010 году ён прыняў удзел у лёсаваньні камандаў на групавую стадыю турніру[4]. Пазьней Лінэкер прадставіў дызайн і лягатып фіналу Лігі чэмпіёнаў 2011 году, які заснаваны на геральдыцы двух львоў, якія стаяць паабапал Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў. Львы ёсьць сымбалі камандаў-фіналістаў, якія будуць змагацца за трафэй[5][6].
Квіткі на матч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што «Ўэмблі» здольны прыняць 90 000 гледачоў, на фінал Лігі чэмпіёнаў чакалі каля 86 000 чалавек. Кожны з клюбаў-фіналістаў атрымаў па 25 000 квіткоў, якія былі разьмеркаваны сярод аматараў; яшчэ 11 000 квіткоў паступілі ў агульны продаж. Заяўку на атрыманьне гэтых квіткоў можна было зрабіць з 24 лютага па 18 сакавіка; уладальнікі квіткоў былі выяўлены пасьля выпадковага лёсаваньня[7][8].
Мяч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Футбольны мяч на фінал Лігі чэмпіёнаў УЭФА прадставіла нямецкая кампанія «Адыдас», мячы якой выкарыстоўваюцца на фіналах з 2001 году. Мяч мае назоў Adidas Finale London, ён белага колеру зь некалькімі чырвонымі й адной аранжавай зоркай, а таксама з выявай лягатыпу фіналу[9].
Цырымонія адкрыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цырымонія адкрыцьця фінала Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2011 году пачалася 21 траўня, калі ў лёнданскім Гайд-Парку прайшоў сьвяточны «фэстываль чэмпіёнаў». Фэстываль працягваўся тыдзень і скончыўся 28 траўня, за некалькі гадзінаў да пачатку фінальнай гульні на «Ўэмблі». На гэтым фэстывалі наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з гісторыяй Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, згуляць у футбол на міні-футбольных пляцоўках і пабачыць сам трафэй Лігі чэмпіёнаў УЭФА. Уваход на фэстываль быў вольным[10].
Матч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 траўня 2011 19:45 (UTC+1) |
Барсэлёна | 3:1 | Манчэстэр Юнайтэд | Ўэмблі, Лёндан Гледачоў: 87 695 Судзьдзя: Віктар Кашаі (Вугоршчына) |
---|---|---|---|---|
Пэдра 27' Ліянэль Мэсі 54' Давід Вільля 69' |
Справаздача | Ўэйн Руні 34' | ||
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Wembley returns to centre stage. www.uefa.com (анг.)
- ^ UEFA unveil 2011 and 2012 final venues. www.uefa.com (анг.)
- ^ Wembley to host 2011 Euro final. BBC Sport (анг.)
- ^ Lineker embarks on ambassador role. www.uefa.com (анг.)
- ^ Event design launch sharpens Wembley focus. www.uefa.com (анг.)
- ^ video: Champions League logo revealed. TheFA.com (анг.)
- ^ Wembley final tickets set to go on sale. www.uefa.com (анг.)
- ^ UEFA Champions League final ticket sales over. www.uefa.com (анг.)
- ^ Finale London unveiled at Wembley. www.uefa.com (анг.)
- ^ Фестиваль в Гайд-парке. ru.uefa.com (рас.)