Перайсьці да зьместу

Францішак Ксавэры Несялоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Францішак Ксавэры Несялоўскі (18 сьнежня 1771, Ляхавічы, Наваградзкі павет — 15 верасьня 1845) — вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

З шляхецкага роду гербу Кошбак, сын Юзэфа Несялоўскага.

У 17851788 гадах навучаўся ў Галоўнай ваеннай школе ВКЛ у Вільні. З 1788 камандзір палка пяхоты войск ВКЛ. У 1792 удзельнічаў у баях з расейскімі войскамі пад Берасьцем, узнагароджаны крыжам «Virtuti Militari».

Браў удзел у падрыхтоўцы паўстаньня 1794 году. Вызначыўся са сваім рэгімэнтам 7 траўня 1794 у бітве пад Палянамі (каля Ашмянаў), у чэрвені — ліпені ў рэйдзе па Курляндыі. У верасьні 1794 трапіў у палон. У Горадні расейскі генэрал Рапнін у адказ на просьбу бацькоў сустрэцца з арыштаваным прапанаваў прысягнуць на вернасьць Кацярыне ІІ, але Несялоўскі не пайшоў на кампраміс.

Вызвалены зьехаў у Нямеччыну. Вярнуўся на Бацькаўшчыну ў 1796. У 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстаньня і зьняволены ў Вільні. Пасьля вызваленьня падтрымаў плян А. Чартарыйскага адбудаваць дзяржаўнасьць пад пратэктаратам Расеі. З 1807 у складзе судова-адміністрацыйнай камісіі Віленскага ўнівэрсытэту.

У 1812 падтрымаў Напалеона, уведзены ім у склад Вайсковага камітэту ў Вільні. Пазьней у званьні генэрала брыгады прызначаны інспэктарам пяхоты арміі і паспалітага рушэньня ВКЛ. Разам з напалеонаўскай арміяй адступіў за мяжу.

У 1814 пасьля амністыі вярнуўся ў Беларусь, прадаў родавыя маёнткі і выехаў у Польшчу. У 1830 абраны паслом сойму Каралеўства Польскага. Прымаў удзел у паўстаньні 18301831 — намесьнік губэрнатара Варшавы, камандзір брыгады пры абароне гораду. Пасьля задушэньня паўстаньня арыштаваны і дэпартаваны ў Волагду.