Перайсьці да зьместу

Мікола Засім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Засім.
Мікола Засім
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Арцёмавіч Засім
Псэўданімы «Хлопец», «Агонь», «Асот», «М. Асот», «Міз»
Нарадзіўся 19 лістапада 1908(1908-11-19)
Памёр 19 ліпеня 1957(1957-07-19) (48 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, грамадзкі дзяяч
Мова беларуская мова
Дэбют 1926
Узнагароды
ордэн Чырвонай Зоркі

Мікала́й Арцё́мавіч За́сім (19 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1908, в. Шані, цяпер у Пружанскім раёне — 19 ліпеня 1957) — беларускі паэт, крытык і грамадзкі дзяяч.

Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сялянскай сям’і. Бацька — Арцём Засім — быў ляўша, каб пракарміць сям’ю, у якой адзін час было трынаццаць душаў, вымушаны быў працаваць на цяжкай працы грабаром.[1]

З пачаткам 1-й сусьветнай вайны ў 1915 сям’я эвакуявалася ў вёску Сасноўка Саратаўскае губэрні, а потым у суседнюю Злобаўку. Тут Мікола скончыў пачатковую школу. Пазьней, калі бацька паслаў Міколу вучыцца ў школу другой ступені ў в. Папоўку, туды перабралася і ўся сям’я.[1] У 1922 з бацькамі вяртаецца ў родную вёску.

Працаваў у памешчыкаў, на Пружанскім тартаку, лесьніком пад Лыскавам. У 1924 годзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, потым у кампартыю Заходняй Беларусі. Быў старшынём Шаняўскага гуртку сялянска-рабочай грамады, бібліятэкарам Таварыства беларускай школы (1925—1939). За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі Міколу Засіма, саджалі ў турму.

Моладзь з Таварыства беларускай школы, куды ўваходзіў і Мікола, ладзіла ў Шанях і вакольных вёсках спэктаклі, на якія, паводле рапарту павятовага камэнданту паліцыі, ��рыходзілі рабочыя з Пружанаў. Яны ж дапамагалі ладзіць выязныя спэктаклі ў Пружанах, прывабліваючы на іх патрыятычна настроеную моладзь. 20 сакавіка 1933 году пружанскі павятовы стараста наогул забараніў праводзіць ня толькі таварыскія сходкі, але і сямейныя вечары без дазволу паліцыі. Усяго з 1930 па 1932 гады было пастаўлена 10 спэктакляў.

Мікола Засім чытаў свае вершы рабочым у тартаку ці на лесасеках, нават яшчэ не друкуючы іх. Яго выступленьні на розных сходах як за польскім часам, так і пасьля вайны мелі нечуваны посьпех.[2]

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР Мікалай Арцёмавіч Засім быў абраны старшынём Шанёўскага сельсавету. Падчас нямецка-савецкай вайны партызан у атрадзе імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь», інструктар Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту. Друкаваўся ў падпольных газэтах «Заря», «За Родину». У 1943 быў прызначаны інструктарам Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту.

Першыя пасьляваенныя гады працаваў загадчыкам аддзелу ў Пружанскім райвыканкаме (1944—46). Затым жыў і працаваў у Берасьці: у берасьцейскай абласной газэце «Заря» (1948—1951), раённай газэце «Зара над Бугам», а ў 1950—я гады быў навуковым супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музэю. Кіраваў Берасьцейскім абласным літаб’яднаньнем (1948—1957).

Вядомы беларускі літаратурны крытык Уладзімер Калесьнік так ахарактарызаваў кіраўніка Берасьцейскага літаратурнага аб’яднаньня Міколу Засіма: «Многія актыўныя зараз паэты Брэстчыны прайшлі празь яго клапатлівыя рукі, шчодрае сэрца і дасьціпны здаровы мужыцкі розум, чыталі пісьмы-адказы на першыя спробы пяра, адказы часта несамавітыя, бо напісаныя вершам. Засім так любіў маладую зьмену, кволую рунь, якая купінкамі зелянела на здратаванай вайною зямлі Палесься, так па-гаспадарску цешыўся ўсходамі, што з-пад пяра незнарок выходзілі вершы — на вершы. /…/ Яму рыфмавалася лёгка, хочаш — па-беларуску, хочаш — па-руску ці ўкраінску, а хочаш — і па-польску, а не, дык на ўсіх чатырох мовах зараз. Мікола Засім ня толькі мог рыфмаваць на хаду, часта ён экспромтам складаў мастацкія рэчы: для аднаго адрасата ён прыдумляў дасьціпнае павучаньне, для другога — сяброўскі дакор, а трэцяму слаў і хвалебную оду. Адказы маладым ён пісаў ад душы, таму многае з іх запомнілася».[2]

Чалец Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1945, чалец КПСС з 1946 году. У 1948 скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, трыма мэдалямі.

У апошнія гады жыцьця ў Міколы Засіма мацнела жаданьне вярнуцца ў родную вёску на Пружаншчыне, таму ў 1957 годзе ён нават напісаў заяву ў Літфонд з просьбай матэрыяльнай дапамогі для пабудовы дома ў вёсцы. Аднак 19 ліпеня 1957 году ён памёр. Пахаваны на Трышынскіх могілках(pl) у Берасьці.

Літаратурны дэбют Міколы Засіма адбыўся ў 1926 годзе на старонках віленскага сатырычнага часопіса «Маланка» вершам «Ні кароўкі ні мандата», у якім высьмейваўся пан-хітрэц, які хацеў падкупіць выбаршчыкаў, каб трапіць у польскі сейм. Друкаваўся таксама ў часопісах «Літаратурная старонка», «Асва», газэтах «Наша воля», «Наша праца».

Першыя вершы ён падпісваў псэўданімамі «Хлопец», «Агонь», «Асот», «М. Асот», «Міз». У 1933 годзе ў «Родным краі» паэт ужо пад сваім прозьвішчам друкаваў творы побытавай сатыры.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984). На расейскую мову яго творы перакладаў і друкаваў у «Новом мире» Аляксандар Твардоўскі.

У вершах выяўляў сацыяльныя канфлікты ў заходнебеларускай вёсцы, паказваў цяжкое жыцьцё сялянства, выкрываў палітыку польскіх уладаў. У ваенных і паваенных вершах пісаў пра веліч і цяжар партызанскай вайны ў варожым тыле, радасьць мірнай працы, рост культуры і грамадзкай сьвядомасьці народных масаў у заходніх абласьцёх краіны.

Жывучы ў Берасьці, Мікола Засім любіў прагульвацца па вулачках гораду над Бугам, і ў такія хвіліны яму добра думалася, натуральна ўзьнікалі радкі вершаў, якія паэтызавалі прыгажосьць Берасьця і яго мінуўшчыну (вершы «На беразе Буга», «Паглянь на Буг», «Брэст», «У Брэсце», «На вуліцах Брэста»).

Паводле літаратуразнаўцы У. Калесьніка паэзія М. Засіма заўжды жыцьцёвая. «Характэрнаю рысай паэтычнай працы і стылю мысьленьня Міколы Засіма сталі калектыўнасьць і адкрытая гутарковасьць. Лірычны герой у яго вершах гутарыць зь сялянамі-землякамі, як свой чалавек са сваімі людзьмі, ён узбуджаецца і разварушвае пачуцьці слухачоў, весяліць іх і вучыць прыкмячаць у сьмешным сур’ёзнае, а ў напышлівым — сьмешнае».[2]

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Шанях дзейнічае музэй Міколы Засіма.

19 лістапада 2008 году да 100-годзьдзя Міколы Засіма на будынку Пружанскай раённай бібліятэкі ўсталяваная мэмарыяльная дошка.

  1. ^ а б Мікола Засім Прапісаны ў легендзе // А за намі Белавежа: вершы і паэма. / [Склад., аўт. прадм. У. Калеснік]. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 5-16. — 126 с. — 2500 ас.
  2. ^ а б в Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў: Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. — Мн.: Маст. літ., 1975. — С. 284–289. — 340 с.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Здановіч І. Засім Мікола Арцёмавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 39—41.
  • Калеснік, У. Мікола Засім. Дзівацтва паэта і клопаты дзівака // Лёсам пазнанае: Выбр. літ. партрэты і нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1982. — С. 198–200. — 538 с. — 5000 ас.
  • Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў: Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. — Мн.: Маст. літ., 1975. — С. 284–289. — 340 с.
  • Урокі Засіма // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; мастак А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭ, 1992. — С. 411-416. — 7500 ас. — ISBN 5-85700-094-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]