Мустафа Джамілеў
Мустафа Абдулджаміль Джамілеў | |
па-крымскататарску: Mustafa Abdülcemil Cemilev | |
па-крымскататарску: Mustafa Abdülcemil Cemilev (Qırımoğlu) | |
Народны дэпутат Украіны VI, VII скліканьняў | |
---|---|
23 лістапада 2007 — цяперашні час | |
Народны дэпутат Украіны III, IV, V скліканьняў | |
12 траўня 1998 — 15 чэрвеня 2007 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
13 лістапада 1943 (81 год) Ай-Сэрэз, Крым, РСФСР, СССР |
Партыя: | |
Узнагароды: | |
Мустафа́ Абдулджамі́ль Джамі́леў (Кырымаглу́; па-крымскататарску: Mustafa Abdülcemil Cemilev (Qırımoğlu), па-ўкраінску: Мустафа Джемілєв (Киримоглу); нарадзіўся 13 лістапада 1943 году, Ай-Сэрэз, Крымская АССР, РСФСР, СССР) — дзяяч крымскататарскага нацыянальнага руху, колішні прадстаўнік Мэджлісу крымскататарскага народу[1], савецкі праваабаронца, дысыдэнт[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мустафа Джамілеў нарадзіўся ў вёсцы Ай-Сэрэз (цяпер Міжрэчча) Судацкага рэгіёну Крымскай АССР.
18 траўня 1944 сям’я Джамілевых, як і ўсе крымскія татары, была дэпартаваная з Крыму ва Ўзбэцкую ССР.
Па сканчэньні школы працаваў токарам на авіяцыйным заводзе ў Ташкенце. У 1962 року Джамілеў паступіў у Ташкенцкі інстытут інжынэраў ірыгацыі і мэліярацыі сельскай гаспадаркі, адкуль быў выключаны ў 1965.
Праваабарончая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1969 ён стаў адным з заснавальнікаў «Ініцыятыўнай групы абароны правоў чалавека ў Савецкім Саюзе».
За антысавецкую дзейнасьць правёў у турмах і ссылцы агулам блізу 15 гадоў. У сярэдзіне 1970-х, пасьля ўзбуджэньня чарговае крымінальнае справы, на знак пратэсту абвясьціў галадаваньне, якое з прымусовым кармленьнем праз зонд працягвалася дзесяць месяцаў. Адзін з цэнтральных эпізодаў ягонай біяграфіі, Омскі працэс 1976 року, распаведзены ва ўспамінах Андрэя Сахарава[3]. Вызвалены ў 1986[4][5].
Грамадзкая і палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1989 Джамілеў разам зь сям’ёй вярнуўся ў Крым і пасяліўся ў Бахчысараі. Незадоўга да гэтага ён быў завочна абраны старшынём Цэнтральнае Рады Арганізацыі крымскататарскага нацыянальнага руху (АКНР). У чэрвені 1991 упершыню за доўгі час сабраўся прадстаўнічы орган крымсках татараў — Курултай крымскататарскага народу. Тады ж быў абраны і прэзыдыюм гэтай арганізацыі — Мэджліс крымскататарскага народу. Старшынём Мэджлісу быў абраны Мустафа Джамілеў. Гэтую пасаду ён займаў да лістапада 2013.
У сярэдзіне 1990-х Джамілеў зблізіўся з Народным рухам Украіны (НРУ). На парлямэнцкіх выбарах 1998 року ён быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнай рады паводле партыйнага сьпісу НРУ пад нумаром 9. На парлямэнцкіх выбарах 2002 Джамілеў прайшоў у парлямэнт пад нумарам 28 выбарчага сьпісу Блёку «Наша Ўкраіна», у склад якога ўваходзіў Народны рух. На парлямэнцкіх выбарах 2006 ён зноўку стаў дэпутатам Вярхоўнае рады ад «Нашай Украіны» (гэтым разам № 45 выбарчага сьпісу). На парлямэнцкіх выбарах 2007 року Джамілеў быў абраны ў парлямэнт пад нумарам 27 выбарчага сьпісу Блёку «Наша Ўкраіна — Народная Самаабарона». На парлямэнцкіх выбарах-2012 трапіў у парлямэнт па сьпісе УА «Бацькаўшчына» пад № 12, дзе пададзены як беспартыйны[6].
Зь сярэдзіны 2000-х у прэсе неаднакроць выказваў сысьці з пасады старшыні мэджлісу, аднак на чарговым сходзе ў 2007 спроба скласьці паўнамоцтвы ня мела посьпеху, бо ён быў адзіным кандыдатам, які задавальняў абсалютную большасьць прысутных. Зь лістапада 2013 старшынём Мэджлісу зьяўляецца Рафат Чубараў.
Падчас крымскага крызісу ўвесну 2014 Джамілеў не падтрымаў ідэю ўваходжаньня Крыму ў склад Расеі, аднак і ад закліку да акцыяў пратэсту крымскіх татараў устрымаўся. Сустрэўшыся з прадстаўнікамі эўрапейскага кіраўніцтва і лідэрамі НАТО, Джамілеў заклікаў увесьці ў Крым міратворчыя войскі ААН і ня браць пад увагу вынікі будучага рэфэрэндуму па статусе Крыму[7].
Узнагароды і званьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прэмія Нансэна
- Ганаровы доктар права Сэльджуцкага ўнівэрсытэту (1996, Турэччына)
- Ляўрэат Міжнароднае прэміі імя Піліпа Орліка «За дэмакратызацыю ўкраінскага грамадзтва» (2001)
- Ордэн князя Яраслава Мудрага V ст. (2001), IV ст. (2003)
- Мэдаль «За асаблівы важкі ўнёсак ва ўмацаваньне міру і міжнацыянальнай згоды» (2003)
- Ганаровая грамата КМ Украіны (2003)
- Ордэн «За інтэлектуальную адвагу» (2007)
- Прэмія «Сьвятло справядлівасьці» (2011)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Председатель Меджлиса крымскотатарского народа
- ^ Джемилев Мустафа
- ^ Омский процесс: как судили Мустафу Джемилева в 1976-м
- ^ Шестой процесс Мустафы Джемилева: Материалы следствия и запись судебного процесса 1983—1984 гг. (г. Ташкент). — Симферополь : Фонд «Крым», 2001.
- ^ Биография Мустафы Джемилева
- ^ Центральна виборча комісія України — WWW відображення ІАС «Вибори народних депутатів України 2012»
- ^ Джемилев попросил НАТО и ООН ввести миротворческие войска в Крым
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мустафа Джамілеў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 13 лістапада
- Нарадзіліся ў 1943 годзе
- Кавалеры ордэна князя Яраслава Мудрага 4 ступені
- Кавалеры ордэна князя Яраслава Мудрага 5 ступені
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Кабінэту міністраў Украіны
- Нарадзіліся ў Крыме
- Крымскія татары
- Крымскія палітыкі
- Крымскія праваабаронцы
- Савецкія дысыдэнты
- Рэпрэсаваныя ў СССР
- Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны 3-га скліканьня
- Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны 4-га скліканьня
- Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны 5-га скліканьня
- Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны 6-га скліканьня
- Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны 7-га скліканьня