Перайсьці да зьместу

Лукомская ДРЭС

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лукомская ДРЭС

19 верасьня 2009 г.
Пабудаваны сьнежань 1969 г.
Разьмяшчэньне Новалукомаль, Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь
Каардынаты 54°40′51″ пн. ш. 29°8′5″ у. д. / 54.68083° пн. ш. 29.13472° у. д. / 54.68083; 29.13472Каардынаты: 54°40′51″ пн. ш. 29°8′5″ у. д. / 54.68083° пн. ш. 29.13472° у. д. / 54.68083; 29.13472
Галіна электраэнэргетыка
Прадукцыя электрычнасьць
Працоўныя 1872 (2015)
Адрас г. Новалукомаль, Лукомская шаша, д. 10
Тэлефон +375-2133-56581

Луко́мская ДРЭСдзяржаўная раённая цеплавая электрастанцыя ў горадзе Новалукомаль Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці Беларусі, пушчаная ў сьнежні 1969 году.

Зьяўляецца філіялам унітарнага прадпрыемства «Віцебскэнэрга», што ў сваю чаргу ёсьць дачынным прадпрыемствам канцэрну «Белэнэрга». Ёсьць найбуйнейшай цеплавой электрастанцыяй у складзе Беларускай энэргетычнай сыстэмы[1]. У 2010 г. расход паліва склаў 312 грамаў на кіляват/гадзіну. Асноўным палівам ёсьць прыродны газ, што падаецца з газаправоду пад ціскам 40 атмасфэраў на газаразьмеркавальную станцыю, дзе ціск зьніжаюць да 12. Дадаткова спальваецца мазут. На 2011 г. намінальная магутнасьць станцыі складала 2459,9 МВт (8 энэргаблёкаў па 300 МВт кожны). Электрастанцыя стварае больш за 30 % усёй спажыванай у Беларусі электраэнэргіі[2].

Будаўніцтва станцыі пачалося ў 1964 годзе. Восем блёкаў ДРЭС увялі ў эксплюатацыю ў 1969—1974 гадах. Агульная магутнасьць пасьля пасьля пуску 8 энэргаблёку дасягнула 2,4 млн кіляват. У 1978 г. пабудавалі 3-ю чаргу. На 1999 г. магутнасьць перавышала 2,5 млн кіляват[1]. З 2002 году па 2010 год на станцыі замянілі абсталяваньне, якое выпрацавала свой рэсурс, у тым ліку праточную частку паравых турбін. На сакавік 2014 году ўдзельны выдатак паліва пры вытворчасьці энэргіі складаў 310 грам/кіляват-гадзіна[3].

23 чэрвеня 2021 году на Лукомскай ДРЭС адбыўся пажар. У выніку а 21:41 адключылі ўсе выходныя лініі электраперадачы напругай 330 кілявольт і 8 энэргаблёкаў Лукомскай ДРЭС[4]. А 23-й гадзіне патушылі загараньне трансфарматара напругі ТН-330 у 2-й сэкцыі на Лукомскай ДРЭС[5]. Праз страту магутнасьці на 1,4 гігаваты абясточылі падстанцыі «Ворша», «Магілёў» і «Магілёў — Паўночная», што прывяло да начнога прыпыненьня электразабесьпячэньня спажыўцоў Аршанскага і Магілёўскага энэргавузлоў[6]. Да 23:30 абясточанымі былі Магілёў і 717 паселішчаў у 5 навакольных раёнах Магілёўскай вобласьці — 200 у Шклоўскім, 181 у Бялыніцкім, 162 у Магілёўскім, 140 у Круглянскім і 34 у Горацкім. Прычынай здарэньня стала надзвычайная сьпёка[7]. Папярэдне Рэспубліканскі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю ��адыёактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя (Белгідрамэт) Мінпрыроды Беларусі абвясьціў чырвоны ўзровень пагрозы на 23—24 чэрвеня ў сувязі ўздымам тэмпэратуры паветра на 6—10 градусаў вышэй за кліматычную норму. Тэмпэратура складала 30—34°C па краіне і месцамі перавышала +35°C[8]. У той дзень 23 чэрвеня ў Беларусі быў пабіты тэмпэратурны рэкорд чэрвеня, які трымаўся з 1964 году. На мэтэастанцыі «Кастрычнік» у Рудабелцы (Гомельская вобласьць) паветра прагрэлася да +37,1°C[9].

  1. ^ а б Лукомская ДРЭС // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 365. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  2. ^ Сяргей Протас, Віктар Пазьнякоў. Мы заўсёды былі першапраходцамі // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2011. — № 109 (26982). — С. 1, 4-5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сяргей Куркач. Энэргія эфэктыўнасьці // Зьвязда : газэта. — 4 сакавіка 2014. — № 40 (27650). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ З-за пажару на Лукомскай ДРЭС парушана электразабесьпячэньне населеных пунктаў Магілёўскай і Віцебскай абласьцей // Газэта «Зьвязда», 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Загараньне на Лукомскай ДРЭС ліквідавана // Газэта «Зьвязда», 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ У «Белэнэрга» распавялі, чаму здарылася аварыя на Лукомскай ДРЭС // Газэта «Новы час», 24 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  7. ^ Электрычнасьць аднавілі: былі абясточаныя 718 населеных пунктаў // Радыё «Рацыя», 24 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ Тэмпэратура паветра ў Беларусі 22 чэрвеня падымалася амаль да 36 градусаў сьпёкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ БелаПАН. У Беларусі новы тэмпэратурны рэкорд чэрвеня // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 24 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.