Дакурнішкі
Дакурнішкі | |
трансьліт. Dakurniški | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Ашмянскі |
Сельсавет: | Жупранскі |
Насельніцтва: | 126 чал. (2009)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1593 |
Паштовы індэкс: | 231101 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°31′54″ пн. ш. 26°5′37″ у. д. / 54.53167° пн. ш. 26.09361° у. д.Каардынаты: 54°31′54″ пн. ш. 26°5′37″ у. д. / 54.53167° пн. ш. 26.09361° у. д. |
± Дакурнішкі |
Даку́рнішкі[2] — вёска ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Уваходзіць у склад Жупранскага сельсавету. На поўдзень ад вёскі знаходзіцца чыгуначная станцыя Ашмяны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1840-я гады маёнтак Дакурнішкі набыў ад Брыгіты Дмахоўскай з Сабанскіх Гіпаліт Жылінскі (1800—1882), бацька геадэзіста Ёсіфа Жылінскага. Пасьля сьмерці Гіпаліта Жылінскага разьвівае гаспадарку ў Дакурніскім маёнтку яго малодшы сын Станіслаў (1842—1915). Пры ім уводзяцца новыя сучасныя падыходы вядзеньня сельскай гаспадаркі. З гэтай мэтай у 1889 годзе закладваецца Дакурніскі вінакураны завод №317. Жылінскі набывае вядомасьць пасьпяховага гаспадара завода па вытворчасьці сьпірту. У пачатку ХХ стагодзьдзя ён становіцца сябрам рады Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, а ў 1903 годзе яго абіраюць старшынём вінакуранага камітэту, які аб’ядноўвае сьпіртазаводчыкаў Віленшчыны. Па зьвестках за 1910 год вытворчасьць дакурніскага заводу складала 17 200 вёдзер сьпірту (1 вядро — 12,3 літру), на ім працавала 6 рабочых, меўся адзін рухавік на 10 конскіх сіл. Гадавая вытворчасьць прадпрыемства ацэньвалася 15 тысячамі рублёў — значнай па тым часе грашовай сумай[3].
Потым гаспадаркай у Дакурнішках займаўся сын Станіслава — Аляксандар Жылінскі (1880—1941). Ён праводзіць там сьціплыя палявыя дасьледаваньні, дзе экспэрымэнтуе з гатункамі і насеньнем бульбы, прыстасоўвае да іх патрэбныя мінэральныя ўгнаеньні. Актыўна займаецца жывёлагадоўляй: разводзіць элітныя пароды хатняй жывёлы.
21 чэрвеня 1930 году маёнтак наведаў прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі. Тут ён правёў вячэру і начлег. Гэты факт стаў адной з падставаў, па якой Жылінскі 16 чэрвеня 1941 году быў арыштаваны і сасланы ў лягер пад Архангельск, дзе і загінуў.
Чыгуначная станцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да Першай сусьветнай вайны каля маёнтку знаходзілася чыгуначная станцыя 4 клясы з назвай Солы. У самім мястэчку Солы тады існаваў чыгуначны разьезд з назвай «Ашмянскі разьезд №12». Тут знаходзіўся драўляны будынак вакзала, некалькі жылых і гаспадарчых пабудоваў. У 1915—1917 гадах каля разьезду нямецкія вайскоўцы будуюць вялікі чыгуначны вузел з новым дэпо, складамі і ваенным гарадком. Неадпаведнасьць назваў мясьцінам немцы вырашаюць наступным чынам. Ранейшую станцыю Солы ў Дакурнішках яны вызначылі як Солы-Захад, а разьезд №12 стаў станцыяй Солы-Ўсход. У пасьляваенны час адбываецца канчатковая зьмена назваў, калі чыгуначная станцыя ў мястэчку набывае аднолькавую з паселішчам назву Солы, а дакурніская станцыя з гэтага часу становіцца станцыяй Ашмяны[4].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2009 год — 126 чалавек[1]
- 1999 год — 156 чалавек
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Колькасьць насельніцтва Беларусі на кастрычнік 2009 году
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 95
- ^ Жылінскія з Дакурнішак, Уладзімер ПРЫХАЧ, Ашмянскі веснік, 11.02.2017
- ^ Гісторыя ўзнікнення чыгуначных станцый у Ашмянскім павеце, Уладзімер ПРЫХАЧ, Ашмянскі веснік, 14.01.2018