Гімназія імя Тамаша Зана (Маладэчна)
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Тамаша Зана | |
Wyższe Gimnazjum Państwowe im. T. Zana | |
Будынак гімназіі, фота пачатку XX ст. | |
Заснаваная | 5 ліпеня 1922 |
---|---|
Зачыненая | 1939 |
Дырэктар | Тадэвуш Яцунскі |
Тып | гімназія |
Адрас | Польшча, Маладэчна, вул. Замкавая, 19 |
Геаграфічныя каардынаты | 54°19′24.72″ пн. ш. 26°52′42.39″ у. д. / 54.3235333° пн. ш. 26.8784417° у. д.Каардынаты: 54°19′24.72″ пн. ш. 26°52′42.39″ у. д. / 54.3235333° пн. ш. 26.8784417° у. д. |
Патрон | Тамаш Зан |
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Тамаша Зана |
Дзяржа́ўная вышэ́йшая гімна́зія імя́ Та́маша За́на (па-польску: Wyższe Gimnazjum Państwowe im. T. Zana) — 8-клясная адукацыйная ўстанова Маладэчна ў міжваеннай Польшчы. Дзейнічала ў 1922—1939 роках, выкладаньне вялося па-польску.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля сканчэньня Першай сусьветнай вайны і заняцьця Заходняе Беларусі Польшчай паўстала пытаньне аб узнаўленьні ўстановаў адукацыі. Да Першай сусьветнай вайны ў Маладэчне знаходзілася настаўніцкая сэмінарыя, якая адрозьнівалася адным з найлепшых узроўняў адукацыі на тэрыторыі ня толькі Беларусі, але і на ўсім абшары Расейскай імпэрыі. У 1915 годзе, з набліжэньнем немцаў да Маладэчна, сэмінарыя была эвакуяваная. Наступныя войны перашкаджалі адрадзіць асьветнае і культурнае жыцьцё ў Маладэчне. Толькі 12 кастрычніка 1920 году польскія войскі канчаткова замацаваліся ў горадзе, пасьля чаго пачалося адраджэньне культурнага жыцьця ў мястэчку, былі створаны ці адроджаны: грамадзкія ўстановы, футбольны клюб, касьцёл. Пачалася падрыхтоўка да адкрыцьця новай адукацыйнай установы.
5 ліпеня 1922 году пастановаю Міністэрства веравызнаньняў і публічнай асьветы (польск. Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego) адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гімназіі. 15 сакавіка 1923 году гімназія атрымала імя выбітнага дзеяча беларускага і польскага вызваленчага руху, навукоўцы Тамаша Зана, які нарадзіўся недалёка ад Маладэчна, у вёсцы Мясата. Гімназія стваралася ў большасьці на базе таго, што засталося ад былой настаўніцкай сэмінарыі. Знаходзілася гімназія па вуліцы Замкавай, што ў Старым Месцы, у будынку былой настаўніцкай сэмінарыі (былы будынак кляштару трынітарыяў)[a]. Гімназія была гуманітарнага напрамку. Дзеці выхоўваліся ў польскім патрыятычн��м духу ў лепшых шляхецкіх традыцыях[b], але немалы ўплыў на дзяцей аказваў і беларускі рух, які прадстаўляў тут Міхась Станкевіч[1].
Вучэбны працэс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заняткі ў гімназіі пачыналіся 1 верасьня, заканчваліся напрыканцы чэрвеня. Паводле праграмы выкладаліся:
- польская і замежныя (француская, лацінская) мовы;
- гісторыя;
- матэматыка;
- Каталіцкая, праваслаўная і юдэйская рэлігіі — для адпаведных катэгорыяў вернікаў;
- геаграфія;
- фізыка;
- гімнастыка;
- сьпевы;
- маляваньне;
- плястыка.
Усе гімназісты абавязаныя былі насіць школьную форму ўсталяванага ўзору: хлопцы — мундзірыкі блакітнага колеру з акантоўкай, дзяўчаты — спаднічкі ў складачку і блузкі з доўгімі рукавамі. На левым рукаве была нашыўка з эмблемай «926», на сьпінжаках — пазнакі клясы. На галовах хлапцы насілі капелюшы са значкамі ў выглядзе раскрытай кнігі[2]; дзяўчаты — такія самыя берэты.
На заднім двары гімназіі месьцілася спартовая пляцоўка, дзе ладзіліся гімнастычныя заняткі, гульні ў валейбол, рэгбі, баскетбол, футбол, трэніроўкі ў кіданьні кап’я, ядра.
Недалёка ад гімназіі была беларуская кнігарня, якая месьцілася[c] амаль насупраць Сьвята-Пакроўскай царквы[1]. Да 1939 году гэтая кнігарня ў Маладэчне заставалася адным зь нямногіх апірышчаў нацыянальнай культуры, дзе легальна можна было набыць беларускія кнігі, газэты, часопісы, падручнікі, пакарыстацца фондам вялікай і багатай беларускай бібліятэкі, якая спрэс складалася з выданьняў былой Заходняй Беларусі[1]. Гаспадаром маладэчанскай кнігарні быў Міхась Станкевіч — беларускі асьветнік, кнігар, настаўнік, патрыёт[1]. Вучні гімназіі актыўна карысталіся беларускай бібліятэкай і крамай, дзякуючы чаму, нягледзячы на польскую адукацыю, расьлі ў беларускім нацыяналістычным духу[1].
Выкладчыцкі склад і прадметы выкладаньня у гімназіі ім. Т. Зана у міжваенны пэрыяд | |
---|---|
Фізыка | Вацлаў Віткевіч |
Гісторыя | Антоні Анцэвіч |
Геаграфія | Зоф’я Зыкоўская |
Гімнастыка | Ян Калішэк |
Француская мова | Тэафілія Рымша-Баразьдзічава |
Польская мова | Юльян Швэд |
Лацінская мова | Зоф’я Зыкоўская |
Матэматыка | Вацлаў Віткевіч |
Плястыка | Яўгенія Аляксандровіч |
Сьпевы | Тамаш Радзішэўскі |
Асновы каталіцтва | |
Асновы праваслаўя |
Выхаваўчая праца ладзілася праз гурткі і клюбы: ладзіліся публічныя канцэрты, літаратурныя вечарыны, гістарычныя, літаратурныя, навуковыя і краязнаўчыя клюбы гурткі. Таксама дзеці мелі магчымасьць дадаткова вывучаць замежную мову. Ладзіліся этнаграфічныя экспэдыцыі.
Вучні гімназіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першым навучальным годзе 1922—1923 у гімназіі займаліся 116 вучняў, сярод якіх 61 хлопчык і 55 дзяўчынак[2].
Нягледзячы на тое, што роднай для абсалютнай большасьці вучняў была беларуская мова, у школе яны размаўлялі па-польску. Практычна ўсе вучні гімназіі паходзілі ці з Маладэчна, ці з ваколіцаў: Лебедзева, Беніцы і г. д. Большасьць зь іх была беларусамі па паходжаньні і ахвотна цікавілася беларускай культурай, якая прысутнічала ў Маладэчне[1].
Навучаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 1926 году гімназію наведаў акруговы інспэктар, які застаўся вельмі задаволены ўзроўнем адукацыі[2]. У гэтым жа годзе быў арганізаваны літаратурна-навуковы гурток, а крыху пазьней гістарычны і краязнаўчы[2].
Навучальны 1928—1929 год быў па-свойму знамянальным: адкрылася 8-я кляса, і гімназія атрымала правы навучальнай установы поўнага гуманітарнага тыпу[2]. З гэтага часу ніводны вучань не вызваляўся ад аплаты[2]. У тым жа годзе гімназію скончылі 152 вучні, зь іх 91 хлопчык і 61 дзяўчынка[2]. Для годнага вонкавага выгляду гімназіі было выдадзена 10000 злотых[d][2].
За вучобу ў гімназіі ў 1930-я гады трэба было плаціць 200 злотых штогод[e][2].
Пасьля захопу Маладэчна савецкімі войскамі ў 1939 годзе, амаль усе дзеячы адукацыі Маладэчна, у тым ліку шматлікія выкладчыкі і навучэнцы гімназіі, былі арыштаваныя. Ужо ў кастрычніку таго ж году гімназія была закрытая, а на яе базе была адкрытая пэдагагічная вучэльня імя Янкі Купалы, якое праіснавала да чэрвеня 1941 году[2].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Будынак гімназіі існуе і дагэтуль, цяпер гэта Маладэчанскі станказавод.
- ^ Гімназія павінная была быць спадчыньніцай Маладэчанскай дваранскай вучэльні, якая існавала тут да паўстаньня 1831 году і адрозьнівалася вялізным патрыятызмам. Таксама ў гэтай вучэльні навучаўся Тамаш Зан.
- ^ Будынак кнігарні не захаваўся, цяпер на тым месцы стаіць будынак былой крамы «Садавіна й гародніна».
- ^ Па тых часах вялікая сума.
- ^ Для параўнаньня, у той час на гэтыя грошы можна было купіць 100 пудоў іржы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гімназія імя Тамаша Зана (Маладэчна) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|