Перайсьці да зьместу

Глебы Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гле́бы Белару́сі — паверхневы слой зямной сушы Беларусі, які ўзьнік у выніку ўзьдзеяньня на горную пароду паветра, ападкаў, сонечнай цеплыні, жывых і мёртвых арганізмаў.

У Беларусі вылучалі 3 глебавыя правінцыі: Прыбалтыйскую на поўначы, Цэнтральна-Беларускую і Палескую на поўдні. Глебаўтваральныя пароды: водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), марэнныя (12,7%), азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), балотныя (9,6%) і алювіяльныя (6,8%). Глебы краіны склаліся ў выніку падзолістага, дзярновага і балотнага ўтварэньня, якія спалучаліся з культурным глебаўтварэньнем. У складаньні асобных глебаў удзельнічалі буразёмнае, заліўное і алювіяльнае ўтварэньне, воднае і ветравое разбурэньне. У сьпіс глебаў Беларусі ўваходзіла 13 відаў: антрапагенны, балотна-падзолісты, балотны, буры лясны, дзярнова-карбанатны, дзярнова-падзолісты, дзярнова-падзолісты забалочаны, дзярновы забалочаны, падзолісты, падзолісты забалочаны, поймавы і іншыя. Паводле колькасьці вільгаці іх падзялялі на: аўтаморфныя (45,3%), паўгідраморфныя (40,3%) і гідраморфныя (14,4%)[1].

На 1983 год ворныя землі Беларусі знаходзіліся на 4 відах глебаў паводле мэханічнага складу: супяшчанік — 42,5%, суглінік і гліністыя — 37,6%, пяшчанік — 13,6% і тарфянік — 6,3%. Найбольш урадлівымі былі суглінікі, якія складалі 37,6% ворыва. Дзярнова-падзолістыя аўтаморфныя і паўгідраморфныя глебы складалі 88,6% ворных земляў Беларусі. Сярэдняя адзнака ворыва складала 40 балаў, а ўсіх сельгасугодзьдзяў — 35. Дзярнова-падзолістыя і падзолістыя глебы складалі 57,3% агульнай плошчы Беларусі, тарфяна-балотныя нізінныя — 12,7%, дзярнова-падзоліста-глеевыя — 11,6%, дзярнова-глеевыя — 9%, пойменныя дзярнова-глеевыя — 5,3%, пойменныя тарфяна-балотныя — 3%, тарфяна-балотныя вярховыя — 0,6%, балотна-падзолістыя — 0,3% і дзярнова-карбанатныя — 0,2%[2].

Антрапагенныя глебы складаюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасьці чалавека. Падзяляюцца на 5 падвідаў: 1) другасна забалочаны — ад падтапленьня земляў пры стварэньні вадасховішча; 2) дэградаваны — парушаны пасьля мэліярацыі; 3) засолены — узьнік побач з Салігорскім калійным камбінатам; 4) парушаны — зьменены выдаленьнем ворнага слоя і перамешваньнем глебавых гарызонтаў; 5) рэкультываваны — адноўлены на месцы выпрацаванага тарфяніка і кар’еру здабычы карысных выкапняў[1].

Балотна-падзолістыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Балотна-падзолістыя глебы склаліся пры спалучэньні балотнага і падзолістага глебаўтварэньня з заляганьнем мяккіх грунтавых водаў блізка ад паверхні. Сустракаюцца на поўначы краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-хмызьняковым наземным покрывам, на поўдні — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам. Іх тарфяны гарызонт складае 10—30 см, а перагноя-назапашвальны — маламоцны. Вызначаюцца малой урадлівасьцю і выкарыстоўваюцца пад лес[1].

Балотныя глебы належаць да гідраморфных і складаюцца ў выніку балотнага глебаўтварэньня. Займаюць каля 12,9% сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Паводле спосабу воднага жыўленьня, складу расьліннасьці і якасьцяў торфу падзяляюцца на вярховыя і нізінныя. Вярховыя глебы складаюцца на водападзелах у замкнёных бясьсьцёкавых паніжэньнях ва ўмовах залішняга ўвільгатненьня ападкамі і грунтавымі водамі. Укрытыя расьліннасьцю зь перавагай хвоі, багуну, буякоў, імхоў і журавінаў. Торф адрозьніваецца нізкай ступеняй раскладаньня, меншай шчыльнасьцю, высокай вільгацеёмістасьцю, моцнакіслай рэакцыяй, зьмяшчэньнем 0,5—2% перагною і зольнасьцю 2—5%. Нізінныя глебы складаюцца ў паніжэньнях рэльефу і на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага пераўвільгатненьня грунтавымі водамі. Сустракаецца пераважна пад лесам з пушыстай бярозы і чорнай вольхі. Наземнае покрыва з асок, імхоў і чароту. Вызначаецца насычанасьцю асновамі да 100%. Торф мае зольнасьць 5—50%, да 42% перагною зь перавагай гумінавых кісьляў і 3—4% азоту. Пасьля асушэньня нізінную глебу выкарыстоўваюць пад ворыва[1].

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых у сярэдзіннай і заходняй частках краіны пад хвойна-шыракалістымі і шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Склаліся ў выніку буразёмаўтварэньня, што спалучае назапашваньне перагною з агліненьнем і лесіважам. Перагноя-назапашвальны гарызонт мае цёмна-шэры (чорны) колер з бураватым адценьнем, таўшчыню 7-—10 см і каля 5% перагною. У Беларусі сустракаюцца толькі пад лесам[1].

Дзярнова-карбанатныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца ў Беларусі паўсюдна ў спалучэньні зь дзярнова-падзолістымі. Іх найбольшыя масівы месьцяцца ў Берасьцейскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях. Яны склаліся ў выніку дзярновага глебаўтварэньня пад травяністай расьліннасьцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах: вапняках, далямітах, крэйдзе, лёсе і карбанатнай марэне. Ім уласьцівы моцны гумусавы гарызонт (15—40 см), які мае 2,5—6% перагною. Паводле глыбіні заляганьня карбанатаў і ступені насычанасьці імі верхняй часткі падзяляюцца на падвіды: ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя. Ападзоленыя і вышчалачаныя падвіды вызначаюцца высокай урадлівасьцю. Паводле банітовачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасьці ацэньваюць у 70-100 балаў. Тыповыя падвіды не выкарыстоўваюць пад ворыва ў сувязі зь неспрыяльнымі водна-фізычнымі якасьцямі[1].

Дзярнова-падзолістыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзярнова-падзолістыя глебы маюць у Беларусі паўсюднае пашырэньне і займаюць 32,6% плошчы сельскагаспадарчых земляў. Складаюцца ва ўмовах прамыўновага воднага ладу на бескарбанатных пародах пад імшыста-травяністымі і травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дзеліцца на верхнюю элювіяльную (вымыўную) і ніжнюю ілювіяльную (намыўную) часткі ў выніку спалучэньня лесіважу, дзярновага і падзолістага ўтварэньня. Значная іх частка мае да 2% перагною і мала пажыўных рэчываў, слабую аэрацыю, крохкую будову і нізкую насычанасьць асновамі. Паводле будовы профілю вылучаюць 4 падвіды: акультураныя, белаватыя, палевыя і эрадаваныя[1].

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы складаюцца ва ўмовах працяглага пэрыядычнага пераўвільгатненьня грунтавымі і паверхневымі водамі ў выніку спалучэньня абглейваньня зь дзярновым і падзолістым глебаўтварэньнем. Утвараюцца пад лісьце-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраныя на раўнінных паніжэньнях. Вызначаюцца высокай кісьліннасьцю, невялікай колькасьцю элемэнтаў жыўленьня, высокім утрыманьнем рухомага алюміну і нізкай насычанасьцю асновамі ў верхнім профілі. У глеевых глебах да 10% перагною, у глеяватых — па 2-6%. Іх асваеньне патрабуе асушэньня[1].

Дзярновыя забалочаныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзярновыя забалочаныя глебы складаюцца пад травяным покрывам у выніку балотнага і дзярновага глебаўтварэньня ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатненьня. Ім уласьцівыя выразны перагнойны гарызонт са зьмяшчэньнем да 12% перагною, павышаная насычанасьць асновамі, нэўтральная рэакцыя глебавай рашчыны і прыкметы агляеньня. Паводле працягласьці празьмернага ўвільгатненьня падзяляюцца на глеевыя і глеяватыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэньнях і месцах з блізкім ад паверхні заляганьнем грунтавых водаў, як на Палесьсі. Займаюць каля 11% сельскагаспадарчых угодзьдзяў і выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці[1].

Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэнаваных дзялянках, складзеных з рыхлых пародаў: надпоймавыя тэрасы і зандравыя раўніны. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя мхі, кісьліца і чарнічнік. Ім уласьцівая адсутнасьць выразнага перагноя-назапашвальнага гарызонту. Глеба мае моцнакіслую рэакцыю і зьмяшчае да 1,5% перагною[1].

Падзолістыя забалочаныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзолістыя забалочаныя глебы складаюцца ў выніку сумеснага дзеяньня лесіважу, глеевага і падзолістага ўтварэньня. Ім уласьцівыя агляеньне, кантрастны водны лад, пераўтварэньне арганічных рэчываў у фульвакісьлі, поліфэнолы і нізкамалекулярныя кісьлі, утварэньне рухомых закісных формаў жалеза і мангану, а ў кіслым асяродзьдзі — рухомых злучэньняў алюміну, што пагаршае іх земляробчыя якасьці. У Беларусі трапляюцца рэдка і не выкарыстоўваюцца ў земляробстве[1].

Поймавыя глебы складаюцца ў поплавах на рачных адкладах ва ўмовах пэрыядычнага затапленьня. Вызначаюцца высокай урадлівасьцю, жвавым глебаўтварэньнем і слаістым профілем. Паводле воднага і цеплавога ладу, мэханічнага складу, ступені агляеньня і колькасьці перагною падзяляюцца на 3 падвіды: балотныя, дзярнова-забалочаныя і дзярновыя. Пашыраныя пераважна на Палесьсі. Большасьць патрабуе ўстойлівага абвадненьня. Выкарыстоўваецца пад сенажаць і пашу.

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к В.Б. Вараб’ёў, Г.І. Габрылёва. Глебы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 53, 56. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  2. ^ Мікалай Сьмяян. Глеба // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 2. Гатня — Катынь. — С. 70-72. — 522 с. — 10 000 ас.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя выявы
Мапа глебаў Беларусі
(Па матэрыялах Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі НАНБ;
Глебы // БелЭн. — Менск, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — С. 54-55.)
C. 54
C. 55